— Трэба схаваць дзе. Можа, у капец да бульбы?

— Ну што ты! Пагніе. Ды і лішне гэта. Немцы, яны болей да ежы ласыя. Да трантаў не. Я знаю.

— Многа ты знаеш! — усумнілася Сцепаніда. — Каб з тваім знаннем голымі не застацца.

— Нічога, як-небудзь, — сказаў Пятрок. — Мы перад імі невінаватыя. А калі з імі па-добраму, дык, можа, і яны… Не з'ядуць, можа…

Ён казаў так, падбадзёрваючы сябе і супакойваючы жонку, хоць сам не менш за яе сумняваўся: а ці так гэта? Ведаў і адчуваў толькі тое, што трэба неяк пераседзець ліхую часіну, а там, можа, што зменіцца. Не век жа быць гэтай вайне. Каб засцерагчыся ад бяды, трэба паводзіць сябе як мага абачлівей і цішэй. Гэта як з куслівым сабакам: барані Божа яго зачапіць, трэба прайсці міма, быццам яго і не бачыш, але і не паказаць страху — рабіць выгляд, што ён цябе не датычыць. Так і з фашыстамі. Няўжо, калі ён іх не зачэпіць, яны без жаднай прычыны будуць да яго прыдзірацца? Што ён, нейкі начальнік ці парцейны, ці хоць бы жыд з мястэчка? Слава Богу, тутэйшы, беларус і хрышчоны ў хрысціянскую веру, селянін, калгаснік — такі самы, як і ўсе навакол. А што сын у Чырвонай Арміі, ды ці ж гэта па сваёй ахвоце? То ж служба. Так было пры цары, а можа, і раней. Служылі многія з вёскі, праўда, яму не прыйшлося — падвяло здароўе. Усё ягонае жыццё прамінула тут, на вачах у людзей.

3

Як-колечы ўладкаваўшы скаціну, яны пасёрбалі ўпрыцемку астылага зранку крупніку і паклаліся спаць, ён — за посцілкай на ложку, а яна — на палку ў запечку. Пакуль скрозь было глуха і ціха, і гэтая ціша разам са звычайнасцю вечаровага клопату трохі суняла трывогу, змякчыла яе ў душах. Пятрок ціхенька прабубніў «отчанаш», чаго ён даўно ўжо не рабіў у гэту восень, з уздыхам перахрысціўся і пачаў ужо думаць, што, можа, як і абыдзецца. Прыехалі і паедуць, што ім тут доўга рабіць, на гэтым гасцінцы? Можа, яны на тое і ладзяць мост, каб кудысьці праехаць — навошта ім нейкі хутар наводдалек ад дарогі? Фронт адкаціўся чорт ведае куды, хадзілі чуткі, немцы ўзялі Маскву, але не падобна было, каб на тым вайна скончылася — вайна недзе доўжыцца, страшная гэта вайна. Можа, у Сібіры ўжо? А можа, брахня гэта ўсё пра Маскву — можа. Маскву ім не ўзяць. Мала што зайшлі далёка, але ж і Напалеон далёка зайшоў, ды падавіўся. Не так проста праглынуць гэты кусманец нават і з такой зяпай, як у гэтага Гітлера. Нябось таксама падавіцца.

Пятрок павярнуўся і так і гэтак пад кажушком на ўлежаным сваім сенніку, чуў, што Сцепаніда таксама варочаецца пры печы, і ён ціха азваўся:

— Баба, не спіш?

— Сплю. Чаго ж не, — неахвотна адазвалася Сцепаніда і змоўкла.

— А я так думаю, можа, дармо баімося? Нашто мы ім? Прыехалі і паедуць.

— Каб жа так! Каб жа паехалі! А то вунь з мястэчка не вылязаюць. Настаўнік гэты ды Падабед з сельпо дагэтуль на вяроўках гойдаюцца.

— Ай, не кажы нанач такое. Не дай Бог! — адмахнуўся Пятрок, пашкадаваўшы, што пачаў гэту гаворку.

Болей яны не гаварылі, і спакваля Петрака змарыў сон — неглыбокі трывожны сон, які не даваў спачыну. Яму доўга сніліся нейкія чэрві — цэлы клуб дробных, як на мясе, чарвей, якія варушыліся, кішэлі, абкручваліся адзін ля аднаго, паўзлі па яго нагах. Петраку стала дужа брыдка ад іх, чагось боязна, трывожна, і ён прачнуўся. Адразу ўцяміў, што было яшчэ рана, певень у хляўку яшчэ не пяяў, у цемрадзі хаты за посцілкай гучна і звыкла цікаў гадзіннік, але не хацелася ўставаць, глядзець час, і Пятрок доўга ляжаў нерухома, спрабуючы заснуць ці дачакацца світанку. Ён думаў усё пра тое ж: як жыць на свеце, у якім гэтак раптоўна і дарэшты рухнулі спрадвечныя апоры, на што было абаперціся, каб затрымацца ў жыцці? Думаў пра сына Федзьку, якога, мабыць, няма ўжо жывога — такая вайна і столькі пагінула войска! Ды і пра Феню таксама. З вясны ад дзеўкі не было ніякае весткі, як паехала ў Менск, дык і знікла зусім. Можа, уцякла за фронт і цяпер дзе-небудзь на ўсходзе, усё ж вучылася на доктаршу, і такія там трэба. Гэта было б найлепш, абы не папала ў лапы да немцаў. А калі не засцераглася ад іх у Менску ці дзе па дарозе дамоў?.. Страшна было і падумаць аб тым, што магло спасцігнуць дзяўчыну.

Пад ранак ён усё ж задрамаў ненадоўга і прачнуўся, пачуўшы тупат Сцепаніды па хаце. Бралася на зачын дня, шарэлі запатнелыя вокны. Сцепаніда, апранутая ў ватоўку, адхінула занавеску ля ложка.

— Ты ж капец хоць скончы. А то без бульбы застанемся. І парсючка накармі! Ну, я пагнала…

Яна выйшла на двор, і неўзабаве пачулася шамаценне травы ля істопкі, пасля важкі тупат каровіных капытоў на падворку. Відаць, пагнала Бабоўку пад лес, у Баранні Лог, ведама, там далей ад гасцінца, спакайней.

Пятрок пачаў неахвотна ўставаць, звесіў з ложка босыя ногі, пасядзеў так, думаючы, закурыць цяпер ці спярша надзець порткі — курыць дужа карцела з начы. У хаце было, аднак, свежавата, Сцепаніда сёння не паліла ў печы — спяшалася чым раней вывесці на пашу Бабоўку, цяпер яму да палудня гаспадарыць у адзіноце. У адзіноце, аднак, было і не блага, можна было не спяшацца — распачаты ў канцы гарода капец бульбы, мабыць, пачакае, надвор'е стаяла цёплае, воглае — не падобна, каб раптам павярнула на прымаразкі. Нацягнуўшы нагавіцы, Пятрок сунуў ногі ў апоркі, накінуў кажушок на плечы і перш дастаў з-за коміна пару лістоў самасейкі — узяўся крышыць на ражку стала. Гэта была самая мілая яго работа — рыхтаваць табаку на дзень, востры кончык нажа лёгка кроіў падсушаны зжоўклы ліст, прыемны пах казытаў у носе, і Пятрок у прадчуванні курцоўскай асалоды з кароткаю жвавасцю зірнуў у акно.

Не, на паваротцы ад гасцінца было пуста, нікога не было відаць, а вось за вішаннікам, у баку па дарозе ад Выселак, штось варушылася, нехта ішоў. З нажом у руцэ Пятрок устаў з лаўкі, зазірнуў вышэй — праз запатнелае шкло сталі відаць дзве постаці, што хуткім крокам набліжаліся да хутарской павароткі.

Ён пастаяў, узіраючыся, і раптам пэўная здагадка выразна падказала яму, што гэта ж высялкоўскія паліцаі. Так, гэта былі Гуж з Каландзёнкам. У гэтай новай ролі ён бачыў іх першы раз, але ўжо чуў ад людзей, як яны сноўдалі па Выселках, у мястэчку, часам наведваліся ў суседнія хутары і вёскі — усталёўвалі новую ўладу. Цяпер яны ішлі сюды — мажны, крутаплечы Гуж і перахлябісты малады Каландзёнак — абодва з вінтоўкамі за плячыма, з белымі павязкамі на рукавах. Яны ўжо набліжаліся да павароткі, і ў Петрака затрымцела слабенькая надзея, што, можа, прамінуць Яхімоўшчыну, пойдуць далей па гасцінцы. Але, мусіць, не. Паліцаі абышлі лужыну на завароце і скіравалі на вузенькую, парослую дробнай травой дарожку да хутара.

Цяпер усё стала панятна, Пятрок борздзенька надзеў кажушок у рукавы, адчыніў дзверы ў сенцы. Пасля, не ведаючы, што рабіць, але прадчуваючы кепскае, старанна зачыніў іх за сабой і праз акно ля парога пачаў сачыць за прахожымі. Па меры таго, як яны набліжаліся, ён, аднак, спакайнеў. Ды і чаго ўвогуле было баяцца, ніякай віны за сабой ён не чуў, а Гуж дык нават быў яму нейкай раднёй па дзеду — калісь, яшчэ да калгасаў, на кірмашы ў мястэчку выпівалі ў кампаніі. Але ад пачатку калектывізацыі Пятрок з ім не бачыўся. І век бы яму з ім не бачыцца.

Паліцаі тым часам мінулі вароты, нетаропка падышлі да калодзежа; зыркія ўчэпістыя вочы Гужа на тоўстым ад'едзеным твары матлянуліся па падворку і спыніліся на дзвярах — мусіць, трэба было адзывацца. Ды надта ўжо не хацелася. Пятрок выйшаў у сенцы і няпэўна знерухомеў ля вёдзер з вадой на лаўцы. Толькі калі чужая рука забразгала знадворку клямкай, ён адчыніў дзверы.

— А-а, во дзе ён хаваецца, — напаўжартам прагудзеў Гуж і, угнуўшы галаву ў картузе, пераступіў парог. — А я гэта гляджу, няма ля будынкаў. Дзень добры!

— Дзень добры, — запалым голасам адказаў Пятрок. — Дык гэта… Чакаю.

— Каго чакаеш? Гасцей, ага? Ну, гэта добра, страчай во!

— Ага, заходзьце ж, — змушана падхапіўся Пятрок і шырэй расчыніў дзверы ў хату. Шорхаючы скураной паддзёўкай, Гуж з вінтоўкаю ў руках ступіў у хату, за ім, тонка падпяразаны дзягай па чырвонаармейскім шынялі, сунуўся падгалы Каландзёнак. Пятрок прычыніў дзверы, трохі пасунуў ля стала ўслон. Але госці не селі. Каландзёнак адразу выцягся ля парога, нібы на варце, Гуж нетаропка пратупаў да стала і назад, зазірнуў па чарзе ў вокны.

— Як на курорце! — прагудзеў ён. — І лес блізка, і рака. І мястэчка пад бокам, ага?

— Блізка, ага, — пагадзіўся Пятрок, панура згадваючы пры сабе, які д'ябал іх прыгнаў сюды ў гэткае ранне. Што ім патрэбна? Другі раз сядаць ён не запрашаў, думаў, можа, што скажуць і пойдуць сабе

Вы читаете Знак бяды
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×