А Цім усклікнуў:
— Якая розніца?! Бацька яшчэ з раніцы пайшоў у лясніцтва, каб у Жытнявічы, у міліцыю пазваніць! Яны ж вось-вось прыедуць сюды! Па вас!
— Па мяне? Супакойся, — прамовіў Крушынскі. У самога ў яго, аднак, выгляд быў крыху разгублены. — Якая магіла, якія раскопкі. Нічога не разумею.
— Ды што тут разумець?! Уцякайце, хавайцеся, пакуль не позна! Кажу ж — зараз тут будзе міліцыя!
— Цім, не падымай паніку. Вы ж ведаеце, мяне не было тут усе гэтыя дні.
— Ды ў тым і справа! Бацька хваліўся, што рыдлёўку нейкую знайшоў у вас у двары! А ёй зямля, з магілы!
Крушынскі раптам замітусіўся, выцягнуў ключы з кішэні, потым скрутак грошай. Кінуў грошы на стол, адздзяліў адзін ключ ад кольца. Тады апамятаўся.
— Што за абсурд! — паглядзеў на Віку. — Хаця вось іменна абсурд. Я ж нават не магу сваім алібі пакарыстацца. Так, слухайце мяне ўважліва! Калі яны сапраўды прыедуць — я не ведаю вас, а вы мяне! Запомніце гэта. Для вас жа лепей, а найбольш — для Вікі. За мяне не хвалюйцеся. Нічога яны мне не зробяць. Калі і забяруць, дык патрымаюць крыху і адпусцяць. Але вас я падстаўляць не хачу!
— Віка, — звярнуўся да дзяўчынкі і да гэтага цвёрды яго голас пацяплеў, — вось табе запасны ключ, вось табе грошы. Святло пастарайся не запальваць, прадукты пакуль ёсць. Калі што — хлопцы купяць і прынясуць. Чуеце, хлопцы? Каб глядзелі яе, як сястру! Што б там ні здарылася.
— Не бойся, Віка, — горача запэўніў Валік, — з намі не прападзеш!
— Я і без вас не прападу…
А Ціму нават у такі момант іншае не давала спакою:
— Той, хто капаўся ў магіле, забраў каштоўнасці! — заявіў ён. — А рыдлёку вам падкінуў, каб зваліць на вас усё!
— Цім, ды не магло там быць ніякіх каштоўнасцей.
Крушынскі не дагаварыў і пачаў прыслухоўвацца. Барас таксама падхапіўся, загаўкаў звонка.
Усе выскачылі на двор. Аддалёку чуваць было гуркатанне машыны.
— Так, — распарадзіўся Крушынскі, — усе ў лес! Час у нас ёсць, блізка усё-адно яны не змогуць пад'ехаць!
Сам кінуўся ў хатку, ліхаманкава сабраў, запіхнуў у сумку нямногія дзяўчынкавы рэчы. Не забыў прыхапіць са стала грошы і ключ. Ізноў на двор:
— Хутчэй адсюль!
Машына ўжо не вуркатала, відаць, ужо ішлі сюды пехатою. Калі дзеці зніклі між хвояў, Крушынскі вярнуўся ў леснічоўку. Сеў і спакойна закурыў сабе, ні аб чым не думаючы. Чакаў ён нядоўга. На двары затупалі. Без стуку расчыніліся дзверы і на парозе ўзнік Цімаў бацька-ляснік, за ім — два міліцыянеры ў форме. У руцэ ў лясніка была ягоная, Крушынскага, рыдлёўка.
— Пяць хвілін табе на зборы, — не вітаючыся, нічога не тлумачачы, сказаў адзін з міліцыянераў.
А ў лесніка раптам аж рыдлёўка — доказ віны Крушынскага — выпала з рукі і бразнулася аб падлогу.
— Пачакайце… дык я ж яго ведаю! — разгублена неяк сказаў ляснік. — Я пазнаў яго, без барады! Гэта ж. ён прыязджаў сюды гадоў пятнаццаць назад! І ставіў помнік на магіле!..
Са сваёй хованкі, закрытыя кустамі ядлоўцу і хвоямі, дзеці бачылі, як выводзілі Крушынскага. Ён замкнуў хатку.
— Рукі за спіну! — скамандавалі яму.
Барс проста разрываўся нейкім істэрычным брэхам.
