- Але, мiленькая, - завуркатаў Бернгард, - не капрызнiчай! Што я магу сказаць? Увесь час у клопатах, усюды банкруцтвы, падаткi... ну, але працуеш...

Жанчына маўчала.

- Спрытнюга, - сказаў я Антонiа.

- I яшчэ якi! - адказаў той. - Ён прыехаў сюды пазаўчора i не дае жанчыне слова сказаць, дабiваючы яе сваiмi: 'Табе тут цудоўна!' Ён не хоча нiчога бачыць, ведаеце, - нi яе страху, нi хваробы, нi адзiноты. Магчыма, ён ужо даўно жыве ў Берлiне з iншай такой самай куляй, як сам, а сюды ездзiць ужо паўгода, выконваючы абавязак, пацiраючы рукi, нахабна жартуючы, думаючы толькi пра сябе. Толькi каб нiчога не чуць! Такое тут не рэдкасць!

- Даўно тут гэтая жанчына?

- Каля двух гадоў.

Гурт маладых людзей са смехам прабег праз хол.

- Вяртаюцца з пошты. Паслалi Роту талеграму.

- Хто гэта - Рот?

- Гэта той, хто ад'язджае першы. Яны тэлеграфавалi яму, што яму нельга ехаць дадому, бо там эпiдэмiя грыпу, i таму трэба яшчэ застацца тут. Звычайныя жарты. За тое, што iм самiм трэба заставацца, разумееце?

Я зiрнуў у акно на шэры аксамiт, якiм былi завешаны горы. 'Усё гэта няпраўда, - падумаў я. - Усё гэта нерэальна, такога не можа быць. Тут толькi нейкi тэатр, дзе злёгку iграюць смерць. Калi сапраўды памiрае чалавек, дык гэта жахлiва сур'ёзна'. Мне хацелася б дагнаць маладых людзей, паляпаць iх па плячы i сказаць: 'Тут жа толькi салонная смерць, цi не праўда, а вы толькi вясёлыя артысты, што iграюць смерць. Пасля вы зноў устанеце, каб пакланiцца. Ад павышанай тэмпературы i жорсткага дыхання не памiраюць. Трэба, каб стралялi, паранiлi каго-небудзь, тады прыйдзе смерць. Мне гэта знаёма...'

- Вы таксама хворы? - спытаў я Антонiа.

- Вядома, - сказаў ён з усмешкай.

- Сапраўды, выдатная кава, - грукатаў побач таўстун. - У нас такой удзень з агнём не знойдзеш.

Кёстэр вярнуўся з метэастанцыi.

- Мне трэба ехаць, Робi, - сказаў ён. - Барометр пайшоў унiз, вiдаць, ноччу пойдзе снег. Тады мне заўтра не прабiцца. Сёння яшчэ праеду.

- Добра. Павячэраем разам?

- Так. Я хуценька ўпакую рэчы.

- Я дапамагу, - сказаў я.

Мы ўпакавалi рэчы Кёстэра i занеслi iх у гараж. Потым вярнулiся, каб паклiкаць Пат.

- Калi што, тэлефануй мне, Робi, - сказаў Ота.

Я кiўнуў галавой.

- Праз некалькi дзён атрымаеш грошы. На першы час хопiць. Рабi ўсё, што неабходна.

- Добра, Ота. - Я павагаўся. - У нас дома ёсць некалькi ампул морфiю. Ты можаш прыслаць iх мне?

- Навошта яны табе?

- Не ведаю, што i як тут будзе. Магчыма, яны не спатрэбяцца. У мяне ўсё яшчэ жыве надзея, насуперак усяму. Але толькi тады, калi бачу Пат. Застаўшыся адзiн, я губляю ўсё. Але я не хачу, каб яна пакутавала, Ота. Не хачу, каб яна ляжала, не адчуваючы нiчога, акрамя болю. Магчыма, яны будуць даваць ёй уколы. Але мне будзе спакайней, калi я буду ведаць, што магу дапамагчы ёй.

- Толькi для гэтага, Робi? - спытаў Кёстэр.

- Толькi для гэтага. Вядома. А то я i не сказаў бы табе.

- Мы засталiся толькi ўдвух, - няспешна сказаў ён.

- Так.

- Добра, Робi.

Мы пайшлi ў кавярню, я прывёў Пат. Мы хуценька павячэралi, неба зацягвалася хмарамi. Кёстэр вывеў 'Карла' з гаража, пад'ехаў да пад'езда.

- Бывай, Робi, - сказаў ён.

- I ты, Ота.

- Да пабачэння, Пат. - Ён падаў ёй руку i паглядзеў у вочы. - Вясной я прыеду па вас.

- Усяго вам добрага, Кёстэр. - Пат цвёрда пацiснула яму руку. - Я рада, што пабачыла вас. Перадавайце прывiтанне ад мяне Готфрыду Ленцу.

- Добра, - сказаў Кёстэр.

Яна ўсё яшчэ не выпускала яго руку. Яе вусны дрыжалi. Раптам яна ступiла крок наперад i пацалавала яго.

- Жывiце шчаслiва, - цiха прамовiла яна прыглушаным голасам.

Твар Кёстэра раптам на iмгненне асвяцiўся ярка-чырвоным полымем.

Ён памкнуўся яшчэ нешта сказаць, але адвярнуўся, сеў у машыну, iрвануў яе з месца i паiмчаў па звiлiстай горнай дарозе не азiрнуўшыся. Мы глядзелi яму ўслед. Машына прагрукатала па галоўнай вулiцы i пачала ўзбiрацца на гару, як адзiнокi светлячок, несучы перад сабой па шэрым снезе святло тусклявых фараў. На вяршынi машына спынiлася, Кёстэр памахаў нам. Цёмнай плямай ён стаяў перад фарамi. Потым ён знiк, i мы доўга яшчэ чулi гул машыны.

Пат нахiлiлася i слухала, пакуль было чуваць. Але гул зацiх. Тады яна павярнулася да мяне.

- Апошнi карабель адплыў, Робi.

- Перадапошнi, - адказаў я. - Апошнi - я. А ведаеш, што я планую? Я хачу знайсцi iншае месца, каб кiнуць якар. Пакой у прыбудове мне больш не падабаецца. Не разумею, чаму мы не можам жыць разам. Паспрабую пашукаць пакой блiжэй да цябе.

- Немагчыма! Не знойдзеш! Як ты думаеш зрабiць гэта?

- Ты будзеш рада, калi я змагу?

- Што за пытанне? Было б цудоўна, мiлы! Амаль як у матухны Залеўскi.

- Добра, тады дазволь мне папрацаваць паўгадзiнкi.

- Выдатна. Я пакуль што пагуляю з Антонiа ў шахматы. Я тут навучылася.

Я пайшоў у кантору i растлумачыў, што застаюся тут надоўга i хачу атрымаць пакой на адным паверсе з Пат. Пажылая дама з усохлымi грудзьмi глянула на мяне незадаволена i адмовiла мне, спасылаючыся на рэжым.

- Хто ўстанаўлiваў рэжым? - спытаў я.

- Дырэкцыя, - адказала дама i разгладзiла зморшчыны на спаднiцы.

З вялiкай неахвотай яна паведамiла мне нарэшце, што дазволiць пайсцi на парушэнне можа толькi галоўны лекар.

- Але яго ўжо няма, - дадала яна. - А дадому да яго звяртацца можна толькi па службе.

- Цудоўна, - сказаў я. - Тады я звярнуся да яго па службе. Адносна рэжыму.

Галоўны лекар жыў у маленькiм дамку побач з санаторыем. Ён адразу прыняў мяне i без усялякай валакiты даў мне дазвол на перасяленне.

- Пасля няўдалай першай спробы не думаў, што так лёгка атрымаецца, сказаў я.

Ён засмяяўся.

- А, вы, вiдаць, натрапiлi на старую Рэксрот. Добра, я зараз ёй патэлефаную.

Я вярнуўся ў кантору. Старая Рэксрот з гонарам знiкла, убачыўшы выклiк на маiм твары. Я ўсё ўладзiў з сакратаркай i даручыў швейцару перанесцi мае рэчы i купiць мне некалькi бутэлек спiртнога. Потым я вярнуўся да Пат.

- Уладзiў? - спытала яна.

- Пакуль што - не, але праз некалькi дзён усё будзе ў парадку.

- Шкада, - яна перавярнула шахматы i ўстала.

- Што будзем рабiць? - спытаў я. - Пойдзем у бар?

- Вечарам мы часта гуляем у карты, - сказаў Антонiа. - Скора падзьме фен, гэта адчуваецца. У такi час найлепш гуляць у карты.

- У карты? Пат? - здзiўлена спытаў я. - У якiя гульнi ты ўмееш? У дурня i ў пасьянс?

- У покер, каханы, - заявiла Пат.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×