2

Тады ён, ссекшы некалькі альховых дравін, вяртаўся на кухню.

Нятоўстыя тыя дравіны аказаліся надзіва цяжкія. Сцёпка іх спярша нёс, пасля валок за набрынялыя вясновым сокам камлі. Вяршаліны і няроўна абсечанае суччо дралі прэлую залеж леташняга лісця, чапляліся за хмызняк і ядловец. Камлі ж дык адрывалі рукі. А тут яшчэ вінтоўка на даўгаватай вераўчанай почапцы — яна біла прыкладам між ног, замінала ісці, і хлопец, добра прытаміўшыся, кінуў дравіны, трохі не давалокшы да кухні. Потым, памарудзіўшы, і сам стомлена апусціўся на дол у рэдкім яшчэ, з дробнымі лісткамі, альшэўнічку збоч сцежкі. Было цеплавата і зацішна, ён угрэўся, пад суконным мундзірам ажно прыпацеў карак. Сцёпка расшпіліў каўнер, кінуў на дол пляскатую рудавухую шапку, ад мокрай падшэўкі якой ішла пара. Некалькі хвілін хлопец, сапучы, аддыхваўся і думаў, што шапка — не бяда, як ні дзіўна, разам з яго галавой дажыла да цяпла і яшчэ, мабыць, паслужыць. Таксама як і руды, гузікасты, з чатырма кішанямі венгерскі мундзір, і чорныя, прашытыя кантам паліцэйскія штаны. А вось з ботамі яму не пашэнціла. Боты развальваліся. Левы ён ужо з тыдзень насіў звязаны кавалкам чырвонага нямецкага кабелю, а правы не было як і звязаць: перад амаль увесь згніў. У ботах было мокра, ногі заўсёды стылі. Мусіць, з тае прычыны хлопца стала дапякаць скуллё — па баках, на сцёгнах, а цяпер вось яшчэ і на шыі — абляпіла так, што не павярнуць галавы.

Зрэшты, з ботамі ён быў вінаваты сам: мог сцягнуць з немца, якіх тады багата валялася на дарозе пасля ўдалай засады, звычайныя салдацкія, а не квапіцца на афіцэрскія. Афіцэр гэты падвярнуўся яму ў канаве, куды Сцяпан папярэдне шпурнуў гранату; і тут жа, не трацячы часу, хлопец зняў з яго дзягу, да якой была прычэплена цвёрдая скураная кабура парабелума і гэтыя вось боты. Парабелумам, аднак, ён пакарыстаўся нядоўга — мусіў уступіць новаму начальніку штаба, які меў нейкі старасвецкі даўгаствольны наган. Дзягу аддаў узводнаму Бойчанку, бо ў Сцёпкі і старая была някепская. А вось на хромавыя боты, занадта шыкоўныя для ляснога жыцця, ахвотнікаў памяняць не знайшлося — мусіў насіць. Пакуль не данасіўся дарэшты.

Наогул, у гэтым атрадзе Сцёпку не шэнціла ўсю зіму. Пачалося з таго, што яго зблыталі з адным сувязным, таксама па прозвішчы Таўкач, які недзе выдаў атрадных разведчыкаў і за якім палявалі партызаны. Пакуль разабраліся, мусіў з тыдзень пасядзець у замкнёнай зямлянцы. Потым яго выпусцілі, але на першым жа заданні ў Астапаўшчыне здарылася бяда. Невялічкая група іх заначавала тады ў пуньцы, Сцёпка звечара стаяў на варце і толькі, змяніўшыся, прыдрамаў у сене, як на вёску наляцелі паліцаі. Хлопцы гародамі ўцяклі ў лес, а яго пабудзіць, мусіць, забыліся. Давялося да паўдня, не варухнуўшыся, пастаяць ля шула за варотамі крокаў за дзесяць ад п'яных бобікаў, якія атабарыліся ў гумне. Калі ж назаўтра ён прыйшоў у атрад, усе вельмі здзівіліся яго неверагоднаму выратаванню. Вядома, нейкі час Сцёпку падазравалі, выклікалі да начальства, слухалі яго кароткі расказ, верылі і не верылі. Пасля, калі гэтае падазрэнне крыху ўляглося, яму не стала адбою ад Грушэцкага, надта вострага на язык партызана з Полацка, які не мінаў ніводнага выпадку, каб паздзекавацца з хлопца. Неяк, не стрываўшы кпінаў, Сцёпка выцяў зласліўца вінтоўкай па галаве, за што тут жа быў надзелены мянушкай Псіх — самаю крыўднаю з усіх, якія ён меў за сваё васемнаццацігадовае жыццё.

У ранейшым атрадзе — імя Варашылава — жылося яму куды лепей, там ён быў ледзь не самы стары партызан, са стажам, не дужа меншым, чым у самога камандзіра атрада лейтэнанта Круцікава. Праўда, там яго таксама дражнілі, ды ўсё ж мянушкі былі больш людскія: Белы — гэта за валасы ды бровы, а яшчэ Здыхля — маўляў, што худы, хоць худых і без яго ў атрадзе было нямала. Але там ён адчуваў сябе не горшым за іншых, раўнапраўным байцом, не тое што тут, у гэтых чапаеўцаў. На жаль, тагачаснае жытло яго беззваротна мінулася, пакінуўшы адны ўспаміны.

Сцёпка крыху адпачыў, але не спяшаўся ўпрагацца ў нялёгкую пастылую працу і задуменна калупаў трэскай у боце. Самае найгоршае было, вядома, не ў змене атрадаў і нават не ў адносінах да яго партызан. Хлопцы, зразумела, часам нахабнічалі над ім, маладым і слабасільным, але рабілі гэта без асаблівае злосці, хутчэй дзеля пацехі. А вось начальства — тое жартаў не знала. З начальствам партызан Тоўкач быў у даўнім застарэлым канфлікце, прычыны якога з розных бакоў вызначаліся неаднолькава. Сцёпка лічыў, што да яго прыдзіраліся, а начальнікі прытрымліваліся тае думкі, што Тоўкач разгільдзяй, на якога патрэбна строгасць. Прынамсі, так гаварыў узводны Бойчанка, калі скардзіўся на яго камандзіру атрада за самаўпраўства з высялкоўскім старастам. За разгільдзяйства лаяў яго начальнік штаба, калі ён, пераведзены ўжо ў гаспадарчы ўзвод, упусціў прадуктовую карову. Атрад тады выходзіў з блакады, гаспадарнікі з вазамі і параненымі прабіраліся па нейкіх раўках ды балацявінах, ля шашы іх усё ж падпільнавалі карнікі, усчаўся абстрэл трасіруючымі, і чорная порсткая рагуля — жывы прадуктовы запас — так ірванулася з рук, што толькі ён яе бачыў у прыцемках. Калі перайшлі шашу, мусіў з абарваным павадком з'явіцца перад разлютаваным начальнікам штаба. Думаў, гэта для яго кепска скончыцца. Але навакол было поўна карнікаў, і партызаны таіліся, баючыся хруснуць галінкай.

— Тоўкач!

Сцёпка знечывела ўздрыгнуў і азірнуўся: адхінаючы рукой голле, праз кустоўе ішоў Маслакоў — падрыўнік, колішні кадравы чырвонаармеец, з якім аднойчы зімой Сцяпан хадзіў на чыгунку. Апошнім часам Маслакоў залечваў у санчасці параненую руку і калі-нікалі наведваўся да іх у гаспадарчы ўзвод.

Трохі здзіўлена пазіраючы на падрыўніка, Сцяпан маўчаў, не цямячы, навошта спатрэбіўся. Рука ў Маслакова была ўжо без почапкі, аднак, ідучы, ён кратаў ёю засцярожліва, на далоні ўсё яшчэ бялеў замызганы бінт павязкі. Падрыўнік падышоў бліжэй — тонкае голле алешніку пругка прашоргала па яго расшпіленай зялёнай ватоўцы.

— Ну, як жысць, Тоўкач?

Сцёпка памаўчаў, не ведаючы, як аднесціся да гэтага пытання: каму невядома, якое жыццё ў гаспадарчым узводзе, ля кухні. Было падобна, што Маслакоў жартуе, але ў тоне і выглядзе яго, здаецца, не было ні здзеку, ні нават іроніі; як заўжды, добрая, ледзьве прытоеная жартоўнасць бруіла на яго смуглым твары. І Сцяпан сказаў абыякава:

— Ды во — дровы запашу.

Нагою ў спраўным яшчэ, намазаным лоем кірзавым боце Маслакоў наступіў на крывы камель дравіны, вяршаліна якой, бы жывая, коратка варухнулася ў доле.

— Ну і алешына! І ты адзін цягаеш?

— А хто ж яшчэ?

— Не жыццё, а катарга! — спачувальна заключыў Маслакоў і павярнуўся да хлопца. — Слухай, а ў мяне да цябе справа.

Сцяпан з нецярплівай цікаўнасцю знізу ўгору зірнуў на Маслакова. Калі той яшчэ толькі аклікнуў хлопца, Сцёпка адчуў, што гэта не так сабе — што ён нясе навіну і што навіна гэтая неблагая. Таму ён цяпер на ўсе вочы глядзеў на падрыўніка, а той нейкі час нібыта вагаўся ў нерашучасці: на твары яго ўсё блукала стрыманая ўсмешка.

— Сходзім на адно дзела. З музыкай.

Невядома чаму, але Сцёпка ўжо адчуваў, што будзе іменна такая прапанова. Гэта было куды як зманліва — схадзіць з Маслаковым на баявое заданне, ды яшчэ «з музыкай». А то ён апошні час калі і вырываўся куды, дык то па бульбу на які-небудзь хутар, то па сена ў лугі, а аднойчы вазіў трафейны брызент у суседні атрад. На заданні яго не пасылалі.

Але Сцёпка ўспомніў сваё становішча ў гаспадарчым узводзе і тут жа апанурыўся.

— Кляпец хіба пусціць!..

— А куды дзенецца?

— Ты гаварыў з ім?

— Камандзір пагаворыць. Выкліча, загадае, і ўвесь разгавор, — без ценю сумнення сказаў Маслакоў.

Сцёпка, аднак, паныла махнуў рукой.

— Ну, камандзір не заступіцца.

Маслакоў нецярпліва пераступаў на месцы, таўхануў на плячы новенькі, з паліраваным прыкладам ППШ.

— Ладна. Гэта маё дзела. Ты кажы: згодны?

— Ну.

Вы читаете Круглянскі мост
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×