раздутымі, але ў нас не было выбару.

А дзевятай гадзіне нас пастроілі ля варотаў, і ахоўнік праверыў кожнага з нас. Мне здавалася, што я перастаў дыхаць, але спрабаваў усьміхацца, каб быць натуральным. Але чым больш я стараўся, тым горш у мяне атрымлівалася. Аднак нічога ня здарылася, і нас вывелі з варотаў.

Мы пачалі працаваць. Мы вызначылі, што паспрабуем сысьці недзе каля пяці вечара, таму што будзе яшчэ дастаткова сьветла, каб бачыць дарогу, але ўжо блізка да ночы. Мы ўсьведамлялі, што пяці чалавекам будзе цяжка зьбегчы адначасова, і таму вырашылі падзяліцца на дзьве групы. Тры хлопцы, якія ўжо пасьпелі стаць нашымі сябрамі, мусілі сыходзіць першымі. Мы з Косьцікам павінны былі працягваць працаваць і далучыцца да нашых прыяцеляў, калі надарыцца нагода.

Каля чатырох мы ўжо былі гатовыя йсьці, але нямецкі афіцэр замінаў нам, бо якраз падаўся ў глыб лягеру, каб пазагараць. Праз колькі хвілінаў, праўда, ён кінуў гэную справу, і я даў хлопцам знак, каб яны йшлі. (Яны павінны былі перабрацца за кусты й рухацца ў паўднёвым накірунку, а мы б пайшлі ў паўночным.) Хлопцы сыйшлі, і якраз вярнуўся ахоўнік. Мы пачалі мітусіцца, хадзіць туды-сюды — рабіць выгляд, што старанна працуем. Ахоўнік ізноў пакінуў нас, і тады мы пераскочылі праз кусты, за секунду скінулі ўніформу, закінулі яе пад кусты. Потым мы пралезьлі пад дротам і выбраліся на дарогу. Адразу ж мы пабачылі двух нямецкіх капралаў, якія ехалі да лягеру на раварах. Калі немцы міналі нас, мы ўскінулі рукі, каб адсалютаваць. Капралы таксама павіталі нас і паехалі далей.

Была ўжо палова на пятую, і недзе каля пяці, мы думалі, нашая адсутнасьць мусіць быць заўважаная. Мы паскорылі хаду, дасягнулі кустоў, якія былі вельмі калючымі й падрапалі нам усе рукі й ногі. Потым мы пайшлі па дрыгве, і ногі нашыя зацягвала на тры-чатыры футы. Раптам мы пачулі, як у лягеры завішчэлі сірэны, і вымушаныя былі залегчы ў балота, так што ў нас тырчэлі толькі раты й насы, каб можна было дыхаць. Мы замерлі ў чаканьні. Часам мне здавалася, што дрыгва мяне заглыне. Я ўзгадаў гісторыі пра балоты ў нас дома, як людзі й коні зьнікалі тамака, бо ў балотаў, быццам бы, няма дна. Я баяўся, што ўжо ніколі ня выберуся. Я чуў, як на пэўнай адлегласьці крычаць немцы, але яны рухаліся ў адваротным накірунку.

Час ледзь цягнуўся. Нарэсьце апусьцілася цемра, і наўкола стала ціха й мірна. Я ня ведаў, колькі ўжо было часу, бо мой гадзіньнік сапсаваўся. Мы вылезьлі з дрыгвы, памылі потым нашую вопратку ў рацэ й рушылі ўзжоўж яе, пазьбягаючы дарог.

Перад сьвітанкам мы трапілі на нейкі хутар. Мы зазірнулі ў хлеў, узялі нейкія сельскагаспадарчыя прылады й закінулі іх на плечы, каб выдаваць на сялян, якія йдуць на працу.

Празь нейкі час мы наблізіліся да яшчэ адной гаспадаркі, дзе пачулі польскія галасы. Мы падышлі да гэных людзей і спыталіся, ці не патрэбныя ім працоўныя рукі. Гаспадар адказаў, што яму якраз патрэбныя работнікі, каб пакласьці проса ў гумно. Мы падумалі, што без праблем маглі б пабыць сялянамі, і пагадзіліся.

