— Вы ў Афганістане не служылі? Крушынскі ўздрыгнуў і ў сваю чаргу ўважліва пазірнуў на доктара.

— Не! — сказаў рашуча. — Я ўвогуле… не быў у арміі.

— Гм… Значыць, памыліўся. Дый то — колькі часу прайшло!

— Многа бывае падобных людзей.

— Гэта праўда…

— Нас чакаюць, — нагадаў Крушынскі. — Чалавек з машынаю.

У хатку ўвайшлі хутка і ўбачылі, што дзяўчынка стаіць каля вакна і прымярае доктаравы пальчаткі. Злоўленая 'на месцы злачынства', яна густа пачырванела, сцягнула пальчаткі і асцярожна паклала на стол.

Доктар запіхнуў іх у кішэню:

— У «масквічы» цёпла, — ён узяў сакваяж.

У дзвярах павярнуўся і падміргнуў дзяўчынцы:

— Ну, шчасліва! Папраўляйся і не хварэй больш.

Крушынскі пайшоў правесці яго. Стась стаяў каля машыны, задуменна, па-філасофску сузіраючы наваколле. Мабыць, і яму падабалася тут. На твары яго напісана было, што ён удзячны свайму падазронаму барадатаму пасажыру, які нечакана аб'віўся раптам ранняй раніцаю ў тлумным горадзе, выбраў менавіта яго някідкі «масквічок», развеяў яго, Стасевую, падазронасць, ды яшчэ і выцягнуў яго у гэты прыгожы, ціхі, утульны куточак, даў магчымасць супакоіцца, падумаць, падыхаць свежым паветрам — хай сабе і ненадоўга.

Крушынскі аддаў яму пяцьдзесятку.

— Дзякую.

— Гэта табе дзякуй! За тое, што… Зрэшты, сам разумееш!

Крушынскі павярнуўся, каб ісці, Стась паклікаў яго:

— Пачакай!

Нырнуў у машыну. Паказаўся зноў — з пустым пачкам з-пад цыгарэт, на якім штось было запісана.

— Нумар майго сотавіка. Звані, калі будзеш у Мінску. Я заўсёды твой.

Крушынскі падзякаваў.

На шашу, ужо ведаючы збольшага дарогу, «масквічык» выграбся хутка.

— Дзіўны чалавек! — сказаў Стась доктару, усё яшчэ думаючы пра Крушынскага.

Доктар не абазваўся. Ён быў задуменны. Потым прамовіў — ці то да Стася, ці то самаму сабе:

— І ўсё ж яго недзе бачыў!

А калі — цяпер ужо злева — прамільгнуў паласаты слуп указальніка, доктар аж уздрыгнуў, ледзь шыю не скруціў, на гэты слуп азіраючыся.

— У вас блакноцік — можна, калі ласка? І ручку.

Стась адчыніў бардачок, падаў. Скасіўшы вочы, ўбачыў, што доктар запісвае — «Вялікая Паляна, 4 км». Стасю здалося, што ў доктара падрыгваюць рукі.

Раздзел X

Сімулянтка. — Гісторыя Вікі. — Недавер Крушынскага. — Разгубленасць яго. — Нядобры план.

Крушынскі, гучна ляпнуўшы за сабою дзвярыма, увайшоў у хатку.

На душы ў яго адбывалася штось незразумелае. З аднаго боку ён адчуваў дзіўную палёгку, проста гара з плеч звалілася, калі пачуў, што дзяўчынка зусім здаровая. З другога — яму было прыкра, што яго, дарослага, разумнага, вопытнага мужчыну так абвялі вакол пальца. Галоўнае, ён не разумеў, навошта дзяўчынцы гэта?

Прыкрасць была і ад таго, што ён ноч не спаў, перажываў за яе, што паўдня прайшлі ў дарэмнай беганіне, клопатах, «разборках» — асабіста яму зусім непатрэбных; і што ён вымушаны быў прывесці сюды чужых людзей, якія зрабіліся міжвольнымі сведкамі ўсяго.

Крушынскі прысеў на табурэт і моўчкі пачаў пазіраць на дзяўчынку. Ён усё яшчэ спадзяваўся, што сумленне прачнецца ў ёй і яна першая пачне размову. Але яна вытрымала гэтую цяжкую паўзу. Толькі што пазірала не на Крушынскага, а ўбок кудысьці. Рукі яе нервова церабілі коўдру, насунутую па бараду.

Крушынскаму нічога не заставалася, як пачынаць самому.

— Так, мая мілая. Ты мне дужа дорага абышлася, каб я цябе вось так проста пакінуў у спакоі, каб ты і далей магла ламаць сваю камедыю. Зараз ты мне раскажаш усё. Праўду раскажаш. Я чакаю.

— А што… сказаў доктар? — ціха спытала яна. Гэта былі першыя яе словы. І так дзіўна было чуць іх тут, сярод гэтых сцен! Крушынскі аж уздрыгнуў. Разам з тым ён не мог не адзнычыць, што голас у яе прыемны, нейкі падманліва анёльскі; не псавала яго нават лёгкая асіпласць ад прастуды.

— Доктар сказаў, ты абсалютна здаровая. Так што я цябе ўважліва слухаю. Хто ты, адкуль, як апынулася ў лесе, чаго замярзала там? І галоўнае — што ты думаеш рабіць далей?

Адказ прыгучаў толькі на апошняе пытанне.

— Нічога. Мне няма куды йсці…

— Ну-ну! Гэта ты мне кінь адразу! Няма куды йсці… Што ты гэтым хочаш сказаць?

Яна маўчала.

— Можа, ты сабралася тут жыць? Я правільна зразумеў? Ты думала пра гэта, прызнайся? А ты дапускаеш, што такі варыянт можа не задавальняць некага? У прыватнасці, мяне, гападара?

«Навошта я з ёю так рэзка?» Крушынскі вырашыў змяніць тактыку.

— Добра, — сказаў ён мякчэй. — Давай спачатку. Як цябе завуць?

— Віка.

— Ну вось, ужо лягчэй. Дзе ты жывеш, Віка?

— Нідзе…

— Так, пачынаецца! Добра — а дзе ты жыла раней? Жыла ж ты недзе?

— У Гомелі.

— Ну вось! Так памалу і наблізімся да ісціны. Ужо нешта, ужо можна да нечага прывязацца. Віка з Гомеля, трынаццаць гадоў. Хто ў цябе бацькі? Ну, што ізноў не так? Чаму маўчыш? У цябе ёсць бацькі?

— Не ведаю, як сказаць…

— Кажы праўду.

— Тады — няма ў мяне нікога.

— Стоп-машына!

Крушынскі ўжо бачыў, што кожнае слова давядзецца выцягваць з яе як абцугамі. Але ён быў упарты, да таго ж верыў, што такім спосабам — задаючы ёй пытанні і хвалячы за кожны адказ, ён свайго даб'ецца.

Так і адбылося. Пакрысе дзяўчынка разгаварылася. За ўвесь час, пакуль пераказвала невясёлую сваю гісторыю, яна ні разу не паглядзела на Крушынскага. Уставілася ў адну кропку — ў вакенца насупраць тапчана, нібы там вісеў якісьці экран, з якога яна і счытвала свой тэкст.

Спачатку Крушынскі слухаў уважліва. На кожнае слова ківаў галавою — так, так, разумею, бывае. У той жа момант ён стараўся не прапусціць ніводнае дэталі, вычэкваючы момант, калі дзяўчынка саб'ецца, заблытаецца і каб на гэтым злавіць яе.

Але яна не збівалася. Гладка, роўна, як па пісаным ліўся прыемны яе голас. І чым больш слухаў Крушынскі, тым больш аповед яе расчароўваў яго. Нейкай дужа сентыментальнай, слёзнай атрымоўвалася гісторыя, занадта ўжо біла на шкадаванне. Мноства такіх гісторый у газетах і па тэлевізары. З імі ўжо настолькі звыкліся, што цяжкавата нават бывае ўвайсці ў страшны іх сэнс — менавіта ад таго, што так многа іх. І ўжо ўспрымаюцца яны як штосьці нармальнае, будзёнае, як прагнозы сіноптыкаў ці праграма

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату