— Дык патопалі. Часу мала.

Яшчэ не верачы, Сцёпка валюхаста ўстаў на ногі, падабраў з долу вінтоўку, глыбей за дзягу зашчаміў сякеру. Маслакоў аднаруч ухапіў дзве дравіны і імкліва пашыбаваў у хмызняк — напрасткі да недалёкае ўжо кухні. Сцёпка заспяшаўся следам. Насуперак сваім невясёлым апасенням ён памалу стаў паддавацца бадзёрай упэўненасці падрыўніка і амаль ужо верыў, што лёс нечакана павярнуўся да яго лепшым бокам. Але яшчэ не знікла і сумненне. Сцёпка надта добра ўяўляў сабе, як сустрэне гэтую навіну Кляпец, якому вечна не хапае людзей на кухні, ды і тыя ў яго заўжды гультаі і разгільдзяі. Аднак Маслакоў, мабыць, тым ніколькі не клапаціўся. Азірнуўшыся, падрыўнік сказаў:

— Помніш, як мы пад Фарынавам грукнулі?

— Ну.

— Вось я і думаю: чаго гэта Тоўкача на кухні капцяць? Такога падрыўніка, з вопытам.

Ён паглядзеў на хлопца з такой шчырай сяброўскасцю, што Сцёпка ажно адчуў сябе шчаслівым. Праўда, хлопец зразумеў, што Маслакоў жартуе: які там у яго вопыт?

Вопыт, канечне, быў невялікі, апошнім часам на чыгунку ён не хадзіў. Але тады, пад Фарынавам, яны сапраўды грукнулі ўдала. Месца трапілася зручнае: насып, паварот і да таго ж спуск, а наперадзе падмёрзлае балота. Машыніст, мабыць, не прадчуваў небяспекі, добра паддаў пары, і як грукнула — амаль увесь састаў зляцеў з насыпу. Помніцца, тады з імі хадзілі Балашэвіч і Струк. Першага ўжо няма, другі застаўся, паранены, у Казельскай пушчы.

З адною дравіной хлопцу было ўпраўней; яны вылезлі з хмызняку ў рэдкалессе, і Сцёпка падбег трохі наперад, каб ісці поруч.

— А хто яшчэ пойдзе?

— Яшчэ? Яшчэ Даніла Шпак з узвода Мяцёлкіна. Пажылы такі. Мясцовы. І Брытвін. Ведаеш?

— Той, што ротным быў?

— Ну. Пойдзе іскупаць правінку. Як іскупіць, тады, казалі, зноў камандзірам паставяць.

Што ж, гэта было няблага: Маслакоў, Брытвін — куды якія ўмелыя партызаны, Даніла Шпак — мясцовы, наскрозь ведае ўсе хады-выхады. Сцёпка памалу ўжо асвойваўся з сваёй радасцю; пра заданне ён не пытаўся: ведаў, прыйдзе час — усё растлумачаць, рабі як найлепш.

Яны падвалаклі дравіны да кухні ў ельніку, ад якой прытульна патыхала дымком, і спыніліся каля пня, дзе быў дрывасек. Тут ужо ляжала некалькі палак, прыцягнутых Сцёпкам раней, аднак ён адразу вызначыў, што на абед дроў было малавата. Тым не менш гэты клопат, які нядаўна яшчэ дапякаў яму, цяпер зрабіўся такі апрыклы, што не хацелася пра гэта думаць. Яны размашыста пакідалі свае дравіны на ранейшыя, і Маслакоў падштурхнуў на плячы аўтамат.

— Дык збірайся. Праз гадзіну патопаем.

3

Праз гадзіну, аднак, не патопалі: здарылася няўпраўка са ўзрыўчаткай. Пакуль Маслакоў бегаў па начальству, яны ўтрох чакалі пад елкай акрай лясное прагаліны, у тым месцы, дзе пачыналася дарога. Былы камандзір партызанскае роты Брытвін, толькі прыйшоўшы сюды, адразу паваліўся жыватом на іглісты пад елкаю дол і ляжаў так, з маўклівай засяроджанасцю ўткнуўшы ў рукавы моцны паголены падбародак. З іх трох ён адзін, у шынялі і суконнай пілотцы, меў хоць прыблізна вайсковы выгляд; Сцёпка ж у сваім зборным убранні быў падобны хутчэй на паліцая. Што ж да трэцяга тут, стараватага селяніна Шпака Данілы, дык у таго наогул не было нічога вайсковага. Маўклівы, з зарослым чорнымі касмылямі тварам, у рыжым, злубянелым ад вільгаці кажуху і лапцях, ён сядзеў, прыхінуўшыся да смалістага камля елкі, і нешта старанна, з ненасытнаю асалодаю жаваў. Побач ляжаў яго кароценькі абрэз з нефарбаванай самадзельнаю ложай. Сцёпка не адразу і зразумеў, што Даніла еў боб, які даставаў з зашмальцаванай процігазнай сумкі патрошку, па пары каліваў, нібы яны былі ў яго ўжо апошнія. Тым не менш і праз паўгадзіны ён усё жаваў, кожны раз унікаючы Сцёпкавага позірку, калі той паварочваўся да яго. Хлопец наскрозь разумеў гэтыя прастадушныя дзядзькавы хітрыкі, але маўчаў, бо даўно меў за правіла нічога не прасіць у тых, хто не хацеў даць.

Ён быў у прыўзнятым, амаль радасным настроі, бо выхад на заданне ўвогуле абышоўся ўдала. Кляпца не спатрэбілася і выклікаць да камандзіра, проста Маслакоў перадаў яму загад начштаба, і гаспадарнік, пабурчаўшы, змоўк, што значыла — пагадзіўся. Сцёпка не чакаў абеду, атрымаў свой кус хлеба, які тут жа з'еў, і цяпер быў ва ўладзе адвыклага ўжо хвалюючага нецярпення, калі хацелася толькі аднаго: як найхутчэй рушыць у дарогу. Закінуўшы за спіну вінтоўку, ён выламаў дубчык і пасцёбваў ім у доле, паглядаючы ў бок буданоў, адкуль павінен быў паявіцца Маслакоў.

— Можа, ля Азярышча пойдзем? Не ведаеце?

Яму ніхто не адказаў. Даніла быў заняты бобам, а Брытвін толькі павёў на хлопца косым абыякавым позіркам.

— Ля Азярышча б прайсці лягчэй. Там паліцыя свая.

— А ты скуль ведаеш? — суха запытаў Брытвін.

— Я? Гэткі сакрэт! Усе ведаюць, — знарок бесклапотна адказаў Сцёпка, але ўнутрана насцярожыўся: тон гэтага пытання быў яму дужа вядомы, і ён ужо зразумеў, што дарма так сказаў.

Брытвін пасля паўзы важка зазначыў:

— Ты за ўсіх не атветчык. А сам трымай язык за зубамі. Калі што і ведаеш.

Паверх лесу Сцёпка паглядзеў у неба, завалочанае малочнай смугой, праз якую з раніцы не магло выбавіцца сонца, потым перавёў позірк уніз, на буданы за палянай: Маслакова ўсё не было. Другому б ён нешта адказаў у такім выпадку, але Брытвіну пярэчыць цяпер не стаў: як-ніяк той старэйшы і нягожа было заядацца з ім. Праўда, хадзілі чуткі, што месяц назад Брытвін здорава праштрафіўся на заданні, яго знялі з роты, хацелі нават судзіць, ды перавялі ў іхні атрад радавым. І тым не менш тон і ўвесь яго выгляд сведчылі, што радавым ён сябе не лічыў. Прынамсі, тут, у гэтай групе, паводзіў сябе як старшы, хоць і з маленькай, але ўсё ж з перавагай над імі двума. Праўда, гэтае яго старшынство не дужа турбавала Сцёпку, які адзіным камандзірам прызнаваў тут Маслакова.

Паляскаўшы дубцом, Сцёпка зняў з-за спіны вінтоўку і таксама прысеў на дол, трохі воддаль ад іх двух. Вінтоўка ў хлопца была старая, з гранёным казённікам, выпушчаная, мяркуючы па кляйме, яшчэ да мадэрнізацыі 1930 года. Увогуле, страляла яна няблага, затвор таксама працаваў нармальна, і Сцяпан быў бы ёю задаволены, калі б не мушка. Мушка раскярнілася ў сваім гняздзе і соўгалася туды-сюды. Перш чым стрэліць, трэба было пасунуць яе на месца, да рыскі, а пасля ўжо цэліцца.

Сцёпка ўзяў з долу сучок, пазногцямі адшчыкнуў ад яго трэску і стаў ціхенька запіхваць яе ў шчылінку пад мушкай. Трэска, аднак, не лезла, ламалася. Ягоны занятак звярнуў на сябе ўвагу Данілы, а потым і Брытвіна, які нездаволена варухнуў брывамі.

— Што ты робіш?

— Ды во — мушка.

Былы ротны павярнуўся на бок і з патрабавальнай упэўненасцю працяг руку.

— Ану!

Сцёпка яшчэ раз калупнуў трэскай, але зноў няўдала і падаў вінтоўку Брытвіну. Той сеў, расставіўшы калені, звыкла паляскаў затворам.

— Ну і ламачына! Гразная, канечне, іржавая. У цябе хто камандзір? Мелік'янц, ага?

Сцёпка прамаўчаў. Гаварыць з Брытвіным у яго ўраз прапала жаданне — хлопец ведаў, што той скажа далей.

— Ладна. Давайце вінтоўку.

— Не, пачакай! — ухінуўшыся ад яго рукі, Брытвін шчоўкнуў курком, пакратаў прыцэльную рамку. Потым зірнуў на мушку. — А яшчэ казалі: Мелік'янц — строгі камандзір!

Сцёпка ўсё маўчаў, але пад елкай падазрона заёрзаў Даніла.

— Ды ён не Мелік'янца. Ён з кухні.

— Як з кухні?

Брытвін апусціў вінтоўку і ўтаропіў у Данілу недаўменны, амаль абураны позірк. Сцёпка за рулю выхапіў у яго вінтоўку, падумаўшы пра Данілу: «Каб ты прапаў! Цягнуў яго хто за язык!» Хлопец адчуў у

Вы читаете Круглянскі мост
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×