I вось надышоў дзень, калi ў гаванi Iолка стаў каля прычала цуда-карабель, лёгкi на хаду, устойлiвы на хвалях, акрылены ветразямi, iмклiвы i прыгожы. Яго назвалi 'Арго' - у гонар майстра, што пабудаваў яго.

Шумна i весела было ў Iолку. Пяцьдзесят самых лепшых грэчаскiх юнакоў, краса i сiла ўсёй Грэцыi, з'ехалiся сюды, каб на 'Арго' плыць у далёкую Калхiду па залатое руно. Тут былi: магутны Геракл са сваiм юным сябрам Гiласам, браты-блiзняты Кастор i Палiдэўк, якiя нiколi не разлучалiся, браты Пелей i Тэламон з Фесалii, афiнскi цар Эгей, Лаэрт - цар выспы Iтакi, юны Адмет - сваяк Язона, сiлач Iдас i мудры Амфiярай, якi ўмеў адгадваць будучае; прыйшоў са сваёй кiфарай* славуты грэчаскi спявак Арфей; прыляцелi на магутных крылах два сыны бога ветру Барэя - Калаiд i Зет. I шмат iншых герояў сабралася ў прызначаны дзень у Iолку. Галоўным у паходзе быў Язон, рулявым карабля умелы i вопытны марак Тыфiс, яго памочнiкам - зоркi Лiнкей, якi бачыў усё, нават глыбока пад зямлёй. Размеркавалi месцы для весляроў, а на кармавое вясло прызначылi двух самых дужых - Геракла i Анкея. Пагрузiлi на 'Арго' запасы харчоў, вiна i прэснай вады, каб у дарозе было ўволю што пiць i есцi.

* Кiфара - музычны струнны iнструмент.

Апошнюю ноч арганаўты - так называлi яны сябе - правялi на беразе мора, каля свайго карабля. Яны весялiлiся, слухалi расказы бывалых людзей i цудоўныя песнi Арфея i доўга не маглi заснуць.

На досвiтку Тыфiс пабудзiў усiх: пара было адплываць. Весляры селi за вёслы, рулявы стаў каля руля.

Язон налiў поўную чашу вiна.

- За шчаслiвае плаванне! - усклiкнуў ён i вылiў вiно ў мора - такi быў звычай маракоў перад адплыццём.

Весляры налеглi на вёслы, i 'Арго' памчаўся па цiхiм залiве.

За Пелiёнскiм мысам, калi выйшлi ў адкрытае мора, арганаўты паставiлi ветразi. Дзьмуў спадарожны вецер, i лёгкi карабель шпарка паплыў уздоўж гарыстых берагоў Фесалii.

Вось конi Гелiёса вынеслi на неба сонечную каляснiцу - узышло сонца. Радаснымi воклiчамi вiталi арганаўты першы дзень свайго плавання. На небе не было нi хмурынкi, мора спакойнае. Сэрцы поўнiлiся чаканнем i надзеяй, вернымi спадарожнiкамi мараходаў.

Зазвiнелi залатыя струны, i моцны голас Арфея заглушыў плюскат хваляў за бортам карабля.

Пачуўшы песню Арфея, на паверхню мора выплылi дэльфiны i рыбы i паплылi за 'Арго', нiбы статак, якi паслухмяна iдзе за пастухом.

На выспе Лемнас

Арганаўты доўга плылi ўздоўж берагоў Грэцыi, потым абагнулi апошнi выступ Халкiдскай паўвыспы i выйшлi ў адкрытае мора.

Аднойчы вечарам яны ўбачылi наперадзе ў моры вогненна-чырвоную выспу. Спачатку яны падумалi, што гэта сонца, якое якраз заходзiла, так афарбавала высокiя горы на выспе. Але надышла ноч, усё пацямнела навокал, а невядомая выспа нiбы палала у цемры перад iмi, i чым блiжэй падплываў да яе 'Арго', тым ярчэйшае было зарава.

Раптам з вяршынi гары, што ўзвышалася над выспай, вырваўся слуп агню, узняўся высока ў неба i з шумам i трэскам, рассыпаючы мiльёны iскраў i распаленых камянёў, абрынуўся ў мора.

Арганаўты стоўпiлiся на палубе, любавалiся велiчным вiдовiшчам i пыталiся адзiн у аднаго, што азначае гэты пажар сярод мора.

Надышла ранiца, i агонь на выспе пагас, толькi густы дым iшоў з гары, як iдзе дым з комiна, калi ў доме паляць у печы.

'Арго' наблiзiўся да берага. Каб хвалi не знеслi карабель, арганаўты апусцiлi на дно - мора было тут неглыбокае - вялiкi камень, абвязаны моцным канатам. Другi такi канат быў прымацаваны на карме: канец яго кiнулi на бераг, i адзiн з весляроў зачапiў яго за выступ скалы i завязаў вузлом.

Павольна сыходзiлi на бераг арганаўты. Страшна было ступiць на зямлю, унутры якой таiўся агонь: яна здавалася iм гарачай i зыбкай. Агледзеўшыся, яны ўбачылi ўдалечынi гарадскiя сцены i накiравалiся туды, каб даведацца, як называецца гэтая выспа i што за людзi тут жывуць.

Прыбыццё арганаўтаў ужо заўважылi ў горадзе: ледзь толькi яны адышлiся ад берага, дзе прычалiў 'Арго', як з гарадскiх варот выйшаў вялiкi ўзброены атрад i, грозна падняўшы зброю, рушыў iм насустрач.

