Няважная размова з Кiрай устрывожыла Сьцяпана. Яна - ён заўважыў гэта - усё часьцей нудзiлася бяз працы. Гаварыў ёй: я дапамагу табе, Кiрачка. - Прыходзь хаця-б да нас у кааператыў; будуць крывiцца ў фiрме, што жонка, але - няхай. - Я - на вашу працу? - Кiра - як кацяня, якому хочацца пагуляць. - Сьцяпан, гэта было-б несур'ёзна, калi-б я адседжвала прадпiсаныя восем гадзiнаў зь людзьмi, якiм напляваць на тое, што робяць, i свой працоўны дзень пачынаюць ад чытаньня апошняй старонкi ў мясцовай газэце ды ўгавораў на брыдж. - Табе трэба дзiця, - умяшалася цешча, - нарадзiць... Цiха, бабуся, падарую табе бусьлянятка...

Злаваўся ён на Кiру за яе - выпадковыя - грубiянствы. Брыдкаслоўе жанчыны асаблiва агiднае, вiдавочна, таму, што гэтым дапускаецца яна самапанiжэньня, эмацыянальнага курэўства, у якiм вiнаваты, усё-такi, мужчына.

Iнспэктар ставiў Сьцяпану ня вельмi кампэтэнтныя пытаньнi. Адказаў ён на iх з тоенай усьмешкай. Справа датычыла наступнага здарэньня: у новазбудаваным пасёлку выявiлася, што адзiн дом зьяўляецца лiшнiм, нiчыйным. У сувязi з тым дасьледавалi выдаткоўваньне грашовых i матэрыяльных сродкаў, але бяз вынiкаў. Дом запiсалi ў прыход i ўтварылi камiсiю дзеля прызнаньня дармовага аб'екту ўласнасьцю каапэратыву. Шыта, крыта й падклеена, - рагаталi ў камiсii; у рэстаранiку 'Перапёлачка' яны салiдна паабедалi гуртам, заказалi каньяку. ('Зладзейства ў межах дзяржавы наносiць толькi маральныя шкоды', - сьмяялiся, быццам сьвяткуючы Каляду ў вялiкай сям'i.)

- Так, - iнспэктар занатоўваў.

- Мы ўлiчылi заўвагi камiсii, - Сьцяпан высмаркаўся ў хустачку: 'Застуда, халера!' - Прынялi меры...

- Якiя?

Сьцяпан расказаў нанава.

- Цяпер будзе добра.

- Слухайце, - ажывiўся той. - Цi не здаецца вам, што тут можа йснаваць сувязь са сьмерцю сакратаркi? Скажам, яна ведала такое, што...

- Не-а, - пахаладзеў Сьцяпан.

- Слухайце, дом - гэта не якiх-небудзь пяць грошай...

- Не-а.

Сьцяпан, заклаўшы рукi за сьпiну, падыйшоў да акна. Ён перш-наперш успомнiў кампанейскiя зборы, каб магчы ўладкавана, пасьля перадышкi, перабраць у думках цэлую гутарку, якая раптам пачала мець сэнс. Iнспэктар, па сваёй далiкатнасьцi, не чакаў такога рэагаваньня ад Сьцяпана. Апусьцiўшы зрок, ён бяздумна маляваў (на лiстку з нататнiка) дзiвосны краявiд, якi нагадваў фатаздымак, зроблены мэтадам салярызацыi. Зiмовы пэйзаж, цi што? Ад няёмкасьцi збавiў Сьцяпана тэлефонны званок, з каапэранцкай установы.

На разьвiтаньне ён падаў iнспэктару руку, моцна й рухава, як тыя, у каго прыёмная поўная наведнiкаў. Прамовiў да яго звычаёвую фразу, забыўшыся выйсьцi з-за пiсьмовага стала; ён ужо меў у iх iмянное конта пасываў, якое будзе нарастаць яму з году ў год, зь месяца ў месяц (пагамоўваць яго гэтаксама нельга, як апэраваць ракавую апухлiну). - Не, няма трагедыi; аднак-жа, час на высновы. Ой, сабраць памылачку да памылачкi ды прыгледзецца iм, вылучыць падабенствы, падзялiць на катэгорыi i пакарыстацца iмi, узяць iх у рукi.

10

- Зноў пiў! - Кiра, каторагасьцi дня. - Прыходзiш дамоў, як чмель. Калi гэта скончыцца, га? - крычала яна й скардзiлася.

- Разумееш, Кiра, людзi патрабуюць цеплынi... Ну, праўда, затрымалiся мы пасьля працы, купiлi бутэльку, выпiлi. Пагаварылi ад шчырага сэрца. Чалавек, калi выгаварыцца, лепшы, ведаеш... А ты, Кiрачка, сварыся, сварыся на мяне...

- Я, Сьцяпан, ня вытрываю... Прападаеш ты вечарамi зь якiмiсьцi тыпамi. I нашто табе гэта? (Насьценны гадзiньнiк адзванiў адзiнаццатую.) Я чакаю, выглядаю цябе i думаю пра найгоршае: мо хулiганы пабiлi або ў мiлiцыю трапiў ты, у выцьверазiльню якую...

- Мы, Кiрачка, нiкуды ня лазiм, не. Пра справы талкуем, высноўваем...

- З кiм?

- Як гэта - з кiм? З калегамi. Разам-жа працуем. Ёсьць, разумееш, праблемы, якiя й ня сьнiлiся мне!

- Глядзi, Сьцяпан, каб калегi не завялi цябе пад дурнога хату! Усе яны добранькiя дзеля таго, каб пацягнуць за язык, падслухаць i пасьмяяцца.

- Не, Кiранька, маеш на ўвазе тых, якiя страцiлi надзею або не iмкнулiся да яе. Маiх-жа сяброў праца не пазбавiла здаровых расчараваньняў. Яны, разумееш, адчуваюць боль. Зь iмi не запозна пачынаць новае.

- П'яны ты, Сьцяпанка.

- Лiчыш, што я - пляту?

- Кладавiся, Сьцёпа, спаць. Заўтра будзе лепей вiдаць.

- Ахмялелы, Кiрушка, зьяўляецца болей чалавечным... Яго шчырасць, калi хочаш ведаць тое, не абгароджаная тым плотам, у якiм кожная штыхецiна ўстаўленая на ўсякi благi выпадак. Гарэлка - ёсьць сродак пазнаньня...

- Ого, дзякуючы гарэлцы ты закончыш унiвэрсытэт.

- Не жартуй, любая мая. Пабачыш, мы перастанем пiць i возьмемся за такую справу, ад якой ажно крыўдна будзе, што магчыма пажыць усяго гэтых сто гадоў.

- Вылецiце ў космас - у iншыя вымярэньнi часу? - Кiра расьсьцiлала пасьцель. - Скажаце мне - палячу з вамi. Iдзi памыйся ды папi гарачай гарбаты з малiнавым адварам. У цябе застуда...

- Няма ў мяне застуды, чуеш? Хачу табе сказаць, што дабро пераможа зло...

- Нудзiш, Сьцяпанка!

- Дай мне сказаць! Павiнны лiчыцца талент i праца, i нiчога больш. Клiку, што зьмяiным ядам забiвае адкрытыя асабовасьцi, разгонiм. Правядзем рэвалюцыю! Вырвем джала...

- Вы скiнеце старшыню?

- А хаця-б! - Ён выпрастаўся, быццам капраль падчас рапарту.

- Вашы адкрытыя асабовасьцi адна гадзюка перадушыць!

- Якая ты, Кiра, беспардонная...

- Бярэцеся - за беспардоннае цi не?

Кiра, не спадзяваючыся таго, прадухiляла рызыкоўныя памкненьнi Сьцяпана. Ёй падабалася зьбiваць яго спанталыку. Мела яна адпачытыя мазгi й здольнасьць улоўлiваць галоўнае. Знакамiта спрыяў гэтаму iнстынкт мацярынскасьцi ў ёй, чуцьцё накiрунку, зь якога можна чакаць пагрозу. Сьцяпан у гутарках зь ёю правяраў як бы слушнасьць надуманага ды прадуманага. Яго адначасова неспакоiла тое, што чагосьцi ён не прадбачвае або й звычайна памыляецца ў, здавалася-б, нечым закончана зразумелым. Патрэбныя час i дасьведчанасьць! - суцяшаўся ён, забыўшыся пра дыспут з жонкай. Мiналi гады, падобныя да сябе, як павароты шашы за рэчкаю. Хацелася яму сiгануць у поле цi ў зялёную далiну, у якой ня быў, брысьцi па страшным месцы, да задышкi, да перуноў уваччу, як гэта калiсьцi, на дрыгвянiстых сажалках Козырскага пад Васiльковам, у таямнiцы перад мацi, у бясхмарнае неба... Нельга пагадзiцца з прадчуваньнем, што пачатак жыцьця зьяўляецца цiкавейшым за яго сярэдзiну! Як дарога?

Плян Сьцяпана просты: быць добрым, каб аб'яднаць вакол сябе добрых людзей ва ўстанове. Праявiць iх! Кiра, не iначай, скрывiлася: пройды абсядуць цябе, бы п'яўкi! Добры чалавек, калi яму Бог не паскупiў розуму, будзе трымацца здалёку ад гэтай iмпрэзы. Ты, Кiра, а як-жа, сваё! - не здаваўся Сьцяпан. А яна: мы, Сьцяпанка, яшчэ не павiнны мець дзiцяцi, бо, бачу, я мушу пазаймацца табою, так сказаць, давыхаваць, прывучыць, зь дня ў дзень, да правiлаў сужыцьця ды забясьпечыць цябе букварнымi ведамi пра навакольле, часткова ўжо вынесенымi табою з бацькоўскага дому... Ён выбухнуў: мой бацька не спэкуляваў! Кiра: значыць, мой! Праўда, я - дачка спэкулянта. Мне жывецца як у Бога за плячыма. Пры мне - i табе таксама. Прыкра? Ну, прыкра. Прыкра табе спэкуляваць жыцьцём, маладосьцю, талентам... Прыкра. Факт застаецца фактам. Што рабiць? Мо абое пазмагаемся за лiквiдацыю гандлярства талентамi? На старасьць яшчэ дасьпеем узяцца мы за шляхецкiя адносiны да маладосьцi, арыстакратычныя! Прыдаваньне-ж бляску жыцьцю пакiнем дзецям нашым. Якi жаль, што мы памрэм, усё-такi, апаганенымi. Як тыя, што прамянялi сябе на грошы. На нашым супольным, Сьцяпанка, надмагiльным помнiку ўнукi, уявi сабе, разьбяць нам надпiс: жылi 5 000 000 злоты. Зьлiчы: ты зарабляеш пяць тысяч у месяц, шэсьцьдзесят у год, значыць, каля двух з паловай мiльёнаў да пэнсiйнага ўзросту, ну i я, з родавым капiталам, вартая такой-жа стаўкi... Не перабiвай мне - вядома, што гэтую суму дасягнеш ты дзякуючы цесьцю, якi каханьне ўспрымае як смакавiты дэсэрт за багата застаўленым сталом, а любоўныя песьнi як дзiвацтва бесклапотнай дачушкi... Ёсць у цябе

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×