са шклянкi, гарачай. - Ну, якiх-небудзь хвiлiнаў пяць, добра?

- Давайце.

- Вось, так: учора клiкалi мяне ў... - аглянуўся ён на недачыненыя дзьверы ў калiдор. - Клiкалi - гэта далiкатна, мiлы, сказанае... Звычайна, прыйшоў адзiн, па-цывiльнаму, i запытаў: гэта вы? Я адказаў. А ён: iдзеце са мною! Я: чаго вам трэба? Ён: на месцы скажуць вам. Я: што? А ён: ну, пайшлi! Думаю сабе: капцы! - ён дакрануўся паркай шклянкi. - Ну, мiлы, пайшоў я зь iм. А там, ведаеш, дзьве хвiлiны гутаркi: што я магу сказаць пра такога аднаго знаёмага, якi, аказваецца, замяшаны ў нейкую пакражу...

- Пасьпеце ў нас, - Сьцяпану кплiва разяўляўся рот. Ён пазяхаў. - Вам, калега, патрэбны адпачынак...

- Так, так... Я пасплю, вядома, але перш хачу...

- Я вас слухаю.

- На чым я зараз скончыў?

- Вас выклiкалi ў мiлiцыю... - чорт яго спадзяваўся, што размова акажацца важнай!

Разумееш, пераважна, запозна. Забойства сакратаркi ашаламiла Сьцяпана ўжо iначай. Значэньне няшчасьця ўсплывала ў iм паволi, каб сфармавацца ў непрадбачаную цэласьць. Думка - гэта час. Сьмерць дзяўчыны i выклiк чалавека ў мiлiцыю датычаць таго-ж толькi ў вадным выпадку, на адной працягласьцi магчымай непазьбежнасьцi! Красуня магла пажыць i гэтак далей.

8

У кааператыве рыхтавалi вэрыфiкацыю цэнаў. Мерапрыемства патрабавала ўзгадненьняў з ворганамi ўладаў. Падставай для таго зьяўлялiся два элемэнты: кампазыцыя сыравiнных матэрыялаў i ўклад працы. Пастановы ўправы аб'ектыўна накiроўвалi вэрыфiкацыяй. Але, неафiцыйна, ясна - сакратаркай яшчэ тады працавала нябожчыца - пастулятыўныя цэны павiнны быць высокiмi, каб было з чаго ўступаць. Прыходзiлi прадстаўнiкi ваяводзкай камiсii па цэнах, i старшыня зачыняўся зь iмi ў габiнэце. Выпiвалi яны непраўдападобную колькасць чорнай кавы й не выходзiлi адначасова з заканчэньнем працоўнага дня; казалi, што шэф спойвае iх.

Прапаноўваныя цэны, пасьля памяркоўных карэктураў, зацьвердзiлi ў студзенi. Адчувалася, у каапэратыве прыўзьняты настрой i нават знайшлiся такiя, што з гэтай нагоды ладзiлi складчыну на супольную выпiўку. Малую, па дваццаць пяць злоты. Сьцяпан кiнуў пяцьдзесятку, зялёную (былi й сiнiя, шырэйшыя). Лiтроўкi куплялi ў краме зь недарэчным нэонам 'Самасей', у якiм гасла лiтарка 'а', сярэдняя. За чаркай многа гаварылi; перабiвалi адзiн аднаму, размахвалi рукамi, усьпеньвалiся, гудзелi да вечара, фактычна, нi пра што. Хвалiлi старшыню! Сьцяпана ня брала гарэлка. Выходзячы дамоў, ён адзначыў самому сабе, што добра зрабiў, паўстрымоўваючыся ад гвалтоўных ацэнак вэрыфiкацыi. Нейкi сёмы iнстынкт шапнуў яму быць маласлоўным, ня ў крыўду сабе кажучы... Так, гэтая залатая сярэдзiнка ў шматлiкiх зьяўляецца пробай iх квалiфiкаванасьцi. Калi так, значыць - яна патрэбная ў дзейнасьцi.

