— Яно так, — адказаў Мірон, — але для гэтага і дрэва патрэбна больш адпаведнае, і трэба ведаць, як яго апрацаваць, умець рабіць стрэлы, ведаць усе іхнія капрызы і, нарэшце, практыкавацца шмат часу. А самае галоўнае — мець нож. Можа, у далейшым пойдзем паглядзім, ці нельга будзе дзе якую рыбіну злавіць.

— А чым будзеш лавіць?

— Паглядзім спачатку, што і як, а там убачым. Можа, і кашуляй ці штанамі можна будзе.

Пайшлі ўздоўж балота.

— Глянь, здаецца, вада пачынае спадаць, — заўважыў Віктар.

Яно і сапраўды так было. Вада крыху адсунулася. У розных месцах з-пад вады павытыркаліся новыя купінкі травы.

— Гэта добра, — сказаў Мірон, — але для рыбнай лоўлі застаецца менш магчымасцей, бо замест вады мы будзем мець балота.

Так ішлі яны цэлую гадзіну, шукалі даступнай вадзяной прасторы. Нарэшце падышлі да адной маленькай затокі. Вада клінам уразалася ў лагчынку між двума ўзгоркамі. Лагчынка была не балотная, пясчаная. Пасярэдзіне ўтварылася нібы возера, якое злучалася з сапраўдным возерам вузкай пратокай.

— А ў гэтым кутку павінна быць рыба, — сказаў Віктар. — Вада спакойная. Бачыш, як светла і ўтульна тут пад сонцам. А вунь і рыбкі мільгаюць.

І ён пачаў здымаць споднюю кашулю.

— Завяжам каўнер і рукавы, уставім абруч — вось і будзе сак, не горшы ад рыбацкага, — казаў ён, але праз некалькі хвілін крыкнуў: — Ах, каб на цябе кадук! Парваная! Здымі сваю.

Мірон зняў сваю кашулю. Завязаць яе ды ўставіць лазовы абруч было лёгкай і хуткай справай.

Праз некалькі хвілін нашы рыбакі ўжо ўлазілі ў ваду. Але хутка яны ўбачылі, што нічога ў іх не будзе, бо вада не выходзіла з кашулі і рыба нават пры добрым жаданні не магла трапіць у яе — вада не пускала.

— А ведаеш, твая падраная кашуля больш падышла б, — сказаў Мірон.

— Не, дзірка вялікая, ды яна адразу падралася б яшчэ болей. Як жа быць? Хіба вось што зробім: развяжам рукавы і возьмем за канцы адной рукой, а другой будзем трымацца за абруч.

— А калі рыба палезе праз рукаў, дык яе — цап! — засмяяўся Мірон. — Давай гэтак.

Пачалі лавіць новым спосабам. Пайшло лягчэй, але нязручна было тое, што трэба было нахіляцца ў ваду па шыю, каб трымаць рукавы на належнай глыбіні.

Праз некаторы час Мірон закрычаў:

— Ёсць! Стой! Ах, вырвалася!…

— У-у, незграбайла! — раззлаваўся Віктар.

— Ды маленькая была, — апраўдваўся Мірон.

Праз хвіліну закрычаў Віктар:

— Ёсць! Трымай свой канец, каб не ўцякла! Да берага цягні, да берага! Падымай угору! Вялікая… Ой, кусаецца!

Цяжка было цягнуць на бераг кашулю, нібы бочку, поўную вады. Але ж, калі выцягнулі, дык знайшлі ў ёй дзесятак дробных рыбак, а ў Віктара ў руцэ быў двухфунтовы шчупак!

— Вось гэта дык здабыча! — цешыліся хлопцы.

Болей на гэты раз не хацелі лезці ў ваду, бо змерзлі.

— Куды яна дзенецца, — казаў Віктар. — Мы можам увесь час тут лавіць, нібы ва ўласнай сажалцы.

Але Мірон сумна паківаў галавой:

— Можа, ужо заўтра гэтай сажалкі не будзе. Не забывайся, што яна зрабілася толькі ў час паводкі.

