вальнадумства й зьнічтажаюць усіх і ўсё, што нейкім чынам зьвязана зь беларускім нацыяналізмам. Ён паведаміў, што студэнты, якіх польская паліцыя акрэсьліла як камуністаў, былі арыштаваныя й зьніклі. Янка лічыў, што я моцна памыліўся, што вярнуўся. Ён параіў мне пайсьці ў гарадскую адміністрацыю й пабачыцца зь дзяўчынай пад прозьвішчам Абрамовіч. Яна вучылася ў адной клясе са мной у польскай гімназіі й, паколькі была жыдоўкай, хутка атрымала адміністратыўны пост у гарадзкіх ворганах кіраваньня. Савецкі ўрад і КГБ выказвалі шмат сымпатыі да жыдоў, што разыходзілася з антысеміцкай палітыкай пры Польшчы. Саветы абвесьцілі жыдоў раўнапраўнымі грамадзянамі, якія атрымалі нават болей правоў за ўсіх астатніх, бо яны цяпер займалі амаль усе адміністратыўныя й больш-менш уплывовыя пасты.

Я накіраваўся ў пашпартны стол, дзе працавала Абрамовіч, і яна вельмі ўзрадавалася, калі пабачыла мяне. Калі я паведаміў ёй, што зьяўляюся ваеннапалонным, яна дала мне знак, каб я маўчаў і ня ўзгадваў нічога пра свае ўцёкі. Яна параіла мне зманіць, што я прыбыў зь іншага горада й хацеў бы зарэгістравацца ў Наваградку. Праз колькі хвілінаў я атрымаў пашпарт са сваім прозьвішчам і адрэсай і зрабіўся паўнапраўным грамадзянінам Савецкай Беларусі. Абрамовіч запрапанавала сустрэцца крыху пазьней, каб абмеркаваць некаторыя дэталі. Тым самым вечарам мы сустрэліся ў рэстарацыі, і Абрамовіч папярэдзіла мяне, што мы ня можам гаварыць пра палітычную сытуацыю, і ўвесь час нэрвова азіралася па баках. Мы замовілі каву й гутарылі пра нашае мінулае ў польскай гімназіі й пра асабістае жыцьцё Абрамовіч. Яна была заручаная з адным з маіх прыяцеляў. Значна пазьней, калі я пабачыў Абрамовіч наступным разам, яна йшла ў калёне, якую эсэсаўцы вялі на растрэл.

Перад тым, як я выехаў у Львоў, мы з маці зьезьдзілі ў Любчу, каб пабачыцца з раднёй і пабываць на бацькавай магіле. Да мяне вярнуліся дзіцячыя ўспаміны пра папярэднія прыезды. Калі я быў малым, я шкадаваў, што ў мяне няма бацькі, але цяпер я ўжо быў дарослым і адчуваў, што не разумею, чаго мне не хапала. Маці, са сьлязьмі на вачах, павярнулася да мяне й сказала, што яна спадзяецца, што я буду гэткім жа, як і мой бацька. Яна сказала, што будзе маліцца за мяне, каб я патрапіў на медыцынскі факультэт і спраўдзіў сваю мару стаць лекарам. На той момант я быў упэўнены, што не падвяду яе. Я глядзеў на ейнае маленькае цела, якое было такім моцным, і яна ў той дзень пераўтварылася ў волата ў маіх вачах. Я так любіў і паважаў яе. Яна столькім ахвяравала, каб дапамагчы мне. Мая маці была ня вельмі рэлігіёзнай. Яна наведвала царкву раз на год, на вялікодную службу. У ейным пакоі вісела йкона, і перад ёй — лампадка. Ікона заставалася вісець і пры польскай, і пры савецкай акупацыі. У большасьці хат іконы зьніклі, калі прыйшлі саветы. Было вельмі лёгка пазнаць тых сьлепакоў, якія раней наведвалі царкву кожную нядзелю й былі вельмі рэлігіёзнымі, але раптам, калі ўлада стала савецкай, прыбралі йконы, кінулі хадзіць да царквы й сталі атэістамі. Мая ж маці, як хадзіла да царквы раз на год раней, так і працягвала рабіць гэта й за саветамі. Яна была жанчынай зь цьвёрдымі прынцыпамі.

Мы вярнуліся ў Наваградак, і я сеў у цягнік, каб пабачыцца са сваімі сябрамі ў Львове.

На жаль, я спазьніўся на медыцынскі факультэт. Мае сябры параілі мне запісацца на які-небудзь іншы, хаця яны й баяліся, што я разгублюся ў такім вялікім горадзе, як Львоў, і не змагу жыць тамака без апекі. У выніку, яны прапанавалі мне вярнуцца ў Беларусь, хаця й разумелі, што ў Наваградку вельмі хутка змогуць вылічыць, адкуль я зьявіўся, і рэпрасаваць. Да мяне таксама даходзілі ўжо чуткі, што ўсе, хто вярнуўся з Германіі, лічыліся ненадзейнымі й высылаліся ў Сібір. Нягледзячы на ўсё гэта, мы зь сябрамі прабавілі некалькі цудоўных дзён разам у Львове. Мы размаўлялі адкрыта, бо давяралі адзін аднаму, і сыйшліся на тым, што камуністычная рэчаіснаьць ёсьць турмой, дзе пралетарыят — раб савецкай сыстэмы. Мы падзівіліся таму, як Сталін здолеў унушыць страх і пакорнасьць мільёнам людзей.

Празь некалькі дзён я вярнуўся ў Наваградак, а потым знайшоў у Любчы месца выкладчыка нямецкай мовы ў рускай школе. Я вырашыў год папрацаваць тамака, а наступным — падаваць дакументы на медыцынскі факультэт. Я ад’ехаў у Любчу недзе напрыканцы верасьня 1940 году. Я быў моцна расчараваны тым, што не патрапіў на медыцынскі факультэт, але я пачуваўся яшчэ больш расчараваным у дачыненьні да савецкай сыстэмы. Навіны пра ўсемагутную Камуністычную партыю й КГБ рабіліся ўсё больш жахлівымі й неверагоднымі.

Калі я прыехаў у Любчу, мне падалося, што час спыніўся. Мяне ўразіла мірная атмасфэра на берагах Нёмана, і я бавіў шмат часу, назіраючы, як мае вучні ловяць у гэтай рацэ рыбу, плёскаюцца, катаюцца на лодках.

Мая бабуля, здаецца, не зьмянілася. Яна падавалася мне ўсё гэткай жа старой, спагадлівай, клапатлівай. Мой дзед зрабіўся крыху лядашчым і ніяк ня мог прыстасавацца да пераменаў, асабліва да новага часу, пераведзенага на дзьве гадзіны наперад. Я памятаю, як дзед неяк сядзеў на ложку, драмаў з адчыненым ротам, а потым раптам прачнуўся й спытаўся, колькі часу. Я адказаў, што дзесяць гадзінаў, але дзед хацеў даведацца, па якім часе — новым альбо старым. Я супакоіў дзеда, што па старым, і толькі тады ён заснуў ізноў. Яму зусім не падабалася новая сытуацыя, і ён заўсёды бурчэў наконт яе. Ён цяпер згубіў уладу саматужнага адваката й дарадцы, бо зьмяніліся законы. Ён больш ня меў права слова ў грамадзкім жыцьці, бо цяпер усім кіравала Камуністычная партыя. На дзедава месца былі прызначаныя новыя людзі, якія прыехалі здалёк, і мяне непрыемна ўразіла тое, што яны ўсе размаўлялі выключна па-расейску.

Школа, дзе я выкладаў, разьмяшчалася ў старым маёнтку сямьі Набокавых. Нашыя заняткі праходзілі ў прыгожых, але крыху занядбаных пакоях. Шкада было бачыць, што гэныя пэрлы архітэктуры барока выкарыстоўваюцца ў мэтах русіфікацыі. Усе каштоўнасьці з маёнтка зьніклі, бо тады было звычайным тое, што гістарычныя каштоўнасьці вывозяцца зь Беларусі ў Расею.

Набокавы былі дваранамі, якія паходзілі ад рускіх і немцаў. Малады Набокаў якраз і зьяўляецца аўтарам «Лаліты» й іншых твораў. У дзяцінстве Набокаў увесь час спрабаваў зьбегчы са сваіх харомаў, каб пагуляць з намі, але яго заўсёды вярталі назад і папракалі нянькі, якія не хацелі, каб яго «запэцкалі» простыя людзі. Блакітнавокі, сьветлавалосы Набокаў быў добра выхаваным і вельмі прыязна да нас ставіўся. Ён заўсёды прасіў прабачэньня за тое, што ня можа запрасіць мяне дадому, бо гэта парушыла б усталяваныя правілы. Ён часта таемна прыходзіў да нас, бо ў нас была вельмі ўтульная атмасфэра, што яму так падабалася, і мы частавалі яго чым-небудзь. Ён некалькі разоў казаў мне, што не хацеў бы вяртацца дадому, а лепш застаўся б у нас і жыў тым жыцьцём, якое было ў мяне. Пасьля «вызваленьня» саветамі сямья Набокавых некуды зьнікла, відаць, апынулася ў Сібіры. Аднак мой сябар здолеў уцячы ў Германію і адтуль — у ЗША, дзе ён памёр у 1987 годзе.

Я накіраваўся ў школу, каб абмеркаваць сваё назначэньне. Дырэктар школы, Міхайлаў, таксама размаўляў па-расейску. Усе настаўнікі спрабавалі ўвесьці гэтую мову ў выкладаньне. Я папрасіў прабачэньня за тое, што па-расейску не размаўляю, і выказаў зьдзіўленьне з нагоды таго, што ў Любчы, горадзе з трыма тысячамі насельнікаў, семсот зь якіх былі жыдамі, а астатнія — беларусамі па этнічным паходжаньні, усе размаўляюць па-расейску. Дырэктар быў моцна зьдзіўлены маёй заўвагай і незадаволены. Ён спытаў, ці ня ёсьць я адным з тых нацыяналістаў, якія адмаўляюцца гаварыць па-расейску. Мне гэнае пытаньне падалося крыху правакацыйным, і, паколькі я помніў папярэджаньні свайго дзядзькі аб палітыцы русіфікацыі ў Савецкім Саюзе, адказаў, што не зьяўляюся нацыяналістам, але мне падаецца зусім натуральным, што людзі павінны размаўляць на сваёй роднаё мове, калі ўжо мая краіна была вызваленая саветамі й аб’яднаная пад назвай Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Я заявіў, што назва «Беларуская» ўказвае на тое, што мы ёсьць асобнай рэспублікай, і што, на маю думку, мы мусім мець пэўныя прывілеі й правы, кшталту, размаўляць на роднай мове. Я сказаў, што ня маю нічога супраць таго, каб вывучаць рускую, нямецкую, лацінскую й іншыя мовы, але настойваю на тым, што мы мусім мець права размаўляць па-беларуску. Я, натуральна, зрабіў на дырэктара дрэннае ўражаньне й баяўся, што ён вырашыць высьветліць маё паходжаньне.

Наступным днём дырэктар спытаўся ў мяне, ці ня ёсьць я пляменьнікам Базылю Рагулю, які выкладае рускую мову ў той самай школе. Я пацьвердзіў гэта, і дырэктар параіў мне пераняць сьветапогляд дзядзькі. Мой дзядзька Базыль атрымаў адукацыю ў Расеі й размаўляў па-расейску. Ён вельмі добра ведаў рускую літаратуру. Калі я спытаў яго, чаму ён, беларускі патрыёт, так захапляецца рускай літаратурай, ён адказаў, што яна надта прыгожая. Я ня стаў пярэчыць дзядзьку й нічога ня меў супраць таго, каб ён размаўляў па- расейску, каб выказаць свае думкі й пачуцьці. У польскім парлямэнце й сенаце ён абараняў правы беларусаў і заўсёды размаўляў па-беларуску дома. Дырэктару я адказаў, што дзядзька Базыль ня мае на мяне ніякага ўплыву ў дачыненьні да нацыяналістычных і палітычных поглядаў і, здаецца, запэўніў дырэктара.

Навучаньне ў школе, дзе я працаваў, грунтавалася на праграме дзесяцігадовай адукацыі. У вялікіх гарадох школьныя адукацыйныя стандарты былі значна вышэйшымі й па заканчэньні школы вучні былі лепш

Вы читаете Жыцьцё пад агнём
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×