Ён гаварыў цяжка, вымаўляючы фразы хуткiм i рэзкiм голасам. Некаторыя словы яму не ўдавалiся i вылiвалiся з вуснаў мяккай бясформеннай масай.

- Ты пацягнула мяне за сабой у сама святочнае скопiшча, памiж стойламi чорных аўтамабiляў. Але за машынамi хавалася цэлае войска чырвоных вачэй, што пачыналi падмiргваць, як толькi я паварочваўся да iх спiнай. Цяпер я разумею ты, вiдаць, рабiла iм нейкiя знакi, хоць сама ўвесь час вiснула ў мяне на руцэ. Я тады нiчога не бачыў. Я быў занадта зачараваны вялiкай цырымонiяй Каранавання.

Шырока расплюшчанымi вачыма ён глядзеў проста перад сабой. Потым вельмi хутка i нейкiм куртатым рухам правёў па лбе рукой, нi на хвiлiну не перапыняючы гамонкi: ён не хацеў маўчаць.

- Бо тады было каранаванне Рэспублiкi, - ледзь не крыкнуў ён пранiзлiвым голасам, - уражлiвае ў сваiм родзе вiдовiшча: там былi жывёлы ўсiх масцей, якiх прыслалi з калонiй спецыяльна на цырымонiю. Ты ўвесь час баялася згубiцца сярод малпаў. Я сказаў - сярод малпаў, - паўтарыў ён задзiрлiвым тонам, пазiраючы вакол сябе. - Хоць мог бы сказаць i сярод мурынаў! Паганыя неданоскi, што сноўдаюць пад сталамi, - выкрытыя i прыбiтыя на месцы маiм Поглядам. Загадана маўчаць! - закрычаў ён. - Маўчаць! Слухай маю каманду: усiм смiрна! Зважай на ўваход статуй. Тра-ля-ля, - ён выў, прыстаўляючы рукi да рота рупарам, - тра-ля-ля, тра-ля-ля!

Раптам ён змоўк, i Ева ўсвядомiла, што статуi ўвайшлi ў пакой. П'ер сядзеў з пагардлiвым выглядам i быў увесь напружаны i бледны. Ева таксама напружылася; i яны абое застылi ў поўнай цiшынi. У калiдоры нехта хадзiў: гэта была Мары, што прыходзiла дапамагаць iм у гаспадарцы, - яна, вiдаць, толькi зайшла. 'Трэба будзе даць ёй грошай на газ', - падумала Ева. I тут статуi пачалi лётаць; яны праляталi якраз памiж Евай i П'ерам.

П'ер натужлiва вухнуў i, падабраўшы пад сябе ногi, яшчэ глыбей зашыўся ў фатэль. Стараючыся адвярнуцца, ён круцiў галавой i час ад часу хмыкаў кароткiм смехам, на лбе ў яго блiшчалi кропелькi поту. Ева не магла болей вынесцi выгляду гэтай збялелай шчакi, гэтага рота, перакошанага дрыготкай грымасай; яна заплюшчыла вочы. I перад ёй, на чырвоным фоне павекаў, адразу заскакалi залацiстыя жылкi; яна адчувала сябе старою i ацяжэлай. П'ер шумна дыхаў зусiм побач з ёй. 'Яны лётаюць, i гудуць, i схiляюцца да яго...' Яна адчула лёгкае казытанне, нейкую няёмкасць у правым плячы i ў баку. Iнстынктыўна яна ўсiм целам адхiлiлася ўлева - нiбы каб унiкнуць дотыку з чымсьцi непрыемным, нiбыта каб прапусцiць нейкую цяжкую, нязграбную рэч. Раптам падлога рыпнула, i Еве жудасна захацелася расплюшчыць вочы, зiрнуць направа, адагнаць паветра рукой.

Але яна стрымалася i не расплюшчыла вачэй, ажно ўздрыгануўшыся ад гэтай чаканай i горкай радасцi. 'Я таксама баюся', - падумала яна. Усё яе жыццё затаiлася ў правым баку. Яна нахiлiлася блiжэй да П'ера, па-ранейшаму не расплюшчваючы вачэй. Цяпер ёй досыць было аднаго, сама маленькага намагання, i ўпершыню - яна ўвойдзе ў гэты трагiчны свет. 'Я баюся статуй', - падумала яна. Гэта было як нейкае сляпое, утрапёнае перакананне, як закляцце; Ева ўсёю сiлаю хацела паверыць у прысутнасць статуй; яна старалася ператварыць гэтае трывожнае аняменне, што паралiзоўвала ёй правы бок, у нейкае новае пачуццё - у дотык. Сваiм бокам, рукою, плячом - яна адчувала, як яны пралятаюць побач.