Арганаўты на ўсякi выпадак таксама пастроiлiся ў баявы парадак i падрыхтавалiся да бою. Але зоркi Лiнкей раптам засмяяўся i сказаў:

- Стойце, сябры, апусцiце вашы мячы i коп'i: гэта жанчыны.

I сапраўды, гэта былi жанчыны ў воiнскiх даспехах i са зброяй у руках.

Арганаўты спынiлiся i здзiўлена разглядвалi незвычайных сваiх працiўнiкаў. Убачыўшы, што чужынцы не збiраюцца нападаць на iх, жанчыны таксама спынiлiся i, параiўшыся памiж сабою, паслалi наперад вястунку - даведацца, што гэта за людзi i чаго яны высадзiлiся на выспе.

Арганаўты сказалi, што шлях iх ляжыць мiма выспы, што яны i ў думках не маюць нiчога кепскага, i папрасiлi дазволу агледзець цудоўную выспу i папоўнiць запасы харчоў i вады.

Ад вястункi яны даведалiся, што гэта выспа Лемнас.

Тут, у сярэдзiне вогнедышнай гары Масiхл, была кузня бога Гефеста, вечна палаў свяшчэнны агонь у горне. А калi ў божага майстра было асаблiва шмат работы i яго аднавокiя чаляднiкi - кiклопы - моцна раздзiмалi агонь, iскры ляцелi высока ў неба i ўся выспа дрыжала i ўздрыгвала ад падземных удараў магутнага молата. Адсюль калiсьцi ўкраў тытан Праметэй маленькую iскру, каб падарыць людзям агонь.

Са здзiўленнем арганаўты даведалiся, што на выспе зусiм няма мужчын.

У горадзе жылi адны жанчыны; яны працавалi ў полi i ў майстэрнях, выконвалi ўсю мужчынскую работу. Абараняць выспу ад нападаў павiнны былi таксама жанчыны.

Кiравала ўсiм гэтым жаночым царствам маладая царыца Iпсiпiла.

Калi вястунка перадала ёй просьбу арганаўтаў, царыца загадала ўсiм жанчынам сабрацца на плошчы, дзе яны звычайна абмяркоўвалi свае справы, i сказала:

- Мiлыя сёстры! Мы дадзiм чужынцам хлеба, садавiны i салодкага лемнаскага вiна. Аднясём iм на карабель нашы дарункi. Але няхай яны як мага хутчэй плывуць адсюль, няхай не заходзяць у наш горад. Яны магутныя, гэтыя чужынцы, i мы не ведаем; што ў iх у галаве.

Але старая нянька царыцы, сiвая Палiксо, запярэчыла:

- Паглядзiце на мяне: я сiвая, я старая, я хутка памру. Калi старыя памруць, а маладыя састарацца, хто будзе запрагаць валоў у ярмо i араць зямлю, i сеяць хлеб, i жаць каласы ў полi? Хто абаронiць горад ад нападу ваяўнiчых суседзяў i вас самiх ад цяжкага рабства? Хто адрамантуе стары дом i пабудуе новы? Хто будзе жыць пасля нас? Самi багi паслалi нам гэты карабель i на iм пяцьдзесят адважных i дужых герояў. Па ўсiм вiдаць, што гэта добрыя людзi. Паслухайцеся маёй парады: запрасiце iх да сябе жыць, няхай яны застануцца на Лемнасе, няхай кiруюць горадам, няхай выберуць сабе жонак i жонкi народзяць дзяцей, няхай стануць прышэльцы вам роднымi i будуць вашай апорай у любой справе i абаронцамi ад усiх ворагаў.

Так гаварыла старая Палiксо, i жанчыны, падумаўшы, згадзiлiся з ёю. Хуценька запрэглi коней у каляснiцу, нагрузiлi яе кашамi з садавiнай i збанамi з вiном i паслалi вястунку да арганаўтаў - аддаць iм дарункi i запрасiць iх на банкет да царыцы Iпсiпiлы.

Арганаўты з радасцю прынялi запрашэнне, апранулi свае самыя лепшыя ўборы i выправiлiся ў горад. Толькi Геракл з юнаком Гiласам, Амфiярай i спявак Арфей засталiся вартаваць карабель.

Ветлiва сустракалi жанчыны герояў на вулiцах горада, шырока адчынялi перад iмi дзверы.

Язона прывялi ў палац царыцы, i яна сказала яму:

- Мы рады табе i тваiм таварышам. Будзьце гасцямi на нашым свяце. Праславiм уладара нашай выспы бога Гефеста i жонку яго - багiню Афрадыту!

Арганаўты разышлiся па ўсiм горадзе, i пачаўся вясёлы баль.

У час балю царыца сказала Язону:

- Бачыш, якая цудоўная наш выспа, якая багатая наша зямля. Палюбi гэтую зямлю i, калi хочаш, застанься з намi, жывi ў гэтым палацы i будзь царом у нашым горадзе. I таварышам сваiм загадай застацца на Лемнасе.

- Царыца, - сказаў Язон, - дзякуй за ласку i добрае слова, але я не магу застацца i быць царом на Лемнасе, хоць выспа твая i горад цудоўныя. Дарога мая далёкая i доўгая, i я павiнен выканаць тое, што абяцаў. Я павiнен здабыць залатое руно.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×