пачынаць.

Тон Мірона быў такі сяброўскі, такі шчыры, што Віктар усміхнуўся і сказаў:

— Добра, не буду.

Цяжкаранены вельмі часта прасіў піць, і хлопцы ахвотна насілі яму ваду. Не адмаўлялі яны і здаровым, толькі рабілі гэта неахвотна. Потым трэба было даць пакурыць. А там былі і яшчэ просьбы, у якіх нельга было адмовіць…

Адным словам, клопату было да самага цямна. А чым цямней станавілася, тым больш трывожыліся хлопцы. Хоць яны і не шкадавалі галля, але ўсё ж такі не кожны рух палоннікаў можна было заўважыць у змроку. Яны памяталі, як таварыш Саўчук сядзеў тады з жэрдкай і… зусім вольны.

«А што, калі і цяпер гэтак жа сядзіць хто-небудзь з гэтых бандытаў?» — мільгала думка ў абодвух. І яны раз-пораз правяралі палоннікаў.

— Чаго вы лезеце кожную хвіліну? — злавалі тыя. — Паспрабуйце самі вызваліцца з такіх путаў. Праўду кажуць: загадай дурню Богу маліцца, дык ён і лоб разаб'е.

Непрыемна было слухаць такія словы, але хлопцы не крыўдзіліся: можа, яны і сапраўды занадта стараюцца? Але праз некаторы час пераканаліся, што ў такой справе ніякая пільнасць не можа быць залішняй.

Самым спакойным палоннікам быў ранены ў руку. У яго замест рук былі звязаны ногі. Ён сядзеў, апусціўшы галаву, і ні на што не звяртаў увагі. Нават не прасіў ні есці, ні піць. Здаровая рука яго была засунута пад сагнутыя калені. Хлопцы нават не правяралі, ці добра звязаны ў яго ногі. Цяпер Віктар неяк звярнуў увагу, што здаровая рука палоннага ўвесь час уздрыгвае. Падышоў, паглядзеў і крыкнуў:

— Эге! Гэты нумар не пройдзе!

Аказалася, што за доўгі час ён пальцамі здаровай рукі і трэсачкамі развязаў сабе вяроўкі на нагах. Прыйшлося прыкруціць яму здаровую руку да нагі.

Хлопцы яшчэ раней дагаварыліся, што ноччу вартаваць будуць разам, а не па чарзе.

— Сярод гэткай кампаніі боязна заставацца аднаму нават і тады, калі яны звязаныя, — казалі яны.

І яны абодва заставаліся на варце пасля таго, як усе бандыты паснулі. Утыркнуўшыся галовамі адзін аднаму ў спіну, яны храплі на ўвесь лес.

— Піць! — пачуўся голас раненага.

Узялі бляшанку — вады няма. Няўжо дзеля гэтага бандыта ісці ў цемру па ваду? Але ранены цяжка дыхаў, стагнаў — і ў хлопцаў не хапіла духу адмовіць яму. Схапіўшы бляшанку, Віктар пабег па ваду.

Мірон застаўся адзін. Жудасна яму зрабілася. Усё навакол стала нібы інакшым. Бандыты ўсе нібы пачалі варушыцца, трэсціся, хоць у той жа час храплі так, што рэха па лесе ішло.

Калі Віктар вярнуўся, Мірон прашаптаў:

— Больш па ваду не хадзі. Можа, гэтай хопіць, а калі не, — хай крыху пацерпяць. Мне пачало здавацца, нібы яны ўсе ўзад і ўперад торгаюцца. А спяць яны нават занадта моцна. Ніхто з іх за ўвесь час не павярнуўся на другі бок. У гэтым няёмкім становішчы дзіва так праляжаць.

— Трэба паглядзець! — сказаў Віктар.

Падышлі да адной пары, дакрануліся.

— А? Што? Хто тутака? Пайшоў к чорту! — пачуўся сонны голас.

Памацалі вяроўкі — мокрыя, лахматыя!

— Ах, каб на іх ліха! — ускрыкнуў Віктар. — Гэта ж яны грызуць адзін аднаму вяроўкі. Зараз жа рассуньцеся! Ну! А то страляць будзем! Раз… два…

Палоннікі нездаволена пачалі адсоўвацца і бурчаць:

— Вось чортавы дзеці!

Прыйшлося праверыць усіх. У двух вяроўкі былі слюнявыя і пагрызеныя. Каб яшчэ гадзіна, другая, справа была б дрэнная. Замацавалі зноў і размясцілі іх паасобку.

