душы-прывiды. Гасподзь,у пакаранне, захаваў пры нас усю нашу тагачасную недарэчнасць i перанёс яе сюды.
- А падрабязней, што гэта за недарэчнасць? - спытаўся Iсаеў.
- Вы не бачылi нашу беднасць, якую мы працягваем ухваляць як нейкае эканамiчнае дасягненне! Вы не бачылi нашы чэргi! Вы не спрабавалi пакаштаваць нашу каўбасу, ад якой сабакi дохнуць! Вы i не ўяўляеце нашу зашоранасць i даверлiвасць! У нас тут пастаянныя сходы, галасаваннi, рэферэндумы! Мы змагаемся за пераходны сцяг, за ганаровы вымпел, за грамату! Мы робiм выгляд, што прымаем законы, а правiць сiла беззаконня! З намi - нашы хваробы: i фiзiчныя, i маральна-псiхалагiчныя! Мы калiсьцi сваю годнасць, мову, духоўнасць i душу прамянялi на ўсё гэта. Забыўшыся, хто мы, - мы не маем мiнулага, з намi толькi наша вечнае сучаснае - нашы пакуты...
Распавядальнiк сцiх i апусцiў галаву. Было вiдаць, што кожнае слова аддавалася яму болем.
- А мова? Што ў вас за мова такая? Я не бачу ёй лагiчнага тлумачэння, асцярожна загаварыў Iван. - Вы i гэта мова - штосьцi ненатуральнае, супярэчлiвае, iншароднае...
Алесь не адказаў i яшчэ нiжэй апусцiў галаву. Iван зразумеў, што гэта, магчыма, самы вялiкi грэх кожнай сумленнай пераселенай душы.
- А дзе выйсце? - занепакоена спытаўся Iсаеў. - Чым вам можна дапамагчы?
Алесь горка ўсмiхнуўся:
- Дзе выйсце?.. А выйсце, здавалася б, вельмi простае: тая душа, якая ўспомнiць, дзе пачатак яе роду, якая атулiць сябе адвергнутымi святынямi, якая шчыра пакаецца перад сабой i Богам, тая душа зробiцца нябачнай i знойдзе ўпакаенне на зямлi сваiх продкаў - i мучэннi скончацца...
- Няўжо так складана ўспомнiць сваё мiнулае i пазбавiцца ад пакутаў? - не вытрымаў Iсаеў.
- Каб гэта было так проста, большасць даўно б перасялiлася ў вечную благадаць. Нават душы тых, хто калiсьцi збiраўся выратаваць нацыю ад слепаты, працягваюць i тут дзялiць прэмii i званнi, не жадаюць саступiць лiдэрства адраджэнства свайму паплечнiку. Душы толькi тых нямногiх, хто ў свой час не раздваiўся, не зламаўся, пакояцца на адвечнай Радзiме ў згодзе з Богам i сабой.
- Мы не гiсторыкi, - вiнавата прызнаўся Iван, - тут патрэбны спецыялiст у сваёй галiне. Абяцаем, што, вярнуўшыся на Зямлю, дакапаемся да вашага роду-племенi i неяк перададзiм вам...
- О не! Гэта не дапаможа! Мы павiнны самi цi ўратавацца, цi працягваць вечныя пакуты... Толькi самi...
Далей гаворка не складвалася. Усе разумелi, што пасля галоўнага i балючага распытваць сёння пра iншыя дробязi было б нетактоўным.
* * *
Прыкладна праз два тыднi аўтаномны блок сувязi на капсуле прыняў сiгнал падлятаючага да планеты Аскал касмiчнага карабля-выратавальнiка.
Узрушаныя Iсаеў i Сухiн перадалi адказ, назваўшы свае каардынаты, i папярэдзiлi калег, каб не садзiлiся на планету.
У сумнага Алеся не было прычын для радасцi, бо новыя сябры i цiкавыя субяседнiкi збiралiся пакiнуць яго назаўсёды, а наперадзе чакалi яго абраныя некалi iм пакуты.
Калi аднойчы касмiчны карабель завiс над скалой i прыняў на борт капсулу з двума астранаўтамi, Алесь стаяў i плакаў - пакуты працягвалiся.
Якое ж было Алесева здзiўленне, калi капсула з адным Iванам вярнулася назад i села побач з iм.
- Вы нешта забылiся? - пацiкавiўся Алесь.
- Сядай! - раптоўна паказаў Iван на свабоднае месца.
- Не! - рашуча адказаў Алесь. - Перасяленне душы тэхнiчнымi сродкамi немагчыма. Толькi тут i толькi мы самi! Вы бяссiльныя дапамагчы нават аднаму мне...
- Ты не зразумеў! - засмяяўся Iван. - Сядай, давязеш мяне на карабель, а сам з капсулай вернешся назад. Душа павiнна лётаць - вось табе i крылы! Хутчэй сядай!
- Не, - сумна адказаў Алесь, - у сапраўднай душы павiнны быць свае крылы, узрошчаныя верай i праведнасцю, узнёсласцю i духоўнасцю яшчэ пры жыццi... Дзякуй! Вы i так шмат зрабiлi для мяне, вы страсанулi i вывелi маё iснаванне са стану змярцвелага сну... Шчаслiвай дарогi, i няхай абмiне вас тое бяспамяцтва, якое напаткалi мы...
Вяртаючыся дамоў, Iван Сухiн не адчуваў нi радасцi адкрыцця новай планеты, нi радасцi хуткай сустрэчы з родным домам, бо недзе там, на маленькай планеце Аскал, мiльёны чалавечых душаў пакутуюць i мiтусяцца ў пошуках упакаення i боскай благадацi.