- А вы, калега, паслухайце iх. Гэта важнае мне, э, як кiраўнiку ўстановы, - прыцiшыўся ён. Сьцяпан не адзываўся. - Рэагаваньне вулiцы, ведаеце, адбываецца ў рамках стэрэатыпаў, плётак, расьсейваных чутак. Арыентацыя ў iх зьяўляецца ўмовай правiдловых высноваў для плянаваньня канкрэтных пачынаў, э...

'Ён хоча прычапiць мне вуха, - Сьцяпан закурыў, ад нечаканасьцi не пачаставаўшы старшыню папяросай. - А я ўжо думаў Бог ведае што! Разьлiчыў, шэфiк, нядурна: я, карыстаючыся ўсеагульным даверам, iдэальна падыходжу яму ў якасьцi крынiцы канфiдэнцыяльных зьвестак пра асяродзьдзе. I шантажык на мяне ў выглядзе iнспэктара ёсьць, быццам у палiцыйным кiнафiльме... Не спадзяваўся я па iм таго. Не!'

- Збор плётак ды чутак уваходзiць у дзялянку маiх службовых абавязкаў, таварыш старшыня? - Сьцяпан устаў, як бы намерваючыся адбiць удар зьнянацку: 'Абразiцца - i канцы ў воду!'

- Адкажу вам па-салдацку, - загаварыў ён зьмененым голасам. - Абавязак радавога - ахоўваць свайго каманьдзiра ў бiтве.

- Вайсковых рэглямантаў я не чытаў, пане старшыня: не давялося мне служыць у армii. Але, час ад часу, трапляюць у мае рукi тоўстыя кнiжкi мудрацоў, зь якiх, мiж iншым, даведаўся я, што чалавек ваюе наогул самотна - перамагае або стаецца пераможаным. I нiхто нiкому ня ў сiлах дапамагчы, бо дапамаганьне нiшто iншае, як захоп, прынамсi, часткi таго кагосьцi...

- Так, так... Позна ўжо. Пайшлi дамоў, пане Сумленевiч.

Разыйшлiся яны на тратуары перад будынкам каапэратыву, скiнуўшы шапкi для кароткага паклону.

- Да пабачэньня, э...

- Да пабачэньня.

'Што сказала-б на ўсё гэта Кiра? Прамарнаваў я шанц? Старшыня па-свойму дацанiў мяне? Кiра, мая Кiрыца-палахлiлiвiца, адсекла-б: ён цябе баiцца! З боязi прапануюць сакрэтнае супрацоўнiцтва, каб... каб абясшкодзiць, во! Або... ну, што?' - Сьцяпан шчыльней захiнуўся плашчом.

13

Сьцяпана паслалi ў Бельск кантраляваць аддзел. На два днi. Меўся ён ехаць туды легкавой машынай, але ранiцай накiравалi яе ў цалкам супрацьлеглую мясцовасьць. Давялося яму купiць бiлет на аўтобус, якога плянавы рэйс, як на злосьць, не адбыўся. У касе вярнулi грошы - i Сумленевiч, пазяхаючы ад разгубленасьцi, пабег на стаянку таксi, дзе застаў ён даўжэзную чаргу. Яму сьпяшалася на чыгуначны вакзал - блiжэйшы цягнiк у Бельск ад'яжджаў праз дваццаць пяць хвiлiнаў - i ён пайшоў пешшу.

На алеi Першамая Сьцяпану пераступiў дарогу незнаёмец, якому - не адразу ўспомнiў сабе гэта - дапамагаў адкрыць рамесны варштат.

- Добры дзень, пане Сумленевiч! - быў гэта малы бедны мужчына. - Я й не падзякаваў вам за помач. Вы - добры чалавек. Кажу сваёй жонцы, што на сьвеце...

- Як вам працуецца? - Сьцяпан: 'Ну, канец: не пасьпею я на цягнiк!'

- Дзякую, можна жыць, - у яго, здаецца, былi штучныя зубы. - Тады я, як убачыў вас, дык i падумаў сабе: ня можа таго быць, каб аказалiся вы благiм! Яксьцi вiдаць душу ў чалавеку. Вось, прыкладна, iдзе вулiцаю баба. Прыгледзiсься да яе i, будзь я так здароў, не памылiсься: курва яна цi нэрвовая кабета?! Во, во...

- Прабачце, - таптаўся Сьцяпан. Яму на скронях выступiў пот. - Я на цягнiк...

- Мала ўчцiвых, такiх як вы, пане Сумленевiч...

Перабiў яго:

- Зараз учцiвым магчыма пабыць дома.

- Колькi разбою... Ах! - хацеў ён хуценька выказацца. - Пра нiшто iншае не пачуеш, як усё пра падкусваньне... Хто каго сьпiхнуў...

На шчасьце, цягнiк рушыў са спазьненьнем. Сьцяпан, стоячы ў перапоўненым калiдоры, выцiраўся хустачкай ды пасьмiхаўся з самога сябе: 'Бачыш, балванец! Не давярайся ты чыгуначнiкам ды пунктуальнасьцi - i хопiць табе часу на многае...'

Вагонам кiдала.

Сьцяпану засела ў памяцi гэтая паездка. Не таму, што ён адкрыў у Бельску неахопны балаган i дзiцячую - каб не сказаць злачынную - бесклапотнасьць кiраўнiцтва тамашняга аддзелу.

Прывiталi яго там па-сьвяточнаму. Дырэктар даведваўся пра здароўе Сьцяпана; забываўся ён, стары, i зноўку распытваў... Пiлi чорную каву й ласавалiся шакаладкамi. - Пры тваiм здароўi ня будзе грэху табе й чарачку сьцябнуць, - бесцырымонна запрапанаваў ён Сумленевiчу. - Не кажы, што ня можаш, бо не паверу, - i прынёс ён балгарскага рому. - Выпi, брацец, пагрэйся сабе з дарогi. А я падаб'ю табе каманьдзiроўку на ўсе днi, ды вяртайся ты здаровенькi да сваёй маладой жонкi... Чаго тут будзеш тырчэць стаўбуном?

Гэта ня быў жарт зь яго, дырэктара, боку.

- За выпiўку дзякую вам. Ня буду.

- Ром - гэта выпiўка? Э-э, кпiш ты цi дарогу напытваеш? Ну, давай... налiў ён толькi Сьцяпану, у паўшклянку. - Я ўжо не магу, братка, адпiў сваё ў маладыя гады. Ох i даваў я па бутэльках! Каб ты тое бачыў...

- Не, - Сьцяпан перажываў, як кажуць, усё разам: злавалi яго бацькоўскi тон дырэктара, нахабства, а найбольш - безуважнасьць. - Перастаньце, пане дырэктар. Мне час брацца за справу.

- Што? Хочаш нас кантраляваць?

- Для таго я й прыехаў.

- Хто цябе прыслаў?

- Старшыня.

- Эх, ня маеце вы чым займацца, - дырэктар устаў да недачыненых дзьвярэй: - Манька! - i зноў расьсеўся. - Манька! - ён паўтарыў крык: нiхто не паяўляўся.

- Дзякую вам за пачастунак, - Сьцяпан зьняў зь вешалкi цёплае адзеньне, здагадваючыся, што дырэктар уступiў яму ў гэтым, неспадзяваным, сутыкненьнi.

Цераз парог пераступiла жанчына, аб якой можна было падумаць, што яе разбудзiлi. - Чаго?! - сказала яна адзiнюткае слова, на нiкога ня гледзячы.

- Завядзi, Маня, гэтага пана... - дырэктар растлумачыў ёй, да каго. - Ён зь Беластоку. Ну, давай, - ён чагосьцi шукаў у кiшэнi свайго пiнжака, перахiлiўшы галаву.

Адмiнiстрацыя памяшчалася ў вялiзным пакоi, у якiм, магчыма, некалi быў клюб. Сумленевiчу знайшлося месца за незанятым пiсьмовым сталом, што стаяў у куце, ла акна. ('Ужо другi тыдзень, як хварэе', - паведамiлi яму пра непрысутнага супрацоўнiка.) Працавалi тут, пераважна, жанчыны. Сэкцыяй паслугаў загадваў мужчына высокага росту. - Вам, хвароба, патрэбна дакумантацыя? - запытаў ён у Сьцяпана й, не чакаючы адказу, узяўся высоўваць шуфлядкi, запоўненыя паперамi, у якiх, быццам гнiлкi ў сене, то жаўцелi галоўкi цыбулi, то паблiсквалi камлi бутэлек, то чарнелi жмуты абгортак па бутэрбродах. - Нешта, хвароба, знойдзем вам... Няма, во, дзе паставiць шафу, i трымаем мы пры сабе ўсенькую поскудзь, - корпаўся й корпаўся ён. - Нядаўна, хвароба, справаздачу рабiў я й, во, усё параскiдалася. Трэба - у папкi, ды дзе iх набрацца?.. Грош iм цана, а не купiць iх, ня вымалiць...

Лёгка падаў сьнег. Пад хлеўчыкам дробны дзядок калоў дровы. Блiзка рагацела вядро, удараючы аб кругi студнi. I заўзята енчылi гусi, заглушваючы гультаяваты брэх. Праз панадворак праехала грузавая машына, нудна равучы, i Сьцяпан апрытомнеў ад зьдзiўленьня тым, што ён ня згледзеў, адкуль яна зьявiлася. Забзычэлi шыбы й на падваконьнiк упаў перасохлы кiт.

Было дрымотна.

- ...панна Лiза, дзе, хвароба, рахункi... Я й туды, я й сюды, во, мала шыю не скруцiўшы...

Дзяўчына, названая Лiзай, кленчыла над штабелiкам зьвязак з дакумантамi, складзеных на падлозе пад сьцяною. Яе закароткая сукенка агольвала кульшы моцных сялянскiх ног; неапэтычна абсоўвалiся зь iх панчохi. Адкiдаючы з вачэй доўгiя валасы, яна працавiта шукала патрэбнае. 'Яны ненавiдзяць мяне! - думаў Сьцяпан. Ён паправiў накiнутае на плечы палiто. - Я парушаю iм рытм дня, наводжу на iх сумятню ў iмя чортведама чаго! Ярархiю ўгворана бязьдзейнiкам; Сумленевiч атрымоўвае грошы за перашкаджаньне iншым. Ды, наогул, адмiнiстраваньне, занатоўваньне зробленага, ёсьць гульня ў дзёньнiк жыцьця, непрыдатны, бо яно не паўтараецца, не пераходзiць яшчэ раз цераз пройдзенае...'

- А-а-а-га-га-га, маразеча! - увайшоў той дзядок, скiнуў рукавiцы й запхнуў iх за пасак, якiм падперазаў сабе кажух. Дакрануўся ён рукамi да печкi: весела гарэлi палены. - Ну, будзе чым палiць. Адкуль людзi й набралi, гэта, у Галадоўскiм лесе такой смалiны?! - гаварыў ён па-беларуску й, як бы ад таго, кожны рупней узяўся за работу. - Панi, - сказаў ён да белай бабы, якая гарбела над картатэкай, - якiясьцi чужыя прыяжджалi ўночы на наш склад. 'Адмыкай, дзеду, шопу: будзем цымант браць', - казалi яны. А я iм: 'Як-жа

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×