Царыца засмуцiлася. Яна так ласкава пазiрала на Язона, так весела гучалi песнi ў горадзе, так бесклапотна танцавалi прыгожыя дзяўчаты на плошчах i вулiцах, а старая Палiксо так лагодна бурчала: 'Куды спяшацца? Навошта спяшацца шукаць пагiбель? Няхай небяспека сама шукае героя'.
Баль змяняўся балем. Мiналi гадзiны, i днi, i ночы, а арганаўты i не думалi вяртацца на свой карабель.
Доўга чакаў iх Геракл, нарэшце сам падаўся ў горад i пачаў сварыцца на сваiх бесклапотных таварышаў:
- Хiба для таго пабудаваны наш 'Арго', каб хвалi бiлi яго аб лемнаскi бераг? Хiба для таго збiраў нас Язон па ўсёй Грэцыi, каб баляваць у гасцях у жанчын? Спадарожны вецер гонiць 'Арго' ў дарогу, моцна напяты прычальны канат вось-вось парвецца. Хто не хоча быць пестам i дармаедам у жанчын - наперад, у дарогу па залатое руно! У дарогу, арганаўты!
Прысаромленыя, быццам пасля пахмелля, арганаўты зноў сабралiся разам i пачалi рыхтавацца да адплыцця.
Лемнаскiя жанчыны прынеслi iм на карабель усё, чым багатая была выспа, i плакалi, развiтваючыся з героямi, бо палюбiлi iх i не хацелi расставацца з iмi.
- Жадаем вам шчасця i ў плаваннi, i ў вашай небяспечнай справе, - сказала Язону царыца Iпсiпiла i цiха дадала: - Калi ты здабудзеш залатое руно i зхочаш вярнуцца на Лемнас, я аддам табе горад, i ўладу, i сваё каханне. Помнi пра гэта.
Але слёзы былi ў яе на вачах, бо яна прадчувала, што арганаўты нiколi не вернуцца на Лемнас.
Геракл падняў з дна камень, якi трымаў карабель на месцы. Адвязалi ад лемнаскай скалы прычальны канат, i, згарнуўшыся, нiбы змяя, ён паслухмяна лёг каля ног рулявога.
Весляры былi на сваiх месцах.
Язон падаў знак - у момант узляцелi вёслы, i 'Арго' зноў рушыў у дарогу.
Мядзведжая гара
Арганаўты плылi проста на ўсход i доўга не бачылi нiчога вакол, апрача мора i неба. Потым наперадзе паказаўся бераг. Памiж дзвюма градамi невысокiх прыбярэжных узгоркаў засiнела вузкая паласа пралiва. Хвалi з шумам грувасцiлiся ў пралiве, i белая пена бiлася каля берагоў.
Арганаўты наблiзiлiся да таго месца, дзе патанула Гела, упаўшы з залатога барана.
- Гелеспонт! - сказаў рулявы Тыфiс.
Быстраходнаму лёгкаму 'Арго' былi не страшныя нi вiры, нi хуткае цячэнне, i арганаўты доўга плылi па вузкiм доўгiм пралiве, з цiкавасцю разглядаючы блiзкi бераг. Калi мiнулi пралiў, вырашылi зрабiць прыпынак, перш чым плыць цераз Прапантыду - другое мора, што ляжала на iх шляху. Яны наблiзiлiся да берага.
Перад iмi распасцiралася нiзкая зялёная раўнiна, парослая сакавiтай травою. Мора глыбока ўразалася ў гэтую раўнiну i ўтварала цiхi залiў. Вузкая дарожка, нiбы земляны масток, вяла ўгору, на высокую цёмную крутую гару, падобную на вялiкага ўскудлачанага мядзведзя.
Цiха i спакойна было на беразе. Чарада тлустых авечак хадзiла па пашы; каля самага мора сушылiся на сонцы рыбацкiя сеткi.
Арганаўты скiравалi свой карабель у залiў, знайшлi зручнае месца i прычалiлi. Людзi, што жылi на беразе, сустрэлi iх ветлiва. Гэта былi далiёны, дабрадушнае i мiрнае племя.
Далiёны расказалi арганаўтам, што вядуць свой род ад бога мораў Пасейдона, што Пасейдон - iх заступнiк i абаронца ад усiх ворагаў. Яны паказалi на высокую гару, якая навiсала над залiвам, i сказалi, што гэта Мядзведжая гара. На ёй жывуць шасцiрукiя велiканы; яны магутныя i лютыя, але баяцца Пасейдона i таму не чапаюць далiёнаў.
Неўзабаве з'явiўся на бераг i цар далiёнаў. Ён быў вельмi малады, амаль хлапчук, без вусоў i вельмi ласкавы, падобны на дзяўчынку. Яго звалi Кiзiк, як i зямлю, якой ён кiраваў. Кiзiк пачцiва прывiтаў герояў i запрасiў iх на банкет. Банкет быў надзвычай просты - засмажылi самых тлустых бараноў з царскай чарады i прынеслi садавiны i вiна. Юны цар быў вясёлы, павёў гасцей на Мядзведжую гару - паглядзець на мора, расказаў iм, як лепш плыць далей, паказаў iм свае лугi i сады i падарыў з дзесятак найлепшых авечак на дарогу.
Арганаўты пераначавалi ў гасцiнных далiёнаў i назаўтра ранiцай сабралiся ў дарогу, развiталiся з Кiзiкам i селi на карабель.
