— А ну, пачакайце, — ён расчыніў скрыпучыя дзверы і знік усярэдзіне прыбудовы.
Штосьці ўпала там, грукнула. Доктар аж прысеў ад страху. Паказаўся зяць, трымаючы ў руцэ рыдлёўку:
— Глядзіце, што тут ёсць.
Сапраўды, удача! У абодвух авантурыстаў, канечне, былі і свае жалязнячкі — сапёрскія, з двух бакоў навостраныя, у брэзентавых футаральчыках; адну з іх і плаванавалася пасля «аперацыі» падкінуць барадачу. А тут і падкідваць не трэба. Бяры чужую рыдлёўку, якая, дарэчы, зручней за іхнія маламеры, пакарыстайся ёю, а потым вярні на месца — і хай гаспадар сам пасля адказвае, дзе яго інструмент гасцяваў.
Ад хаткі папраставалі ў напрамку сяла. Тут ужо зяць Ігар, успомніўшы свае самаробныя схемы-«карты» з нататніка, пачаў арыентавацца. Цяпер ужо ён вёў доктара. Вунь і Вялікая Паляна, свеціцца рэдкімі агнямі… А вунь, яшчэ далей, участкі дачныя.
Сяло прамінулі па ўзлеску. А вось і яны, могілкі! Перад носам. Арудуй сабе, як хочаш, і ніводная жывая душа не ўбачыць. І леснічоўка, аказваецца, не так далёка. Што ні кажы, а шэнціць ім, цьфу-цьфу- цьфу!
Каля магілы «афганца» прыселі на карачкі. Перадыхнулі крыху — хоць і ў такіх, нязручных позах.
— З Богам, — сказаў зяць Ігар, падымаючыся, і доктар уздрыгнуў — так недарэчна, нават дзіка прагучала гэтае пажаданне, да таго не вязалася яно з той бязбожнай справаю, якую сабраліся яны зараз рабіць.
«Працавалі» без ліхтарыкаў, у поўнай цемры, амаль навобмацак. Але пакуль што зладжана, без хібаў і памылак. Усё атрымлівалася. Спачатку павыцягвалі з зямлі бардзюрынкі, прысланілі да агароджы. Зяць асцярожна падкапаў помнік з боку магілы.
— Памажыце! — пазваў цесця, калі помнік пачаў нахіляцца.
Доктар аберуч упёрся ў халодны граніт. Зяць хуценька падсунуў пад ніз помніка, упоперак магілы, адну бардзюрыну, для страхоўкі — другую.
— Адпускайце…
Помнік стаяў роўненька, нібы ніхто яго і не трывожыў. Цяпер можна было раскапваць магілу, не баючыся, што ён зваліцца на галаву. І, калі рабіць усё з толкам, абачліва, не спяшаючыся. Выкапаць, забраць з труны каштоўнасці, акуратна засыпаць магілу, вярнуць на месца бардзюрынкі, награбсці зверху як мага больш бруднага снегу, прайсціся вакол магілы з венічкам, знішчыўшы хоць збольшага сляды. Калі зрабіць усё гэта, то нават ўдзень, за пяць крокаў ніхто нічога не заўважыць! Магіла як была, так і ёсць, помнік як стаяў на ёй, так і стаіць. Ды хто тут дужа прыглядаца будзе? Хто зімою на могілкі ходзіць? Хіба што на Радаўніцу, дык да таго часу, пасля зімы, усе магілкі аднолькавымі паробяцца!
Вось як было задумана авантурыстамі.
А на крайні выпадак — калі ўсё ж убачаць, што з магілаю няладна, дык на тое існуе барадач. З ягонай, зямлёй запэцканай, рыдлёўкаю.
Так што амаль ніякай рызыкі. Адно працуй!
Капалі на змену. Абодва, каб не пакінуць адбітку пальцаў на дзержаку рыдлёўкі, былі ў рукавіцах; ці, лепш сказаць, доктар — у пальчатках, а зяць — у звычайных будаўнічых «спяцоўках».
З непрывычкі доктар вельмі хутка стаміўся. Па спіне ў яго цёк пот, ногі трэсліся, далоні смылелі. З цяжкасцю адбыўшы сваю — пяціхвілінную — чаргу, ён скідваў пальчаткі і дзьмухаў на рукі; вадзяныя мазалі набрыньвалі нават пад пальчаткамі.
