- Цяпер нам нiчога не страшна! - сказаў весела рулявы. - Мы мiнулi Сiмплягады, i гэта добрая прыкмета: мiнуем i ўсе перашкоды, якiя яшчэ нас чакаюць.
Але Язон меў збянтэжаны i сумны выгляд.
- Гэта мая вiна, - гаварыў ён, - я завабiў вас у чужое страшнае мора, я прымусiў гэтак цяжка вас працаваць, праз мяне вы рызыкуеце сваiм жыццём... Навошта я паклiкаў вас з сабою ў падарожжа, якое пагражае небяспекаю? Сядзелi б вы спакойна дома...
Ды гэта былi толькi хiтрыкi: ён хацеў упэўнiцца, цi не аслабелi духам арганаўты пасля суровага выпрабавання каля рухомых скалаў.
Героi адказалi смехам на хiтрыя словы Язона.
- Тады паплывём далей! - усклiкнуў ён весела. - У Калхiду, у Калхiду! Здабудзем залатое руно!
I 'Арго' паплыў далей.
Аддалiўшыся ад Сiмплягадаў, арганаўты павярнулi направа i паплылi ўздоўж берагоў, асцярожна абмiнаючы скалiстыя мысы i вялiкiя водмелi, якiх сустракалася цяпер шмат на iх шляху. Яны праплывалi мiма земляў, населеных рознымi народамi, невядомымi iм раней, бачылi ваяўнiчых жанчын-амазонак, якiя праносiлiся на дзiкiх конях, бачылi высокiя вежы, пабудаваныя на гарах, зарослых лесам, мiнулi краiну халiбаў, якiя здабывалi з зямлi жалеза.
Аднойчы ўдзень 'Арго' наблiзiўся да невядомай выспы. Вялiкая чырвоная птушка сядзела на беразе i, убачыўшы 'Арго', паляцела яму насустрач.
Падарожнiкi са здзiўленнем пазiралi на яе. Раптам яна скiнула пяро. Яно ўпала на карабель i ўпiлося ў плячо аднаго з весляроў. Палiлася кроў, i ад болю вясляр выпусцiў з рук вясло. Выцягнулi пяро з раны i ўбачылi, што гэта была вострая медная страла.
Прыляцела другая птушка. Адзiн з арганаўтаў схапiў свой лук i стрэлiў у яе. Птушка ўпала ў мора. Пер'е яе звiнела i зiхацела на сонцы.
Тады адзiн са старэйшых арганаўтаў сказаў:
- Гэта Сцiмфалiды - медныя птушкi бога вайны. Iх пер'е ранiць, як стрэлы. Трэба надзець шлемы, прыкрыцца шчытамi, каб яны не нарабiлi нам шкоды.
Арганаўты надзелi шлемы, прыкрылiся шчытамi i, падплываючы да берага, моцна крычалi i грукалi мячамi ў шчыты. Сцiмфалiды ўзляцелi над выспай, асыпаючы 'Арго' медным пер'ем. Пёры стукалiся аб шчыты, i ў паветры стаяў такi шум i звон, што напалоханыя птушкi ўзнялiся i паляцелi прэч.
Арганаўты прычалiлi да берага i знайшлi тут чатырох юнакоў, абарваных i галодных. Гэта былi сыны Фрыкса. Пасля смерцi iх бацькi цар Ээт выгнаў iх з Калхiды i адправiў на караблi ў Грэцыю. Але бура разбiла карабель, i мора выкiнула iх на гэту пустэльную выспу, дзе iх чакала галодная смерць.
Арганаўты ўзрадавалiся сустрэчы.
- Вы з Калхiды плылi ў Грэцыю, а мы з Грэцыi плывём у Калхiду па залатое руно, якое ваш бацька пакiнуў у Ээта, - сказаў юнакам Язон i прапанаваў iм: Вяртайцеся з намi ў Калхiду, памажыце нам здабыць залатое руно, i мы адвязём вас потым у Архамен, на радзiму Фрыкса.
Але юнакi спалохана круцiлi галовамi. Старэйшы сказаў:
- Вы задумалi цяжкую справу. Цар Калхiды жорсткi i злосны i не аддасць вам залатое руно. I нават калi б ён згадзiўся аддаць вам яго, вы не зможаце перамагчы дракона, якi пiльнуе руно ў гаi Арэса. Гэты дракон нiколi не спiць, удзень i ўночы расплюшчаны яго вочы. Ён здалёку бачыць усiх, хто хоча падысцi да свяшчэннага дуба, на якiм вiсiць залатое руно. I гора таму, хто падыдзе занадта блiзка!
Арганаўтаў збянтэжылi гэтыя словы, але храбры Пялей сказаў:
- Не палохай нас, дзiця! Мы ведаем, што такое небяспека. Ёсць сiла ў нашых руках, нашы мячы вострыя i шчыты надзейныя. Мы воiны, i нам памагаюць багi Алiмпа. Ужо зусiм мала засталося нам плыць да Калхiды, а там няхай будзе што будзе!
На свiтаннi паднялi ветразi, i сыны Фрыкса сталi на карме i памагалi рулявому кiраваць карабель да берагоў Калхiды. Плылi цэлы дзень - апошнi дзень паходу - i да ночы дайшлi да вусця вялiкай ракi. Гэта быў Фазiс, паўнаводная рака Калхiды.
Арганаўты згарнулi ветразi, на вёслах увайшлi ў раку i паднялiся ўверх па цячэннi. Леваруч яны ўбачылi снежныя вяршынi Каўказа i на беразе горад Ээта, справа распасцiралася пустое поле Арэса i цямнеў гай, дзе нядрэмны дракон пiльнаваў залатое руно.
Усе арганаўты сабралiся на палубе, i Язон стаў каля пазалочанай галавы багiнi - ахавальнiцы 'Арго', налiў поўную чашу вiна i вылiў у ваду - у гонар мацi-Зямлi, да якой яны наблiжалiся, у гонар багоў, якiя памагаюць падарожнiкам, i ў памяць герояў, што загiнулi ў дарозе. Потым скiравалi карабель у трыснёг, што рос каля берагоў, i, схаваўшыся ў высокай траве, паснулi амаль там, куды дагэтуль плылi.
Язон у цара Калхiды
На досвiтку арганаўты прачнулiся i пачалi раiцца, што iм рабiць. Асцярожны Язон парашыў: усiм заставацца на караблi i чакаць, а самому з сынамi Фрыкса i яшчэ двума арганаўтамi iсцi ў палац Ээта - разведаць: цi не згодзiцца цар добраахвотна аддаць руно. I вось Язон разам з сынамi Фрыкса, з Тэламонам i Аўгiясам выправiўся да цара Калхiды Ээта. Па дарозе ў горад яны трапiлi ў вялiкi сад, дзе на кожным дрэве вiсеў на ланцугу мярцвяк, укручаны ў шкуру вала. Яны жахнулiся. Але гэта быў звычайны калхiдскi могiльнiк - так хавалi колхi сваiх мужчын, жанчын жа яны закопвалi ў зямлю.
Калi арганаўты ўвайшлi ў горад, густы туман апусцiўся на зямлю, так што за тры крокi нельга было распазнаць сустрэчнага. Гэта заступнiца Гера схавала ад вачэй колхаў прышэльцаў, каб яны без перашкод дайшлi да палаца Ээта. Тут туман развеяўся, i яны ўбачылi царскi палац з высокiмi вежамi, з шырокiмi варотамi, якiя вялi ў вялiкi чатырохкутны двор. У кутках яго бiлi чатыры фантаны. З аднаго струменем лiлося малако, з другога - вiно, з трэцяга - духмяны кветачны алей, з чацвёртага - сцюдзёная празрыстая вада. Пасярэдзiне быў вiнаграднiк. Двор акружалi чатыры палацы. У самым вялiкiм i прыгожым жыў Ээт са сваёй жонкай, а ў астатнiх трох - яго сын Апсiрт i дочкi Халкiопа i Медэя.
Зачараваныя гэтай прыгажосцю i багаццем, Язон i яго таварышы спынiлiся каля аднаго з палацаў i моўчкi азiралiся па баках. У гэты час адчынiлiся высокiя дзверы, i ў двор выйшла дзяўчына ў доўгiм чорным адзеннi. Гэта была Медэя, малодшая дачка Ээта. Убачыўшы незнаёмцаў каля сваiх дзвярэй, яна спалохалася i закрычала. На крык выбегла з палаца яе сястра Халкiопа, жонка забiтага Фрыкса. Сыны Фрыкса кiнулiся да мацi, i яна з плачам абняла iх. Яны расказалi Халкiопе, чаму вярнулiся ў Калхiду, i паказалi ёй на сваiх спадарожнiкаў. Язон прывiтаў Халкiопу i папрасiў, каб яна памагла iм. Медэя стаяла збоку i не ўдзельнiчала ў размове, але яе чорныя вочы не адрывалiся ад твару Язона, i тайная пяшчота да гэтага чужога чалавека раптам ахапiла яе з незразумелаю сiлай.
Мiж тым цар, даведаўшыся, што прыехалi ўнукi i з iмi нейкiя чужаземцы, прыслаў слугу паклiкаць усiх да сябе.
Са страхам увайшлi арганаўты ў вялiкi палац, не ведаючы, што iх чакае.
У вялiкай прыгожай зале за сталом на пазалочаным крэсле, пакрытым звярынай шкурай, сядзеў цар Калхiды i абедаў. Ён сустрэў арганаўтаў няветлiва, ледзь кiўнуў галавой i сказаў:
- Будзьце гасцямi, калi прыйшлi. - I, нахмурыўшыся, спытаў у старэйшага сына Фрыкса: - Што прымусiла вас вярнуцца?
Юнак расказаў пра караблекрушэнне i пра тое, як яго i братоў выратавалi арганаўты, якiя плылi ў Калхiду.
- Чаго? - было кароткае пытанне.
Сын Фрыкса збянтэжыўся, паказаў на Язона i назваў яго iмя:
- Цар Iолка загадаў яму раздабыць залатое руно, якое пакiнуў у цябе мой бацька.
- Выдумкi! - грымнуў у адказ Ээт. - Я вас бачу наскрозь, дзецi элiнскага беглага царэвiча! Вы знайшлi сабе абаронцу сярод сваiх родзiчаў i вярнулiся, каб адабраць у мяне царства! Вы прывялi сюды гэтых воiнаў i пасадзiлi за мой стол, як гасцей, каб я не мог забiць iх! Прэч адсюль, пакуль вы жывыя, пакуль я не загадаў схапiць вас усiх да аднаго!
Запальчывы Тэламон усхапiўся са свайго месца i закрычаў:
- Не смей зневажаць нас, варвар*!
* Варвар - варварамi старажытныя грэкi i рымляне называлi ўсiх чужаземцаў.
Але Язон спынiў яго дужаю рукою, выйшаў з-за стала i сказаў цару спакойна:
- Мы праплылi тры моры, мiнулi шмат краiн. Нас прасiлi застацца жыць на Лемнасе; мы перамаглi бебрыкаў; мы знiшчылi велiканаў з Мядзведжай гары. Калi б нам патрэбна была зямля, навошта нам было плыць так далёка? Не хвалюйся, нам не патрэбна тваё царства. Мы прыплылi сюды па залатое руно. Але мы