'Вераб'i выпiлi мак', - падумаў ён пра кампанiю. Наглядаючы на працягу гадоў, як маладыя лыселi i закруглялiся, вырошчваючы лапухi страху, у якiх хавалiся перад нечым, паводле iх - магутным, Сьцяпан усё- такi ўсьмiхаўся, згадваючы гаспадыню, што страцiла загонiк маку ў прыгараднай Багноўцы, пакуль не дачнай, з прыгноеным паветрам, побач заплылога дрыгвою азерца з уцалелай кучмою трысьнягу, увосень, у незабыўную пару з туманцамi над ляшчынавай гушчавiнкай. Супрацоўнiкi - ён бачыў гэта - зiркалi за малюткiмi аказiямi й расьпiвалiся ад ня менш мялюткай нездаволенасьцi. Раструшвалi камплiмэнты. Сьцяпана гэта зацiкаўляла. Ён зьбiраўся паперарабляць iх у арлоў! Мiзэрныя яны, хiба, па сваёй вiне? Умовы ствараюць кожнага такiм, якiм ёсьць. Калi бухгальтар прыгаворваў Сьцяпану - адважваўся - наконт удалага пачатку жыцьця, дык меў ён, вядома, на ўвазе сувязi цесьця, тое, што ён, малады, зьявiўся на першай працы з пакетам акцыяў на давер, без барацьбы. Скочыў, адразу, у важнецкасьць. Калi зло ўкарочвае людзей да памераў марноты, дык яно вельмi памылiлася не ў сваю карысьць, надзялiўшы мяне гэтак выдатна спрыяльнай акалiчнасьцю, як нераскансьпiраванасьць сярод клiкi, - цiха iранiзаваў, з салодкай помсьлiвасьцю, Сьцяпан. Яно слабамоцнае, як дзiця, калi адабраць яму iнструменты грамадзкасьцi, якiмi цешыцца, бы цацкамi... Са сваiмi думкамi быў ён дзяўчынай у васемнаццаць гадоў, калi хапае ёй намоўнiкаў. Штосьцi з таго засталося ў iм i - Сьцяпан ведаў - няма чаго шкадаваць: наiўнасць робiць перажытае прыгожым, хвалюючым. Розум - забываецца. Трывае ў памяцi безабароннае, такое, чаго не падменiш, не адбудуеш упэўненай далоняю, беспамылковым разьлiкам.

Можна задумоўвацца над непаўторнасьцю развагi. Яна, вiдавочна, зьяўляецца чымсьцi пасярэднiм памiж iнтэлектам i эмоцыяй, памiж тым, з чым мы нараджаемся, i тым, што мы сабе здабываем або чым нас надзяляюць. Два галоўныя элемэнты той цэласьцi, зь якой мы атоесамлiваемся (не абавязкова сьвядома).

Сьцяпану прыйшлiся да спадобы кампанii, хмельныя сьлёзы. Выпiўкi ад няўдачаў. Балбатлiвыя хвалюнствы. Ствараньне рэчаiснасьцяў не на ўласны ўжытак, супольнасьцяў дзеля нiчога. Узьнiкаюць яны, бы адлiга, ад кропелькаў. Пасварыўся з жонкай. Той. Ляпнуў лiшняе начальству. Ён. Праваронiў справу. Iншы. А хтосьцi - залез у недазволенае. I, бы тыя птушкi ў вырай, зьлятаюцца ўсе пад канец працы, кожны са сваёй тугою. I разам лягчэй iм.

Разьвiтваюцца яны да поўначы. У разаспаных завулках, пад брэх сабакаў, што ўнюхалi падзею.

- Сьцяпан, дарагi, твая прамова на агульным сходзе, хачу табе сказаць, нарабiла злосьцi ва ўправе. Але, нiчога, яны маўчаць... Ведаюць, што ў цябе ёсьць 'плечы'! Мы сядзелi ззаду й слухалi, як ты лупiў iх праўдай па сьлепнякох. Думалi сабе: во, знайшоўся чалавек, якi ня мусiць падлiзвацца, нiкому!

- Сьцяпан, дружа, кажу табе: часамi даволi раз упасьцi, каб усё жыцьцё прахадзiць на каленях. Паглядзi на нас, паабiватых. Мы ня просiм ласкi сабе, не... Баiмося за цябе, Сьцяпан! Баiмося, шчыра кажу табе. Ступай ты так, каб не наступiць на мiну. Мiж намi кажучы, i няхай гэта застанецца памiж намi, ты, Сьцяпан, шчыруеш з гэтым крыкуном i, мабыць, ня ведаеш, што старшыня хрысьцiў яму сына... Га? Вось, бачыш. Сам ты не спадзяваўся, як падстаўляюць, ну, даiлкi...

- Сьцяпан, я ня зычу табе, каб ты пашкадаваў таго, што твая галава толькi прышытая да чалавечага цела! Я, ведаеш, часам хацеў-бы мець цела, скажам, быка, каб рагамi... Або зьмяi.

- Сьцяпан, жывем, бо трэба.

Не чакалi адказу. Нiколi не чакалi яны адказу. Выгаварыўшыся, маўчалi, нешта суцiшваючы ў сабе, i, нядбайна падаючы рукi, разыходзiлiся. Цi то сарамлiва, цi то з набалелым у грудзях. Назаўтра адчувалi яны сябе нармальна, таму Сьцяпан набiраўся пераконанасьцi ў тым, што час ад часу ўдзельнiчае ён у дзiўнай гульнi ў дачаснасьць, часовасьць; у трэнiнгу чагосьцi незвычайна сур'ёзнага. А яно так не было.

9

Iнакш i не магло быць. Трэба перайсьцi цераз маладосьць, каб наблiзiцца да ўскраiны, ад якой прасьцiраюцца далягляды, не прадчуваныя. У далёкую вясну, у разводзьдзе, якое не паўтарылася, дзесьцi за вадапомпай, што стаiць на Петрашоўскай гары, вiдушчай, Сьцяпулёк хадзiў з бандачкай аднагодкаў па прыдарожных равох i лавiў залацiстых карасёў, вылузваючы iх з удзiрванелых ямiнак каля тэлеграфных слупоў, цешыўся, паказваў рыбкi сябрукам, бiўся зь iмi, калi яны наважылiся адабраць яму iх, чароўна падобных да мамiнай брошкi, захоўванай у шуфлядцы начнога столiка, у спальнi з ружовымi сьценамi ды зь немалым партрэтам дзеда. Калi ён нарэшце вярнуўся дамоў, у адвячорак, забалочаны, абцякаючы вадою, мацi крычала, аж выкрычаўшыся, прыгледзелася iскрыстаму шчасьцю сына ды зьдзiвiлася. - Дзе ты iх знайшоў? Не махлюй мне, што ў рове ля дарогi налавiў рыбак! Лепш прызнайся, што вы сядзелi на рэчцы! Патопiцеся там! Скажу я бацьку... (Адзеньне трэба было памыць, i то ў трох водах. А самому - грэцца за печкай, уцiснуўшыся ў куток, каб не паказвацца. I дзiвiцца, да прыступу дрымотаў: адкуль узялiся карасi пад гарою!?)

Можна сказаць, думалася Сьцяпану, што маладосьць зьяўляецца такiм-жа эмбрыёнам сталасьцi, як дзяцiнства - юначасьцi. Чалавек разьвiваецца паўтараньнем сябе ў больш складанай форме; дасягнуўшы апагэю, ён жахлiва сохне, адно карэньне ягонае доўга тлее... Увайшла сакратарка. У чатырнаццаць гадзiнаў - гутарка з камандзiраваным Варшавай iнспэктарам. Мiнiстэрства насьцярожанае выкрыцьцём камбiнатарскай шайкi сярод каапэратыўных будаўнiкоў аднасямейных домiкаў у вадным з колiшнiх павятовых гарадоў. Пра сваю занепакоенасць гэтым цэнтар у пятнiцу паведамiў старшыню. - Чарговае падцiраньне заднiцы, - сказаў Сьцяпану старшыня, - ясная справа, што на наш рахунак. Ах, ярархiя: мы - дзецi, а яны старыя, мы - дурненькiя, бо хвалюемся, а яны, ого, галавачы!

Пазванiла Кiра. Скорагаворкаю запытала пра настрой i самаадчуванне; яшчэ пра дробязь, пра якую Сьцяпан забыўся зараз пасьля адказу на яе пытаньне; пажартавала, здаецца, наконт кажуха. (Так, праўда, на днёх запынiў Кiру зусiм незнаёмы ёй мужчына й запрапанаваў, што ён адкупiць у яе кажух, штосьцi за патройную цану, жонцы, якая паходзiць, казаў, з заходняга ваяводзтва, маласьнежнага, i так далей.)

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×