— І дзе вы ўмудрыліся на Мінскім моры, зімою, так выпэцкацца?

— Не ведаю…

Следчы, які сам быў някепскі рыбак, палез у скрынку.

— Як вы лавілі рыбу, калі ў вас нават вудкі не размотаныя? Калі ў вас ўсе, як адна, мармышкі сухія?

— Не ведаю…

Следчы махнуў рукою і нават дапытваць перастаў. Не варта было марнаваць час. Неўзабаве прывялі зяця Ігара. Той убачыў пальчаткі, убачыў брудны касцюм, убачыў перакошаны страхам цесцеў твар… Усё зразумеў. Стары гультай! Нават касцюм у парадак не змог прывесці! А дамаўляліся як?!

— Дык што, — звярнуўся следчы да Ігара, — будзем праводзіць экспертызу? Здымаць адбіткі пальцаў? Рабіць выезд на месца злачынства? Ці адразу пярэйдзем да галоўнага: што вы рабілі ўночы на магіле «афганца»?

— Не трэба… экспертызы, — выціснуў Ігар. — Запісвайце!..

Раздзел XXX

Вяртанне Крушынскага. — Хлопцы ходзяць героямі. — «Легалізацыя Вікі. — Дык ці была шкатулка з каштоўнасцямі? — Містыка. — «Сабака на сене». — Дзяўчынцы здаецца, што ўсё гэта сон.

Крушынскага выпусцілі тым жа вечарам.

Усё сяло толькі і гаварыла аб апошніх падзеях. Усе ведалі, што нейкія прахадзімцы з Мінска капаліся на магіле «афганца», шукалі нейкі скарб, нічога, канечне, не знайшлі, бо адкуль яму, гэтаму скарбу, было тут узяцца?

Усе таксама ведалі, што Крушынскага арыштавалі несправядліва, па нагаворы. Перажывалі за яго — як бы ўжо ён зрабіўся іхнім, вясковым. Бо і праўда — каму ён што кепскага рабіў, такі непрыкметны, ціхі? Да таго ж гэта менавіта ён некалі паставіў на магіле свайго сябра такі прыгожы помнік! За ўласныя грошы!

Аб гэтым расказаў людзям Цімаў бацька-ляснік. Самому лесніку было сорамна перад Крушынскім, ён збіраўся прыйсці ў леснічоўку прасіць прабачэння і на поўным сур'ёзе казаў сыну: «Падрыхтуй ты як-небудзь барадача свайго.», і збянтэжана чухаў патыліцу.

Аднак Цім і сам быў сярдзіты на Крушынскага. Навошта ён хлусіў ім пра спецслужбы, пра афганскую шкатулку, пра Васіля?.. Калі ўжо так карцела яму, дык мог бы і менш праўдападобную гісторыю выдумаць. І зусім не абяцанага матацыкла, якога ён цяпер, вядома, ніколі не атрымае, шкадаваў Цім. Не настолькі ён быў наіўны, каб спадзявацца на такі дарагі падарунак. Проста каму прыемна, калі цябе падманваюць, дык яшчэ так сур'ёзна, так грунтоўна, так дакладна?..

— Яго таксама можна зразумець, — апраўдваў Крушынскага Валік. — Ён правільна зрабіў. Падумай: цэлыя канікулы мы жылі гэтай тайнаю! А калі б ён проста прагнаў нас? Нічога не прыдумваючы? А так — ціквей было жыць.

Зрэшты, нават і ведаючы, што скарб — усяго толькі міф, прыдуманы Крушынскім, хлопцы пачуваліся героямі. Гэта ж менавіта яны раскрылі злачынства; міліцыі толькі заставалася арыштаваць віноўных! Гэта ж менавіта яны мала таго, што ўратавалі ад турмы Крушынскага, дык яшчэ і памаглі «легалізаваць» Віку. Цяпер дзяўчынцы не трэба было хавацца. Усё проста. Са слоў Ціма з Валікам вяскоўцы ўжо ведалі, што яна — пляменніца Крушынскаму, прыехала да яго з Гомеля на канікулы. Пажыве крыху, ды і паедзе.

— А што: гэтага доктара, і таго, другога, хто з ім быў — у турму пасадзяць? — пацікавілася Віка ў Крушынскага.

Быў позні вечар. Крушынскі сядзеў на сваім любімым месцы — перад грубкай, і пакурваў у комін.

— Гэтых? — рассеянна перапытаў ён. — Ды не, наўрад ці. Суд улічыць і матывы, і нанесены ўрон, і гатоўнасць кампенсаваць гэты ўрон, і характарыстыкі на іх, і раскаянне. Упэўнены — выкруцяцца яны!

Забягаючы наперод, скажам, што Крушынскі як у ваду глядзеў. Так і атрымалася. Не падмануў зяця Ігара знаёмы юрыст, усё сышло аферыстам з рук, лёгкім перэпалахам абыйшлося; хаця ў Ігара і былі вя-я- лікія непрыемнасці па службе!..

— А шкада, — прамовіла Віка. — Шкада, што гісторыя з афганскай шкатулкай усяго толькі легенда. Выдумкі!

Крушынскі сядзеў прыгорбіўшыся. Маўчаў. Часта зацягваўся цыгарэтаю. Віка ўважліва паглядзела на яго. Раптам неверагодная здагадка цюкнула ёй у галаву. Толькі жанчына можа ўгадваць такія рэчы (а не Цім з Валікам; яны адразу паверылі, што ніякага скарбу не было!).

— Ці… гэта не легенда? — прашаптала Віка.

— А ты як думаеш? — павярнуўся ён да яе.

— Я магу і памыляцца… Але думаю, шкатулка існавала. Ты даўно забраў яе. Яшчэ калі ставіў на магіле помнік.

Віка сказала, а сама сцялася ўнутрана. Ёй страшна было, што рассмяецца зараз Крушынскі, альбо проста агрызнецца: «Ды колькі можна?! Як мне ўсё гэта надакучыла?!»

Не засмяяўся. Не агрызнуўся.

— Гэта было вельмі лёгка зрабіць, — толькі і сказаў вінавата і ціха. — Помнік тры дні ставілі. Раствор, бетон, крошка, там падкапаць, там падважыць. Вось я і выбраў адну ноч… Нават рабочыя нічога не заўважылі.

— І ты… ўсё патраціў?! За гэтыя пятнацацць гадоў?!

— Не паверыш, але амаль што нічога.

— Дык шкатулка ў цябе?

— Яна схавана ў надзейным месцы. Я, Віка, калі б нават і захацеў, дык нічога не змог бы патраціць.

— Як… гэта?

— Так. Гэта не мае каштоўнасці. Яны не прыносяць мне шчасця, — сур'ёзна гаварыў Крушынскі. — Проста містыка нейкая! Праўда: за гэты час я паверыў і ў Бога, і закляцці, і ў забабоны, і ва ўсё замагільнае, нерэальнае. Ды тут любы на маім месцы паверыў бы. Гэта праклятыя каштоўнасці, Віка! Я не магу імі распраджацца, не магу траціць іх на сябе, а яны не адпускаюць мяне! Ведаеш выраз сабака на сене? Вось так і я! Як ланцугом якім да гэтага месца прыкуты! Як вартаўнік, што павінен быць заўсёды побач!

— А ты… спрабаваў іх траціць?

— Яшчэ і як спрабаваў. Але ўсё ператваралася толькі ў шкоду мне.

— І што, аніяк немагчыма ад іх пазбавіцца? — спытала яна спагадліва. — Ну, аддаць каму-небудзь… Хіба мала знайшлося б ахвочых?

— Пасылкаю паслаць, як Бэндэр пасылаў свой мільён камісару фінансаў? — пасміхнуўся Крушынскі. — Пазбавіцца, аддаць іх, канечне, можна было б… Вось толькі ці аддадуцца яны? Ці захочуць яны ў чужыя рукі аддавацца? Вельмі і вельмі сумняваюся!

— У мяне, дарагая Віка, крыху іншы план, — працягваў Крушынскі. — Здаецца, толькі цяпер я пачынаю штосьці разумець. Цяпер — калі ты ў мяне паявілася. Помніш, некалі я казаў, што цябе, можа, сам Бог прыслаў — як збавенне мне, як падказку выбару далейшага шляху? Дык вось: калі я пачаў, прабач, траціць сёе-тое на цябе. Вось тут грошы слухаюцца! Вось тут усё ідзе нармальна! Нібы нейкі сігнал паступае, нейкі званочак звініць — усё правільна, ты, Крушынскі, робіш тое, што трэба! І таксама было, калі я штомесяц пасылаў грашовыя пераводы бацькам «афганца»; звінеў той жа «правільны» званочак, усё ішло ў мяне добра і душа была больш-менш спакойная! Дык, можа, у гэтым справа?

Крушынскі не сцвярджаў, ён раіўся з Вікай, як з дарослаю.

— Як ты думаеш? Можа, закляцце з гэтых каштоўнасцей здымаецца менавіта так: не на сябе трэба іх траціць, а на іншых? На тых, каму каму гэтыя каштоўнасці неабходныя, хто мае ў іх сапраўдную патрэбу.

— Як… я, напрыклад? — сказала Віка, гледзячы ў падлогу.

— Як ты, напрыклад, — пацвердзіў Крушынскі. — Няўжо ты думаеш, што лёс звёў нас

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату