дамоў.

Праехаў веласiпедыст на колах - не большых за сподачак для варэння. Прабег газетчык, - у чатыры разы складзеныя лiсткi адрыўнога календара - вось якой велiчынi былi ў яго газеты.

Марожаншчык пракацiў цераз пляцоўку каляску з марожаным. На балкончыкi дамоў выбеглi дзяўчынкi i замахалi яму, а марожаншчык развёў рукамi i сказаў:

- Усё з'елi, прыходзьце другiм разам.

Тут заслона апусцiлася, i на ёй зноў заблiшчаў залаты зiгзаг маланкi.

Тата Карла, Мальвiна, П'еро не маглi апамятацца ад захаплення. Бурацiна, засунуўшы рукi ў кiшэнi, задраўшы нос, сказаў, выхваляючыся:

- Што - бачылi? Значыцца, недарэмна я мок у балоце ў цёткi Тарцiлы... У гэтым тэатры мы паставiм камедыю - ведаеце якую? - 'Залаты Ключык, або незвычайныя прыгоды Бурацiна i яго сяброў'. Карабас Барабас лопне ад зайздрасцi.

П'еро пацёр кулакамi наморшчаны лоб:

- Я напiшу гэтую камедыю цудоўнымi вершамi.

- Я буду прадаваць марожанае i бiлеты, - сказала Мальвiна. - Калi вы знойдзеце ў мяне талент, паспрабую iграць ролi прыгожанькiх дзяўчынак...

- Пачакайце, дзеткi, а вучыцца калi ж? - спытаў тата Карла.

Усе разам адказалi:

- Вучыцца будзем ранiцай... А вечарам iграць у тэатры...

- Ну, то-та ж, дзеткi, - сказаў тата Карла, - а я ўжо, дзетачкi, буду iграць на катрынцы, каб весялiць паважаную публiку, а калi пачнем ездзiць па Iталii з горада ў горад, буду кiраваць канём ды варыць полiўкў з баранiны з часнаком...

Артамон слухаў, задраўшы вуха, круцiў галавой, глядзеў блiскучымi вачыма на сяброў, пытаўся: а яму што рабiць?

Бурацiна сказаў:

- Артамон будзе загадваць бутафорыяй i тэатральнымi гарнiтурамi, яму дадзiм ключы ад кладоўкi. У час спектакля ён можа падрабляць за кулiсамi рык iльва, тупат насарога, скрыгат кракадзiлавых зубоў, выццё ветру - шляхам хуткага вярчэння хваста - i iншыя неабходныя гукi.

- Ну, а ты, ну, а ты, Бурацiна? - пыталiся ўсе. - Чым хочаш быць пры тэатры?

- Дзiвакi, у камедыi я буду iграць самога сябе i праслаўлюся на ўвесь свет!

Новы тэатр лялек дае першы спектакль

Карабас Барабас сядзеў перад камiнкам у дрэнным настроi. Сырыя дровы ледзь тлелi. На вулiцы лiў дождж. Дзiравы дах тэатра лялек працякаў. У лялек адсырэлi рукi i ногi, на рэпетыцыях нiхто не хацеў працаваць, нават пад пагрозай бiзуна ў сем хвастоў. Лялькi ўжо трэцi дзень нiчога не елi, вiселi на цвiках у кладоўцы i злавесна перашэптвалiся.

З ранiцы не было прададзена нiводнага бiлета ў тэатр. Ды i хто пайшоў бы глядзець у Карабаса Барабаса нудныя п'есы i галодных, абшарпаных акцёраў!

На гарадской вежы гадзiннiк прабiў шэсць. Карабас Барабас панура павалокся ў глядзельную залу, - пуста.

- Чорт бы пабраў усiх шаноўнейшых гледачоў, - прабурчаў ён i выйшаў на вулiцу. Выйшаўшы, глянуў, мiргнуў i разявiў рот так, што туды лёгка магла б заляцець варона.

Насупраць яго тэатра перад вялiкай новай палатнянай палаткай стаяў натоўп, не звяртаючы ўвагi на сыры вецер з мора.

Над уваходам у палатку на памосце стаяў даўганосы чалавечак у каўпачку, трубiў у хрыпучую трубу i нешта крычаў.

Публiка смяялася, пляскала ў далонi, i многiя заходзiлi ў палатку.

Да Карабаса Барабаса падышоў Дурамар; ад яго, як нiколi, пахла тванню.

- Э-хе-хе, - сказаў ён, збiраючы ўвесь твар у кiслыя маршчыны, - нiкуды не варты справы з лячэбнымi п'яўкамi. Вось хачу пайсцi да iх, - Дурамар паказаў на новую палатку, - хачу папрасiцца ў iх свечкi запальваць цi падмятаць падлогу.

- Чый гэты пракляты тэатр? Адкуль ён узяўся? - зароў Карабас Барабас.

- Гэта самi лялькi адкрылi тэатр лялек 'Маланка', яны самi пiшуць п'есы ў вершах, самi iграюць.

Карабас Барабас заскрыгатаў зубамi, iрвануў сябе за бараду i пашыбаваў да новай палатнянай палаткi.

Над уваходам у яе Бурацiна выкрыкваў:

- Першы паказ цiкавай, займальнай камедыi з жыцця драўляных чалавечкаў. Праўдзiвы расказ пра тое, як мы перамаглi ўсiх сваiх ворагаў з дапамогай дасцiпнасцi, адвагi i смеласцi...

Каля ўвахода ў тэатр лялек у шкляной будачцы сядзела Мальвiна з прыгожым бантам у блакiтных валасах i не паспявала раздаваць бiлеты ўсiм, хто хацеў паглядзець вясёлую камедыю з жыцця лялек.

Тата Карла ў новай аксамiтнай куртцы круцiў катрынку i весела падмiргваў шаноўнейшай публiцы.

Артамон цягнуў за хвост з палаткi лiсiцу Алiсу, якая прайшла без бiлета.

Кот Базiлiо, таксама безбiлетны, паспеў уцячы i сядзеў пад дажджом на дрэве, гледзячы ўнiз злоснымi вачыма.

Бурацiна, надзьмуўшы шчокi, затрубiў у хрыпучую трубу:

- Спектакль пачынаецца!

I збег па лесвiцы, каб iграць першую сцэну камедыi, у якой паказвалася, як бедны тата Карла выстругвае з палена драўлянага чалавечка, не думаючы, што гэта прынясе яму шчасце.

Апошняй прыпаўзла ў тэатр чарапаха Тарцiла, трымаючы ў роце ганаровы бiлет на пергаментнай паперы з залатымi ражкамi.

Спектакль пачаўся. Карабас Барабас панура вярнуўся ў свой пусты тэатр. Узяў бiзун у сем хвастоў. Адамкнуў дзверы ў кладоўку.

- Я вас, паршыўцы, адвучу ленавацца! - люта зароў ён. - Я вас навучу заваблiваць да мяне публiку!

Ён ляснуў бiзуном. Але нiхто не адказаў. Кладоўка была пустая. Толькi на цвiках вiселi абрыўкi вяровачак.

Усе лялькi - i Арлекiн, i дзяўчынкi ў чорных масках, i чараўнiкi ў спiчастых шапках з зоркамi, i гарбуны з насамi, як агурок, i арапы, i сабачкi, - усе, усе, усе лялькi ўцяклi ад Карабаса Барабаса.

Страшна выючы, ён выскачыў з тэатра на вулiцу. Ён убачыў, як апошнiя з яго акцёраў уцякалi цераз лужыны ў новы тэатр, дзе весела iграла музыка, чуўся рогат, плясканне ў далонi.

Карабас Барабас паспеў толькi схапiць мультановага сабачку з гузiкамi замест вачэй. Але на яго, нi адсюль нi адтуль, наляцеў Артамон, павалiў, выхапiў сабачку i памчаўся з iм у палатку, дзе за кулiсамi для галодных акцёраў была прыгатавана гарачая полiўка з баранiнай i часнаком.

Карабас Барабас так i застаўся сядзець у лужыне пад дажджом.

1936 г.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×