выйшаў, не развітваючыся, ляпнуўшы за сабою дзвярыма.

У футарале ляжала чорная гарошына. Густа-цяжка-ртутная, як кропля акамянелай нафты. Апраўленая ў тонкія карункі срэбра — і на срэбным танюсенькім ланцужку. Гэта была чорная жамчужына, самая рэдкая ў свеце, якую здабываюць толькі ў адным месцы ў Паўднёвай Афрыцы.

Блакітны «Мэрсэдэс» з шыкам даставіў Крушынскага да вакзала. Яшчэ праз гадзіну цягнік «Гомель — Гродна» адправіўся ў сухапутнае падарожжа па Беларусі. Крушынскі сядзеў адзін у чатырохмесным купэ.

«Ча-каць! Ча-каць! Ча-каць!» — старанна, упарта выстуквалі колы.

Тое ж самае застаецца і нам з вамі, шаноўныя чытачы.

Чакаць. Чакаць!

І верыць, што і ў герояў аповесці, і ў нас з вамі ўсё будзе добра. Усе іхнія і нашыя мары рана ці позна абавязкова спраўдзяцца. Дзе-небудзь, калі-небудзь.

Мінск, 2001 г.

Апавяданні

Цугцванг[4]

I

Грамадзянін следчы!

На ўчарашнім допыце Вы зачыталі мне новую заяву грамадзяніна Віталя Крывіцкага, які праходзіць па маёй справе як пацярпелы. Такім чынам да абвінавачвання мяне ў 'нанясенні лёгкіх цялесных пашкоджанняў' дадаецца яшчэ адно: грамадзянін Крывіцкі абвінавачвае мяне ў 'наўмысных дзеяннях', што нібыта прывялі да смерці яго дзядзьку, 'пенсіянера Крывіцкага Івана Адамавіча, з мэтай завалодання маёмасцю нябожчыка'.

Вы, грамадзянін следчы, прапанавалі мне яшчэ раз усё падрабязна ўспомніць і запісаць. 'Толькі праўду', — сказалі Вы. Нібыта мне застаецца штосьці іншае! Яшчэ Вы сказалі, каб я пастараўся не забыцца нават драбязы, бо на судзе кожнае нязначнае, здавалася б, слова можа быць павернута як за, так і супраць мяне.

Грамадзянін следчы!

Я даўно здагадваўся, што справа не скончыцца адно канстатацыяй факту 'нанясення лёгкіх цялесных пашкоджанняў' Крывіцкаму, здагадваўся, што рана ці позна гэтую гісторыю давядзецца адкруціць назад. Таму я быў падрыхтаваны. Але прашу ўлічыць, што пасля ўчарашняй гнюснай заявы Крывіцкага я не магу прыйсці ў сябе, мае паказанні могуць атрымацца задужа шматслоўнымі, я магу заблытацца ў адступленнях і прапусціць штосьці важнае.

Акрамя таго я ўпэўнены, грамадзянін следчы, — гісторыя падасца Вам неверагоднаю.

Аднак я буду пераказваць яе як ёсць; ні выдумляць, ні апраўдваць сябе, ні чарніць кагосьці цяпер мне не мае сэнсу.

Таксама лічу сваім абавязкам паведаміць: у камеры, дзе я нядаўна знаходзіўся і адкуль мяне перавялі ў сувязі з новым абвінавачваннем, пра Вас, грамадзянін следчы, так добра адзываліся, лічылі Вас чалавекам справядлівым. І мне чамусьці здаецца, што Вы мне паверыце.

II

Пачалося ўсё, грамадзянін следчы, з піва і… шахматаў. Аднак па парадку.

20 верасня 199* года, г. зн. амаль шэсць месяцаў назад, прыкладна каля 16 гадзін я выйшаў з Дома быту, што на Маскоўскай, і на прыступках станцыі метро 'Інстытут культуры' выпадкова сустрэў свайго даўняга знаёмага, пазней пацярпелага, Крывіцкага Віталя. (У Доме быту я забіраў адрамантаваны парасон).

З Крывіцкім мы некалі разам вучыліся ў адной групе ва ўніверсітэце. Ніякага сяброўства паміж намі не было і не магло быць — я заўсёды лічыў, што гэты хлопец крыху недапечаны. З другога курса яго выгналі за поўную непрыгоднасць да вучобы (як ён увогуле патрапіў ва універсітэт і пратрымаўся цэлы год — так і засталося для ўсіх загадкаю). Разоў колькі ён яшчэ заходзіў у інтэрнат, пасля недзе знік і мы не бачыліся гадоў дзесяць. Пра яго я чуў рознае: ці то выгадна ажаніўся з мінчанкаю, ці то з'ехаў у вёску, ці сядзіць у турме, ці то страшэнна разбагацеў і цяпер за мяжою… Усё выглядала праўдападобным і дапасоўвалася такога кручанага чалавека, як Крывіцкі.

Тады, каля метро, я зусім не пазнаў бы яго, каб ён не абазваўся першы. Я нават забыў, як яго завуць, і спярша, звяртаючыся да яго, знарок няўцямна мямлі ў штосьці сярэдняе паміж Уладзімірам і Уладзіславам.

Мы перакінуліся параю звычайных у такіх выпадках слоў: што ды як? Крывіцкага, помню, уразіла і чамусьці насмяшыла, калі я не без гонару сказаў, што вось зноў вучуся — на платных курсах па маркетынгу і менеджменту.

— Лухта! — гучна заявіў Крывіцкі (ён і раней не ўмеў гаварыць спакойна). — Грошы выкінеш — а толку? Вось скажы — што толку? Ведаеш, колькі цяпер такіх 'менеджменаў', як ты?

Я не ведаў. Я бачыў толькі, што гэтыя дзесяць гадоў даволі моцна змянілі майго колішняга аднакурсніка знешне, але ніяк не духоўна. Ён застаўся такім жа пустым, нецікавым гарлапанам, як і быў.

— Ну, а ты?

— А што я? — крычаў мне, як глухому, Крывіцкі і шморгаў мяне за рукава курткі — яшчэ адна яго даўняя невыносная звычка. — Купі-прадай, жыві не хачу! Вольны казак! Пазаўчора з Германіі вярнуўся, хацелі машыну прыгнаць, ды паліцыя тармазнула, ледзь адмазаліся!.. Паліцаі, разумееш? У нас міліцыя, а там — паліцыя. А то ў Бельгіі яшчэ быў выпадак, таксама з паліцыяй звязаны…

Я яшчэ раз агледзеў яго. Што й казаць — важны еўрапеец: схуднелы няголены твар, выпетраныя вусны, доўгія, да плеч, валасы, паношаная скураная куртка, джынсы, красоўкі — усё паношанае, але, праўда, чыстае.

Трэба было развітвацца, вядома, і хутчэй уцякаць ад яго. Тым больш мяне яшчэ чакалі сто спраў. Але я чамусьці не развітваўся і не ўцякаў.

Упэўнены, што кожны, у тым ліку і Вы, грамадзянін следчы, хоць раз у жыцці траплялі ў падобную сітуацыю. Бывае, увесь дзень распісаны проста па хвілінах, усюды рвешся паспець, з тым пабачыцца, таму патэлефанаваць… І раптам сустракаеш якогась няважнага, непатрэбнага табе чалавека, з якога — цвёрда ведаеш — ні цяпер, ні пазней табе не выйдзе аніякае карысці. Але вось жа, як чорт пад руку штурхае, плюеш на ўсе планы і гробіш з ім такія каштоўныя, незваротныя хвіліны, гадзіны, а то і дні.

Ды і словы яго, прызнаюся шчыра, — 'лухта твая вучоба', 'што толку?' — звычайныя банальныя словы, якія мог бы сказаць любы з гэтага натоўпу, што віраваў вакол нас, — прыйшліся неяк акурат да часу, запалі ні з таго ні з сяго ў душу… А сапраўды, навошта ўсё?.. Куды я бягу, куды лячу?.. Жыццё кароткае — імгненне, не болей… Мне хутка трыццаць, а што я маю, хоць вечна некуды імчуся? Сям'і няма, кватэры няма, грошы, якія цягну з бацькоў ці падзарабляю абы-дзе, ляцяць направа і налева… Ці акупіцца калі-небудзь усё гэта? Аніякай гарантыі…

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату