прыватны сектар.

— Вунь дом, — паказаў пальцам Стась, — бачыце? Прывітанне Крушынскаму. Калі вызваліцца, хай паведаміць. Ну, поспехаў!

Сябры наблізіліся да самых веснічак паказанага ім дома. Сабакі ў двары не было, ужо добра.

— Ну, паграбуся памалу, — прашаптаў Цім.

Не паспеў ён узяцца за веснічкі, як дзверы з дома расчыніліся і на парозе паказаўся. нізенькі мужчынка! Той самы, які швэндаўся па Вялікай Паляне і заходзіў на могілкі!

Следам, праводзячы мужчынку, на ганак выйшаў і нейкі стары дзед.

— Чаго табе, хлопчык? — насцярожыўся дзед, убачыўшы Ціма.

— Нічога, — адказаў той і засмяяўся. Цяпер ім ужо сапраўды нічога больш не трэба было. Усё зразумела. Вось дзе яны жывуць, сапраўдныя злачынцы!

Аднак на вуліцы яшчэ перапытаў ў Вікі:

— Ён?

— Ён. Той самы доктар.

— А з ім хто, цікава? — сказаў Валік.

— А з ім — той самы «Васіль», якога я бачыў у Вялікай Паляне!

Валік толькі прысвіснуў.

Бліжэйшае аддзяленне міліцыі знаходзілася ў вельмі зручным месцы — побач з празрыстай, нібы з аднаго шкла зробленай кавярняю. Дамовіліся, што Віка будзе сядзець там, у цяпле, і чакаць хлопцаў, колькі спатрэбіцца.

Дзяжурны — малодшы лейтэнанцік без фуражкі — крыху здзівіўся, калі двое падлеткаў, высокі і нізкі, зайшлі ў вестыбюль і наблізіліся да вакенца.

— Мы хочам зрабіць важную заяву. Каму гэта можна, вам альбо следчаму?

Дзяжурны надзеў фуражку і ў сваю чаргу спытаў:

— У пісьмовай ці ў вуснай форме?

— У пісьмовай. Толькі нам папера трэба.

— А вы зможаце?

— Паспрабуем…

— Калі ласка. Вось вам папера, вунь стол. Напішаце — аддадзіце мне.

Хлопцы пісалі, а дзяжурны ўсё пазіркваў на іх. Праз хвілін дзесяць перад ім леглі два, буйным Цімавым почыткам спісаныя, аркушыкі. Дзяжурны пачаў чытаць. Прачытаў.

— Нічога сабе!.. — Падняўся. — Хадземце за мною.

Хлопцы падняліся за ім на другі паверх. Каля аднаго з кабінетаў стаялі тры, разам змацаваныя, крэслы.

— Пачакайце тут, калі ласка, — дзяжурны пастукаўся і зайшоў у кабінет, а дзверы, відаць, знарок, пакінуў расчыненымі.

— …Першы раз у жыцці такіх талковых хлопцаў бачу, — пачуўся яго голас. — А напісалі як! У нас акадэміі паканчалі, а граматыкі не ведаюць.

Цім заірдзеўся. Валік паляпаў яго па плячы.

— Ды будзе табе… — прамармытаў Цім. — Звычайная хроніка!

Пісаў ён заяву па прынцыпе «нічога лішняга». Раздзяліў яе на дзве часткі: 1) уводзіны ў курс справы і 2) голыя факты. У ноч з такога на такое чысло раскапана магіла ў Вялікай Паляне; па падазрэнні ў злачынстве арыштаваны Жытнявіцкім РАУС Барыс Крушынскі, былы «афганец»; у сувялі з гэтым маем паведаміць наступнае: за тры дні перад здарээннем у сяло прыязджаў чалавек, які пражывае ў г. Мінску па такім і такі адрасе, і цікавіўся менавіта гэтай магілай; акрамя таго, у ваколіцах Вялікай Паляны знойдзена пальчатка (прыкладаецца да заявы), якая належыць чалавеку, што пражывае там сама, дзе і першы падазроны. Няма сумнення, што гэта саўдзельнікі. Просьба найхутчэй выпусціць ні ў чым не павіннага Б. Крушынскага і ўзбудзіць крымінальную справу супраць сапраўдных злачынцаў. Дата, прозвішчы з прыпіскай — вучні шостага класа Вяліка-Палянскай сярэдняй школы, подпісы.

— І дзе ты так налаўчыўся? — спытаў Валік.

— Кніжак многа чытаю…

— Зайдзіце! — паклікаў хлопчыкаў следчы. Гэта быў стары мажны чалавек з сівымі вусамі.

Зайшлі, селі ва ўжо мяккія крэслы за стол, насупраць следчага. Той званіў некуды па тэлефоне і не спускаў з хлопчыкаў пільных вачэй.

— Ага… Так, так! Запісваю…

І запісваў, гледзячы не на паперу, а на хлопчыкаў! Такога ім яшчэ бачыць не даводзілася.

Даволі доўга ішла тэлефонная размова. Нарэшце следчы паклаў трубку.

— Зараз я гаварыў з Жытнявічамі, — патлумачыў ён. — Скажыце, кім вам даводзіцца гэты Крушынскі? Што вы за яго так турбуецеся?

— Нікім…

— Проста сябар. Старэйшы, — адказаў Цім.

— А ці ведаеце вы, што ваш старэйшы сябар ужо аднойчы быў судзімы? Праўда, неўзабаве высветлілася, што ён невінаваты.

— Ведаем!

— Расказаў, значыць? Добра… Ваш Крушынскі, канечне, герой, ардэнамі-медалямі ўзнагароджаны, і ўсё такое. Аднак блізка з ім сыходзіцца я б вам не раіў. Дужа ж ўжо нейкая бурная біяграфія ў чалавека!

Хлопцы маўчалі.

— Зрэшты, хай вашыя бацькі з гэтым разбіраюцца, — спахапіўся следчы. — Я вас слухаю. Вы паводле ўсіх правілаў напісалі заяву, а цяпер паўтарыце, калі ласка, вусна.

Ці м, як змог, паўтарыў.

— Дзякую! — сказаў следчы, выслухаўшы. — Усё. Ваша місія скончана. Вас выклічуць, калі трэба будзе.

— А як мы даведаемся пра вынікі? — пацікавіўся Валік.

— Чакайце вашага сябра. Вернецца Крушынскі — значыць, усё ў парадку. Значыць, вы не памыліліся. І яшчэ! Канечне, вам будзе аб'яўлена падзяка, вы атрымаеце каштоўныя падарункі і гэтак далей.

— Мы зусім не дзеля падарункаў, — сказаў Цім.

— Я разумею. Пачакайце… У любым выпадку — нават калі вы і памыляецеся, а мне вельмі б не хацелася, каб вы памыліліся, — вы сапраўдныя хлопцы. Сапраўдныя сябры. Я проста хачу паціснуць вам руку…

Сівавусы следчы разам з аператыўнай групай сам выехаў па ўказаным адрасе. Хлопцам на развітанне ён сказаў: «Хоць я і не да канца ўпэўнены, што нешта з гэтага выйдзе…»

Давялося ўпэўніцца.

Пасля, прыгадваючы вобыск і неадэкватныя паводзіны грамадзяніна Пратасевіча, уся следчая група клалася ад смеху. Па-першае, доктар страшэнна спалохаўся, калі ўбачыў людзей у форме і ў цывільным. А хіба калі чалавек не вінаваты, ён палохаецца так? Па-другое, на пытанне ў лоб: «Гэта ваша пальчатка?» — здуру ляпнуў:

— Мая…

— Дзе вы былі ў ноч з такога на такое?

— Рыбу лавіў. На Мінскім моры.

— Хто можа пацвердзіць?

— Зяць мой, Ігар…

— Адрас яго! І тэлефон — службовы, і хатні! Калоцячыся ад страху, доктар назваў. Адразу ж выйшлі двое. Завялася машына на вуліцы. Следчы працягваў допыт.

— А як пальчатка аказалася ў Вялікай Паляне, за дзвесці кіламетраў ад Мінскага мора?

— Не ведаю…

— Пакажыце мне адзенне, у якім вы ездзілі на рыбалку.

Лепш бы не рабіў гэтага доктар Пратасевіч! Ён нават гразь і гліну не счысціў са свайго хімабаронаўскага касцюма. Да ўсяго, другая, цэлая пальчатка, але такая ж брудная, выпала з кішэні.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату