чарадой, шумна захлопаўшы крыламi, уселiся на парэнчы балкона, што быў зроблены над верандай з другога боку гэтага доўгага дома.

З акна паддашка высунулася лабастая галава з лысiнамi-затокамi, што глыбока ўрэзалiся ў доўгiя, крыху кучаравыя i моцна ўскудлачаныя белыя валасы.

- Што ў вас за гармiдар такi? -хмура спытаў Шыковiч, блiснуўшы залатым зубам. - Не даяце чалавеку папрацаваць спакойна.

- Ты, Кiрыла, як Наташка, - засмяялася Валянцiна Андрэеўна. -Усю ранiцу я хадзiла на пальчыках. Не можам жа мы хадзiць так цэлы дзень.

- Сёння нядзеля, Кiрыла Васiльевiч. Трэба адпачываць, - сказала Галiна Адамаўна.

Яраш хiтра сажмурыўся:

- Нешта ў цябе вочы заспаныя. Няўжо ад працы?

Галава Шыковiча схавалася. Яраш i жанчыны засмяялiся. Але праз момант Шыковiч з'явiўся на балконе ў зялёна-карычневай паласатай пiжаме. Пужнуў галубоў:

- Кыш, чэрцi! Ужо напэцкалi, - i да Яраша: - Я табе дам - 'вочы заспаныя'. Эскулап ты беспардонны! Гэта ж не твая работа! Выразаў сляпую кiшку, i больш нiякага клопату, iдзi ганяй галубоў.

- Няшчаснае чалавецтва! Як яно збяднее, калi не пачытае твайго артыкула. Цi, можа, свет перавернецца дагары нагамi?

- Цяпер яны доўга будуць шпiляць адзiн аднаго. Хадзем купацца, Галя.

- Наташка, купацца хочаш?

Дзяўчынка выглянула з акна, крыкнула:

- Чаго хачу - таго хачу! Тут жаданнi нашы, мамачка, заўсёды супадаюць. Яна выскачыла праз тое ж адчыненае акно з ручнiком i кнiгай у руках.

У кустах бухнуў стрэл.

Коршак спакойна праплыў над сядзiбай. Усе правялi яго вачамi. Яраш пашкадаваў:

- Прамазаў Вiктар.

- Насыпце яму солi на хвост, - хмыкнуў Шыковiч з вышынi.

- Я цябе, малавера пузатага, зараз скiну з тваёй галубятнi!

Адыходзячы, жанчыны пачулi, як пад цяжкiмi крокамi Яраша застагналi новыя ўсходцы, што вялi на гарышча, дзе Шыковiч абсталяваў сабе кабiнет. Потым, азiрнуўшыся, яны ўбачылi, што кароткi Шыковiч дрыгае ў паветры нагамi, падняты дужым Ярашам.

- Пусцi, чорт! Косцi паломiш. Во лапы! Клешчы! Табе не хiрургам трэба быць, а кавалём. Першы раз у жыццi бачу такога лекара... Адчапiся!

Задыхаўшыся, Шыковiч выслiзнуў з Ярашавых рук i адкацiўся на другi бок балкона.

- Валя прасiла штодзень размiнаць цябе. Глядзi, у цябе адразу знiк заспаны выгляд.

- Валя выдумае! А сама лянуецца зарадку рабiць. Я хоць шторанiцы паўгадзiны... нагамi дрыгаю...

- Вось iменна, дрыгаеш. Мала карысцi ад тваёй зарадкi.

Яраш наблiзiўся i стаў поплеч, ён быў вышэйшы на цэлую галаву. У горадзе, калi яны гулялi разам, на iх з усмешкамi азiралiся, а сябры жартавалi з iх i расказвалi анекдоты. Але гэта не шкодзiла iх дружбе.

Хвiлiну яны моўчкi глядзелi на луг, дзе памiж кустоў мiльгалi стракатыя халаты iх жонак i Наташы. Жанчыны iшлi да дубоў, за якiмi iскрылася тысячамi сонцаў даўгаватае люстра вады. Гэта старыца ракi. Самой ракi не вiдаць, у незапомныя часы яна адступiла ад лесу на добры кiламетр. Вiдзён толькi чырвоны слуп лiхтара на беразе.

Луг не роўны i не гладкi, ён перарэзаны старыцамi-раўчакамi, канавамi, берагi якiх зараслi лазняком, на ўзгорках стаяць дубы, у зарэчнай далечы сiнее лес, злева з-за хмызнякоў выглядаюць стрэхi хат. Але ўсё адно нiдзе, нават у самым шырокiм полi, няма такога адчування прасторы i неабсяжнасцi, як тут, асаблiва калi глядзець вось з такой вышынi. Дзiўна, што неба тут таксама здаецца вышэй, чым дзе ў iншым месцы. I бачыш усё адразу: зялёную зямлю i блакiтнае неба. I ваду. Няхай мала яе, але яна адлюстроўвае ўсё - неба i дубы. А павярнiся назад i ўбачыш яшчэ адно дзiва прыроды - лес. Цудоўны бор - сасна ў сасну - абступаў невялiкую абжытую паляну. Злева, блiжэй да ручая, што аддзяляў лес ад лугу, сосны саступалi месца дубам-асiлкам, якiх нямнога засталося ў нашых лясах. Каля самага бору тулiлiся старыя будынкi ляснiцтва кантора, хаты ляснiчага, леснiка, канюшня.

Адзiнокая дача - гэта вялiкая i крыху нязграбная будынiна з рознымi па форме верандамi, з мансардай толькi ў адной палавiне - збудавана на мяжы лесу i лугу, пад дубамi. Шыковiч выхваляўся, што месца выбраў ён, забываючыся, што Яраш ведаў гэтую мясцiну яшчэ з партызанскiх часоў.

Шыковiч стаў на пальчыкi, пацягнуўся, падняўшы рукi, глыбока ўдыхнуў паветра. Яму хацелася сказаць каторы раз:

'Эх, якi маляўнiчы куток! Рыўера! Ухвалi мой густ ты, эскулап!' Але на гэты раз ён знайшоў iншую форму:

- Здаецца, што тут нават паветра больш, чым дзе... Якое неба! А?

- Больш кiслароду.

- Для мяне - паветра, для цябе - кiсларод. Гэта ж табе не кiслародная палатка. Мне здорава спiцца тут, - Шыковiч весела засмяяўся. - У цябе вострае вока. Я такi праўда задрамаў над сваiм артыкулам.

- А мы ўсю ранiцу хадзiлi на пальчыках. Кiрыла творыць, - iранiчна пасмiхнуўся Яраш.

- Гэта ты хадзiў на пальчыках, хлус няшчасны? Свiстаў, як Салавей-разбойнiк. Ты пiсаў калi-небудзь публiцыстычныя артыкулы?

- Не, дзякуй Богу.

- То-та. Гэта пакута. Асаблiва на заказаную тэму. Скажы, у цябе было, калi ты хочаш зрабiць лепш, адчуваеш, што можаш зрабiць, а не выходзiць? Атрымлiваецца нейкая жвачка. Нудная жвачка.

- Калi пiсаў дысертацыю, было. У рабоце - не. Жвачка ў нашай рабоце баранi божа!

Шыковiч на нейкi момант сур'ёзна задумаўся.

- Я разумею. Вiдаць, чым больш адказнасцi, тым работа цiкавей.

- Хiба ты пiшаш без адказнасцi?

- Чорт яго ведае. Часам мне здаецца, з малой адказнасцю. - I раптам крыкнуў: - Бачыш?

- Што?

- Вясёлка! Маленькая вясёлка каля дуба. Вiдаць, Наташа пырскае пад берагам. Iх не вiдаць, а вясёлка ззяе. Хораша! Цi не пайсцi i нам пакупацца? I сам сабе рашуча адказаў: - Не! Трэба дапiсаць гэты злашчасны артыкул. Жывiцкi спусцiць з мяне тры скуры, калi заўтра не здам.

Аднак замест таго каб пайсцi працаваць, Шыковiч адышоў ад парэнчаў i павалiўся ў шэзлонг, з асалодай пацягнуўся, выставiўшы з-пад пiжамных штаноў валасатыя ногi. Заплюшчыў вочы i сказаў:

- Трэба пiсаць. А то ж мае быць яшчэ выпiўка. Я запрасiў у госцi Гукана.

Яраш зарагатаў. Сябра паглядзеў на яго з няўцямным здзiўленнем.

- Я толькi што чуў, як Валя скардзiлася, што няма нiводнага дня, каб ты не запрасiў гасцей.

- А-а.

- Ты ставiш жонку ў цяжкае становiшча. Запрасiў - i маўчыш.

- Маўчу. Бо, па-першае, люблю экспромты. А па-другое, маю правiла: лепш выслухаць жончыну мараль пазней, чым раней. Няхай думае, што чалавек заглянуў выпадкова, i ўсё абыдзецца цiха.

- На д'ябла табе Гукан?

- Навошта мне Гукан? - Шыковiч прыўзняўся на руках, з натугай выбраўся з глыбокага шэзлонга, чартыхнуўся, падышоў да Яраша, якi спакойна сядзеў на парэнчах i глядзеў на бор.

- Даўно не гутарыў з iм душэўна. Год шэсць ужо. Цiкава, ведаеш... Як ён змянiўся? У якi бок? Адбылiся такiя падзеi! Пераварот у мазгах, у сэрцах. А як ён? Ён, брат, з цвердалобых. Цiкава, як ён ставiцца да сваёй кнiгi. Да нашай кнiгi, якую мы разам пiсалi. Ён - аўтар, я - лiтапрацоўшчык. Я, напрыклад, многага не пашкадаваў перакрэслiць з таго, што пiсаў тады. I гэтую кнiжачку мне хочацца ператрэсцi грунтоўна. Але трэба ведаць, як глядзiць ён, аўтар. Калi трымаецца тых жа поглядаў на падполле - да лiха! Я, апрацоўшчык, разграмлю яго.

- Ого! - iранiчна выгукнуў Яраш, не адрываючы позiрку ад верхавiн сосен. А цi не будзе гэта смеласцю п'янага зайца, Кiрыла?

Ад пiжамы Шыковiча адляцеў гузiк i пакацiўся па падлозе. Расхiнуўшы пiжаму, заклаўшы пад яе, за спiну, рукi, ваяўнiча выставiўшы пукаты жывот, Шыковiч змерваў магутную постаць сябра знiшчальным

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×