Апошні дрот на агароджы быў перашчыкнуты, і мы ціха ляжалі, калі ахоўнік мінаў футах у пяці ад нас. Які напружаны момант! Нарэсьце ахоўнік прайшоў, і я скамандаваў: «Пайшлі!» Ня ведаю, адкуль узялася моца ў нашых нагах. Сьнег быў вельмі глыбокім, а на нас былі апранутыя даўгія польскія шынялі. Мы караскаліся па эскарпе й чулі выкрыкі «Стой! Стой!» і гукі страляніны. Калі я дапяў да вяршыні, я ўжо ня бачыў астатніх. Я дабег да рэек, і тады побач упала сьвятло з вышкі й пачалі страляць з кулямёта. Кулі сьвісталі каля маёй галавы, і ад іх разьляталіся іскры, калі яна траплялі ў рэйкі. Нарэсьце, я перабраўся праз рэйкі. Мне падалося, я бачыў, як Косьцік і яшчэ нехта з правага боку беглі разам са мной. Мы не спыняліся аж да самага лесу. Мы толькі беглі й беглі. Не магу сказаць дакладна, як доўга. У рэсьце рэшт мы дабраліся да прызначанага месца, і, як высьветлілася, усе пяцёра былі тамака — стомленыя, але ў прыўзьнятым настроі.

Гэта было неверагодна! Мы сьмяяліся, абдымаліся, паціскалі адзін аднаму рукі. Я заўважыў, што ў нас не так ужо й шмат часу й што мы павінны вырашыць, куды йсьці. Пры дапамозе компасу й мапы я высьветліў, дзе мы знаходзімся. Тры хлопцы з кухні маліліся на каленях на сьнезе, бо былі добрымі каталікамі. Яны запрапанавалі й мне далучыцца да іх, але я сказаў, што памалюся, калі мы пярэйдзем мяжу.

Затым мы рушылі й хутка перабягалі адкрытыя месцы. У небе сьвяціў і адлюстроўваўся на сьнезе поўны месяц, і я баяўся, што нас лёгка будзе заўважыць. Аднак ў нас не было ніякага выбару й мы мусілі йсьці далей. Мы прашпацыравалі, можа, дваццаць пяць, а то й трыццаць кілямэтраў, што даволі шмат, калі ўлічыць, які быў сьнег і мароз. Я думаю, мароз быў нам нават на карысьць, бо ён прымушаў нас рухацца, як мага хутчэй, каб сагрэцца.

Недзе каля шасьці раніцы мы вырашылі спыніцца. Толькі мы выбралі шчыльна парослае лесам месца, як пачаў ісьці сьнег. Гэта было вельмі дарэчы, бо сьнег мусіў схаваць нашыя сьляды. Мы прытуліліся пад некалькімі елкамі й менавіта паспрабавалі паесьці, бо ежа замерзла й мы павінны былі скрабсьці сыр і хлеб зубамі й глытаць сьнег у якасьці вадкасьці.

Надышоў дзень, і мы чулі, як абуджаюцца жывёліны на ферме паблізу. Недалёка чутныя былі чалавечыя галасы. Мы мусілі перачакаць у лесе, пакуль ноч не дазволіць нам рушыць далей. Сядзець пад дрэвамі ў саракаградусны мароз было няпроста. Мы павінны былі ўвесь час рухацца й не дазваляць сабе заснуць. На той момант я ня мог сабе ўявіць, што мы здолем ісьці яшчэ адну ноч без патрэбнага адпачынку. Мы вырашылі адпачываць па чарзе — па два за раз — па дваццаць хвілінаў. Глыбока ў сьнезе мароз падаваўся не такім моцным, а вецер быў лёгкім, бо сховішча нашае было зарослае дрэвамі. Ногі ў нас намоклі й зусім зьмерзьлі. Мы стараліся пастаянна рухацца, каб не замерзьці да сьмерці. І дзень цягнуўся вельмі-вельмі доўга, пакуль надышла ноч.

Я сплянаваў, як мы дабяромся да савецкай мяжы. Я вырашыў, што мы знойдзем якое-небудзь гумно альбо іншае месца, дзе можна будзе схавацца, каб сагрэцца й высушыць адзежу, ды й пазьбегнуць абмаражэньня ўвогуле.