Хоць у Вікі і быў запасны ключ, і хоць Цімаў бацька таксама паехаў у міліцэйскай машыне — «для дачы паказанняў», а гэта значыла, ніхто чужы не прыдзе больш у леснічоўку, ва ўсіх трох не было ніякага жадання вяртацца ў апусцелае жытло. Без Крушынскага леснічоўка губляла сваю таямнічасць, прыцягальнасць, а рабілася звычайнымі чатырма сценамі і дахам, што чамусьці недарэчна тырчаць сярод лесу.
Адно, Віка заскочыла на якую хвілінку, узяла што-кольвечы з прадуктаў, прывезеных учора з Гомеля. Хлеб, сала, тры яблыкі, каўбасу. Не забыла прыхапіць і запалкі.
Хлопцы павялі яе да свайго кар'ера. Адшукалася і зацішнае месца — на стромкім беразе тры паваленыя хвойкі, на якіх можна было сядзець, як на лавачках, а пасярэдзіне гэтага трохкутніка — акурат пляцовачка для агню. Унізе, пад самымі нагамі, быў кар'ер — як якое возера. Іншым часам, асабліва ўлетку, сядзець бы на гэтым высокім беражку ды любавацца прыродаю. Але цяпер хлапчукам нават у галаву не прыйшло, што не так даўно бесклапотна ганялі яны тут шайбу. І найбольшай бядою для іх быў прапушчаны гол! Колькі за гэты час адбылося падзей! У тым ліку і сапраўдная бяда.
Цяпер хлопцы адчувалі, што зрабіліся амаль дарослымі.
Расклалі агеньчык. Валік прыцягнуў аднекуль сухую, доўгую і даволі тоўстую хвойку. Адным канцом паклаў на вагонь. Згарыць кавалак — зноў трэба падпіхнуць трохі.
— Як в'етнамскі гурок, — сумна прамовіў Цім, гледзячы на сябравы завіханні. — Адрэжаш кавалак, за ноч новы вырастае.
— Гэтай хвоі надоўга хопіць, — запэўніў Валік. Надоўга! Начаваць яны тут, ці што, сабраліся?..
Пачалі падсмажваць сала на агні, падстаўляючы знізу лусты хлеба.
— Крушынскі наказваў цябе глядзець, а мы наадварот — твае прыпасы знішчаем, — пазнавата спахапіўся Валік.
— Ды ешце, шчасце такое, — сказала Віка.
Не да прыпасаў ёй было цяпер. Валік, ледзь не ў вагонь рукою з хлебам лезучы, каб ніводная кропля тлушчу не прапала, пачаў філасофстваваць:
— Дык што! Як я зразумеў, Крушынскі і «Васіль» — адно й тое ж?
— Псеўданім, — падказаў начытаны Цім.
— Без цябе ведаю. Значыць, ён таксама ваяваў у Афгане? Значыць, мае ўсе патрэбныя дакументы?
— Калі гэта «Васіль», — ізноў умяшаўся Цім, у якога думкі ішлі ў крыху іншай, чым у ва ўсіх, плоскасці, — дык гэта. Крушынскі некалі паставіў наш помнік. І высылаў грошы бацькам «афанца» да канца іх жыцця!
— …У яго ёсць важныя дакументы, — цярпліва выслухаўшы сябра, працягваў Валік. — Значыць, ніхто такога заслужанага чалавека доўга трымаць у турме не будзе!..
Віка толькі гмыкнула:
— Ды ён у грош не ставіць гэтыя дакументы! Саромеецца іх. Нябось, і паказваць іх не стане. Ды і не такія яны важныя — ён сам неяк адзываўся пра іх з іроніяй.
— Тады, — рашуча сказаў Валік, — вось што мы зробім. Паедзем у міліцыю і заявім, што Крушынскага, калі раскапвалі магілу, у сяле не было. Што ён ездзіў у Гомель з пляменніцай.
Віка ўздыхнула і адвярнулася. Яна нервова ламала ў пальцах сухую галінку на роўныя, па сантыметры, кавалачкі.
— Нічога вы не ведаеце! — сказала яна. — Ніякая я яму не пляменніца. Я ўвогуле ніхто.
Бяздомная. Проста ён мяне ад смерці ўратаваў. А мне не было куды йсці. Зразумейце, што ён не можа ім нічога сказаць! Ён не можа пакарыстацца. гэтым.
— Алібі, — і тут уставіў Цім.