Ноч. — Прымірэнне. — Цімава тайна. — Загадкавы барадач. — Утульныя агні хат. — Валік не разумее Ціма.

Усё было скончана. Неяк раптоўна апусціліся прыцемкі, нібы таксама толькі і чакалі гэтага гола. І нібы толькі цяпер апамяталіся хлопцы. Успомнілі, як позна ўжо, адчулі якія яны натомленыя і галодныя. А яшчэ ж дадому колькі дабірацца, а яшчэ ж урокі вучыць. Гэта пасля, заўтра, будзе размоваў! І пра «мазілу» Валіка, і пра гэты апошні гол, прапушчаны «дзіркаю» Цімам. Будзе здзеклівая сценгазета. Будуць перажываць за іх, спачуваць ім, сваім хлопцам, зарэчанскія дзяўчаты. Будуць хадзіць ганарыстыя, з задзёртымі да неба насамі сяльчане, якім на калідоры дарогу трэба будзе даць, у гардэроб і ў буфет без чаргі пусціць. І нічога тут не папішаш. Такія законы. Слабейшы павінен змірыцца.

Вось яны, наступствы Цімавай правіннасці, вось які падарунак зрабіў ён свайму Зарэччу.

Дамоў вярталіся праз лес. Ад месяца, зорак і снегу было светла. Сяльчане ішлі наперадзе, вясёлай гаманкой кампаніяй. Панурыя зарэчанцы расцягнуліся па ўсёй дарозе. Валік дагнаў Ціму. Пайшлі побач. У абодвух на плячах былі клюшкі, на якіх — канькі і клункі з хакейнай амуніцыяй; у Цімы акрамя ўсяго яшчэ і грувасткі скрутак паралону. Збоку, перпендыкулярна ім, рухаліся дзве цені, большая і меншая. На гэтых ценях, ды яшчэ са сваімі клункамі за плячыма, хлопцы падобныя былі на колішніх пілігрымаў ці на Дон Кіхота з Санчам Пансам.

— Пакрыўдзіўся? — вінавата спытаў Валік. Маўчанне. Канечне, пакрыўдзіўся. Валіку тым больш прыкра было, што яго, калі ён не забіў гол, сябар суцешыў, падбадзёрыў. А ён? І навошта вырвалася тое дурное слова? Які б ні быў важны гэты паядынак, ён усяго толькі гульня, забаўка, і не такія ўжо праблемы сусветнага маштабу вырашаліся яго вынікам, каб накідвацца на чалавека. Ды яшчэ на такога, як Цім.

— Не ведаеш, што па тэлевізары сёння? Маўчанне.

— Ну хопіць табе… Досыць ужо. Чуеш? Маўчанне. Нічога, хай. Раз маўчыць — ужо добра. Значыць, хутка адыдзе. Валік добра ведаў яго натуру. Цяпер проста трэба самому больш гаварыць, балбатаць абы пра што. І настане момант, калі сябар вымушаны будзе ўклініцца.

— Цім, паслухай… Дык табе што, сонца ў вочы бліснула? Ці ты. з-таго барадача?

Тут Цім рэзка спыніўся, Валік аж наляцеў на яго.

— Ты таксама яго бачыў?

— Бачыў.

— І пазнаў яго?

А што тут пазнаваць? Гэты барадаты мужчына, ці дзядзька, ці хлопец — хто ён там, ужо мо з паўгода жыве адзін у хатцы ў лесе. Купіў яе ў лясніцтва. Зрэдку заходзіць у краму, дзе Валікава маці прадаўшчыцай, купляе мала і самае неабходнае: хлеб, крупы, цыгарэты. Ніколі — віно ці гарэлку. Маўклівы, дзіўны, загадкавы. Не больш таго. Чужы тут — дык у іхняй Вялікай Паляне цяпер паўсяла чужых. То нейкія бежанцы, то з чарнобыльскай зоны перасяленцы, што таксама дзіўна — Чарнобыль нібыта даўно прайшоў, скончыўся, а іх усё не менее. Гарадскія скупляюць кінутыя хаты пад дачы, будуюць новыя — палавіну поплава ўжо занялі, да лесу падбіраюцца. Лішні чужы чалавек сярод іх навіна невялікая.

Так і сказаў Валік сябру, толькі больш лаканічна.

— Ведаю. Ён жыве ў леснічоўцы. Дык і што? Мала ў нас тут чужакоў? Ідзеш па вуліцы, дык кожнага другога не ведаеш, што за ён.

Хлопцы зноў пайшлі памалу. Снег суха парыпваў у іх пад нагамі.

— Дай мне слова, што будзеш маўчаць, — сказаў раптам Цім. У голасе яго была загадкавасць.

— Само сабою!

— Дык вось, я і праўда з-за яго гол прапусціў. Як убачыў, так і забыўся пра ўсё, і пра гульню таксама.

— Але чаму?

— А таму, што ён не такі просты, як нам здаецца. Чаму ён не размаўляе ні з кім у сяле? Нават не вітаецца?

— Ну, хочацца так чалавеку. Прывык адзін…

— Ды ў тым і справа, што не адзін! — вырвалася ў Цімы, але адразу ж, нібы спалохаўшыся чагосьці, ён прыкусіў язычок. — Не адзін, а з сабакам, — перавёў усё на жарт. — А калі сур'ёзна, няўжо ты не адчуваеш тут тайны? Чаму ён адзін? Чаму усіх староніцца? Адкуль бярэ грошы? Што ён тут, у нас, увогуле робіць?

Валік паціснуў плячыма.

— Мне гэта зусім не цікава, калі шчыра, — прызнаўся ён.

— А табе не прыходзіць у галаву, што ён тут проста хаваецца? Ад некага ці ад нечага. У яго ўсе панадкі злачынцы. А лепшага месца, каб схавацца і пераседзець небяспеку, чым нашая глуш, і знайсці цяжка.

Валік, канечне, ведаў і раней, што сябра ў яго — выдумляльшчык хоць куды, і калі не стрымліваць яго, не спускаць час ад часу на зямлю, фантазіі яго могуць завесці далёка. Але цяпер нават ён быў уражаны.

— Гэта і ёсць твой сакрэт? І з-за гэтага… ты прапусціў гол?

— Ды што ты зноў са сваім голам?! — узлаваўся Цім. — Што мы, дзеці малыя?

— Канечне, канечне! Супакойся, гэта я так, проста.

Лес скончыўся і пачалася вясковая вуліца. Свяціліся вокны хат, брахалі сабакі і пахла дымам з комінаў. Цім жыў блізка, адразу ж тут, пад лесам.

— Ну, да заўтра?

— Да заўтра!

Сябры развіталіся. Цім звярнуў на прачышчаную ў снезе сцежку, а Валік бягом кінуўся па доўгай вуліцы. Вунь яго двухпавярховы домік. Якое ўтульнае святло ў вокнах! Бацькі глядзяць тэлевізар. На кухні чакае смачная, цёплая яшчэ вячэра. Невялікі, затое ўласны пакойчык чакае, дзе сцены ў шпалерах з такімі знаёмымі, роднымі ўзорамі, дзе драўляны ложак з чыстай пасцеллю, кніжная шафа з любімымі кнігамі, стол, на якім падручнікі і сшыткі. Усё гэта вечнае, яно было, ёсць і будзе. І якая чароўнасць у гэтым пастаянстве! Не, Валіку ніколі не зразумець сябра. Дужа яны розныя. Адзін любіць простае, будзёнае, другі — толькі штосьці незвычайнае. Цім — гэта неба, а Валік — зямля.

Раздзел III

Урок геаграфіі. — Сценгазета. — Шыфроўка ад Цімы. — Ізноў пра барадача. — Валікаў рэалізм і Цімавы фантазіі. — Сорам. — Згода разам разгадваць таямніцу.

За вокнамі яшчэ як след не развіднела. На двары — проста снежная кругаверць! Гуляе вецер, мяцеліца намятае сумёты ўздоўж вуліц, сыпле жменямі снег ва ўсе куткі, куды можа дапасці. Снег сыплецца нават на падконнікі ад двара — палавіна шыбаў знізу ўжо закрытыя.

А тут, у светлым, прасторным, цёплым ад батарэй класе так здорава. На падлозе каля сцяны, на шафах уверсе і на дзвюх падаконніках стаяць вазоны розных дэкаратыўных раслінаў. Нязвыкла бачыць, што яны такія зялёныя, поўныя жыцця, калі за вакном самы разгул снежня. Цвітуць чырвоныя і белыя герані, кактус, як скручаны ў клубок зялёны вожык, таксама набрыняе зверху тоўстай пупышкаю, з якой з'явіцца адзіная вялікая кветка, фікусы развалілі свае лакіраваныя тоўстыя лісты-лапухі і ані дбаюць пра зіму.

Сеецца са столі дзённае святло. Адна з лямпаў крыху падміргвае і гудзе манатонна, аднастайна, зліваючыся з голасам настаўніцы.

Эла Іванаўна прахаджваецца між радоў і дыктуе:

— Тэрыторыя нашай Беларусі займае плошчу, роўную дзвесце сем і шэсць дзесятых квадратных кіламетраў.

Ад яе роўнага голасу, ад цяпла, святла, ад зеляніны вазонаў пануе ў класе нейкі сонны настрой. Адчуванне такое, што поры года змяшаліся і тут, у класе, заблукала лета… Кавалачак лета, абмежаваны

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату