— І вы папаліся? — з папрокам сказаў адзін з іх сваім новым таварышам.

— Гэтак жа, як і вы! — злосна буркнуў нехта ў адказ.

Саўчук падышоў да іх і сказаў:

— Дазвольце ўжо і вам звязаць рукі. Мы вымушаны гэта зрабіць.

Бліснулі бандыты вачыма, сцялі зубы, сціснулі кулакі, але за спіною стаялі хлопцы з рэвальверамі — і бандыты скарыліся.

Каб перавязаць усім рукі і ногі, Саўчук зняў з бандытаў усе паясы і рамяні, якімі яны былі падперазаны. Віктар штурхнуў пад бок Мірона і шапнуў:

— Цяпер яны не ўцякуць, каб нават і ногі былі не звязаныя.

Тыя два, якіх звязалі яшчэ раніцай, пачалі прасіцца:

— Рукі здранцвелі, развяжыце хоць на некалькі хвілін.

— Выбачайце, — адказаў Саўчук, — цяпер аніяк нельга. Прыйдзецца яшчэ трошкі пацярпець. Я таксама цярпеў. Вы тым часам пасядзіце тут ля вогнішча, можаце нават распачаць свой сход. Шкада толькі, што старшыня ваш забіты.

— Сам вінаваты, — сказаў адзін з бандытаў. — Не знішчыў гэтых шчанят, калі была магчымасць, дык цяпер і сам загінуў і нас загубіў.

Хлопцы адчулі задавальненне, што бандыты так высока ацанілі іхнюю ролю ў гэтай справе.

Пасля таго Саўчук адвёў хлопцаў убок і сказаў:

— Баявыя аперацыі мы з вамі скончылі паспяхова. Ёсць і трафеі, і палонныя. А як нам з усім гэтым выбрацца адсюль? Правесці ўсіх са звязанымі рукамі па тых кладках немагчыма. Апрача таго, у нас ёсць яшчэ двое раненых, з якіх аднаго прыйдзецца несці. І забітага трэба было б пахаваць, а няма чым. Адным словам, мы самі з усёй гэтай аперацыяй не справімся. Так?

Мірон і Віктар павінны былі згадзіцца, што яно так. Значыцца — трэба ісці па дапамогу. Ісці можа толькі адзін таварыш Саўчук. А хлопцам прыйдзецца заставацца тут і пільнаваць гэтую кампанію…

— Гэта вельмі сур'ёзная справа, — казаў Саўчук. — Для вас яна больш сур'ёзная, чым усе сённяшнія ваенныя дзеянні. На працягу ўсёй ночы вы будзеце рызыкаваць жыццём кожную хвіліну, бо яны будуць прыдумваць усялякія штукі. Будзьце пільнымі, не спускайце з іх вачэй усю ноч. Калі што якое, страляйце не задумваючыся. Як вам здаецца, справіцеся?

— Справімся! — упэўнена адказаў Віктар.

А Мірон трошкі падумаў і тады ўжо сказаў:

— Ды нам нічога іншага не застаецца, як справіцца.

— А цяпер пойдзем праверым усе вузлы і вяроўкі, — павярнуўся Саўчук. — Прыгледзьцеся добра, як яны звязаны.

Звязаныя злосна бурчалі:

— Зноў праверка! Ды вы толькі што звязвалі. Лепш есці далі б.

— Ціха, ціха, — лагодна казаў Саўчук. — Усё будзе ў свой час. А цяпер пацярпіце адну толькі ноч. Больш вас ніколі звязваць не будуць.

Затым Саўчук дапамог хлопцам назапасіць галля на ноч і пасля таго рушыў у дарогу.

XXIV

Апошняя ноч на востраве. — «Кармленне звяроў». — Хітрыкі палоннікаў. — Смалены бандыт. — Зварот дадому.

Хлопцы зноў засталіся ў лесе. Але цяпер перад імі сядзела пяць чалавек ды шосты ляжаў побач. І людзі гэтыя для іх былі больш небяспечныя, чым усе тутэйшыя звяры.

Калі бандыты ўбачылі, што старэйшы пайшоў, яны ажывіліся і пачалі перагаворвацца. Відаць, яны сцямілі, што той пайшоў па дапамогу і вернецца няхутка, а таму ў іх з'явілася надзея як-небудзь абдурыць гэтых хлопцаў. Калі хлопцы падышлі бліжэй да іх, палонныя змоўклі. Толькі скоса пазіралі на сваіх вартаўнікоў. А потым «стары знаёмы» бандыт спытаў:

— Скажыце, чаму вы не адгукаліся, калі мы тыдні два назад шукалі вас і нават стралялі? Ці вы не чулі?

— Чулі, ды не хацелі сустракацца з вамі, — адказалі хлопцы.

— Чаму? Мы ж маглі вам паказаць дарогу.

— Ведаем, якую дарогу вы хацелі нам паказаць.

— Адкуль жа вы маглі ведаць?

— Бабры сказалі! — засмяяўся Віктар.

— А! Дык вы падслухалі?

— Чуткі такія па лесе пайшлі.

Нарэшце хлопцы адчулі, што вельмі хочуць есці.

У трафейнай торбе прадуктаў было нямнога, асабліва хлеба: раніцою хлопцы і Саўчук добра пад'елі, не шкадуючы бандыцкіх запасаў. Вочы палонных прагна накіраваліся на ежу.

— Як тут дзяліць? — казаў Мірон, круцячы ў руках хлеб. — А есці на іхніх вачах не магу. І схавацца ад іх няма як.

Тыя два, што былі ўзяты раніцой, нарэшце не вытрымалі і папрасілі:

— Дайце хоць хлеба кавалачак, мы ўвесь дзень нічога не елі.

— Хлеба? — усклікнуў Віктар. — Мы ж яго цэлы месяц не елі. Лепш мы засмажым вам цудоўнага зубровага мяса.

Сваім вострым кінжалам яны лёгка нарэзалі тонкіх лустаў мяса і паклалі ў агонь, а самі са спакойным сумленнем узяліся за хлеб і сала. Палонныя цярпліва чакалі сваёй чаргі, аб нечым перашэптваліся. Пакуль хлопцы павячэралі, мяса сасмажылася. Можна было вячэраць і палонным, але як?…

— Вы па чарзе. Развяжыце рукі аднаму, потым другому, — прапанаваў адзін з бандытаў, відаць, абмеркаваны ўжо імі план.

— Ну, не! — сказаў Віктар. — Лепш ужо вы пацярпіце да заўтрага без яды. Ніякай бяды з вамі не будзе. Мы тут галадалі больш — і нічога з намі не здарылася.

Палонныя паспрабавалі былі яшчэ даводзіць, што баяцца хлопцам няма чаго, што развязаны будзе толькі адзін, а супраць яго будуць двое ўзброеных, але хлопцы і слухаць не хацелі. Тады самы галодны без ніякіх хітрыкаў папрасіў:

— Дайце мне ў рот хоць кавалак.

— Гэта іншая рэч! — згадзіліся хлопцы і далі яму ў рот кавалак мяса.

Затым па просьбе далі другому, а іншыя адмовіліся. Цяжкараненаму давалі і хлеба, і сала, але ён папрасіў толькі піць.

Мірон узяў бляшанку і пабег да бабровага ручая па ваду. Калі напаіў хворага, папрасілі і здаровыя. Зноў пабег Мірон.

— Вы б узялі другую бляшанку і пабеглі абодва, — параіў адзін.

— Дзякуем за параду! — насмешліва адказаў яму Віктар.

Потым бегаў яшчэ Віктар два разы, пакуль напаілі ўсіх. Тады з'явілася новая просьба:

— Дайце пакурыць. Вазьміце ў нашых кішэнях папяросы і запалкі.

Віктар дастаў папяросы і пачаў соваць усім у рот. Потым паднёс ім агонь. Мірон занепакоіўся, каб Віктар і сам не закурыў, бо спакуса для яго была надта вялікая. Ён сквапна глядзеў на папяросы, што былі ў яго руках, узяў адну, пачаў круціць яе, разглядаць…

Мірон кінуўся ратаваць свайго прыяцеля. Ціхенька ўзяў з яго рук папяросы і сказаў:

— Паслухайся мяне, Віця, пацярпі! Столькі часу прайшло, ты ўжо адвык. Ці варта зноў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×