не жабракi i не разбойнiкi. Мы ўмеем трымаць зброю ў руках i гатовы паслужыць табе за руно. Калi ў цябе ёсць ворагi, пашлi нас бiцца з iмi. Клянуся, мы зможам заваяваць залатое руно.

Цар задумлiва слухаў Язона. Ён прыкiдваў: схапiць Язона сiлай зараз жа цi загубiць хiтрасцю?

Потым сказаў:

- Сваiх ворагаў я забiваю сам, мне не патрэбна дапамога чужаземцаў. Я зусiм не даражу залатым руном i мог бы падарыць яго табе, ды баюся гэтым падарункам варвара пакрыўдзiць смелых падарожнiкаў. Я дам табе магчымасць зарабiць руно. У мяне ёсць два прыгожыя i магутныя валы - мне падарыў iх божы майстар Гефест, i ёсць пустое поле, дзе нiчога не расце. Запражы маiх валоў, узары гэтае поле, засей яго, i, калi поле зарунее, ты атрымаеш тое, што табе належыць.

Язон здзiвiўся такому простаму даручэнню i падумаў, цi няма тут якога каварства.

Ээт усмiхнуўся:

- Бачу я, ты лiчыш гэту работу простай i ганебнай для сябе. Дарэмна! Гэтая работа вельмi цяжкая, не кожны выканае яе. Я не ведаю, герой, цi хопiць у цябе сiлы справiцца з ёю.

I ён так паглядзеў на Язона, што арганаўт задрыжаў i зразумеў, што работа не такая простая, як яму здалося спачатку.

- Iдзi цяпер на свой карабель, - гаварыў далей Ээт, - раскажы таварышам, якi мiласцiвы да вас цар Калхiды. Заўтра ранiцай прыходзь на той бераг, на поле Арэса. Валы пасуцца там каля ракi. Я прыеду i прывязу табе насенне.

Язон развiтаўся з царом, i арганаўты пайшлi. Калi яны праходзiлi па двары, Язона спынiла старая - служанка Медэi:

- Мая гаспадыня просiць цябе прыйсцi зараз у храм Гекаты. Яна будзе чакаць цябе там. Спяшайся, бо жыццё тваё i тваiх таварышаў у небяспецы.

Язон загадаў Тэламону i Аўгiясу вярнуцца на карабель i чакаць яго там, а сам узяў за праваднiка сына Фрыкса i падаўся ў храм Гекаты.

Чараўнiца Медэя

Храм Гекаты, багiнi зданяў i жахаў, знаходзiўся за горадам, у гаi на пагорку. Там стаяла статуя, якая мела тры твары - у знак таго, што багiнi падуладны неба, зямля i падземнае царства.

У гаi бадзялiся сабакi, прысвечаныя Гекаце, жаласна бляялi ў траве чорныя ягняты, падрыхтаваныя для ахвяраў багiнi.

Калi Язон, пакiнуўшы свайго юнага спадарожнiка, зайшоў у гай Гекаты, Медэя выйшла яму насустрач i сказала:

- Я дачка Ээта, Медэя. Я служу Гекаце i ведаю шмат такога, чаго не ведаюць людзi. Я магу ажывiць забiтага i зрабiць старога маладым. Магу прынесцi ў дом няшчасце, наслаць страх i тугу на чалавека, пазбавiць яго спакою. Сам цар, мой бацька, баiцца мяне. Але табе я не жадаю зла. Слухай! Цар задаў табе страшную задачу. Валы, на якiх ты павiнен узараць поле, насенне для пасеву i само поле - не простыя. У валоў гэтых медныя ногi, агонь вылятае з пашчы - гэта валы бога Сонца. Шалёныя яны, i звычайнаму чалавеку не справiцца з iмi. Замест насення цар дасць табе зубы дракона. Калi ты пасееш iх на полi Арэса, там вырастуць воiны без лiку i заб'юць вас усiх.

Так гаварыла Медэя i пазiрала на Язона з жалем.

Язон апусцiў галаву:

- Ну што ж... Адступаць няма куды. Мяне чакае пагiбель. Але людзi не назавуць мяне баязлiўцам.

Медэя сказала:

- Я не хачу тваёй пагiбелi. Не ведаю чаму - мне шкада цябе, чужаземец! Мне хочацца выратаваць цябе!

- Тады памажы нам, калi ты можаш! - усклiкнуў Язон. - Памажы здабыць залатое руно, i я праслаўлю цябе па ўсёй Эладзе. За трыма марамi, далёка адсюль, мы будзем з удзячнасцю паўтараць тваё iмя.

Тады чараўнiца дала яму ракавiну з цёмнай маззю i сказала:

- Недалёка адсюль, у гарах, да скалы над морам прыкаваны тытан Праметэй. Ён выкраў у багоў iскру боскага агню i падарыў людзям. За гэта багi жорстка пакаралi яго. Кожны дзень прылятае арол i дзяўбе яго печань. Кроў капае з раны на скалу i на пясок каля мора. На пяску, палiтым крывёю Праметэя, вырастае дзiкая i страшная кветка. З чорнага кораня гэтай кветкi я здабыла чарадзейны сок i прыгатавала гэтую мазь. Вазьмi яе. Апоўначы апранiся ў чорнае, iдзi да ракi, пакупайся ў цiхай вадзе, а ранiцай натры гэтай маззю ўсё сваё цела, i яно зробiцца дужым i непаражальным, i агонь з пашчаў валоў не пашкодзiць табе. Змаж таксама ўсю сваю зброю - меч, i кап'ё, i шчыт. Гэта мазь дае сiлу на адзiн толькi дзень. Але ў цябе хопiць часу, каб выканаць усё, што патрабуе цар. Калi з зубоў дракона, якiя ты пасееш на полi, вырастуць узброеныя людзi, шпурнi адразу ж у iх каменем. Яны не ўбачаць, хто гэта зрабiў, падумаюць адзiн на аднаго, пачнуць бiцца мiж сабою - i ты зможаш адзiн пазабiваць iх усiх. Цяпер iдзi, жадаю табе ўдачы. Але калi ты возьмеш залатое руно, паедзеш адсюль i будзеш шчаслiва жыць на сваёй радзiме, не забывай мяне. Абяцай, што ты мяне не забудзеш!

Яна глядзела на Язона з любоўю i здалася яму ў гэту хвiлiну такой добрай i прыгожай, што ён пачаў прасiць яе:

- Паедзем са мною. Я вазьму цябе на 'Арго', звязу ад твайго лiхога бацькi, i ты будзеш маёй жонкаю i царыцай у Iолку.

Медэя маўчала i круцiла галавою, хоць словы Язона i радавалi яе.

Доўга стаялi яны разам у гаi Гекаты i пазiралi адно на аднаго.

Сонца пачало хiлiцца да захаду, i Язону пара было вяртацца на карабель.

- Заўтра, калi цар аддасць мне залатое руно, я папрашу яго адпусцiць цябе са мною, - сказаў Язон.

I яны рассталiся.

На полi Арэса

Ранiцай цар Калхiды надзеў свае даспехi, што падарыў яму бог вайны Арэс, сеў на каляснiцу i паехаў на Арэсава поле. Яго суправаджаў натоўп колхаў усiм хацелася паглядзець, як валы бога Сонца разарвуць чужаземца.

А Язон, як навучыла яго Медэя, нацёр цудоўнай маззю сваё цела i зброю i адчуў у сабе вялiкую сiлу. Ён быў увесь нiбы выкаваны з жалеза, i нi кап'ё, нi меч не маглi прычынiць яму шкоды.

Арганаўты селi на карабель i паплылi да поля Арэса, дзе iх ужо чакаў Ээт.

Язон узяў у цара зубы дракона i адзiн выйшаў у поле. На краi поля ляжалi ярмо i плуг. Тут жа быў уваход у падземны хлеў, дзе стаялi валы. Раптоўна, нiбы адчуўшы, што герой iдзе да iх, яны з рыкам выскачылi са стойла i рынулiся проста на Язона. Ён прыкрыўся шчытом i стаяў спакойна, упэўнены ў сваёй цудоўнай сiле. Валы стукнулi рагамi ў шчыт i адскочылi прэч. Яны зараўлi, выпусцiлi сноп агню, хацелi спапялiць героя, але полымя, даляцеўшы да яго, раздвоiлася, абмiнула Язона i сышлося за яго галавой. Жывы i здаровы ў кальцы агню, ён смела схапiў рукою за рог аднаго вала, потым другога i надзеў на iх ярмо. З дапамогаю двух арганаўтаў Язон запрог валоў у плуг i пагнаў па полi. Арганаўты радасна закрычалi, убачыўшы гэта. Шум узняўся сярод колхаў. Сам цар Ээт здзiвiўся незвычайнай сiле героя.

Шпарка iмчалiся па полi валы, рэжучы плугам глыбокiя барозны, i Язон кiдаў на ўзараную зямлю зубы дракона.

Шмат разоў прабеглi валы з канца ў канец Арэсава поля, i вось усё яно было ўзарана i засеяна. Скончыўшы работу, Язон выпраг валоў i кап'ём загнаў iх назад у стойла. Потым чакаючы, пакуль з зубоў дракона вырастуць воiны, ён пайшоў на бераг ракi, зачэрпнуў шлемам вады i напiўся. I адчуў, што сiлы ў iм анi не паменшала. Ён глядзеў на поле i чакаў.

Нiбы першыя парасткi, паказалiся з зямлi канцы вострых коп'яў, потым галовы ў шлемах, вось заблiшчалi шчыты, зазвiнелi, раскiдваючы зямлю, мячы - i ў адно iмгненне ўсё поле запоўнiлася воiнамi.

Язон памятаў хiтрую параду Медэi. Ён падняў з зямлi вялiзны камень, якi чатыры дужыя чалавекi ледзь маглi б скрануць з месца, размахнуўся, шпурнуў яго ў сярэдзiну i забiў адразу некалькi воiнаў. Воiны не зразумелi, адкуль прыйшла бяда, выцягнулi мячы i пачалi забiваць адзiн аднаго. Тады Язон смела напаў на iх, сек i знiшчаў усiх, хто яму трапляўся. Хутка ўсё поле пакрылася трупамi, i чорная кроў запоўнiла да краёў барозны, якiя засталiся пасля плуга.

З жахам пазiралi колхi, як распраўляўся Язон з воiнамi, што выраслi з зубоў дракона. Цар Ээт ад гневу не мог вымавiць нi слова. Раз'юшаны, хвасянуў ён па конях i памчаўся прэч з Арэсава поля.

- Я скончыў маю работу. Заўтра цар павiнен аддаць мне залатое руно, сказаў Язон.

Надышоў вечар. Цудоўная сiла пакiдала Язона. Арганаўты акружылi яго i павялi на карабель адпачыць.

Выкраданне залатога руна

Вярнуўшыся з Арэсава поля дадому, жыхары Калхiды шмат

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату