Васіль Быкаў

Ваўчыная яма

Адзінокая постаць чалавека то зьяўлялася, то зьнікала ў негустым бярозавым падлеску, сярод высока памкнутых да неба хвояў. Гэта быў малады хлапец у зашмальцаваным салдацкім бушлаце, зь зімовай шапкай на галаве. З-пад расхрыстаных каўняроў ягоных апратак на грудзях выглядалі сінія палоскі заношанай цяльняшкі. Схуднелы хлапечы твар нёс выраз немалога клопату, амаль спалоху. Салдат ішоў нетаропка, часта спыняючыся, часам мяняючы напрамак хады, штораз азіраючыся — назад і ўбакі.

Хваёвы бор між тым поўніўся ветраным шумам, які несьціхана мкнуў з вышыні і глушыў усе іншыя лесавыя гукі. Зрэшты, салдат ужо навучыўся ў звыклым пошуме лесу лавіць які іншы гук, ягоны слых зыўжды быў насьцярожаны. Але ўнізе пад хвоямі, сярод маладога падлеску было амаль ціха, адно далікатна трапятала сьвежая лістота бярозак. Дол быў яшчэ па-веснавому голы й шэры, хіба там-сям зелянеў чарнічнік ды, як заўжды на грудках, шарэлі лапіклы беламошніку, ступаць па якім было мякка, бы па дыване ў пакоі. Зрэшты, па дыване салдат не хадзіў, — адзіны дыван у іхнай кватэры чамусьці вісеў на сьцяне. Ды й ботаў ён не насіў да войска, а гэтыя, як надзеў — цяжкія кірзачы зь нягнуткімі халявамі, — дык і не зьнімаў другі год. І ў сухмень, і ў слату яны былі на нагах — ня дзіва, што левы пачаў ужо «прасіць кашы». Хаця што боты — прахудзіліся, пачалі ірвацца ягоныя штаны, вайсковыя «хабэ», залапленыя на каленях, на адным ужо паявілася дзірка. Вядома ж, усё тое было кепска і, мабыць, іншы раз прычыніла б салдату клопату. Але не цяпер. Цяпер яму дапякаў клопат іншага кшталту — салдат хацеў есьці.

Гэты клопат і вёў яго па хвойным грудку, прымушаў узірацца долу і ўгару, у вецьце дрэваў. То быў ягоны канкрэтны інтарэс: у доле маглі зьявіцца грузды, учора ён іх знайшоў ажно тры і зьеў. А тады спалохаўся ад думкі, што можа атруціцца й сканаць тут, у гэтай лесавой глушчэчы. Аднак учора абышлося — трохі пакруціла ў жываце й аціхла. Значыць, можна харчавацца грыбамі, падумаў ён, абы шэнціла іх знаходзіць. Яшчэ ён імкнуўся згледзець у гольлі птушынае гнязьдзечка — дробныя лесавыя птушкі павінны ўжо пачаць несьціся. Калісьці малыя падчас канікулаў у бабулі на вёсцы апаролі на ўзьлеску малое гнязьдзечка, зь якога выкаціліся чатыры шэранькія яечкі. Два зь іх разьбіліся, а два ён асьцярожна прынес у хату. Бабуля насварылася: нашто пабурылі птушынае жытла, Бог пакарае. Тады ён сапраўды пашкадаваў: нашто было бурыць? Іншая справа цяпер, калі даўно ўжо няма бабулі, а Бог, падобна, зусім адвярнуўся ад яго. А галоўнае — ён добра спазнаў, што голад — сапраўды ня цётка.

Ні груздоў, ні гнёздаў у гольлі, аднак, не трапляла. Не было бачна і птушак, ня чулася іхнага сьпеву, і салдат падумаў, што, можа, гэтак толькі ў бары. Мабыць, варта было павярнуць з грудка ўніз, у сыраваты алешнік на беразе рэчкі. Учора ён хадзіў там, праўда, таксама з нулявым вынікам. Але ўчора яго рана выгнаў адтуль веснавы дожджык, ад якога хлопец схаваўся пад баравымі шатамі. У каторы раз за вясну хвоі ратавалі яго ад дажджу й давалі прытулак ноччу, але харчу тут не было. Пад хвоямі не расло нічога, дол быў густа ўсыпаны сухой ігліцай, па якой поўзалі веснавыя кузуркі. Уначы, як ён спаў на грудку, пад ягоныя апраткі налезла мурашоў, і хлопец усё раньне цёр лыткі, каб ад іх пазбавіцца.

Сыраватыя алешнікавыя мясьціны ўвогуле ён не любіў, і за час свайго лесавога блуканьня звычайна абмінаў іх. Нашмат весялей было брысьці борам, дзе стромкія хвоі зачароўвалі сваім выгоністым хараством, асабліва ў ціхманы сонечны надвячорак, калі іхныя вершаліны ўрачыста зьзялі ў золаце нізкіх промняў. А на ўзьлеску ці дзе на прагаліне часам трапляла якая старая сукаватая хваіна з такім крывулякам-суччом, што па-хлапечы карцела ўзьлезьці на яе і не зьлязаць да ночы. Першы раз салдат трапіў у вялікі хваёвы лес на выезьдзе, у час манэўраў, як толькі прыехаў з «вучэбкі» ў полк. Аўтамабілі сувязі тады паставілі пад хваёвыя шаты, не спатрэбілася й нацягваць сеткі. Салдат працаваў на радыёстанцыі і праз расчыненыя дзьверы тры дні й начы дыхаў смалістым водарам бору і слухаў сьпевы птушак. Шкада, вучэньні неўзабаве скончыліся, а затым усчалося такое, пра што ня хочацца і ўспамінаць. Ды й забыць немагчыма.

Алешнік над рэчкай ваўсю зелянеў сакоўнай лістотай, мусіць, вільгаці тут хапала. У доле праз ссохлы быльнёг прабіваліся галінастыя калівы крапівы, настырчыліся сухія дубцы маліньніку. У ім выразна прыкмячалася закінутая ад леташняга сьцежка. Ну вядома, сьцежка кіравала па беразе, уздоўж рэчкі, якая круцілася побач. Салдат засьцярожліва пайшоў па ёй, асабліва ня дбаючы, куды, — сьцежкай заўсёды карцела некуды ісьці. І тады яго чуйны на пахі нюх злавіў у паветры гаркаваты пах дыму. Салдат спыніўся. Ну пэўна, то быў дым ад лесавога вогнішча — дзесь гарэў касьцярок. А можа, тое неслася з поля, на момант усумніўся салдат. Але не, поле ўсё ж было далекавата адсюль, за балотам, вёскі там ці ня ўсе ўжо папалілі- панішчылі. Гэта ж поруч з зонай. Ці, можа, таксама ў зоне — не зразумець. Казалі, на мяжы з зонай нядаўна яшчэ быў дрот на кольлі, але дрот у шмат якіх месцах зьнялі, парэзалі — на продаж ці што? Міліцыя часам патыкаецца сюды на сваіх «Уазах», але ў міліцыі бракуе бэнзыну, а галоўнае — каму хочацца лішні раз лезьці ў атамнае пекла? Не хацелася лезьці й салдату, але во мусіў. Калі яго ў хлеўчуку на хутары ледзьве не апарола міліцыя, ён болей рызыкаваць ня стаў. Ды й гаспадар, самасёл-хутаранец сказаў: трэба табе ісьці адсюль, хлопец. Што ж, ён разумеў і не хацеў ліха ні сабе, ні старому, якому падзякаваў за тое, што той прытуліў на тыдзень у сьцюжу. І ён пайшоў, куды глядзелі вочы. Вочы і прывялі яго ў зону.

Праўда, магло так стацца, што ён сам пакараў сябе нават болей строга, чым гэта зрабіў бы вайсковы трыбунал. Усё ж зона — ня рай, калі адсюль усіх выселілі, калі сюды баіцца патыкацца міліцыя, калі ў газэтах не перастаюць пісаць пра цэзій ды стронцый, якімі засыпана навакольле. Увесь сьвет устрывожаны. Захад гоніць гуманітарную дапамогу, лякарствы, вывозіць дзяцей на аздараўленьне. Дык то з бліжніх да зоны паселішчаў і вёсак, а ён во ўлез у самае пекла. Праўда, і ён напачатку баяўся, думаў, захварэе. Але за паўтара месяцы нічога кепскага ў сабе не заўважыў, нават не прастудзіўся ні разу, пачуваўся быццам нармальна. Калі б толькі было што есьці. Ды й стары хутаранец Карп, які з хутара нікуды не патыкаўся, за ўсе гады пасьля аварыі пачуваўся, казаў, можа лепей за каго з маладых. Бо ня піў — гэта галоўнае. А гарэлка, яна горш за радыяцыю для здароўя і без пары губіць мужчынаў. Харчу ж у хутаранца хапала — была карова, сьвінчо, дзясятак курэй ды сабачка Кудлацік, — і ўсе жывыя, здаровыя. Карп сваім прыкладам здорава абнадзеіў салдата, асабліва як сказаў, што і па суседзтву, за шашой таксама нехта жыве (чутно, як брэша сабака), ды й за балотам у былой вёсцы таксама паявіліся самасёлы, — жывуць без электрычнасьці, крамы і ўлады. Што без улады — дужа спадабалася салдату, як Карпу — што без калгасаў. Ніхто, мабыць, ім не дакучае — не памагае, але й не замінае, гаспадар, як хочаш. Во, дажыліся мужыкі, век пра тое ня марылі.

Так, можа, яно й добра, думаў салдат, можа, і няблага старым. Але во маладыя, сыны і ўнукі таго ж Карпа, усе паразьехаліся, ніхто на хутары не застаўся. Значыць, чагосьці баяцца. Значыць, ёсьць чаго апасацца…

Гэткія думкі ня першы ўжо раз лезьлі ў затлумленую галаву салдата, можа, яны адтуль і не вылазілі. Ён і баяўся, і супакойваў сябе, і меркаваў і так, і гэтак. Але што ён мог зрабіць лепш, куды падацца? Без дакумэнтаў, бяз грошай. Пешшу ці далёка дойдзеш, а на першай жа аўтобуснай станцыі яго возьме міліцэйскі патруль. Дома яго ніхто не чакаў; мачаха, калі б дазналася пра яго, адразу б пабегла ў міліцыю ці ў ваенкамат — гэтая толькі й чакала, каб яго пасадзіць. Сябры? Пасьля таго, што здарылася, якія маглі быць сябры?

Крывулякай-сьцежкай у кустоўі салдат прайшоў уздоўж рэчкі, асьцярожна выглянуў з-за куста на бераг. Усюды было пуста, ды й дымам быццам перастала патыхаць, — можа, перамяніўся вецер? Тады ён зноў павярнуў ад рэчкі да хвояў і, узьлезшы на пагорак, апусьціўся на падушку мяккага белага моху. Было цёпла, нават угрэўна, але свой скарэлы бушлат салдат не зьнімаў ніколі — ні ўдзень, ні ўначы. Тут яго адразу апанавалі мурашкі — забегалі, замітусіліся па абдрыпаных халявах ботаў, мабыць, дзесь блізка быў іх мурашнік. Глядзі, якія порсткія, падумаў салдат, і ніякая радыяцыя іх не бярэ, прыстасаваліся за мільёны гадоў. Во, каб так чалавек! Але чалавек, мабыць, ніколі не прыстасуецца да гэтай атамнай пагібелі, — ня той арганізм. Добра гэта ці не, салдат ня ведаў. Можа, і добра, інакш чалавек можа ператварыцца ў мураша… А калі не ператворыцца і адкіне капыты — хіба так лепш? Вунь маманты не прыстасаваліся і ўсе пагінулі. Цяпер толькі косьці выкопваюць зь вечнай мерзлаты. Можа, такі лёс напаткае і людзей…

Але маманты ня самі сябе пагубілі, а нейкія аб'ектыўныя перамены ў сьвеце. А чалавек? Сам — сябе.

Во даў Бог чалавеку розум — на ўласную згубу.

Як салдат пераставаў думаць пра ежу, тады яго пачынала адольваць дрымота, і ён быў гатовы

Вы читаете Ваўчыная яма
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×