Статуi ляталi паволi i нiзка; i ўвесь час гудзелi. Ева ведала, што ў iх хiтры, хлуслiвы выгляд i што вакол вачэй, з каменя, у iх растуць вейкi; але ўвогуле яна iх уяўляла кепска. Яна ведала, што яны яшчэ не зусiм жывыя i iх вялiкiя целы пакрытыя, нiбы цёплымi лушпiнамi, кавалкамi плоцi; што на кончыках пальцаў у iх лушчыцца камень i далонi заўсёды свярбяць. Ева не магла ўсяго гэтага ўбачыць, яна толькi ўяўляла, што нейкiя вялiкiя кабеты, велiчна i ўрачыста, слiзгаюць недзе зусiм побач з ёй i што ў iх - чалавечы выгляд i цвердалобая ўпартасць каменя. 'Яны схiляюцца да П'ера'. Ева зрабiла над сабой такое моцнае намаганне, што рукi ў яе пачалi дрыжаць. 'Яны схiляюцца нада мной...' Раптам жудасны крык апалiў яе холадам. 'Яны дакранулiся да яго'. Ева адчула вялiкую стому. 'Гульня, - падумала яна з папрокам, - усё гэта толькi гульня. Я нi на iмгненне не паверыла ў iх шчыра. А ён увесь гэты час пакутаваў сапраўды'.

П'ер абмякнуў i глыбока ўздыхнуў. Але зрэнкi ў яго былi яшчэ расшыраныя, ён увесь быў мокры ад поту.

- Бачыла? - спытаў ён.

- Я не магу iх бачыць.

- Тым лепш для цябе: яны б цябе напалохалi. Мне што, - сказаў ён, - я прывычны.

Рукi ў Евы яшчэ дрыжалi, у галаве пульсавала кроў. П'ер выняў цыгарэту. Але не запалiў.

- Мне ўсё роўна, калi я iх бачу, - сказаў ён, - але я не хачу, каб яны да мяне дакраналiся, я баюся, каб мне не перадалося iх скулле.

Ён падумаў хвiлiну i спытаў:

- Ты iх хоць чула?

- Чула, - сказала Ева, - гудуць, як матор у самалёта. (У мiнулую нядзелю П'ер сам гэта апiсваў.)

П'ер усмiхнуўся крыху паблажлiва.

- Ну, ты перабольшваеш, - сказаў ён. Твар у яго быў па-ранейшаму бледны. Ён зiрнуў на Евiны рукi. - Ды ў цябе рукi дрыжаць. Бедная мая Агата, як цябе гэта ўразiла. Але цяпер няма чаго хвалявацца: да заўтрага яны болей не прыйдуць.

Ева не магла гаварыць, у яе клацалi зубы, i яна баялася, каб гэтага не заўважыў П'ер. П'ер доўга яе разглядаў.

- Ты проста чорт ведае якая прыгожая, - сказаў ён, кiваючы галавой. Шкада, вельмi шкада.

Ён хутка выпрастаў руку i мякка крануў яе за вуха.

- Мой чароўны дэман! Ты мяне крыху бянтэжыш, ты занадта прыгожая, i гэта адцягвае маю ўвагу: я не магу засяродзiцца. Нiчога б яшчэ, каб не трэба было рэзюмавання...

Ён змоўк i здзiўлена зiрнуў на Еву:

- Я не гэтае слова... Яно прыйшло... яно прыйшло, - сказаў ён з няпэўнай усмешкай. - На языку было зусiм iншае... а гэтае... заняло яго месца. Не памятаю ўжо, што я хацеў сказаць.

Ён хвiлiну падумаў i трасянуў галавой.

- Добра, - сказаў ён, - трэба паспаць, - i дадаў дзiцячым голасам: Ведаеш, Агата, я стамiўся. У мяне ўжо ўсё блытаецца ў думках.

Ён кiнуў цыгарэту i ўтаропiўся ў дыван з занепакоеным выглядам. Ева падсунула яму падушку.

- Можаш таксама паспаць, - сказаў П'ер i заплюшчыў вочы, - яны болей не прыйдуць.

'РЭЗЮМАВАННЕ'. П'ер спаў з застылай на твары цiхамiрнай усмешкай; галава ў яго нiзка схiлiлася, i здавалася, што яму хочацца пацерцiся шчакой аб плячо. Еве спаць не хацелася, яна думала: 'Рэзюмаванне...' Твар у П'ера раптам зрабiўся дурны, i слова, доўгае i бясколернае, само выкацiлася з рота. П'ер зiрнуў перад сабой здзiўлена, нiбы ўбачыў гэтае слова i не пазнаў; рот у яго быў млява разяўлены; нешта нiбы надламалася ў iм. 'Ён стрызнiў. Гэта здарылася з iм упершыню; зрэшты, ён i сам заўважыў. Ён жа сказаў, што ў яго ўсё зблыталася ў думках'. П'ер цiха, салодка застагнаў i плаўна махнўў рукой. Ева зiрнула на яго цяжкiм поглядам. 'Якi ён цяпер прачнецца!' Гэтая думка не давала ёй спакою. Кожны раз, калi П'ер засынаў, яна толькi пра гэта i думала, яна не магла сябе перасiлiць. Ева ўвесь час баялася, каб ён не прачнуўся з мутнымi вачыма i не пачаў раптам трызнiць. 'Якая ж я дурнiца, - падумала яна, - гэта ж павiнна пачацца не раней як праз год. Франшо сам так казаў'. Але трывога не пакiдала яе; праз год: зiма, вясна, лета, пачатак яшча адной восенi. Аднойчы твар у яго перакрывiцца, скiвiца адвiсне, i ён адно паўрасплюшчыць слязлiвыя вочы. Ева схiлiлася да П'еравай рукi i прыпала да яе вуснамi: 'Я заб'ю цябе раней'.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×