можа лепей узяць на бліжэйшыя гады тэму Нясвіж — Слуцак як культурныя цэнтры: архівы, бібліятэкі, нумізматычныя зборы, карціны, друкарня і г.д. Гэта тэма ня толькі для нас, але амаль для ўсяго культурнага свету. Пару дзён назад я пачаў корпацца на той сваёй паліцы, на якой польская літаратура. Там знаходзіцца стос кніг (улічваючы гадавыя справаздачы) Таварыства прыяцеляў навук у Вільні. Калісь збіраў гэтыя матэрыялы, бо меў намер напісаць пра Таварыства калі ня кнігу (яно вартае гэтага), дык хоць добры артыкул. Архіў Таварыства (100 тыс. адзінак), бібліятэка і асабліва друкаваная прадукцыя — гэта таксама частка нашай гісторыі. Можа возьмеце? Урэшце, крыніцазнаўства. З гэтага наогул усё і пачынаецца. Калісь у прысутнасці Петрыкава ў Бірылы спрабаваў угаварыць, што ў Мінску патрэбна або археаграфічная камісія, або сектар, які б спецыяльна займаўся толькі гэтым. У тых спецыялістаў гэтая думка не знайшла ніякага водгуку, але яна будзе ўздымацца яшчэ і яшчэ, бо без гэтага нельга ісці далей. У першую чаргу важна нават можа не археаграфія, але архівістыка ў тым сэнсе, што неабходна зрабіць улік матэрыялаў па гісторыі Беларусі — дзе яны знаходзяцца і чаго вартыя. Пакуль я знаходжуся тут і працую ў сектары крыніцазнаўства, маю магчымасць падтрымаць гэтыя тэмы, калі ў тым будзе неабходнасць.

Адпачываў больш чым 3 месяцы, а прыехаўшы зноў лёг. Наперадзе зіма, а каб скончыць кнігу пра летапісы, трэба ехаць у Ленінград і г.д.

22.Х.1980.

Улашчык

А.П. Грыцкевічу

Дарагі Анатоль Пятровіч,

Дзякуй за кнігу. 1 такую трэба мець і ведаць. Праглядзеў пачатак. Відаць, трэба было пасылаць на рэцэнзію ў наш Інстытут, але асцерагаліся, каб не трапіла да мяне (хаця можа як падручнік павінны былі паслаць у навуковую ўстанову). Бяляўскі (дарэчы, не М.П., а М.Т. — Тимофеевич) беларускімі праблемамі ніколі не займаўся, яшчэ меншы спецыяліст у гэтай галіне Фёдараў, але, зразумела, ад іх вымагалі самай агульнай ацэнкі, накіраванасці, а гэта Бяляўскі можа даць. У гістарыяграфічным раздзеле ўсе аўтары, пачынаючы з Турчыновіча, ідуць адным цветам, без усялякае спробы аналізу. Нарбут, Ярашэвіч і наогул усе, хто ня пісаў па-руску, адсутнічаюць. Нават пра Космана няма згадкі. Адпаў і я, а з-за мяне (так думаю) адпалі Пахілевіч і Мальцаў.

Пару дзён назад чуў, што лёс «Беларусі ў складзе…» вырашаецца зноў, бо прысланая без подпісу рэцэнзія на 30 старонак. Кажуць, што ўсё прыйдзе ў Інстытут яшчэ раз. Спадзяюся, што пра ўсё гэта мне зноў нічога ня скажуць.

Я, ведама, згодзен быць у Вас апанентам, але я фігура няпэўная па дзвюх акалічнасцях. Цяпер шыфр апанента павінен супадаць з шыфрам дысертацыі, а ў мяне ён далёкі. Другое, — я наогул не магу быць пэўным па гадох. Пакуль што добра, але ніякіх гарантый на будучае. Майце гэта на ўвазе і прыглядайцеся да кантрольнага.

Калі быў у Мінску ў жніўні, гаварыў па тэлефону з Чапко. Між іншага спытаў, ці ёсць на кафедры адпаведныя тамы ПСРЛ. Сказала, няма, — ні першага, ні другога. А як жа Вы так? Чаму ж не набылі, як жа ў Вас ідуць заняткі? Набываць — гэта справа бібліятэкі, а ня кафедры, а калі трэба, то студэнты ходзяць у Ленінскую бібліятэку. Адкуль жа тут загарэцца студэнту!

3.ХІІ.1981

Скора новы год. Як хутка ідуць наогул гады.

Улашчык

А.П. Грыцкевічу

Дарагі Анатоль Пятровіч,

Спачуваю Вам, але згодна з законам прыроды маладыя мамы ня любяць свякрух, а любяць сваіх мамаў. На такі выпадак трэба было б мець кватэру хаця б на чатыры пакоі!!!

Адносна рэцэнзіі на «Беларусь» мне званілі з Мінску, і я даў згоду, але, відаць, ня надта разумна сказаў, што рэцэнзія будзе адмоўная. Размова была больш за тыдзень назад, а рукапісу няма. Калі яго прысылалі ў Інстытут першыя два разы, то мне нічога не казалі, і я думаю, што пра гэта была папярэдняя дамоўленасць з Мінска. Апошні раз, калі адкрывалася абмеркаванне, мне прыслалі, але ішоў том летапісаў і я прачытаў толькі самы пачатак, прычым раздзелы гістарыяграфія і крыніцы мне здаліся нават ня ўбогімі, а зусім нічога ня вартымі. Затым (як скрозь зараз ва ўсіх мінскіх працах) рухаючаю сілаю гісторыі робіцца праваслаўны бог.

Я тады сказаў усё гэта вельмі коратка, [але калі] і зараз, як прышлюць, скажу ўсё, што думаю, — гэта ж ня пойдзе ў друк і ня будзе каму тармазіць.

Дома ў мяне няскладна: Н.М. ляжыць. Была ў бальніцы, а цяпер дома. Раз на тыдзень прыходзіць жанчына, памагае сын, але ў асноўным гэта мой клопат, і таму на сябе застаецца мала што. Нават калі быў больш-менш вольны ад дамовых клопатаў, працаваць мог мала, а зараз яшчэ менш. У свой час, калі здаваў у друк «Очерки», адрэзаў проста з канца 100 старонак, каб улезці ў належны памер. Зараз дарабляю яго і думаю зрабіць кнігу аркушоў на 10-12, працяг «Очерков». Пісаць ёсць пра што («Белоруссия в эпоху феодализма», «Русско-белорусские связи», Статуты і г.д.). Між іншым, толькі зараз вычытаў у прадмове да 1 тома, што Русь у XII ст. прыгняталі татары і немцы (Капыскі). Навіна!

Вам такі пара сканчаць. Надта ўсё зацягнулася.

28.ІХ.1983.

Улашчык

Пак ад «Навукі» атрымаў. Другі Ваш ліст таксама. Нестае крыніц.

І.Я. Навуменку

Віцэ-прэзідэнту Акадэміі Навук Беларускай ССР Акадэміку І.Я.Навуменку

У 1971 г. група працаўнікоў Інстытута гісторыі АН БССР пачала пісаць манаграфію пад назваю: «Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага». Гадоў праз пяць-шэсць гэтую працу пачалі абмяркоўваць у адпаведных установах Мінска і Масквы, прычым кожны раз рабіліся важкія заўвагі. Пасля новых і новых дапрацовак кніга стала звацца: «Беларусь у XIV — сярэдзіне XVI ст.» (Назва вельмі няўдалая, бо гісторыю механічна на кавалкі не сякуць). I зараз, пасля ўсіх дапрацовак, манаграфію ніяк нельга лічыць гатоваю да друку. Разам з гэтым узнікае пытанне: колькі каштуе адна старонка гэтага рукапісу, над якім сядзяць 12 гадоў?

Вы читаете Эпісталярыя
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×