Ляснулі за ёю дзверы бакоўкі.

— М-гух, сука, — сказаў Пора-Леановiч.

Гораў праглынуў камяк у горле і ціха сказаў:

— Леановіч, гэта брыдка.

Але на вуснах начальніка кардона зноў з'явілася прыязная і страшнаватая ўсмешка.

— Капітан, — сказаў ён, — гэта, здаецца, вас прыставілі наглядаць за мною, а не мяне за вамі. Мне здаецца, яны зрабілі дрэнны выбар.

Гораў аслупянеў. Ён ніколі не ведаў, ніколі нават не мог падумаць, што на яго можа ўпасці такое падазрэнне. Ён стаяў, моўчкі хапаючы ротам паветра. Бялявыя хвалістыя валасы прыліплі да спацелага лоба, глыбокія сінія вочы сталі жаласнымі.

Быццам атрымаўшы ўдар пад грудзі, ён з хвіліну моўчкі хапаў ротам паветра, а потым кінуўся прэч з пакоя.

Стоячы за рогам хаты, адчуваючы, як мокры ліст высокай вяргіні часам гладзіць яго па шчацэ, ён у думках пагражаў Леановічу самымі жахлівымі помстамі і ў той самы час ведаў, што нічога ён яму не зробіць, што гэты брэцёр з халоднымі вачыма робіць правільна, затрымліваючы жанчыну да раніцы, што на баку гэтага чалавека — права, права вайны, якой яны абодва служаць.

'Што ж, нічога не здарйцца дрэннага. Адна ноч. I раніцай яна сустрэне мужа. Ім дадуць спатканне, — думаў ён. — За што ж я злуюся на Леановіча, які шчыра выконвае загад?.. За тое, што ён свіння. Чаму?.. Ага, проста нельга адбіраць у гэтай жанчыны тых некалькі лішніх гадзін, што яна будзе з мужам перад тым, як… навекі, назаўсёды, хоць ён і будзе жывы'.

Мокры ліст вяргіні зноў з ліслівай абыякавасцю пагладзіў яму шчаку.

'Але чаму 'навекі'? Чаму 'назаўсёды'? — думаў Юрый. — Ён пасядзіць год пяць, а потым, вядома, будзе амністыя… Цар міласэрны… Дрэнны чалавек не адпусціў бы на волю прыгонных… I ўсё ж, гэта жахліва… Нават пяць год. У жанчын такая мімалётная прыгажосць! Што будзе з яе вачыма, з гэтай гордай шыяй, з гэтымі валасамі праз пяць год? Шкада жанчын, шкада іх дзіцячай безабароннасці… Толькі яе… А Леановіч робіць так, як трэба. Ён добры салдат, Леановіч, а я дрэнны… дрэнны'.

I ўсё ж Гораў адчуваў, што ён ніколі не даруе сабе гэтай ночы, гэтых разважанняў за рогам хаты. Ён са злосцю адкінуў рукою мокрае сцябло вяргіні і ступіў у пляму святла, што падала з акна хаты на гразь.

Было дваццаць хвілін на трэцюю.

Ля плота, непадалёк, стаяў Іван, трымаючы нешта за пазухай.

Гораў глыбока ўздыхнуў — нясцерпна было вось так, аднаму, стаяць у цемры — і падышоў да яго. Салдат трымаў за пазухай адну руку. На яго цёмным твары блішчалі вочы пад кашлатымі бровамі.

— Што гэта ў цябе?

— А галчаняткі… бедныя. Познія, — сіпатым голасам сказаў Іван. — Гняздо раскатала. Жорсткая штука ўраган, барын. Дзе хавацца? На якой зямлі?

Настала паўза. Іван глядзеў за пазуху.

— Ты адкуль, Iван? — цiха спытаў Гораў.

— Маскоўскі.

— Землякі, - з нечаканай для сябе пяшчотай сказаў Юрый.

Зноў запанавала маўчаннё. Толькі шапацеў па дзядоўніку дождж.

— О-ох, — сказаў сіпаты голас Івана. — Зараз на Пятніцкай катрынка грае, служанкі ля пад'ездаў семкі лузгаюць… Іван Вялікі непадалёк гарыць, аж вачам балюча.

Абодва не думалі, што ў Маскве зараз таксама ноч. Вачам афіцэра і салдата яна здавалася сонечнай, ззяючай і асветленай цеплынёю вечнага жнівеньскага дня.

