шчасліва скончылася ўсё?

Бог? Ён, Андрэй, не верыць у бога. А веруючым, пэўна, лягчэй.

Як гэта ў малітве: 'Захавай дом мой'. Не, ён не памятае. А можа, гэта і не ў праваслаўнай малітве?

Мозг, здавалася, нічога не мог, а на самай справе заўважаў ўсё так зорка, як ніколі.

…Вось правезлі на пахілых драбінках вялізны сіні балон з надпісам «вадарод»… Балон… Пакуль не правялі газавую лінію — давядзецца мець балоны. Ёй нельга, каб холадна… Добры дом…

— Што з вамі? — дакранулася да яго пляча Сашанька. — Вам дрэнна?

— Чаму? — здзівіўся Андрэй.

— Вы бледны, як смерць.

— Нічога, — голас гучаў, як чужы. — Як там?

— Цудоўна, — адказала Сашанька. — Усё ідзе як трэба… Я выйду праз гадзіну.

— Я, пэўна, пачакаю ў скверыку, — тым самым голасам сказаў ён.

Занадта прамы, ён накіраваўся да дзвярэй. Сашанька паглядзела на яго і пахітала галавой.

Ён выйшаў проста ў добры майскі прысмерак і сеў на лаўку. Успомніўся хлопчык, што дзесяць дзён таму весела ішоў на спатканне з маці. Дурны хлопчык!

Ну, а хіба ён, Андрэй, болыы разумны, калі думае аб газе, аб дзецях, чорт ведае аб чым у час, калі яна так пакутуе?

I раптам ён зразумеў, што ўвесь гэты час ён толькі вонкава думае аб іншых прадметах, што ўвесь гэты час у душы жыў і катастрафічна нарастаў жах, нясцерпны жах і бязмерная боязь за яе.

Сэрца падала ўніз. Цьмянела ў вачах. Каб быў голас, ён з насалодаю закрычаў бы па-жывёльнаму, дзіка, нема.

Ніколі, ніколі яшчэ ў жыцці не было такога жаху. Нават тады, калі ўцякала партызанская армія і «фокевульфы» ныралі над самымі галовамі.

I не так страшна было, калі хлопцы наступалі на сяло, занятае бандай, а са званіцы білі кулямёты.

I не так страшна было, калі шкляное паветра калыхалася над разбітай машынай, там, на шашы, над невялікай рэчкай, якая завецца Бобр.

Неяк занадта скора і зусім де ў час пачало цямнець. Калі ён узняў галаву, здзіўлены гэтым, ён пабачыў, што з боку Масквы-ракі на будынак, на вяршыні дрэў, на ўвесь застыглы горад насоўваецца цяжкая хмара, свінцова-чорная, з нейкім цьмяна-барвяным водбліскам. Пэўна, ад незлічоных агнёў, што спуджанымі іскрачкамі гарэлі пад ёй.

'Так, паўсюль запалілі агні. Бо стала зусім цёмна. Нават вулічныя ліхтары запалілі. Нават тут, у скверы'.

Чаму не ідзе Сашанька? Ён глядзеў на гадзіннік і ўпершыню ясна зразумеў, што аперацыя цягнецца ўжо больш чым дзве гадзіны. I такі спакой вакол, быццам прырода і ўвесь горад уцягнулі галовы ў плечы, чакаючы непазбежнага.

Ён амаль пабег у будынак і сутыкцуўся з медсястрой.

— Як?

— Ды не нервуйцеся вы так, — сказала Сашанька. — Фу! Не мужчына, а мокрая курыца.

— Што?

— Усё ідзе як мае быць. Быў лёгкі шок. Спынілі пераліваннем крыві непасрэдна ў аорту, па метаду Пятроўскага… Аперацыя складаная, але самае цяжкае скончылася… Ідзіце ў вестыбюль: зараз будзе дождж.

— Не магу. Я заўважу, калі ён пойдзе.

— Вы заўва-ажыце, — сказала сястра.

I раптам узяла яго руку і, гладзячы яе, сказала:

— Ну не трэба, не трэба. Я даю вам слова, чуеце, я даю вам слова, што ўсё ідзе добра…

Знікла. Ён адышоў ад сваёй лаўкі і з трывогаю, ад якой як толькі не разарвецца сэрца, глядзеў на крывава-свінцовую хмару, на фоне якой вартымі жалю, малюсенькімі лапікамі кідаліся ў трывозе галубы.