Зяць шчыраваў адзін. З шоргатам уядалася ў цвёрдую зямлю рыдлёўка. Яма рабілася ўсё глыбейшаю. Доктар адыйшоў да нейчай майгілы і абапёрся спінаю аб агароджу. Вакол былі сілуэты крыжоў і помнікаў. Чорныя дрэвы, як прывіды, цягнуліся сваімі сухімі скручанымі рукамі-галінамі да доктара, нібы сабраўшыся ашчаперыць яго. Яму стала вусцішна. Чаго яны тут, на могілках?! Што яны тут робяць?!
У гэты момант доктар выразна пачуў, як рыдлёўка стукнула аб штосьці. І адразу ж глыбіні ямы, як з калодзежа, пачуўся глухі зяцеў голас:
— Гатова!
Доктар падбег да ямы. Аднак нават зазірнуць туды не адважыўся. Спытаў зводдаля:
— Што там? Цынкавая труна?
— Ды якая цынкавая, — будзённа адказаў зяць, — усё даўно рассыпалася ўжо, і цынк, і тое, што ў цынку… Давайце, спускайцеся! — загадаў дзелавіта.
У доктара раптам пачалі стукаць зубы. Ці то ён паспеў схапіць прастуду, пастаяўшы, разгарачаны, каля халоднай агароджы, ці яшчэ ад чаго, але зубы так барабанілі, што даводзілася падпіраць рукой сківіцу.
— Іг…гар, я… не магу!
З ямы вытыркнулася зяцева галава.
— Што не магу? Спалохаліся? Вы ж доктар! Кажу вам — тут за пятнаццаць гадоў нічога амаль не засталося! Акрамя шкатулкі, канечне. Ну?
— Не… магу.
— Тады свяціце мне зверху.
— Не… магу! — як заклініла доктара. Зяць плюнуў.
— Чорт з вамі. Падайце мне ліхтарык! І сякерку.
Доктар падаў — а сам хутчэй уцякаць, да свае агароджы. Стаяў, калаціўся і нават уявіць не мог, што ж там, у яме, цяпер робіцца?..
Доўга не абзываўся зяць. Нарэшце ён моўчкі выбраўся наверх. Доктар кінуўся да яго:
— Што?! Што?! Знайшоў?!
У адказ яму ўпёрліся ў нос мокрыя брудныя пальцы, і доктар не так убачыў, як здагадаўся: гэта яму паказваюць дулю.
— Вось што я там знайшоў! Бачылі?! — зяць знясілена апусціўся проста на халодны жвір каля ямы. — Дурань! Пракляты дурань! — ён аж застагнаў, аж у лоб сабе пачаў стукаць. — Так добра жылося. У цяпле, у дабрэ. Не — захацелася большага! Паверыў, як дзіця неразумнае, як школьнік — нейкім магнітафонам, нейкім касетам. Дурню старому, гэтаму вось!..
— А ты добра глядзеў? — нясмела папытаўся доктар.
— Лезьце ды праверце!
Зяць быў злы, проста кіпеў увесь. Доктар пачуваўся, як пабіты сабака. Калі б хоць бы на гэтым усё скончылася! Калі б можна было б зараз сабрацца ды спакойна сысці адсюль! Дудкі. Трэба прыбраць усё. Нагадзілі, нашкодзілі, дык трэба ж, як ліса хвастом, сляды за сабою замесці.
Валэндаліся да паўночы. Але зрабілі больш-менш добра. Закідалі, старанна падраўнялі магілу, абклалі бардзюрынкамі; доктар рукамі зграбаў з-пад дрэваў, дзе яго было больш, снег і насіў сюды, прысыпаючы ім свежую зямлю. Потым выхапіў у зяця венік і доўга, стараннасцю жадаючы загладзіць віну, шкрэбаў ім на магіле — раўняў снег, і вакол магілы, і паўсюль, дзе яны маглі ступаць.
Зяць пасвяціў ліхтарыкам. Прыдзірліва ўсё агледзеў. Застаўся задаволены.
— А ведаеце, нічога. Амаль як такі было, — крыху адпусціла яго.
Што да старога цесця, той ледзьве трымаўся на нагах. А яшчэ ж не ўсё! Яшчэ ж аднесці ў хатку рыдлёўку. Яшчэ ж да шашы дапасці. У лесе сядзець, мёрзнуць да раніцы. Потым зноў ісці, ісці! — бо не будзеш жа спыняць аўтобус ці якую машыну адразу каля саменькага ўказальніка «Вялікая Паляна»!
Што да зяця Ігара, дык у таго клопатаў было яшчэ больш. Таму мала было дабрацца ў Мінск — трэба было яшчэ недзе купіць свежай рыбы. Рыбаком ён лічыўся умелым, удачлівым і ніхто яму, канечне, не