— Людзі з царквы ідуць, — казаў Іван. — 'Вуглей гарачых!' здалёк даносіцца.

— На развале кнігамі гандлююць, — летуценна сказаў Гораў.

— Угм, — няўпэўнена і адразу неяк адчужана сказаў Іван.

I Гораў таксама адчуў гэта. Ён стаяў, пакутліва думаючы, што яму штосьці трэба ад гэтага салдата, што яму трэба штосьці вырашыць.

— Галчаняткi вы… дурныя. Бач, вачыма лыпаюць.

I раптам Гораў, амаль нечакана для сябе, сказаў:

— Iван, як пераправiцца цераз раку?

Іван спадылба глянуў на афіцэра, павагаўся, а потым цалкам натуральна адказаў:

— Яно можна.

— Ты не думай, — заспяшаўся Гораў. — Я загадваю, я сам з табою і паеду…

— Вядома, загад, барын, іначай нельга, — сурова сказаў Іван. — Можна б і ў начальніка кардона спытаць, але ён, відаць, заснуў.

I прыбавіў:

— Мы човен схавалі.

— Човен? Як асмеліліся? А загад?

— А адкуль у нас рыба ў юшцы? — амаль груба спытаў салдат. — Што ж нам, на кашы сядзець? Калі самі сабе не дапаможам…

— Добра, добра, — сказаў Гораў і пасуровеў. — Што ж, Іван, са мной паедзеш?

— Цяжка ўтраіх, — уздыхнуў Іван, — але паспрабаваць трэба.

— Едзем.

— Ну-к, што ж, — Іван памаўчаў, потым падаў голас ў цемру. — Сідар, га Сідар, галчанятак вазьмі…

Гораў ужо цёпаў прэч ад яго па глыбокай гразі. Спыніўся пад акном бакоўкі, пашкроб у яго пальцам. I амаль адразу ўбачыў за каламутнымі шкельцамі яе твар з пашыранымі вачыма. Гораў прыклаў палец да губ, і яна здагадалася, бязгучна расчыніла акенца,

— Збірайцеся, — шэптам сказаў ён, — і дзьмухніце на свячу: хай думаюць, што вы спіцё.

Бакоўка адразу агарнулася цемрай. Белы цень твару наблізіўся да вачэй Горава.

— Дапамажыце мне.

У цемры дзве цёплыя рукі абвілі шыю Горава. Падтрымліваючы яе за стан, ён павольна пацягнуў яе на сябе — акенца было вельмі вузкім. Перагнуўшыся назад, ён адчуў, як на яго ключыцы ляглі цвёрдыя жаночыя грудзі. У наступную хвіліну яна стаяла поруч з ім.

— Дайце мне руку, — шэптам сказаў ён, — хадзем.

Маленькія цёплыя пальцы праціснуліся ў яго далонь. Гораў, спяшаючыся, павёў яе да берага, спачатку амаль на дыбачках, потым бягом…

- Іван, дзе ты? — шапнуў ён, нахіліўшыся з адхону.

— Тут, — прагучаў у адказ сiпаты голас.

Салдат стаяў на невялічкай убітай сцежцы.

— Хутчэй, — сказаў ён, і яны ўсе пабеглі берагам да высокіх зарасцяў лазы.

…Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Іван узяў жанчыну з рук Горава і, занадта гучна шабоўтаючы нагамі па вадзе, панёс яе некуды ў нетры прыдоннай лазы.

— Ёсць, — сказаў ён, вярнуўшыся, — дайце руку.

I пацягнуў Горава кудысьцi ў цемру.

Выцяўшыся каленам аб борт чаўна, Гораў пераваліўся ў хісткую пасудзіну.

— Чакайце, — буркнуў Іван, — толькі сцябла схаваю.

— Якое сцябла?

— Ну, тутэйшае слова, латок, на які нерат укладваюць… Хлопцы, як згубім, не пахваляць.

Ён яшчэ з хвіліну шапацеў у лазе, як вялізны бабёр, потым сунуў у руку Горава вясло.

— А другое?

— Гэта вам не катанне на Яўзе… Тут адным абыходзяцца. Вяслуйце ля самага борта, а потым злёгку падайце канец убок і ўгору.

— Дайце я, — сказала жанчына, — ён не ўмее.

— Сілы пашкадуй, дзіцятка, — грубым голасам сказаў Іван. — Да конскіх могілак дзве вярсты… у цемры.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×