— Вельмі шкада! — збянтэжана прамармытаў Віктар і ўтаропіў вочы ў ваду.

А праз момант ён радасна крыкнуў:

— Дармо! Мы ж можам зрабіць перагародку вунь у тым вузкім месцы. Хай сабе вада сыходзіць, а рыба застанецца.

Зараз жа прыступілі да працы. Торкалі ў зямлю ўсё, што можна было ўторкнуць. Вельмі слабая была загарадка, але ж затое яны ўзялі колькасцю. Праз гадзіну грэбля каля метра шырыні аддзяляла затоку ад возера ці балота. Каб тут была бягучая вада, яна ў адзін міг разбурыла б іхняе збудаванне, але, на шчасце, гэтага можна было не баяцца.

— Вось рыба і ў палоне! — захапляўся Віктар. — Хай сабе гадуецца, а мы будзем браць колькі захочам і калі захочам.

Такая магчымасць значна ўзняла дух хлопцаў, бо з'явілася некаторая ўпэўненасць і ў заўтрашнім дні. Вечарам ля вогнішча Мірон разважаў:

— Пяці дзён яшчэ не прайшло, а якія змены адбыліся ў нашым становішчы! І агонь маем, і хату, і спажыву, нават сваю рыбную гаспадарку.

— Я больш быў бы задаволены, каб мы мелі сваю хлебапякарню, — сказаў Віктар, абгрызаючы выкачаную ў попеле касцістую рыбку.

Як кожны вечар, пасля дзённых турбот гутарка іх перайшла да хатніх спраў. Якімі далёкімі здаваліся цяпер гэтыя справы! Не верылася, што пры нармальных умовах за адзін дзень можна было б вярнуцца дадому. Пакуль не прайшлі дзесяць канікулярных дзён, вялікай трывогі там яшчэ не будзе. А калі яны пройдуць?

VIII

Прасцейшая, але лепшая зброя. — Знаёмства з дзікам. — Журавіны. — Хоць змяю за здабычу. — Лясныя жыхары. — Царская жывёла. — Вожыкава булава. — Уперад на чарапаху! — Пешаход з Афрыкі.

— А што будзем сёння рабіць? — запытаўся на другі дзень Віктар.

— Я прапаную пайсці далей у лес на разведку, — адказаў Мірон. — Мы ж зусім не былі яшчэ ў глыбіні.

— Трэба было б якую-небудзь зброю мець, — заўважыў Віктар.

— Толькі не твой лук, — усміхнуўся Мірон. — Лепш зробім сабе добрыя дубіны.

Знайшлі адпаведныя дрэўцы, зламалі іх, абпалілі на агні, нават булдавешкі пакінулі на канцы. Зброя выйшла хоць куды!

— З гэткай зброяй я і на ваўкоў згодзен ісці! — казаў Віктар, размахваючы сваёй дубінай.

— І сапраўды, з дзвюма такімі штукамі не боязна, — згадзіўся Мірон і трэснуў па кусту так, што ад яго паляцелі шматкі.

Узялі з сабой арэхаў, падклалі агню і пайшлі.

Чым глыбей уваходзілі ў лес, тым часцей сустракаліся сухія ўзгоркі. На вышэйшых пясчаных месцах рос хваёвы бор, на ніжэйшых — гушчар з ельніку, алешніку, бярозы, рознага хмызняку. Часам трапляліся прыгожыя лугавінкі з ліставымі дрэвамі: дуб, граб, ліпа.

— Ідзём да тых дубоў, — сказаў Мірон. — Можа, знойдзем леташніх жалудоў. Калі прыйдзе бяда, яны спатрэбяцца.

— Ды і без бяды кавы добра будзе папіць, — адказаў Віктар. — Трэба толькі мець начынне і цукар.

Калі падышлі да дубоў, то ўбачылі, што там нехта перад імі ўжо гаспадарыў. Зямля была перакапаная, віднелася шмат слядоў, а жолуда аніводнага. Але дзіўней за ўсё было тое, што сляды здаваліся

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×