гаспадаром гэтага сляпуча-белага, вылiзанага да люстэркавай матавасцi пакоя.

Гаспадар, прафесар Глінскі, вялізны, вельш нязграбны, нейкі па-мужыкаватаму натапыраны сядзеў перад ім. Мажны, увесь у жорсткіх мускулах твар, сівеючыя скроні. Дзіўна было слухаць з гэтых вуснаў па- інтэлігенцку мяккую мову, дзіўна было бачыць пры гэтых магутных руках малатабойца кісці арыстакраткі- прыгажуні з матава-бледнымі вузкімі пальцамі.

— Адкуль я магу ведаць, — сказаў Глінскі. — Я сам не ляжаў пад нажом.

— Разумееце, — хваляваўся Андрэй, — я гэта да таго, што хачу ведаць, вельмі балюча гэта ці не. Я не магу, каб ёй — балюча.

За вокнамі быў зялёны трапяткі сад, яшчэ споўнены ранішняй прахалодай і ціньканнем птушак. Прафесар глядзеў туды.

— Што адчувае хворы пад нажом, калі робяць аперацыю сэрца, можа сказаць пакуль што толькі адзін чалавек на зямлі. Дарэчы, з вашага Мінска… Гэта хворы Пушкін. Тады ён працаваў на радыёзаводзе. У пяцьдзесят сёмым годзе яго аперыравалі ў трэцяй клінічнай бальніцы. Аперыраваў доктар Раўноў. Давялося аперыраваць пад мясцовай анестэзіяй.

— Ну, а наогул…

— Баіцёся — не кладзіце, — жорстка сказаў Глінскі. — Улічыце, гарантый тут не даюць… Так, аперацыя цяжкая, так, пасля яе, нават калі яна ўдалася, хворы дзён сем нават дыхае з цяжкасцю, так, гэта балюча. Балюча слова сказаць… I не дзіва — сэрца і сталь. I ў гэтым паядынку яны дзве… тры… зрэдку, вельмі рэдка, чатыры гадзіны.

'Не, — думаў Андрэй, — да гэтага жывадзёра я не пушчу. Калі ўсё адно без аперацыі не абысціся — хай лепей другі… Як ён раўнадушна кажа пра гэта!.. Якія грубыя рысы аблічча!.. Нездарма Талстой не любіў дактароў'.

Ён ведаў, што ён несправядлівы, але пакінуць думаць менавіта так не мог.

А ў словах прафесара ўсё яшчэ гучала жорсткая сталь.

— I гэта яшчэ не ўсё, — Глінскі глядзеў светлымі, калючымі вачыма, быццам душу цягнуў з вачэй субяседніка. — Ваш выпадак цяжкі. Вельмі цяжкі. Я ведаю яго і даўно здзіўляюся, чаму яна не магла прыйсці сюды тры гады таму. Тады было лягчэй.

— У яе не было тады прагі жыць што б там ні было, — сказаў Андрэй. — Была абыякавасць.

— А зараз яе няма, — даволі бессардэчна, на думку Андрэя, усміхнуўся Глінскі. — Ну што ж, не буду суцяшаць. Вы мужчына і павінны ўмець глядзець смерці ў вочы, іначай і жыцця не варты такі чалавек…

Закурыў, гледзячы зараз зноў у акно.

— Дык вось, у яе мала шансаў. Але павінны выбіраць і вы. Або павольная смерць праз некалькі месяцаў і пакуты сумлення, што не ўратавалі, або… Або пакуты сумлення, што паклаў пад нож. Сам.

— Так, — проста сказаў Глінскі. — Можа быць, і так. У жыцці часта бывае так. I яшчэ папярэджваю. Часам аперацыя прайшла. Усё добра. А потым выяўляецца, што чалавек павольна гіне, што і мы яму нічога не далі, бо гэткая траўма для сэрца аказалася не пад сілу. Я кажу вам гэта, каб вы загадзя ведалі: можа быць горшае…

— Я згодзен на аперацыю, — сказаў Андрэй.

А сам сабе думаў:

'Згодзен. Але толькі не табе. Толькі камусь іншаму, мяккаму, пяшчотнаму да чалавечага матэрыялу, аддадзенага ў яго рукі'.

— Вось сволач, — сказаў раптам Глінскі, і Андрэй сумеўся, а ці не адгадаў той часам ягоных думак.

Прафесар глядзеў у акно, і на яго твары ляжалі зялёныя рэфлексы ад садовай лістоты, напоенай сонцам.

— Не, — сказаў ён, — вы бачыце, вы бачыце, што яны там робяць?

Ён павярнуўся, і Андрэй здзівіўся змене, якая адбылася з Глінскім. Зусім другі чалавек сядзеў перад ім. Куды падзелася ідальская нерухомасць аблічча, пахмурыя калючыя вочы.

Зараз гэтыя вочы таксама былі калючыя — ад іскрачак смеху, што скакалі ў іх, — а рот расцягнуўся ледзь не да вушэй у такой дзіцячай і хітрай усмешцы, якой могуць усміхацца толькі ах якія людзі!

Ён узяў Андрэя за плячо і павярнуў да акна:

— Глядзіце, глядзіце, што ён там выкамарвае, падшывалец.

Ён смяяўся і торкаў пальцам у вокны ніжняга паверха, што ў левым крыле.

З аднаго акна звісалі ўніз дзве дзіцячыя нагі. Гэтыя ногі яўна належалі хлопчыку год шасці і яўна прымалі сонечную ванну: варочаліся, быццам гаспадар хацеў падсмажыць іх з усіх бакоў. Ногі былі беленькія, як малако, і тоненькія, як былінкі. Звісалі яны амаль да зямлі, а на зямлі на задніх лапах стаяла пярэсценькае кацяня і хапала лапкамі за ногі, бы ў валейбол гуляла.

Занятак, відаць, падабаўся і кацяняці і ўладальніку незагарэлых ножак, бо з акна, прыглушаны адлегласцю, далятаў лікуючы віск.

— Гэта абавязкова Азалін з пятай палаты, — захлёбваўся ў захапленні Глінскі. — Такога прайдзісвета і бандыта яшчэ пашукаць трэба. Я зусім нядаўна ліквідаваў яму мітральны стэноз. Дый ён зараз наганяе. Такая прага жыць! Усё яму задавальненне прыносіць. Учора заходжу, а ён у палатнай прыбіральні. Б'е, як фантан… Ну, не раўнуючы, як у Іярданса, дзе хлапчанё… проста на галаву сабаку. А на мордзе ўсмешка аж за твар лезе. 'Што, — пытаю, — уцаляеш, каб далей?' А ён, ох-хо, ён мне: 'Цяпер можна. Цяпер як хочаш пніся'.

I хаця гісторыя была не вельмі разумнай, Андрэй усміхнуўся, так заразліва Глінскі расказваў яе. А ў прафесара ўсмешка ставала ўсё больш мяккай і адначасова сумнаватай:

— Думаеце, гэта чаго ён ногі высунуў? Гэта ён спяшаецца ўзяць ад жыцця ўсе ягоныя раскошы… Раней на сонцы нельга было, дык вось зараз… Хутчэй усё: хутчэй сонца, хутчэй упершыню загараць, хутчэй каб кацяня хапала… Варта б вам было паглядзець, як яны мяняюцца… Прыводзяць маленькага старога: пазногці сінюшна-бледныя, вусны амаль заўсёды сінія… Надумае прабегчы і праз тры крокі спыніцца… Гонар яму не дазваляе прызнацца ў тым, што не можа, дык ён смяецца, слабенькім такім галаском… Быццам вінаваты… Ах, сволач натура! Ах, сволач!.. I вось глядзець, як вусны робяцца звычайнымі ружовымі вуснамі, цёплымі, прынаднымі, - гэта, я вам скажу, не вашы вершы там нейкія пісаць… пра карысць курэй у барацьбе з каларадскім жуком.

'I тут падкалоў', — падумаў Андрэй, але ў сэрцы яго не было злосці, а насцярожанасць знікла кудысь.

Уголас ён сказаў:

— Пушкін — таксама вершы.

— Так, — гаварыў Глінскі, - але як, па-вашаму, такія вершы:

Выяўляйце шкоднiка,

Каларадскага жука,

Спавяшчайце агранома,

Як знайдзеце шкодніка.

— Не чуў я нешта такіх вершаў, - сказаў Андрэй.

— А я чуў. Сваімі вачыма на этыкетцы для запалак чытаў.

Пасур'ёзнеў:

— Ну, вернемся да нашай тэмы. Хворая — ваша супруга?

— Яна не супруга, — сказаў Андрэй. — Яна ўсё існаванне маё.

Прафесар прыкрыў далонню вочы, а калі апусціў яе, нічога не засталося ў іх ад тых калючых жорсткіх вачэй, якімі яны былі на пачатку размовы.

— Дык, значыць, Кай хоча дапамагчы маленькай Гердзе выплакаць з сэрца асколак люстра?

— Так, — сказаў Андрэй.

У голасе Глінскага з'явілася раптам такая ўважлівая нота, што Андрэй зразумеў: з гэтага імгнення ён, Андрэй, пагарджае сабою за слепату.

— Што ж, — сказаў прафесар, — вязіце яе. Сем — дзесяць дзён мы будзем падрыхтоўваць яе.

— Што гэта такое?

— Гэта аналізы крыві, - добразычліва, як маленькаму, тлумачыў Глінскі, - рэнтген, здымкі ў розных праекцыях, замеры хуткасці кроваплыні, вянознага ціску… Ну, потым электракардыяграма.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×