— А скуру?

— Таксама парэжам на кавалкі. Хвацкія будуць падэшвы.

Потым пачалі раскладаць агонь і разбіраць тушу. Чорны скінуў світку, закасаў рукавы і ўзяўся за справу. Яму дапамагалі таварышы.

Кожны шрам на целе зубра болем адбіваўся ў сэрцах хлопцаў. Чорны акрываўлены бандыт здаваўся катам. Цяжка было разбіраць гэтую магутную жывёліну, а ў іх, як відаць, былі толькі звычайныя паляўнічыя нажы.

— Паслухайце! — спыніўся чорны. — Там ёсць добры кінжал.

У хлопцаў заняло дух…

Чорны накіраваўся да бабровай хаткі.

Праз некалькі хвілін ён вярнуўся.

— Чорт яго ведае, няма! — сказаў ён.

— А рэчы? — устрывожыліся яго таварышы.

— Рэчы на месцы. Толькі чамусьці ўсярэдзіну насыпалася ламачча, нібы хто зверху праламаў.

— А можа, хто кратаў? — падазрона запытаўся незнаёмы.

— Можа, і ўзлазіла наверх якая жывёліна.

— Ты добра глядзеў? Усё ёсць? Можа, тыя лайдакі дабраліся? — перапытаў малодшы.

— Мы ж глядзелі тады, калі іх ужо не было. Каб яны знайшлі, дык напэўна ўзялі б. А я перамацаў усе рэчы, толькі кінжала не натрапіў. Мусіць, ён заваліўся дзе паміж галля. Доўга было б шукаць.

Але незнаёмы ўсё непакоіўся.

— Трэба было б добра перагледзець усе рэчы, — сказаў ён. — Можа, тыя хлопцы знайшлі, можа, яны яшчэ дзе-небудзь тут?

— Не думаю, каб яны паквапіліся толькі на адзін кінжал, — усміхнуўся чорны і прыняўся зноў за працу.

— А рэвальверы глядзеў? — не адставаў новы.

— Скрынкі на месцы, але я іх не адчыняў, — спакойна прамовіў чорны.

— Вось бачыш.

— Ды чаго ты непакоішся? — умяшаўся малодшы. — Мы ж абышлі ўвесь лес, стралялі, гукалі. Каб яны тут былі дык адгукнуліся б, пачуўшы людзей. Усе рэчы тады былі цэлыя. Мы і рэвальверы глядзелі.

— А ўсё ж такі трэба пераканацца, — паківаў галавой новы.

— Добра, — супакоіў чорны. — Зараз скончым і паглядзім. Пойдзем нават паглядзець і іх «хату».

Хлопцы чулі ўсю гэтую размову і рыхтавалі сябе да апошніх рашучых падзей. Галоўнай іх перавагаю было тое, што іх лічылі загінуўшымі. А калі здагадаюцца, што яны жывыя, тады ім ужо не справіцца з трыма такімі бандытамі, у якіх яшчэ і стрэльба была. Хіба толькі ўдасца схавацца.

Тым часам бандыты знялі скуру і селі адпачыць.

— Трэба было б за гэтага ўзяцца, — кінуў малодшы на палонніка. — Чаго з ім доўга валаводзіцца?

— Але, — устаў чорны.

Палоннік сядзеў на зямлі, апусціўшы галаву. Час ад часу ён торгаў рукамі, але дзе там было вызваліцца!

— Хадзі сюды, сабака! — падышоў да яго чорны, узяў за плечы, падняў і падапхнуў да вогнішча. Потым развязаў хустку.

Хлопцы ўбачылі маладога чалавека гадоў дваццаці васьмі з прадаўгаватым, сухарлявым тварам. Тонкія сціснутыя вусны і зморшчкі на лбе сведчылі аб яго напружанні, але вочы безуважліва глядзелі некуды міма бандытаў.

— Цяпер ужо можаш крычаць колькі ўлезе, — засмяяўся незнаёмы.

Тады падышоў малодшы і звярнуўся да палонніка:

— Слухай! Ты можаш палепшыць сваё становішча, калі скажаш, якім чынам даведаўся пра нас, хто табе ў гэтым дапамог. Назаві чалавека, які выдаў нас.

Палоннік не адказваў, бандыт памаўчаў. Пасля пачаў зноў.

— Геройства тваё ўжо непатрэбнае: ты ў поўнай нашай уладзе. Ніхто цябе не пачуе. Калі скажаш, то значна палегчыш свой лёс. А калі не… дык мы здолеем прымусіць цябе, — прасіпеў бандыт.

Палоннік усё маўчаў.

— Ну! — грозна крыкнуў чорны. — Адказвай!

— Канчайце хутчэй вашу справу, а я нічога не скажу! — нарэшце прамовіў палоннік.

— Канчаць хутчэй? — засмяяліся бандыты. — Не, брат, пачакай яшчэ. Гэта толькі пачатак.

І чорны выцяў палонніка кулаком па твары…

Небарака пахіснуўся і паваліўся на зямлю. З носа і рота паказалася кроў…

У хлопцаў аж заляскалі зубы ад хвалявання.

— Нельга сядзець!… Не маем права!… Трэба страляць! — прашаптаў Віктар.

— Пачакаем, пачакаем хоць крыху, — усхваляваным шэптам адказаў Мірон. — Досыць далёка… Не трапім… А тады канец і яму, і нам. Пакуль ён жывы, пачакаем… Можа, будзе лепшы момант.

Чорны ўзяў галаўню і паднёс яе да твару палонніка.

— Можа, агонь прымусіць цябе гаварыць? Апрача таго, у нас і яшчэ знойдуцца добрыя спосабы. Часу хапае. Кажы лепш!

Палоннік адхіснуўся і зноў нічога не адказаў.

— Слухайце, — умяшаўся незнаёмы. — Адкладзём допыт да таго часу, пакуль падыдуць нашы таварышы. Тады зробім гэта па ўсіх правілах мастацтва. А цяпер пойдзем паглядзім наш склад ды будку тых хлопцаў.

— Сапраўды, гэтак будзе лепш, — падтрымаў малодшы.

— Добра, — згадзіўся чорны. — А ты тым часам падумай. І не чакай хуткай смерці. Разбяром цябе на кавалачкі, але прымусім сказаць! А цяпер звяжам цябе так, каб ты спакойна мог праляжаць да заўтрага.

Яны зрэзалі доўгую жардзіну, прасунулі яе палонніку між рукамі і каленямі і звязалі яго так, што ён і паварухнуцца не мог.

Хлопцы былі задаволены. Гэта азначала, што бандыты збіраюцца ісці ўсе трое.

І сапраўды яны ўсе накіраваліся да бабровай хаткі. З вялікім жалем убачылі хлопцы, што чорны ўзяў сваю стрэльбу. Бабровы ручай быў зусім блізка, але, здаецца, адтуль нельга было бачыць палонніка, бо ён сядзеў на зямлі і яго засланяў зараснік, што рос на беразе ручая.

Хлопцам не трэба было дамаўляцца, што рабіць. Абы толькі паспець, пакуль бандыты вернуцца, бо калі яны выявяць недахоп сваіх рэчаў, то ўстрывожацца і зараз жа прыйдуць назад.

Мігам папаўзлі яны да таго месца, дзе сядзеў палоннік. Яны так спяшаліся, што нават не звярталі ўвагі на шолах і хруст, які яны робяць.

Палоннік пачуў і азірнуўся.

— Тсс! — шапнулі хлопцы.

Нібы агонь бліснуў у вачах палонніка. Але болей ён не варухнуўся і застаўся сядзець, як сядзеў.

Мірон падпоўз збоку, зараз жа перарэзаў вяроўкі і сунуў палонніку рэвальвер.

— Уцякайце! — шапнуў ён.

Але, убачыўшы рэвальвер, палоннік застаўся сядзець нерухома.

— У вас ёсць рэвальверы? — спытаў ён, не паварочваючы галавы.

— Ёсць, нават чатыры.

— У такім разе хавайцеся ззаду і чакайце, а я буду сядзець, як сядзеў. Гэтак мы лягчэй справімся з імі. Я сам спраўлюся з двума, а на вашу долю застанецца адзін. Падсуньце пад мяне рэвальвер. Ці зараджаны ён?

— Зараджаны, іхні, — адказаў Мірон і адпоўз назад.

Палоннік паправіў сваю жардзіну, заблытаў на руках вяроўкі і застаўся сядзець.

Хлопцы схаваліся ззаду.

— Чаму ён не ідзе? — здзівіўся Віктар.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×