Пэўна, так яны кідаліся і тады, калі ішлі нейкія там татары і полымя жэрла прадмесці, падступаючы да муроў Крамля.

Няма прыстанку! Няма жыцця! I дзе ён, прытулак, знішчаны агнём?

З жахлівай выразнасцю ён адчуў, што і ён слабы, як птушка перад страшнай навалай, перад тупой, жорсткай сілай, якая рушыць на яго. Не дапамогуць смеласць, розум, сіла — нічога, нічога!

Насунецца і знішчыць яго прыстанак, яго прытулак, яго цеплыню — адзінае, дзеля чаго ён жыў усе гэтыя дні,

I тады Андрэй сеў і, як закляцце, пачаў ліхаманкава і страшна ці то кленчыць, ці то проста ўмаўляць кагось:

— Я вельмі, вельмі, вельмі люблю яе. Я вельмі, вельмі, вельмі буду яе любіць… Ратуй яе, ратуй… Справядлівасць, калі ты ёсць, зрабі, каб яна жыла… Справядлівасць, калі ты ёсць, зрабі, каб яна засталася жывой… Ёй нельга, нельга, нельга… Вазьмі ў мяне палову жыцця і падзялі з ёю… Вазьмі ў мяне… Вазьмі… Вазьмі…

Ён хлусіў, не адчуваючы гэтага. У сэрцы ягоным не было ў гэты момант ні кахання, ні планаў — нічога. Адзін толькі боль за яе, адзін толькі жах за яе, адно толькі жаданне, каб скончыліся яе мукі і яна была здаровай.

— Няхай ніколі не бачыць яе… Няхай ніколі не бачыць яе… Няхай ніколі. Абы ведаць, што жыва… Нават ведаць, што кахае другога… Так, нават гэта… Абы ведаць, што яна засталася жыва, што яна недзе жы-ва…

Ён не чуў ужо, як хвастануў ачышчальны лівень, як зямля набрыняла вадою, прагна ўсмактала яе і перастала прымаць, разліўшы па ўсім абшары сквера лужыны, як стала свежым паветра, як сталі цяжкімі і абвіслі галіны дрэў і самая іхняя кара стала вугальна-чорнай. Ён сядзеў і ўмаўляў кагось.

— Андрэй!

Перад ім стаяў Яша, мокры, хоць выціскай. З кароткіх рукавоў халата струменямі лілася вада. Мокрыя валасы касіцамі звісалі на лоб, і выгляд ад гэтага быў такі няшчасны, што ў Андрэя як нешта штурханулася ў сэрцы.

— Усё? — з жахам спытаў ён.

— Вядома, усё, — з непаразуменнем сказаў няшчасны Яша. — Я ж табе казаў, што гэта тыгр ад хірургіі… Я дзесяць хвілін клікаў цябе з ганка. I вось прамок з-за цябе, як цуцаня… А ўсё філантропія да розных недаробленых Вертэраў. Каб яе, каб…

Толькі тут, толькі пасля гэтай лаянкі, толькі пасля таго як падбегла мокрая Сашанька і Яша з раптоўнай рашучасцю абхапіў яе, захінуўшы крысамі халата (быццам гэта магло чымсьці дапамагчы ад дажджу), Андрэй зразумеў, што пакуль што ўсё скончылася, і, кінуўшыся да ардынатара і медсястры, абняў іх дрыжачымі рукамі.

Р а з д з е л XXXII

Калі ён пабачыў Ірыну ўпершыню пасля аперацыі — у яго ўпала сэрца. Не ў тым справа, што аблічча было знясіленым і нейкім перапалоханым.

Справа была ў тым, што на гэтым твары быццам адразу адбіліся пражытыя гады. Яна заўсёды была падобная на поўнае жыццём дзяўчо. Зараз гэтага жыцця не было. Яно ледзь тлела недзе ўглыбіні, не маючы змогі ажывіць блакітны твар. Яна ўвесь час была ў поўнай прытомнасці. Але што гэта была за прытомнасць?! Прытомнасць позіркаў, прытомнасць дрыжачых вей. Ёй было балюча сказаць слова, цяжка дыхаць. Самае найбольшае, што яна магла, гэта сказаць:

— Папраў падушку.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×