Мы рушылі хуткай хадой і прайшлі недзе каля трыццаці кілямэтраў. Я зьдзівіўся таму, колькі ў нас было энергіі, бо нас, відавочна, не перакормлівалі ў лягеры. Мы йшлі ўсю ноч. Мы нічога ня елі й не пілі, але ўсё ж такі мы былі здольныя шпарка йсьці. Нягледзячы на фізычную стому, нейкая энергія дапамагала нам перастаўляць ногі. Эмацыйны ўздым быў, відаць, той моцай, што рухала намі. Мы йшлі насустрач сваёй свабодзе. Я пачуваўся такім вольным, што быў гатовы крычаць ці сьпяваць.

Недзе каля пяці раніцы мы наблізіліся да вялікага хлява. Дзьверы былі адчыненыя, і мы зайшлі ўнутр. Мы ўзьлезьлі на самы верх, дзе трымаліся салома й сена для скаціны. У загоне было так цёпла й прыемна. Мы падаілі недзе зь пяць кароў, і, мне здаецца, нішто ніколі ў маім жыцьці не было смачнейшым за тое малако. Мы зашыліся глыбока ў сена й хутка заснулі. Празь нейкі час мы пачулі галасы ўнізе. Гэта работнікі зь фермы прыйшлі, каб выканаць свае ранішнія абавязкі: дзяўчаты — падаіць кароў, а хлопцы — пачысьціць стайні. Я пачуў, як адна зь дзяўчат сказала па-нямецку, што ў каровы няма малака. Нехта з хлопцаў заўважыў, што, пэўна, нейкая жывёла прыходзіла ноччы й высмактала малако. Дзяўчына адказала, што ніколі ня ведала, што нешта накшталт можа здарыцца. Мяне дужа забаўляла слухаць разважаньні некаторых дзяўчат пра тое, чаму ў некалькіх кароў не было малака. Потым мы замерлі, бо той-сёй з хлопцаў палез зь віламі наверх, каб скінуць крыху сена скаціне на корм. Вось цяпер сапраўды трэба было маліцца. Дзесяць- пятнаццаць хвілінаў яны скідалі сена, і, дзякаваць Богу, ніхто з нас ня быў праколаты. Яны спусьціліся, пакармілі кароў і пакінулі нас, нарэсьце, у спакоі. На працягу дня яны ўвесь час то заходзілі, то выходзілі — ажно пакуль не надышла ноч.

Гэна была яшчэ адна марозная ноч, але мы, прынамсі, адпачылі й добра пачуваліся. Мы ўзнавілі наш паход і нават сьвісталі ад задавальненьня, бо ведалі, што праз два дні апынемся на савецкай мяжы. Сьнег валіў усю ноч, а на раніцу да таго ж не знайшлося ні ляску, ні хлява, дзе можна было б схавацца. Калі мы падышлі да рачулкі з высокімі берагамі, сьнег перастаў. Мы вырашылі спыніцца тамака, пад берагамі. Вада ў рацэ была вельмі сьцюдзёнай, а плынь хуткай. Але ў нас быў хоць нейкі прытулак ад ветру, і мы мусілі перажыць яшчэ адзін дзень.

Каля дзевяці мы пачулі стрэл — такі моцны для ранічнай цішы. Потым стала ціха й нейкі голас па- нямецку загадаў нам выходзіць з-пад берага з узьнятымі рукамі. Мяне бы маланкай працяла: мы пакінулі сляды на сьнезе. Я меркаваў, што стрэл быў зроблены з паляўнічай двухраднай стрэльбы й там меўся цяпер толькі адзін патрон. Я сказаў астатнім, што ўсё гэта выдае на канец, але я паспрабую дамовіцца. Я выйшаў. Паляўнічы, гатовы да стрэлу, стаяў недзе футах у сарака ад мяне. Астатнія выходзілі, пакуль я размаўляў зь ім. Я даводзіў яму, што, паколькі ў яго толькі адзін стрэл, ён можа забіць толькі аднаго з нас, але астатнія ўчыняць расправу над ім. Я сказаў, што мы не злачынцы, а ваеннапалонныя, якія йдуць сабе дадому. Я папярэдзіў яго, каб ён не падштурхоўваў нас да скрайніх мераў, і не ствараў сытуацыі, якая зашкодзіць яму самому. Ён апусьціў стрэльбу, але заўважыў, што, хаця ён і пойдзе зараз, але рана ці позна нас зловяць. Ён павярнуўся й пайшоў прэч.

Я разумеў тады, што нашай свабодзе надышоў канец. Мы апынуліся ў атачэньні фермаў і дарог, па якіх езьдзяць як сяляне, так і паліцыя. Адзіная надзея была, што гэны паляўнічы не данясе на нас. Зь цяжкім сэрцам я чакаў ночы. Сэрца маё балела, але не было ўшчэнт разьбітым. Я вырашыў, што калі мы будзем уцякаць наступным разам, мы ўжо апранемся ў цывільнае. Гэта мела б горшыя пасьледствы для нас, у выпадку, калі б нас злавілі, але рызыкаваць было варта, бо я ўжо ня мог бы трываць палон.

Недзе праз гадзіну на адлегласьці пачуліся крыкі. Гукі ўсё набліжаліся й набліжаліся, і я зразумеў, што паляўнічы сапраўды данес на нас. Празь дзесяць хвілінаў нас абкружылі фермеры з гаспадарчымі прыладамі й жандары зь вінтоўкамі й у шаломах. Нам загадалі выходзіць з узьнятымі рукамі. Гэным разам я ўжо не адчуваў ніякага адчаю. Я ведаў, што гэта апошні раз, калі я падымаю рукі ўгору. Я быў упэўнены, што аднойчы я атрымаю свабоду.

Мы паціху выходзілі са свайго сховішча й паварочваліся тварамі да жандараў. Адзін зь іх пачаў біць нас. Тады я закрычаў па-нямецку, што мы ваеннапалонныя, захопленыя ў ваеннай форме, і знаходзімся пад пратэкцыяй Жэнеўскай канвенцыі. Я сказаў, што яны мусяць адправіць нас назад у лягер і карміць па дарозе. Жандар зьдзіўлена зірнуў на мяне. немцы вельмі добра ведалі ўсялякія правілы й прадпісаньні. І хаця яны, магчыма, ніколі ня чулі пра Жэнеўскую канвенцыю, яны ўсё ж такі кінулі зьбіваць нас. Іхны камандыр падышоў да нас, паведаміў, што яны будуць пратрымлівацца Жэнеўскай канвенцыі, але мусяць абшукаць нас. Гэта быў даволі непрафесійны вобыск. Яны праверылі нашыя торбачкі й хутка прабегліся рукамі па целах. Моўчкі яны павялі нас у паліцэйскі пастарунак у бліжэйшай вёсцы. Яны прынесьлі нам хлеба й малака й былі даволі ветлівымі. Мае хітрыкі з Жэнеўскай канвенцыяй, здаецца, спрацавалі.

Мы паведамілі, зь якога лягеру ўцяклі, і праз палову гадзіны нас у крытым грузавіку адправілі ў шталяг 1А.

Мы ўбачылі вароты лягеру яшчэ здалёк. Але тое, што я адчуваў тады, было ня роспаччу, а цьвёрдым намерам у рэсьце рэшт зьбегчы адтуль назаўсёды.

Мы ўвайшлі ў вароты й былі накіраваныя да камэнданта. Тамака ўжо быў Вова. Ён хутка падышоў да мяне й папрасіў вярнуць компас і мапы. Я запіхнуў іх яму ў кішэню. Мы выцягнуліся па струнцы, калі камэндант наблізіўся да нас, але пазіралі на яго даволі дзёрзка. Нейкі час ён проста ўглядаўся ў нас. Ён быў высокім і хударлявым, зь сівымі валасамі й разумным тварам. Ён не выдаваў на прафэсійнага салдата і, відаць, быў прызваны ў армію. На ім была форма Вермахту (узброеных сілаў), і я парадаваўся, што няма прадстаўнікоў СС. Безь ніякай злосьці ў голасе камэндант спытаўся, хто быў завадыром. Якраз калі я зрабіў крок наперад, Косьцік заявіў, што гэта ён быў адказным за ўсё. Камэндант заўважыў, што ня трэба курчыць

Вы читаете Жыцьцё пад агнём
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×