чатырма сценамі І ад гэтага таксама лёгка, радасна на душы — бо і на самай справе будзе ж яно некалі, лета!

— … Для таго, каб гэтыя лічбы ўявіць, — цячэ голас настаўніцы, — прыбегнем да самага распаўсюджанага спосабу — параўнання.

Нават сценгазета, што з'явілася ў вестыбюлі перад урокамі, і тая не псуе настрою.

Акрамя ўжо згаданай «паэмы» былі там яшчэ два карыкатурныя каляровыя малюнкі. На верхнім — Валік, з даўжэзнай, як у жырафы, шыяю стаіць перад пустымі варотамі і, зноў-такі як жырафа расставіўшы ногі, не ведае, што рабіць з шайбаю. На ніжнім — маленькі тоўсты Цім сядзіць на лёдзе і любуецца захадам сонца, у гэты момант за яго спіной забіваюць гол. Акурат пад гэтай ніжняй карыкатураю канчалася «паэма», словамі:

Ура, мы ломім, Гнуцца Шведы!

Асабліва, канечне, крыўдна Віцьку. Той заўсёды ганарыўся сваім рэдкім прозвішчам, даказваў, што недзе аж у Польшчы, на Беласточчыне, жыве паэт, яго двайны цёзка, а аднойчы прынёс у школу газету «Ніва», якая выдаецца ў Польшчы на беларускай мове, і ўрачыста паказваў яе ўсім. Сапраўды, быў надрукаваны там вершык за подпісам Віктар Швед.

— …З усіх краін Беларусь па плошчы бліжэй — да каго б вы думалі? — да Велікабрытаніі. Нашая рэспубліка меншая ўсяго на сорак квадратных кіламетраў.— настаўніца ўжо не ходзіць, а прысела за стол і абедзьве рукі паклала на глобус.

Таксама як добра, што першы ўрок — менавіта геаграфія. Усё адно палова класа, учарашнія хлопцы-байцы, не падрыхтаваліся. А геаграфія — самы лёгкі і цікавы прадмет. І вядзе яго любімая настаўніца. У яе свой метад навучання, гэтак званы прынцып дабраахвотнасці. Яна ніколі не выклікае да дошкі сілком. «Ну, хто сёння хоча адказваць?» — заўсёды спытае. І калі няма ахвотных, а такое здараецца рэдка, як вось сёння, тады сама пачынае расказваць штось цікавае, хай нават не заўсёды і звязанае з геаграфіяй. Ніколі яна не апускаецца да гэтых садысцкіх эксперыментаў — як робіць, скажам, настаўніца англійскай мовы. «Т-э-э-к, — пачынае тая. Унурваецца ў журнал. Марудна паўзе зверху ўніз па прозвішчах кончык ручкі, не датыкаючыся да паперы. Мёртвая, аж да звону ў вушах, цішыня ў класе. «Сёння (паўза) да дошкі (паўза) пойдзе (доўгая паўза). Пойдзе да дошкі.» — уверх папоўз кончык асадкі. І так некалькі разоў, пакуль не спыніцца нарэшце на чарговым небараку, які калі і помніў што, дык забыў падчас езуіцкага выпрабавання нерваў.

Таму так яны і ведаюць яе, гэтую мову. Акрамя, праўда, Ціма. Але ў яго здольнасці да моваў ад нараджэння.

Эле Іванаўне на давер адказваюць даверам. Яе прадмет любяць і вучаць. Калі ў тым годзе прыязджала камісія з Міністэрства адукацыі і праводзіліся адкрытыя ўрокі, дык геаграфію лепш за іншыя прадметы ведалі ўсе класы. Эла Іванаўна была ўрачыста прызнана лепшай настаўніцай школы, а яны, вучні, ганарыліся ёю.

— … Няма ніводнай краіны-суседкі (гэтага можаце не запісваць), якая б не ўключала ў сябе нашых этнічных тэрыторыяў. Гэта памежныя раёны Смаленшчыны і Браншчыны ў Расіі, гэта вобласць Латгаліі ў Латвіі, гэта частка Віленшчыны ў Літве, частка Чарнігаўшчыны і Жытомірінчыны на Украіне і Беласточчына ў Польшчы.

Тут па радах прабег нейкі шумок, сярод вучняў пачаўся ледзь прыкметны рух і Валіку, які сядзеў, як самы высокі, за апошняй партай перадалі запіску ад парты пярэдняй, дзе сядзеў Ціма.

Валік прыкрыў запіску далоняю. Нейкі час з самым нявінным выглядам слухаў настаўніцу. Затым асцярожна разгарнуў трохкутнічак. Там не было ні слова, а толькі слупкі лічбаў, падобныя на табліцу множання. Валік паморшчыўся. «Канспіратар», — незадаволена падумаў пра сябра. Справа ў тым, што, давучыўшыся да пятага класа на круглыя пяцёркі, Валік, як ні сорамна, не ведаў напамяць парадкавых нумароў размяшчэння літар у алфавіце. Лепш сказаць, не хацеў ведаць, лічачы гэта дурной тратай часу. Навошта тлуміць галаву, калі ў любы момант пры патрэбе можна заглянуць ў слоўнік?

Аднак акурат такі момант цяпер і быў. Запіска расшыфроўвалася праз алфавіт. Лічбы трэба было перавесці ў літары. Не спускаючы з Элы Іванаўны вачэй, Валік грудзьмі прылёг на парту. Доўгая рука яго шуснула ў сумку, што стаяла на падлозе. Навобмацак, па зашмальцаваным карэньчыку ён намацаў падручнік англійскай мовы, выцягнуў.

На першай старонцы надрукаваны былі побач два алфавіты. Валік узброіўся ручкай і знізу сябравага паслання, трохі памучыўшыся, запісаў нарэшце пераклад.

«Помніш учарашнюю размову? Я ўчора не сказаў табе самага галоўнага!» — было ў запісцы. Валік толькі ўздыхнуў. Зноў некія «тайны»! Чаго яму той барадач так уеўся?

Тут празвінеў званок. Ажыў клас, затым калідор, а затым і ўся школа, усе два паверхі напоўніліся галасамі і тупатам ног. Цім чакаў Валіка ў дзвярах.

— Прачытаў?

— Прачытаў.

— І што скажаш?

— Скажу, што ты ўжо робішся падобным на Віцьку Шведа. Чуць што — на пасы, — адказаў Валік. — Варта было цэлы пакет прысылаць, ды яшчэ кодам напісаны, калі пяць хвілін да званка!

— Гэта я так. Праверыць цябе хацеў, ці хутка расшыфруеш.

Цім азірнуўся са змоўніцкім выглядам па баках. У класе, акрамя іх дваіх, нікога ўжо не было, настаўніца таксама выйшла.

— Так і быць. Зараз я табе ўсё раскажу. Ты проста ахнеш!

— Можа, на двор выйдзем? — прапанаваў Валік.

Цім замяўся:

— Там жа газета гэтая вісіць… Убачаць нас разам, пачнуць пальцамі тыцкаць, смяяцца.

— Сапраўды… Можа, спусціцца ўніз ды сарваць яе?

— Навошта? Пасядзім тут. Ціха, пуста. Забягаючы наперад, скажам, што пакуты нашых сяброў, як і ўсіх астатніх зарэчанцаў, скончыліся адразу ж пасля гэтага першага перапынку. Віцька Швед прылюдна газету сарваў, скамечыў і кінуў у сметніцу. Яшчэ і ўтрамбаваў — са словамі: «Самім трэба пісаць вершы, а не чужыя здзіраць! А калі ўжо і здзіраць, дык у нашых беларускіх паэтаў, а не ў расейскіх!» І ўсё сышло Віцьку з рук. Ніхто нічога яму нават не сказаў. Адно сяльчане пабурчэлі крыху для блізіру, ды на тым і скончылася.

Цім прынёс сваё крэсла да Валікавай парты. Прыселі сябры.

— А цяпер слухай, — таямнічым голасам пачаў Цім. — Гэты барадач жыве не адзін! Ён кагосьці хавае ў сваёй хатцы. Прычым не дарослага чалавека, а некага нашых прыкладна гадоў. Я бачыў каля хаткі сляды. А аднойчы барадач пайшоў на паляванне, я падкраўся да леснічоўкі, а на дзвярах — замок! Уяўляеш? Ён не хоча, каб пра існаванне таго чалавека ведалі! Ну, як табе?

Цім гаварыў гарачым шэпатам. Хваляваўся. Вочы яго гарэлі. Пальцы то раскручвалі, то закручвалі шарыкавую ручку. Валік з усмешкаю назіраў за ім.

— Ніяк, — адказаў Валік. — Ну, жыве ў яго нехта. Ну, не хоча з'яўляцца на людзях, як і барадач. У чым праблема? (Валік любіў замежныя фільмы і часта карыстаўся цытатамі з іх). У чым тайна?

— Як у чым? Ды я проста упэўнены, што барадач — лідэр якойсьці злачыннай групоўкі! І трымае ў сябе чалавека, падлетка, з якім яму лягчэй спраўляцца, з мэтай выкупу! Што тут незразумела?

Валік толькі ўздыхнуў. Адабраў у Цімы ручку, пераклаў на другі бок парты.

— Добра, — здаўся ён. — Я з табою згодзен. Дапусцім, усё так. Што ты прапаноўваеш? Ну, хадзем раскажам аб гэтам дырэктару школы. Або адразу заявім у міліцыю. Згодзен? Каб пасля і нас, і гэтага барадача зацягалі ў горад па выкліках і позвах. І ўрэшце акажацца, што ён — ні ў чым не вінаваты, што мы абгаварылі бяскрыўднага, самага звычайнага чалавека! Ты гэтага хочаш? Ты ўяўляеш, як нам пасля гэтага будзе прыйсці ў школу? Як нам увогуле тады з'яўляцца на вуліцы? Нам жа праходу не дадуць!

— Пры чым тут міліцыя з дырэктарам школы? — абарваў Цім. — Мы ж дамовіліся маўчаць! Гэта наша

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату