Ды і яна, гледзячы ў ранішні парк з яго шчодрай, дымчата-вясёлкавай расой, з яго сцюдзёна-сінімі ценямі і сонечнай лістотай ля верхавін, сказала, шчасліва ўздыхнуўшы:

— Ніколі, здаецца, так не адпачывала.

— Ну вось і добра, — сказаў Андрэй, — а то мяне сумленне мучыла. Зараз я ўмыю цябе.

— Ведаеш, — з усмешкай сказала яна, — мне нават падабаецца быць хворай. Ты ўсё робіш са мною так пяшчотна, твае рукі лягчэй за тапалёвы пух.

— Ну што ж, калі хочаш, я заўсёды буду ўмываць цябе раніцай, расказваць казкі на сон і папраўляць тваю падушку.

— Што ж, — засмяялася яна. — Ты не думай, я не такая. Я магу хадзіць, як мужчыны, і плаваць, як яны. Калі ты будзеш блукаць па дарогах з рукзаком і кіем, я табе буду верным спадарожнікам.

Залікавала птушка ў росных дрэвах, быццам адчуўшы подых роснай свежасці з надрэчных шатаў.

— Май, — сказала яна. — Глядзі, якая раса. Будзе добры-добры, сонечны дзень.

— Гэта нічога не значыць, раса, — сказаў Андрэй. — Часам, вельмі рэдка, прыкметы не збываюцца. Сёння ўвечары збярэцца на дождж.

— Адкуль ведаеш?

— Памятаеш, я табе распавядаў, як той ачмураны хлопец з Заходняй рубануў мяне… Бедны… Ён і не думаў, што падарыў мне такі барометр. Рана часам ные на непагадзь.

— Ну і добра, што дождж, — сказала яна. (Дні сапраўды стаялі занадта спякотныя.) — Дождж абмые лістоту, яна ажыве… Ах, любы, любы мой. Якое гэта шчасце, дождж!

— Ну, вядома. Вось ты ачуняеш, і мы паедзем у Сухадол. Як там дождж бяжыць па рацэ! Набліжаецца, набліжаецца. Захапіў. Кроплі скачуць, як цвікі, потым пераходзяць у бурбалкі. Вада як закіпае. А ў нас над чаўном тэнт, а ў чаўне шмат сена, пульхнага, свежага… Галава дурэе.

— Я вельмi хачу ў твой Сухадол. Абавязкова. Мы з'ездзiм на месца, дзе быў паром.

— Так. Каб нашы, тыя, што былi, маглi бачыць гэта, як бы яны ўзрадавалiся.

Андрэй гладзіў яе валасы.

— Ведаеш, — сказаў ён, — мне заўсёды здавалася, што ў тую ноч паміж маёй прабабкай і тваім прадзедам быў пакладзены пачатак чамусьці падобнаму на вялікае, амаль нязмернае каханне. Яно толькі не паспела набрацца сілы. Каб быў час на тое, каб яна забыла боль, каб яна не трапіла ў высылку — яны б, магчыма, пакахалі. Добра было б.

— Не, — сказала яна, — гэта было б вельмі нядобра.

— Чаму?

— Няўжо не разумееш? Тады мы былі б сваякамі, братам і сястрой. Нам нельга было б так, як мы зараз.

— Шкада, — уздыхнуў Андрэй. — Мне вельмі хацелася б, каб і ў іх было так, як у нас…

— Чакай, — быццам знайшоўшы магчымасць суцешыць яго, сказала яна. — Ну вядома ж, гэта нічога не вырашае. Нават каб яны былі разам. Твой дзед і мой прадзед былі б ад розных бацькоў. Прайшло чатыры пакаленні.

Яна радасна засмяялася:

— Мы з табою былі б чымсьці накшталт 'васьміюрадных' брата і сястры. У нас была б толькі шаснаццатая, калі не меней, частка агульнай крыві… Вядома, маглі б быць разам і яны… Гэта не перашкодзіла б нам… Няхай і яны…

Як быццам гэта залежала менавіта ад яе, быць Грынкевічавай і Гораву разам альбо не.

Абое ўсміхаліся, так удала развязаўшы заблытанае пытанне. Потым шэрыя вочы пасумнелі. Яна ўздыхнула:

— Шкада, што ў іх не атрымалася тое, што ў нас. Мне зараз заўсёды шкада ўсіх, у каго не атрымалася тое, што ў нас,

— Нічога, — пацалаваў яе Андрэй. — Не сумуй за іх. Яны шукалі. Як мы.

— Так, — сказала яна. — А цяпер дай мне лекі. Я вельмі хачу хутчэй быць здаровай. Для цябе. I прыгожай хачу быць. Нават сёння. Потым ты прычэшаш мяне. Я магу і сама, але ты робіш гэта лепей.

— Не трэба самой, — сказаў ён. — Беражы сілы. Яны табе сёння вельмі прыдадуцца.

Так праходзіў гэты неверагодна шчаслівы, споўнены сонечнымі зайчыкамі і птушынымі спевамі, споўнены да краёў любоўнай увагаю і адначасова трывожны дзень.

Толькі кожны з іх хаваў трывогу.

…У тры гадзіны апоўдні Андрэя выгналі. Трэба было рыхтаваць Ірыну да аперацыі. Выганяць прыйшоў Глінскі.

— Ну, — дабрадушна сказаў ён, — давай адсюль, хлопча, давай. Яна ў добрым стане, ты аб гэтым паклапаціўся. А зараз — марш. Астатняе аддай ужо нам…

Зусім не саромеючыся гэтага чалавека, Андрэй абняў яе за плечы і пачаў ціха казаць на вуха:

— Ты толькі спакойна. Ты не бойся. Усё будзе добра. Я буду тут, поруч.

— Я не баюся, — сказала яна. — Гэта ж я iду да цябе.

Андрэй устаў.

— Да спаткання, — сказаў ён.

— Да спаткання, — усміхнулася яна.

Глінскі пасуровеў.

— Ды пацалуйцеся ж вы, — сказаў ён. — Пацалуйцеся вы, урэшце. Як маленькія, не разумеюць усёй карысці… Некалькі дзён ёй нельга будзе… Ну!

Андрэй схіліўся і пацалаваў яе.

…Пакуль яе рыхтавалі да аперацыі, ён хваляваўся, але ведаў: асаблівай небяспекі не было на бліжэйшыя тры гадзіны. Ён вырашыў прыйсці акурат у шэсць. Каб яна адчувала, што ён чакае, што ён тут.

Дамовіўся з Сашанькай, каб яна кожную палову гадзіны выходзіла да яго і казала, як справы. Паспрабаваў сказаць пару слоў Яшу і Глінскаму, каб яны…

Але першы кінуў толькі пару падбадзёрваючых слоў, а другі наогул абарваў Андрэя.

Так, ён зараз быў непатрэбны тут.

Толькі Сашанька паглядзела на яго спагадліва, вільготнымі вачыма і мякка сказала:

— Усё будзе добра, Андруша… Ідзіце вы лепей пад'ешце, пакуль не пачалося.

Ён падумаў, што яаа мае рацыю, і выйшаў са сквера на залітую сляпячым сонцам шумлівую вуліцу. Вуліца жыла звычайным жыццём, і, можа, гэта было б нават правільна, каб да аперацыі рыхтавалі звычайнага хворага, а не жанчыну ў росквіце год, уражаную людскою рукой!

У нейкай сталовай, падобнай на студэнцкую, ён сеў за стол і спытаў сабе абед. Яму вельмі хацелася есці, але як толькі ён апусціў лыжку ў суп, адразу адчуў, што не здолее праглынуць і кроплі, - як завязала.

Выйшаў. Адчуваючы ўсё ж, што ён можа зваліцца з ног, не дачакаўшыся канца аперацыі, ён зайшоў у вулічную кавярню пад тэнтам і выпіў там тры чашкі кавы. Цяпер сэрца білася зусім па-іншаму, напоўнена і моцна, а вочы прыдбалі, здавалася, асабліва бязлітасную яснасць погляду на навакольны свет.

Стрэлкі гадзінніка паўзлі марудна. Ён сядзеў і, апёршыся на столік, на якім слаба дымела некранутая чацвёртая чашка, глядзеў у той бок, дзе за скверам бачны быў інстытут. Папяроса таксама сцяліла валокны, шызыя з боку тытуню, жаўтаватыя і цяжкія — з муштука. Тры струменьчыкі: празрысты, шызы і дымны. I ўсе яны чэзнулі, па меры таго як кава стыла, а папяроса згасала.

Ён устаў і рушыў у інстытут, хаця да аперацыі было яшчэ з паўгадзіны. Назіральнік з боку пабачыў бы яго занадта выразныя рухі і зразумеў бы, што гэты чалавек шалёна нервуецца, але сам ён думаў, што ён спакойны.

…Шэсць гадзін. Дзень хіліцца да вечара, Ад дрэў ляглі ўжо вячэрнія цені. Зараз яе вязуць у аперацыйную, Трэба быць бліжэй да яе. Хоць бы ў вестыбюлі.

У вестыбюлі той самы гардэроб, тая ж брыдкая кніга на стале, кніга існаванняў і сконаў, кніга лёсаў.

Дзверы без стуку хістаюцца за праходзячымі: туды-сюды, туды-сюды, у розныя бакі. Белыя дзверы на дзве палавіны.

За аднымі з такіх дзвярэй яна. Пэўна, пачалі. Хто б зрабіў, каб іхнія рукі былі спрытнымі і ўдалымі, каб

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×