Хутчэй!

Зьява 8

Мацальскі і Магдалена.

Магдалена (выходзіць, папраўляючы валасы на галаве). Ільдэфонс! Дай люстэрка, я мусіць чырвоная як рак, трэба папудравацца.

Мацальскі (шоптам). Няма часу для люстэрка… Хутчэй! хутчэй! там муж..

Магдалена. Дзе ён?

Мацальскі (паказваючы рукой на дзьверы). Там сядзіць, зачынены.

Магдалена. Ах, Божа мой!.. (хутка апранае на галаву капялюш і выбягае).

Зьява 9

Мацальскі (адзін), пасьля Гаўдэнт (за сц.).

Мацальскі. Што–ж мне цяпер рабіць? Вось дык бяда!.. Хіба Мар'янна мне паможа… (бяжыць да вакна і кліча). Панна Мар'янна! а панна Мар'янна!.. (д. с.) Гм… не адклікаецца… (я. в.) Панна Мар'янна!.. (адыходзіць ад вакна). Хоць ты галаву ў пятлю садзі! Вось палажэньне! Паліцыю паклікаць, ці што? Будзе скандал. Пан, як даведаецца, са службы прагоніць…

Чутно стук у правыя дзьверы.

Во! ўжо стучыць! ізноў пачне біцца… (гавора праз зачыненыя дзьверы). А што? я тут.

Гаўдэнт (за сц.). Як што?.. Адчыні!!

Мацальскі. Не магу… Ня ведаю, куды ключ падзеўся.

Гаўдэнт. Ключ сядзіць у дзірачцы.

Мацальскі. Ах, праўда, у дзірачцы… (варушыць ключом быццам прабуючы адчыніць). Але не круціцца, зайржавеў, ці што?

Гаўдэнт. Дык алівай памазаць…

Мацальскі. Ах, праўда! Добра, я памажу, я зараз памажу… (д. с.) Я–бы цябе добра памазаў, калі–б не баяўся… Не, няма рады, пайду паліцыю паклічу… (хоча ісьці).

Зьява 10

Мацальскі і Мар'янна (уваходзіць).

Мацальскі. Ах, панна Мар'янна! пумпачка, мая! шчасьце маё! Вось у самую пару прыйша. Панна Мар'янна! у панны Мар'янны ёсьць знаёмы паліцэйскі… Панна Мар'янна пабяжыць да яго і скажа, каб ён хутка сюды прыйшоў. Пратаколу пісаць ня трэба, але так толькі крыху напалохала.

Мар'янна. Каго? Яе палохаць? (паказваючы на дзьверы). Дык я яе ўжо тут добра напалохала, ажно пачала ахаць і дрыгаць нагамі.

Мацальскі. Каго панна Мар'янна напалохала?

Мар'янна. Ну–ж гэтую старую, каторая прыйшла сюды да пана Ільдэфонса.

Мацальскі. Але–ж я не аб ёй. Яна нічога… спакойная…

Чутно йзноў стук у дзьверы.

Мар'янна. Чаго яна стучыць? Чаму пан Ільдэфонс йзноў зачыніў яе на ключ?

Мацальскі (думаючы аб Гаўдэнце). Хоча, каб дзірачку памазаць… (да дзьвярэй). Я зараз…

Мар'янна (строга). Як гэта: дзірачку памазаць?

Мацальскі. Алівай памазаць… Цсс! панна Мар'янна! я гэтаму вар'яту сказаў, што ключ зайржавеўшы, засеў у замку і я не магу адчыніць дзьверы, дык ён крычыць, каб мазаць… Што рабіць?

Мар'янна. Які ён? які вар'ят?

Мацальскі, А ведае панна Мар'янна, ёсьць адзін гэтакі вар'ят, бегае з кіём па вуліцы і шукае сваю жонку, — такую ўжо значыцца фіксацыю мае, — ну дык вось парадныя дзьверы былі незачынены, ён уварваўся сюды і крычыць, што тут яго жонка… Дык вось я зачыніў яго на ключ у гэтай каморцы…

Мар'янна (недаверчыва). Эй, пан Ільдэфонс! ці толькі праўда? Бо мяне так, як гэтых учора на вечарыне не абдурыш, — я хітрая. Можа ён зусім і не вар'ят.

Мацальскі. Зусім вар'ят, панна Мар'янна! Як панна Мар'янна можа думаць… Дык– жа вось… проша паглядзець… Нідзе нікагусенькі няма, ніякай жонкі. Але–ж я панну Мар'янну так люблю, што ніколі ніякае… (Гаўдэнт стучыць у дзьверы). Ужо мажу, мажу ўжо!

Мар'янна. Ну, калі гэта ўсе праўда, што гавора пан Ільдэфонс, дык няма чаго палохацца. Я вар'ятаў не баюся, бо служыла калісь за кухарку ў вар'яцкай бальніцы і шмат іх бачыла… Адчыняйце дзьверы!

Мацальскі (адчыняе дзьверы і хаваецца за Мар'янну).

Зьява 11

Мацальскі, Мар'янна, Гаўдэнт, Уршуля (уваходзяць).

Гаўдэнт (да Мацальскага). Паночку, я хачу вам пару слоў…

Мацальскі (са страхам). Не, не, не! Вы ўжо лепш не са мной, а вось з паннай Мяр'яннай пагутарце…

Мар'янна (да Гаўдэнта). Панок! Толькі спакойна, ша! Ня трэба крычаць, ня трэба нэрвавацца. Я ўсё ведаю. Вы шукаеце свае жонкі. Яе тут няма. Ідзеце на вуліцу. Ваша жонка там, па вуліцы ходзіць.

Гаўдэнт. Што?! Мая жонка па вуліцы ходзіць?

Мар'янна. Толькі ціха, спакойна. Не, не так ходзіць, як вы думаеце, але так сабе ходзіць, пайшла значыць на спацар… А яе тут няма.

Вы читаете Шчасьлівы муж
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×