Яна даўно на 'ты' з жыццёвымi складанасцямi. Сёння - яна спраўляецца i з канём, i спрабуе касiць, i бярэ сякеру ў рукi - i ўсе свае шматлiкiя справы ўкладвае ў тры словы: 'Бабулi трэба ж дапамагаць!'
А якiя цудоўныя цацкi яна вырабляе ды вышывае з рознакаляровых кусочкаў тканiны! Тут i лялькi, i звяркi, i птушкi - у краме падобных вырабаў не бачыў!
Такiя вось летнiя справы ў Кацi. Зiмой жа яна цалкам прысвячае сябе i свой час вучобе, якую спалучае з курсамi па вывучэнню ангельскай мовы. Што ж сур'ёзны чалавек да ўсяго ставiцца сур'ёзна.
У вас можа скласцiся ўражанне, што яна - 'хлопчыкападобная' дзяўчынка, якая кампенсуе працавiтасцю недахоп дзявочай чароўнасцi.
О не! Не дай Божа (цi дай Божа) зiрнуць вам на гэту прыгажосць, на гэты цудоўны бутон! Закахаецеся!
Сёння ёй - пятнаццаць! Прыгожая i стройная, ветлiвая i сцiплая, яна заслугоўвае лёсу казачнай Папялушкi, якая спаткала свайго прынца. Калi глядзiш на Кацю, радуецца сэрца - не ўсё дрэнна ў жыццi.
Шчасця табе, чароўная дзяўчынка!
ПАМIЖ НЕБАМ I ЗЯМЛЁЙ
Надышла i мая пара iсцi служыць у войска. Спачатку прызыўная ваенная камiсiя зрабiла заключэнне: 'Годзен для службы ў надводным флоце', што выклiкала з майго боку бурлiвую радасць - надта ж мне падабалася марская форма. Тады мяне не засмуцiла тое, што на флоце трэба служыць на год больш, чым у войску, - аж чатыры гады. Карпiлаўскi Пеця Слiжук служыў на флоце, а чым я горшы?
Потым прыйшла павестка, i я апынуўся ў войску - i дзякуй Богу! Тры гады маладога жыцця, няхай i ваеннай няволi - тэрмiн не малы.
Прызвалi мяне з Карпiлаўкi, i пачаўся мой 'пачэсны абавязак'. Усё было добра, але падчас маёй службы брат Косцiк забраў старых бацькоў з вёскi ў Менск, дзе ён, працуючы токарам, атрымаў у драўляным бараку дзесяцiметровую каморку на Вознiцкiм завулку. I зажылi яны ўтраiх на дзесяцi метрах, як тыя паны на хамутах. Жывуць, перабiваюцца на Косцiкаву мiзэрную зарплату, бо бацькам за дзесяцiгоддзi дармавой працы ў калгасе, згодна савецкiх законаў, дзяржава, замест пенсii, выставiла фiгу (прабачце, не фiгу, а цэлых дзве маме i тату).
Праляцелi тры гады маёй службы, з'еў я не адзiн кацёл салдацкай кашы, i выдаюць мне на рукi прыпiсное пасведчанне, у якiм чорным па беламу, зноў жа, згодна савецкiх законаў, я накiроўваўся туды, адкуль прызваўся, - у Карпiлаўку Лагойскага раёна. Адпаведныя дакументы былi адпраўлены i ў Лагойскi райваенкамат, дзе я павiнен быў стаць на ваенны ўлiк.
Я ў штабе палка паспрабаваў тлумачыць, што за тыя гады, што я служыў Радзiме, сёе-тое змянiлася ў маiм жыццi, што ў Карпiлаўцы мяне нiхто не чакае, але штабныя пацукi адказалi:
- Нiчога не хочам ведаць! Кругом марш!..
I паехаў я на Вознiцкi завулак 'нелегалам', i пасялiўся на два з паловай метры, бо дзесяць лёгка дзелiцца на чатыры.
Тады я i не думаў, i не снiў, што сiмвалiчныя i непазбеглыя два з паловай метры чакаюць кожнага ў канцы жыцця. Гэта цяпер я такi разумны, а тады я, аддаўшы Радзiме свой доўг, працягваў любiць яе, лiчыў яе самым дарагiм i неабходным у жыццi. 'Ружовыя акуляры' не дазвалялi мне ўявiць, што ёй я не патрэбен. Ёсць я цi не - ёй аднолькава, ёй усё роўна...
Пачалiся мае шматмесячныя i шматлiкiя пакуты. Мне цяжка было зразумець, чаму мяне, не злодзея, не п'янiцу, чэснага чалавека, выганялi адусюль, куды толькi я нi стукаўся. Бралi ў рукi маё прыпiсное пасведчанне i злосна, у адзiн голас абуралiся:
- Чаго ты да нас прыпёрся? Едзь у сваю Карпiлаўку!..
О, я бы з радасцю паехаў туды, але ж там нi сваякоў, нi калгаснай гасадаркi, нiчога, за што можна было б зачапiцца. I ружовыя акуляры пачыналi шарэць...
Калi дзесяць метраў жылой плошчы цярпелi нас, то братава зарплата не вытрымлiвала чатырох чалавек, мы падгаладоўвалi, не кажучы пра тое, што я не мог зняць з плячэй салдацкай робы. А прыбрацца вельмi хацелася - малады ж.
На працу мяне нiдзе не бралi, бо я быў без прапiскi. У казённых абiнетах, дзе я намазолiў вочы, ад мяне кiдалiся ледзь не на сцены, як ад заразнага. У якi бок я нi крануся - усюды была мёртвая сцяна раўнадушша i абыякавасцi. Зноў, як i ў маленстве, мне даставалiся братавы старыя штаны, якiя я 'падфасоньваў', даношваў яго кашулi, з дня на дзень мама варыла буракi, бо гэта была самая танная яда.
Зрэдзь удавалася разгрузiць вагон, але i там усталявалiся свае парадкi, склалiся свае брыгады - чужых блiзка не падпускалi...
Раптоўна ад знаёмых паступiла прапанова:
- Ёсць адна баба, ёй, праўда, семдзесят гадоў, затое мае двухпакаёўку. Спаць ты з 'жонкай' не будзеш (дзякуй i за гэта), аформiце шлюб у загсе - i ты гарадскi жыхар! А там, дасць Бог, яна доўга не пачырыкае, табе i кватэра застанецца...
- Не-е! - устаў я на дыбы. - Каб я ды ажанiўся з сямi-дзесяцiгадовай бабай! Нiколi! Нават фiктыўна не хачу!..
Сёння гэта можа выклiкаць усмешку, але не ў мяне. Я i цяпер не паважаў бы сябе за той шлюб, каб ён адбыўся...
Раiлi мне i нейкага гарбатага калеку, за якiм патрэбен быў дагляд i якi за тое, што я буду з-пад яго выносiць ягоныя нечыстоты, прапiша мяне часова як апекуна.
I пра гэта я не захацеў слухаць.
Нарэшце прапiсалi мяне, за адпаведную плату, у пасёлку Лiпкi Менскага раёна, i зрабiўся я сапраўдным савецкiм чалавекам, бо займеў паперку на руках.
З раённай прапiскай бралi на працу мала куды - у асноўным у нейкiя шарагi, але ж я мог зарабiць сабе на штаны i кавалак хлеба.
МЯЖА
Дажыла бабуля да адзiноты...
Цi ёсць у свеце што-небудзь горшае i горкае, чым адзiнота? На гэта пытанне здольны адказаць толькi той, каго яна, праклятая, напаткала.
Жыве бабуля, цягне гаспадарчую лямку, не паддаецца бясконцай сялянскай працы i свайму ўзросту. За адзiн сённяшнi дзень чаго толькi нi перабыло ў бабулiных руках: i дрэўка, i дровы, i саганы, i вiлы, i сякера, i вёдры з вадой, i нiтка з iголкай, i вялiзныя вязкi саломы, i маленькi апошнi кавалачак хлеба з кубкам купленага ў суседзяў малака. Але гэтыя дзве апошнiя 'цяжары' ледзь 'заўважылi' бабулiны рукi, бо для рук праца - жыццёвая неабходнасць, а кароткачасовы перапынак для яды - вымушанасць.
Ды i прымае ежу вясковец па-асаблiваму - прыткнецца на самы крайчык лавы цi табурэткi, мiска з зацiркай цi булёнам ад яго - за вярсту, быццам ён у сваёй хаце не гаспадар. А ўсё гэта ад таго, што няма калi яму рассядацца ды сталавацца, бо дзень пралятае хвiлiнкай, а праца чакаць не будзе...
Надышла вясна-вёсенка. Трэба ж неяк адсеяцца, каб не горш чым у людзей было. Тут, як на тое шчасце, прыкацiлi на сваiх машынах з горада дзецi з унукамi.
- Дзякуй табе, Божачка! Мiца i сына i святога духа! - перахрысцiлася старая. - Адсеюся ў пару!
Яна горача прывiталася i руплiва кульганула ў хату, заляскацела мiскамi, выцягнула з печы саган з бульбай. Потым дастала сцiплы кавалачак сала, саскрэбла з яго леташнюю соль i парэзала яго на тоненькiя лустачкi.
'Эх, шкада, што куркi не нясуцца пакуль', - паскардзiлася сама сабе i з той жа руплiвасцю кульганула на двор.
Тут адчувалiся перадпрацоўная бадзёрасць i ўзрушанасць, чулiся жарты i рогат.
- Дзеткi! Унучкi! - паклiкала шчаслiвая бабуля. - Хоцькi ў хату, падсiлкуйцеся з дарогi, мае залаценькiя!
Старая адчынiла варотцы, прапускаючы дарагiх гасцей, i вiнавата дадала:
- Вось толькi хлеб выйшаў увесь - выбачайце... Але ж i бульбачка не ўступiць яму...
Нявестка, праходзячы мiма старой, артыстычна завойкала:
- Ой! Вой-вой! А мы ж так спяшалiся сюды, што i пра хлеб забылiся!..
- Нiчога, дзеткi, i бульбачка яда. Нiчога, мае залаценькiя...
Усё радзей i радзей пачалi прыязджаць да яе дзецi. Старая гэта заўважыла не па лiстках календара, якiя адрывала ўрачыста i старанна, а адчула сэрцам... Памёр стары, i за iм падышла да зводу кароўка, бо сена - мужчынская праца. Без кароўкi - нi малачка, нi тваражку, нi смятанкi. Колiсь з гаспадаром бабуля выгадоўвала дзвюх, а былi гады, i трох свiней. Тады дзецi маглi, як кажуць, i каўбаскай падперазацца, i ў