Смирнова Вера
Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)
Вера Смiрнова
Героi Элады
З мiфаў старажытнай Грэцыi
Пераклад: З.Петрушэня
ПРАДМОВА
Шмат вякоў назад на Балканскай паўвыспе пасялiўся народ, якi потым пачалi называць грэкамi. У адрозненне ад сучасных грэкаў, мы называем той народ старажытнымi грэкамi, або элiнамi, а iх краiну - Эладай.
Элiны пакiнулi народам усяго свету багатую спадчыну: велiчныя збудаваннi, якiя i да нашых дзён лiчацца самымi прыгожымi на свеце, цудоўныя мармуровыя i бронзавыя статуi i вялiкiя творы лiтаратуры, якiя людзi чытаюць i цяпер, хоць яны напiсаны на мове, на якой даўно ўжо нiхто не гаворыць на зямлi. Гэта 'Iлiяда' i 'Адысея' - гераiчныя паэмы пра тое, як грэкi бралi ў асаду горад Трою, i пра вандроўкi i прыгоды аднаго з удзельнiкаў гэтай вайны - Адысея. Гэтыя паэмы спявалi вандроўныя спевакi, i створаны яны каля трох тысяч гадоў таму назад.
Ад старажытных грэкаў засталiся нам iх паданнi, iх старажытныя сказаннi мiфы.
Грэкi прайшлi доўгi гiстарычны шлях; спатрэбiлiся стагоддзi, перш чым яны сталi самым адукаваным, самым культурным народам старажытнага свету. Iх уяўленнi пра будову свету, iх спробы вытлумачыць усё, што адбываецца ў прыродзе i ў чалавечым грамадстве, знайшлi сваё адлюстраванне ў мiфах.
Мiфы стваралiся, калi элiны яшчэ не ведалi граматы, складалiся паступова, на працягу некалькiх стагоддзяў, перадавалiся з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне i нiколi не былi запiсаны як адна цэласная кнiга. Мы ведаем iх ужо з твораў старажытных паэтаў Гесiёда i Гамера, вядомых грэчаскiх драматургаў Эсхiла, Сафокла, Еўрыпiда i пiсьменнiкаў больш познiх эпох.
Вось чаму мiфы старажытных грэкаў даводзiцца збiраць з самых розных крынiц i пераказваць iх.
Паводле асобных мiфаў можна аднавiць карцiну свету, як уяўлялi яго сабе старажытныя грэкi. Мiфы расказваюць, што спачатку свет насялялi страшыдлы i велiканы: гiганты, у якiх замест ног выгiналiся вялiзныя змеi; сторукiя, вялiзныя, нiбы горы; злосныя кiклопы, або цыклопы, - з адным блiскучым вокам пасярод iлба; грозныя дзецi Зямлi i Неба магутныя тытаны. У вобразах гiгантаў i тытанаў старажытныя грэкi ўвасаблялi стыхiйныя магутныя сiлы прыроды. Мiфы расказваюць, што пазней гэтыя стыхiйныя сiлы прыроды ўтаймаваў i пакарыў Зеўс - бог неба, Грамавержац i Хмараганiцель, якi ўпарадкаваў свет i стаў уладаром Сусвету. На змену тытанам прыйшло царства Зеўса.
Ва ўяўленнi старажытных грэкаў багi былi падобны на людзей i адносiны памiж iмi нагадвалi адносiны памiж людзьмi. Грэчаскiя багi сварылiся i мiрылiся, увесь час умешвалiся ў жыццё людзей, удзельнiчалi ў войнах. Кожны з багоў меў сваю справу, 'загадваў' пэўнай 'гаспадаркай' у свеце. Элiны надзялялi сваiх багоў чалавечымi характарамi i схiльнасцямi. Ад людзей 'смяротных' - грэчаскiя багi адрознiвалiся толькi тым, што былi бессмяротныя.
Як кожнае грэчаскае племя мела свайго правадыра, ваеначальнiка, суддзю i гаспадара, так i сярод багоў грэкi лiчылi правадыром Зеўса. Паводле вераванняў грэкаў, сям'я Зеўса - яго брат, жонка i дзецi - падзялялi з iм уладу над светам. Жонка Зеўса, Гера, лiчылася ахоўнiцай сям'i, роднага дому. Брат Зеўса, Пасейдон, уладарыў над марамi; Гадэс, або Аiд, кiраваў падземным царствам мёртвых; Дэметра, сястра Зеўса, багiня земляробства, распараджалася ўраджаем. У Зеўса былi дзецi: Апалон - бог святла, апякун навук i мастацтваў; Артэмiда багiня лясоў i палявання, Афiна Палада, якая нарадзiлася з галавы Зеўса, багiня мудрасцi, ахоўнiца рамёстваў i ведаў; кульгавы Гефест - бог-каваль i механiк; Афрадыта - багiня кахання i прыгажосцi, Арэс - бог вайны, Гермес вястун багоў, самы блiзкi памочнiк i любiмец Зеўса, ахоўнiк гандлю i мараплавання.
Мiфы расказваюць, што гэтыя багi жылi на гары Алiмп, якая была заўсёды закрыта ад вачэй людзей воблакамi, кармiлiся 'ежай багоў' - нектарам i амброзiяй, i ўсе справы вырашалi на банкеце ў Зеўса.
Людзi на зямлi звярталiся да багоў - да кожнага па яго 'спецыяльнасцi', будавалi для кожнага з iх храмы i, каб улагодзiць, прыносiлi iм дарункi ахвяры.
Мiфы расказваюць, што, апрача гэтых галоўных багоў, уся зямля была населена багамi i багiнямi, якiя ўвасаблялi сiлы прыроды.
У рэках i ручаях жылi нiмфы Наяды, у моры - Нерэiды, у лясах - Дрыяды i Сатыры з казлiнымi нагамi i з рожкамi на галаве; у гарах жыла нiмфа Рэха.
У небе гаспадарыў Гелiёс - сонца, якi кожны дзень аб'язджаў увесь свет на сваёй залатой каляснiцы, запрэжанай вогнедышнымi коньмi; ранiцай пра яго выезд абвяшчала румяная Эас - зара; уночы над зямлёй смуткавала Селена - месяц. Вятры ўяўлялiся ў выглядзе розных багоў: паўночны грозны вецер - Барэй, цёплы i мяккi - Зефiр.
Жыццём чалавека распараджалiся тры багiнi лёсу - Мойры: яны пралi нiтку чалавечага жыцця ад нараджэння да смерцi i маглi абарваць яе, калi хацелi.
Акрамя мiфаў пра багоў у старажытных грэкаў былi мiфы пра герояў. Старажытная Грэцыя не была адзiнай дзяржавай, яна складалася з маленькiх дзяржаў-гарадоў, якiя часта ваявалi памiж сабою, а часам заключалi саюз супраць агульнага ворага. У кожнага горада, у кожнай вобласцi быў свой герой. Героем Афiн быў Тэзей, адважны юнак, якi абараняў родны горад ад заваёўнiкаў i перамог у паядынку страшнага быка Мiнатаўра, якому аддавалi на з'ядзенне афiнскiх юнакоў i дзяўчат. Героем Фракii быў славуты спявак Арфей. У аргiвян героем быў Персей, якi забiў Медузу, адзiн позiрк якой ператвараў чалавека ў камень.
Потым, калi грэчаскiя плямёны паступова аб'ядналiся i грэкi пачалi ўсведамляць сябе адзiным народам - элiнамi, з'явiўся герой усёй Грэцыi Геракл. Быў створаны мiф пра падарожжа, у якiм удзельнiчалi героi розных грэчаскiх гарадоў i абласцей, - пра паход арганаўтаў.