Раптам вялiкiя камянi нiбы сарвалiся з Мядзведжай гары, паляцелi ў ваду каля 'Арго'; пачуўся дзiкi рык, i падарожнiкi ўбачылi велiканаў. Яны былi вышынёй з маладую сасну, i ў кожнага, нiбы сукi ў дрэве, тырчалi шэсць доўгiх рук: дзве, як у людзей, - ад плеч, дзве каля паяснiцы i яшчэ дзве па баках. Велiканы з шумам выварочвалi камянi з гары, адрывалi цэлыя скалы i кiдалi ў залiў, каб загарадзiць 'выхад караблю ў адкрытае мора. Каменныя глыбы падалi ў ваду i маглi разбiць 'Арго'. Далiёны ад страху разбеглiся, пахавалiся, i самi арганаўты разгубiлiся. Тады Геракл схапiў свой лук, стаў на носе карабля i пачаў пускаць у велiканаў стрэлы. Адзiн за другiм, нiбы падсечаныя пад корань дрэвы, падалi велiканы з гары ў мора. Прыкрыўшыся шчытамi ад камянёў i асколкаў, арганаўты сышлi на зямлю i распачалi бой з шасцiрукiмi. Велiканы былi перабiты, i, пакiнуўшы iх на спажыву рыбам i птушкам, арганаўты адплылi ад Кiзiка.
Цэлы дзень плыў 'Арго', хутка аддаляючыся ад Мядзведжай гары. Калi надышоў вечар i карабель быў ужо далёка ад берага, у адкрытым моры раптам падзьмуў моцны вецер. Арганаўты ўзрадавалiся ветру, распусцiлi ветразi i леглi спаць, не заўважыўшы, што вецер дзьме ў той бок, адкуль яны спачатку плылi. Уночы бура прыгнала iх назад да Кiзiка, але ў цемры яны не пазналi знаёмага берага i падумалi, што гэта нейкая новая краiна на iх шляху. Яны прычалiлi да берага i сышлi на зямлю, грозна бразгаючы зброяй.
Далiёны ў начной цемры таксама не пазналi арганаўтаў. Пачуўшы плёскат вёслаў i звон мячоў, яны падумалi, што гэта марскiя разбойнiкi выкарысталi бурную цёмную ноч i напалi на Кiзiк. Мячамi i коп'ямi сустрэлi цяпер далiёны сваiх учарашнiх гасцей. Да свiтання не спыняўся на беразе жорсткi бой. Арганаўты былi больш вопытныя ў баi i дужэйшыя, i шмат далiёнаў загiнула. Сам юны цар быў насмерць працяты меткiм кап'ём Язона.
Калi ж развiднела i стала ўсё добра вiдаць наўкол, працiўнiкi з жахам убачылi, што ў цемры ночы яны бiлiся з сябрамi.
Тры днi i тры ночы аплаквалi арганаўты i далiёны сваю жудасную памылку i смерць цара. Яго пахавалi на беразе мора i на магiле насыпалi высокi пагорак. I доўга ўзвышаўся гэты пагорак, i маракi з караблёў, якiя заходзiлi ў гавань, адразу пазнавалi тое месца.
Сварка на караблi
Сум агарнуў сэрцы арганаўтаў пасля таго злоснага жарту, якi падстроiў iм вецер. Моўчкi выконваў кожны сваю дзённую работу; не чуваць было на караблi нi смеху, нi жартаў, нi расказаў бывалых маракоў. I Арфей не спяваў больш песень.
I мора было неспакойнае. Парывiсты вецер увесь час мяняўся, сярдзiта дзьмуў i гнаў карабель то ў адзiн, то ў другi бок. Цяжка было рулявому весцi карабель, i вялiкiя хвалi перашкаджалi веслярам. Марудна плыў уперад 'Арго'.
Раптам зламалася вясло ў Геракла. Вясло адразу ж знесла цячэннем, толькi палка засталася ў руках у героя. Са злосцi шпурнуў ён абломак у непрыветныя хвалi i пакiнуў сваё месца сярод весляроў.
Язон сказаў рулявому:
- Кiруй да берага! Мы стамiлiся змагацца з хвалямi, патрэбны адпачынак. I Гераклу патрэбна новае вясло. Ён знойдзе яго ў лесе на беразе. Прычалiм да берага!
Рулявы паслухмяна накiраваў карабель да зямлi, i неўзабаве яны прысталi да пустыннага берага, зарослага густым лесам.
Геракл накiнуў на плечы львiную шкуру, якую ён насiў замест плашча, узяў свой меч, лук i калчан са стрэламi i рушыў у лес па новае вясло. Стомленыя весляры з радасцю апусцiлi вёслы, прылеглi на траве адпачыць, пакуль згатуецца вячэра, а юнага Гiласа, выхаванца Геракла, якога ён вельмi любiў, паслалi пашукаць у лесе ручай i прынесцi вады.
Весела падсвiстваючы птушкам, Гiлас iшоў па лесе i прыслухоўваўся. Вось збоку, за кустамi, ледзь чутна ляпечуць лянiвыя рачныя струменi. Хлопчык расхiнуў кусты, i перад iм блiснула лясная затока. Было так цiха i такой ласкавай здавалася рака ў зялёных берагах, што Гiлас без усякай апаскi падышоў да вады i доўга любаваўся, як цудоўна адлюстроўвалiся ў рацэ кусты i дрэвы, i сiняе неба, i хмаркi, што плылi над лесам, i ён сам з вялiкiм збаном у руках. Раптам ён убачыў у празрыстай вадзе красуню нiмфу з зялёнымi валасамi; яна вабiла яго i клiкала да сябе на дно, дзе быў такi чысты пясок i мiльгалi рознакаляровыя рыбкi.
Хлопчык спалохаўся, хацеў хутчэй зачэрпнуць вады збаном, нагнуўся, i ў той жа момант дзве тонкiя рукi высунулiся з вады, абнялi яго моцна за шыю i пацягнулi за сабою. Збан выпаў у яго з рук, i Гiлас з жаласным