Калі мы працавалі, да нас у гумно прыйшла дачка гаспадара — пекная дзяўчына гадоў дваццаці, са сьветлымі валасамі й блакітнымі вачмі. Яна спыталася, ці не патрэбная нам дапамога, і я адкрыўся ёй, што мы ваеннапалонныя, уцекачы, і што нам трэба дабрацца да мяжы. Дзяўчына папярэдзіла нас нікому пра гэта не казаць, асабліва ейнаму бацьку, бо ўсе баяцца быць пакаранымі немцамі за дапамогу ўцекачам. Дзяўчына паабяцала нам, што папросіць бацьку наняць нас, і тады ў нас будзе дастаткова ежы, каб зьдзейсьніць свае пляны. Яна пайшла, а празь некаторы час вярнулася й паведаміла, што ўсё атрымалася.

Мы шмат у гэны дзень працавалі й добра пад’елі. Блізка да вечару дзяўчына паведаміла нам, што ўсё ў парадку, а яшчэ, што на большасьці хутароў і ў большасьці вёсак жывуць палякі, якія ненавідзяць немцаў. Яна дала нам адрэсы й імёны вяскоўцаў, якія маглі б нам дапамагчы, і паказала, дзе можна пераплыць Вістулу, якая была пад наглядам немцаў. Яна сказала таксама, як клічуць паромшчыка, які б мог нам даць човен пераплысьці раку. Мы падзякавалі дзяўчыне й рушылі далей.

Мы йшлі ўдзень, падраблялі ў якасьці батракоў, а калі дайшлі да пераправы на Вістуле, растлумачылі паромшчыку, што нам трэба. Ён паабяцаў, што ноччы перавязе нас у маленькім чоўне на ўсход. Такім чынам, гэнай ноччу мы перасеклі Вістулу. Паромшчык высадзіў нас на другім беразе, пажадаў удачы й загадаў вяртацца назад з саветамі, каб тыя вызвалілі ягоную краіну.

Мы рухаліся далей, да савецкай мяжы, да якой, як мы думалі, было кілямэтраў трыста-чатырыста. Мы йшлі на ўсход па ўскраінах і пазьбягалі вялікіх гарадоў. Мы станавіліся ўсё больш і больш нядбайнымі ў гэным паходзе праз Польшчу, і на адным хутары сын гаспадара нагадаў нам, што мы мусім быць больш асьцярожнымі. Ён паведаміў нам, што шмат у якіх раёнах немцы ўзмацнілі вышук уцекачоў і польскіх падпольшчыкаў. Ён таксама дадаў, што немцы могуць без папярэджаньня праверыць, ці маем мы дазвол вандраваць. Мы пачуваліся такімі вольнымі на прыродзе, без агароджы й ахоўнікаў, што занадта расслабіліся. Папярэджаньні хлопца вярнулі нас да рэчаіснасьці, і мы ўспомнілі, што знаходзімся ў вышуку й нас могуць злавіць. Мы распыталі хлопца пра сытуацыю ў Польшчы, а ён нас — пра тое, як немцы ставіліся да нас у лягеры.

Хлопец распавёў нам, што немцы стварылі ў Польшчы часовы ўрад, які меў пэўную адміністратыўную ўладу ў гарадох і вёсках, але насамрэч гэта не яны, а ўсемагутныя СС, у чорных кашулях, і СА, у рудых, трымалі Польшчу пад залезнай пятой. Але палякі аказаліся вельмі патрыятычнымі й не здаліся так хутка, як на тое спадзяваліся немцы. Таксама палякі мелі вельмі моцны й добра арганізаваны падпольны рух, які называўся Армія Краёва. Калі немцам удавалася схапіць падпольшчыкаў, іх адразу адпраўлялі ў канцэнтрацыйныя лягеры. Але, незалежна ад гэнага тэрору, польскі народ заставаўся перакананым, што ён ня прыме нямецкай акупацыі, і верыў, што ў рэсьце рэшт ангельцы прыкладуць больш намаганьняў у барацьбе з фашыстамі й, разам з французамі, перамогуць іх. Хаця хадзілі чуткі, што ангельцы й французы адступаюць і што хутка й сама Англія будзе акупаваная. Атрымаць жа дакаладную інфармацыю было вельмі цяжка, бо немцы забаранілі друк і кантралявалі афіцыйнае радыё. Але, незалежна ад таго, чуткі гэна былі альбо праўда, сытуацыя сапраўды заставалася напружанай, і мы сталі паводзіць сябе больш асьцярожна.

Дзень пры дні мы йшлі хуткай хадой і нарэсьце дасягнулі Варшавы. Мы абмінулі горад і прабавілі вечар у хляве, недалёка ад мяжы. Гаспадар даў нам ежы й пакінуў нас у спакоі.

Мы размаўлялі пра тое, як спраўдзім свае мары, калі дайдзем дадому. Косьцік гаварыў пра тое, як пойдзе вучыцца на інжынера, а я — на лекара. Ноччы я прысьніў сябе студэнтам, які плённа працуе, атрымлівае дыплом, а потым — пасаду лекара. Я бачыў сваю маці, зь ейнымі карымі вачмі. Як яна падахвочвае мяне й просіць ніколі не здавацца, якой бы цяжкой ні падавалася справа. Нараніцу Косьцік сказаў мне, што я размаўляў у сьне пра розныя там школы, лячомніцы, пра маці й бацьку, і мой сон ізноў вярнуўся да мяне. Мне стала так хораша, я пачуваўся такім бадзёрым.

Гаспадар пакарміў нас, даў тое-сёе ў дарогу й сказаў, што да савецкай мяжы трэба йсьці яшчэ, прыкладна, дзень. Але ён таксама паведаміў нам, што, па чутках, мяжа зачыненая й абмен палоннымі прыпынены. Каб трапіць на той бок, трэба прайсьці спецыяльную праверку. Ён падкрэсьліў, што гэта ўсяго толькі чуткі, але мы ўсё ж такі мусім іх ведаць. Мы падзякавалі яму за гасьціннасьць і паабяцалі, што калі Польшча й Беларусь будуць ізноў вольныя, мы вернемся, каб расплаціцца за ягоную дабрыню. Мы пакінулі ягоную гаспадарку зь віламі й косамі ў надзеі, што выдаем на звычайных сялян.

Недзе кілямэтраў праз тыццаць мы падышлі да ўзгорка, зь якога ўжо было відаць мяжу. Там, з поўначы на поўдзень, было поўна вышак, якія стаялі праз сотню мэтраў.

Мы пайшлі далей і недзе каля шасьці прыйшлі на адзін падворак, зайшлі ў гумно й пачалі абмяркоўваць, што рабіць. Раптам зьявіліся, і надта спужалі нас, дзьве дзяўчыны, якія выдавалі на сясьцёр. Адна зь іх была вышэй, са сьветлымі валасамі, курносым носам, прыгожай, ладнай, але крыху цяжкой, відаць ад працы на зямлі, фігурай. Другая дзяўчына была маладзей, гадоў, можа, сямнаццаці, і не такой пекнай, але з прыемным тварам і цёмнымі валасамі, якія ляжалі на ейнай белай кашулі, на грудзях. Яна здавалася такой мілай, прывабнай, маладой і сьвежай. (Магчыма на той момант усе дзяўчыны й усе грудзі падаваліся мне прывабнымі й спакушальнымі, бо я ўжо зусім згаладаўся.) Дзяўчаты запыталіся, хто мы такія, і мы адказалі, што ёсьць ваеннапалоннымі й уцякаем ад немцаў. Старэйшая сястра, Ванда, пацікавілася, ці ў польскай арміі мы служылі й, калі так, то ў якім палку. Мы адказалі, што былі ў 42 палку, у 71 дывізіі польскай арміі. Мы распавялі, што нас азялі ў верасьні, што мы адзін раз ужо спрабавалі ўцякаць, але былі схопленыя, і цяпер зьбеглі ўжо ў цывільным, і, калі нас схопяць, то заб’юць. Я паказаў ёй свой мэдальён ваеннапалоннага. Ванда сказала, што верыць нам і спытала пра нашыя пляны. Яна была вельмі

Вы читаете Жыцьцё пад агнём
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×