Гаўдэнт. Я ведаю, што яе тут няма. Мне панна Уршуля ўжо ўсё сказала… І выбайчайце, панок, што я вас пакрыўдзіў…

Мацальскі (д. с). Добра пакрыўдзіў.

Гаўдэнт. Але вы самі разумееце, што са мной робіцца! Жонка ўчора як выйшла з хаты, дык дагэтуль не вярнулася… Але яшчэ скажу вам вось што: нашто вы ўсё гэта зрабілі? нашто вы ўсіх нас гэтак ашукалі? нашто вы сказалі, што вы граф?.. «Граф! граф!» — ну што граф? Мы людзі простыя, без царамоніі, мы–бы вас і так добра прынялі, дык нашто задзіраць нос у гару: «Граф! граф!»

Мар'янна (ціха да Мацальскага). Ён зусім не вар'ят.

Мацальскі (таксама да Мар'янны). Не! Вар'ят! Зусім вар'ят.

Гаўдэнт. А яшчэ задурылі галаву панне Уршулі. Якіясь запісачкі, тынды–рынды… Не гожа!.. Калі–б захацелі жаніцца, дык трэба інакш, а не гэтак… Так сорамна, не ганорна.

Мар'янна (да Гаўдэнга). Штооо?! жаніцца? О! гэта дык выбачайце! Гэта ўжо дарма… Я ўжо пярсьцёнікі купіла, у гэту нядзелю першыя запаведзі будуць… О! зараз! жаніцца!! А фіга з макам!.. І годзі ўжо ўсяго гэтага. Зьбірайцеся і йдзеце сабе дамоў, або шукаць жонкі, як да спадобы, а з намі гугарка ўжо кончана. (Бярэ яго за падпаху і хоча весьці да дзьвярэй. У гэты час Гаўдэнт пабачыў на стале торбачку сваей жонкі).

Гаўдэнт. Чакайце! А гэта што? Гэта маей жонкі торбачка! Скуль яна тутака?

Мацальскі. Якая торбачка?.. Не! гэта панны Уршулі торбачка.

Уршуля. Не, гэта не мая. Я сваю маю.

Мацальскі. Дык значыць гэта мая торбачка. Я люблю іншы раз гэтак з торбачкай па вуліцы… (да Гаўдэнта). Дайце, калі ласка.

Гаўдэнт (не аддае, але адчыняе торбачку і выймае з яе хустачку) . Не! вось і яе хустачка. (Разглядае хустачку). Вось і яе літары: М. З. — значыць, Магдалена Залепчыха. (Да Мацальскага). Га? Скуль торбачка? значыцца я добра дадумаўся! значыцца яна тут! Дзе яна? Я яе знайду! яна тут! (выбягае ў першыя дзьверы налева).

Зьява 12

Мацальскі, Мар'янна, Уршуля.

Мацальскі (да Мар'янны). А што? Я казаў: вар'ят!

Уршуля. Садома і Гамора! што тут робіцца! (паказваючы на Мацальскага). і гэтакаму чэлавеку я даверыла сваё нявіннае дзявочае сэрца! о! страх падумаць! (хоча йсьці).

Мацальскі (за ёю ўсьлед). Панна Уршуля! Дык чаго–ж у канцы канцоў вы сюды прылезьлі? Клікаў я вас сюды, ці што?

Уршуля (нэрвова сьмяецца). Ха–ха–ха! Ён яшчэ пытаецца! У! нягоднік! (пайшла ў выхадныя дзьверы).

Зьява 13

Мацальскі і Мар'янна.

Мар'янна. Пане Ільдэфонс! пачакай пан! (бярэ яго за руку і вядзе на аван–сцэну). Цяпэр я пана спытаюся: што ўсё гэта значыць? га? га?

Мацальскі. Ну што–ж? Усе павар'яцелі.

Мар'янна. Павар'яцелі? Быць можа, але я, дзякуй Богу, яшчэ не звар'яцеўшы. (Выймае з кішані нейкую паперку). Вось, калі ласка, глянь пан Ільдэфонс і што пан Ільлэфонс на гэта скажа? У мяне ўсё запісана акуратна. (Чытае з паперкі). Дала пану Ільдэфонсу раз 500 марак, пасьля зафундавала паўбутэляк гарэлкі і фунт сальцэсону, пасьля грашыма дала йзноў 300 марак, пасьля новую манішку пану Ільдэфонсу купіла—і так далей — вось усё запісана! Аддай мне цяпер усё, пан Ільдэфонс!

Мацальскі. А я за тое заплаціў ксяндзу за запаведзі!

Мар'янна. Колькі пан Ільдэфонс заплаціў?

Мацальскі. Добра не памятаю, здаецца, што…

Мар'янна. Жулік! Мусіць не даваў на запаведзі, а толькі галаву дурыць ужо трэці месяц.

Мацальскі. Дык–жа панна Мар'янна! я ад шлюбу не адмаўляюся. Я, далібог, калі раз сказаў, дык ужо як ў газэце надрукаваў.

Мар'янна. А жулік! Не пайду я з гэтакім да шлюбу, які ўжо перад шлюбам шашні з бабамі заводзіць.

Мацальскі. Дык–жа панна Мар'янна! Я далібог… Гэта якійсь вар'ят… Тая таксама непрытомная.

Мар'янна. Але! але! круці цяпер пан Ільдэфонс языком, як цялё хвастом. (Дражніць). «Я далібог, я далібог…» Той вар'ят, гэты вар'ят, толькі пан Ільдэфонс адзін гэтакі разумны знайшоўся… Не! мяне не абдурыш!

Зьява 14

Мацальскі, Мар'янна, Гаўдэнт (убегае).

Гаўдэнт. Знайшоў!! На ложку шпільку жонкі свае знайшоў! Скуль шпілька маей жонкі на ложку?

Мацальскі. А хто яе ведае! Мусі з валасоў вывалілася… Чаго вы ўсе да мяне прычапіліся?

Мар'янна. Пан Ільдэфонс мяне яшчэ добра ня ведаеш. Я тут такую магу зрабіць авантуру, што сам ня рад будзеш. Я пайду да панскага пана, пан Ільдэфонс, і яму ўсё раскажу!

Гаўдэнт (з другога боку). І падушка памята, і коўдра памята, а на коўдры шпілька ляжыць! Га? Скуль шпілька, пытаюся?

Мацальскі. Ды адчапецеся вы ад мяне! За якуюсь дурную шпільку рабіць гэтулькі крыку!

Мар'янна. Не, пан Ільдэфонс! Я пану гэтага не дарую. Я да графа пайду, я яму ўсё скажу, няхай ён за мяне заступіцца… Я гэтага не дарую!

Гаўдэнт. І я свайго не дарую!

За сцэнай чуваць кліч: «Ільдэфонс»!

Кароткая паўза. Усе абамлелі. За сцэнай ізноў нехта кліча галаснай: «Ільдэфонс»!

Мацальскі. Пан прыйшоў! (бяжыць на ўсходачкі і затрымаўшыся гавора да Гаўдэнта і Мар'янны). А каб вас чорт узяў! Што вы мне нарабілі!

Вы читаете Шчасьлівы муж
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×