Грэкi з даўнiх часоў былi мараплаўцамi. Мора, што абмывала берагi Грэцыi (Эгейскае), было зручнае для плавання - на iм шмат астравоў, яно большую частку года спакойнае, i грэкi хутка яго асвоiлi. Перабiраючыся з выспы на выспу, старажытныя грэкi неўзабаве дасягнулi Малой Азii. Паступова грэчаскiя мараплаўцы пачалi асвойваць i землi, што знаходзiлiся на поўнач ад Грэцыi.
У аснову мiфаў пра арганаўтаў пакладзены ўспамiны пра шматлiкiя спробы грэчаскiх мараходаў прабрацца ў Чорнае мора. Бурнае i без адзiнай выспы на шляху, Чорнае мора доўга палохала грэчаскiх маракоў.
Мiф пра паход арганаўтаў цiкавы для нас яшчэ i таму, што гаворка ў iм iдзе пра Каўказ, пра Калхiду; рака Фазiс - гэта цяперашнi Рыён, i там сапраўды калiсьцi знаходзiлi золата.
Мiфы расказваюць, што разам з арганаўтамi ў паход па залатое руно выправiўся i вялiкi герой Грэцыi - Геракл.
Геракл - гэта вобраз народнага асiлка. У мiфах пра дванаццаць подзвiгаў Геракла старажытныя грэкi расказваюць пра гераiчную барацьбу чалавека з варожымi сiламi прыроды, пра вызваленне зямлi ад страшнага панавання стыхiй.
Геракл, якi валодае магутнай фiзiчнай сiлай, у той жа час з'яўляецца прыкладам мужнасцi, бясстрашша, воiнскай адвагi.
У мiфах пра арганаўтаў i пра Геракла перад намi паўстаюць героi Элады смелыя мараходы, адкрывальнiкi новых шляхоў i новых земляў, змагары, што вызваляюць зямлю ад страшыдлаў, якiмi яе насялiў першабытны розум. У вобразах гэтых герояў выражаны iдэалы старажытнага свету.
У старажытнагрэчаскiх мiфах адлюстравана 'маленства чалавечага грамадства', якое ў Эладзе, паводле слоў Карла Маркса, 'развiвалася найбольш прыгожа i мае для нас вечнае хараство'. У сваiх мiфах элiны выявiлi выдатнае пачуццё прыгажосцi, мастацкае разуменне прыроды i гiсторыi. Мiфы Старажытнай Грэцыi шмат вякоў натхнялi паэтаў i мастакоў усяго свету. У вершах Пушкiна i Цютчава i нават у байках Крылова мы не адзiн раз знойдзем вобразы з мiфаў Элады. Калi б мы не ведалi старажытнагрэчаскiх мiфаў, шмат што ў мастацтве мiнулага - у скульптуры, жывапiсе, паэзii - было б нам незразумела.
Вобразы старажытнагрэчаскiх мiфаў захавалiся i ў нашай мове. Мы не верым цяпер, што iснавалi калi- небудзь магутныя велiканы, якiх старажытныя грэкi называлi тытанамi i гiгантамi, аднак мы i цяпер называем вялiкiя справы гiганцкiмi. Мы гаворым: 'Мукi Тантала', 'Сiзiфава праца' - i без ведання грэчаскiх мiфаў гэтыя словы незразумелыя.
Самi па сабе старажытнагрэчаскiя мiфы - народныя паданнi, якiя прыйшлi да нас з далёкай мiнуўшчыны, - поўныя паэзii i глыбокага сэнсу. Свабодалюбiвы Геракл, якi ачышчае зямлю ад страшыдлаў, смелыя адкрывальнiкi новых земляў арганаўты, Праметэй, якi паўстаў супраць бога i даў агонь чалавецтву, - усе гэтыя вобразы сталi здабыткам сусветнай лiтаратуры, i кожны культурны чалавек павiнен iх ведаць.