Ноч цягнулася доўга. Марудна. Усё здавалася, што бандыты зноў нешта надумалі. Цяпер яны ўжо так не храплі, не ляжалі спакойна, як раней. Часта варочаліся з боку на бок. Хлопцы пільна сачылі, каб яны не збліжаліся, і ўвесь час пакрыквалі:

— Адсуньцеся!… Далей!…

Праз якую гадзіну зноў усё сцішылася.

Было ўжо далёка за поўнач, калі хлопцы пачулі нейкі смурод, нібы ад смаленага адзення.

— Што гэта? Ці не падсмаліўся хто?

— Мусіць, той, што бліжэй да вогнішча?

Падышлі да яго. Віктар схіліўся, а ў гэты момант адна рука абхапіла яго за шыю, а другая ўхапілася за рэвальвер.

— Мірон, страляй! — крыкнуў ён немым голасам.

Бандыты заварушыліся, загулі, пачалі куляцца бліжэй. Хлопцам здавалася, што яны ўсе ўжо развязаліся і зараз накінуцца на іх. І вось Віктар адчуў, як жалезная рука адабрала ў яго рэвальвер…

— Страляй! Страляй! Хутчэй! — крычаў ён у роспачы.

Але ў гэты момант пачуўся спакойны голас Мірона:

— Палажы рэвальвер на зямлю і адсоўвай руку! Раз… два…

Пальцы бандыта расшчапіліся, і рэвальвер застаўся на зямлі. Віктар схапіў яго і выпрастаўся.

Мірон стаяў за спіной бандыта, засунуўшы рэвальвер за яго каўнер. Халодная сталь прымусіла бандыта пакарыцца…

— Звязвай рукі! — сказаў Мірон.

Віктар зноў старанна звязаў іх. Рукі былі пасмаленыя, слізкія…

Зрабілі новую праверку. Размясцілі ўсіх вакол вогнішча за некалькі крокаў ад агню. Востры момант усхваляваў усіх, але было ціха, нібы нічога не здарылася. Толькі Віктар, адвёўшы Мірона ўбок, з абурэннем казаў:

— Чаму ж ты не страляў? З-за тваёй непатрэбнай літасці мы абодва ледзь не загінулі!

— Ніякай літасці тут не было, а разумнае меркаванне, — адказаў Мірон. — Каб я стрэліў адразу, то мог трапіць і ў цябе, бо вы былі сашчапіўшыся. Каб я прыставіў рэвальвер да яго галавы, ён мог бы адхіснуцца і нават выбіць у мяне рэвальвер. А калі я засунуў рэвальвер яму за каўнер, то бандыт ужо нічога не мог зрабіць, а я заўсёды паспеў бы стрэліць.

— Але ж і цярплівы, гад! — дзівіўся Віктар. — Смаліць руку разам з вяроўкай — і ні гу-гу!

Нарэшце прыйшоў канец і гэтай страшнай ночы. Сонца яшчэ не вылезла з-за лесу, як між дрэў паказаліся постаці чырвонаармейцаў. Было іх чалавек дванаццаць. Наперадзе ішоў, лепш сказаць, бег камандзір з трыма кубікамі ў пятліцах. Гэта быў Саўчук. Ён увесь час хваляваўся больш, чым самі хлопцы. Ён лепш за іх разумеў, у якім сур'ёзным, адказным і небяспечным становішчы засталіся хлопцы ў гэтую ноч.

Якая ж была яго радасць, калі ён здалёк убачыў іх жывымі на сваёй варце! Хлопцы радасна махалі рукамі, шапкамі і так крычалі «ўра», што ўспудзілі зайца з-пад далёкага куста. А для бандытаў гэты радасны крык азначаў канец надзеі…

— Малайцы, хлопцы! — сказаў Саўчук, абдымаючы іх. — А цяпер давайце збірацца дадому.

…Праз дзве гадзіны ў лесе было ўжо зусім ціха. Сіратліва курэў пакінуты агонь. Каля яго валяліся непатрэбныя рэшткі разабранага зубра. Убаку бялеўся пагорачак свежага пяску — бясслаўная магіла чорнага бандыта.

Лясныя жыхары асмялелі. Залескатала ўверсе вавёрка, аглядаючы пакінутую стаянку. Зноў закаркалі вароны і паступова авалодалі рэшткамі зубра. А да іх ужо накіроўваўся воўк…

У Палескай пушчы распачыналася нармальнае жыццё, парушанае было чалавекам.

1930

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×