яны яшчэ вернуцца, яшчэ прымуць у нашай гісторыі самы актыўны ўдзел.
А мы з вамі давайце зазірнем у таямнічую хатку-леснічоўку. Паглядзім, што там робіцца, і заадно пазнаёмімся з героем дарослым, які вось ужо два раздзелы нецярпліва прабіваецца на старонкі аповесці, патрабуючы і да сябе ўвагі.
Цім не памыліўся. З некаторага часу барадач жыў у сваёй «бярлозе», як называлі яго лясную хатку жыхары Вялікай Паляны, не адзін. Вось толькі клопат у яго быў крыху іншы, чым меркавалася Ціму. Барадач ламаў галаву не над тым, як абмяняць свайго «вязня» на выкуп, а як бы хутчэй. пазбавіцца ад яго. Няпрошаны госць гэты перамяшаў усе яго планы. Перабіў той размераны ход жыцця — спакойнага, непрыкметнага, адзінокага, ціхага жыцця, якое барадаты чалавек вёў вось ужо чатыры месяцы.
Але па-парадку.
Пачнем з таго, што назавём імя і прозвішча дзіўнага чалавека — Барыс Крушынскі. Быў ён высокі і дужы. Веку меў гадоў трыццаці, аднак барада старыла яго. (Цім, напрыклад, сцвярджаў, што яму нават за сорак — дзецям чамусьці заўсёды ўласціва перабольшваць гады дарослых.) Упершыню аб'явіўся Крушынскі ў ваколіцах Вялікай Паляны ў верасні гэтага года. Купіў у лясніцтве закінутую маленькую хатку, сяк-так прывёў яе да ладу і пачаў жыць. Ніхто не ведаў хто ён, адкуль, чаму так упадабаў тутэйшыя мясціны, чаму пасяліўся не ў вёсцы, не на тых, пад дачы адведзеных участках, дзе сяліліся апошнімі гадамі чужакі, а ў глухім лесе… Загадка! Людзей Барыс Крушынскі ўпарта пазбягаў. Хіба што толькі ў вясковай краме, куды прыходзіў з лесу раз ці два на тыдзень, можна было пачуць ад яго пару слоў; тады ж высветлілася, што ён крышку шапялявіць. Але хіба гэта можна ставіць чалавеку ў віну? Абы жыў ціха, не чапаў нікога — ну і хай жыве сабе. Нябось зімою, калі марозы прыціснуць, хуценька ўцячэ назад у горад!
Аднак прамінулі тры доўгія дажджлівыя месяцы восені. Крушынскі нікуды ўцякаць не збіраўся. Праўда, і зіма не спяшалася ў тым годзе. Як мы казалі ўжо, толькі за тыдзень перад славутай хакейнай баталіяй выпаў першы снег, але які снег! Як ён ішоў! Спачатку сярод белага дня пацямнела, потым аднекуль прысунулася чорна-фіялетавая хмара. Яна паўзла, пакуль не закрыла сабою ўсё неба. Затым пакрысе пачала апускацца на зямлю. Было вельмі ціха. І раптам сярод гэтай цішыні і цемнаты паваліў з хмары снег — менавіта паваліў, густымі пухнатымі камякамі. Пачаўся ён пад вечар, і йшоў усю ноч.
Толькі пад раніцу ўсё супакоілася, улеглася. У леснічоўцы было непрывычна светла. Крушынскі ляжаў з расплюшчанымі вачыма на сваім самаробным тапчане пад цёплай коўдрай. З двара шкробся ў дзверы, радасна і нецярпяліва скуголіў Барс. Малады сабака яшчэ не разумеў, што гэта здарылася з наваколлем, чаму так змянілася ўсё, што не пазнаць? І як гаспадар можа вылежвацца такой парою? Калі самы час перахапіць што на зуб, які кавалак хлеба — і ў лес, на прастор! Усё абгледзець, абнюхаць, пераканацца — ці паўсюль такія змены, ці гэта толькі тут, каля хаткі?
Крушынскі ляжаў і глядзеў у столь. Яму было лёгка і радасна. Ён адчуваў сябе маладым, дужым, здаровым. Які ж ён малайчына, што адважыўся кінуць ўсё, і перабраўся сюды! Што так крута павярнуў сваё жыццё. Гэтыя чатыры месяцы і праўда былі самыя шчаслівыя за ўвесь яго хоць і не дужа вялікі, але няпросты, пакручасты век. Але досыць! Цяпер ён іншы. Цяпер усё ззаду — як дурны сон, як былая хвароба. Ён усё пачне «з чыстага ліста». Ранейшыя памылкі больш не паўторацца, сам лад цяперашняга яго жыцця не дапусціць іх паўтарэння. Тут, у лесе, ізаляванаму ад вялікага свету, адгароджанаму дрэвамі ад людзей, нішто больш не зможа яму пагражаць. Цяпер ён проста застрахаваны (наіўна думалася Крушынскаму) ад непрыемнасцяў і бедаў.
Больш таго — было ў ім цяпер адчуванне, што менавіта сёння павінна з ім здарыцца нешта важнае, радаснае. Нейкая ўдача чакае яго наперадзе. Падняўшыся, ён апрануўся і выйшаў на двор. Сонца, снег і марозік! Сабака танцаваў перад ім на задніх лапах. Зусім побач, каля самай леснічоўкі, на белым цаліку выразна адбіваўся ланцужок лісіных слядоў. Крушынскі нагнуўся над імі. Звер, а гэта быў лісавін, прабягаў зусім нядаўна. Сляды былі свежыя.
— Барс ты Барс, — з дакорам выгаварыў сабаку Крушынскі. — Барсік ты, а не Барс! Такога лі са не пачуць за дваццаць метраў! Хоць бы голас падаў. Ну, і на што ты пасля гэтага варты?
Сабака, паскульваючы, скакаў яму на грудзі. Праўда — на паляванні толку з яго не было аніякага. Але Крушынскі прывязаўся да яго і не хацеў мяняць на выжла. Як сябар чалавеку, дык дварнякі лепшыя за пародзістых.
Час, аднак, не цярпеў. Трэба было спяшацца, пакуль ліс не адышоў далёка. Зборы былі нядоўгія. Бушлат на плечы, хлеб, соль, курыва за пазуху, лыжы на ногі, стрэльбу за плечы — і наперад!..
Лёгка кажацца, цяжка робіцца. Не менш трыццаці кіламетраў адмахаў у той дзень Крушынскі. Ліс быў стары і разумны. Відаць, адразу ж зразумеўшы, што сабака нікудышны, ён нават не спрабаваў хітрыць. Бег строга па прамой, нідзе не зварочваючы. Ён не расходваў сілы на розныя «петлі», на «скідкі», не здвойваў следу — проста пёр сабе ўперад, і не збаўляючы ходу, і не паскараючы. Мяккі снег трымаў яго, а пад цяжкім чалавекам, хоць той і быў на лыжах, правальваўся. Гадзіны праз тры гэтага гону Крушынскі заўважыў, што апынуўся ў такой мясціне, дзе і не бываў ніколі. Ліс знік. Да ўсяго, пачало псавацца надвор'е. Прапала ў хмарах сонца, з нізкага неба пасыпаўся дробны сухі сняжок. У лесе адразу пацямнела. Вось ўжо і вецер падзьмуў, і мяцеліца закружыла снег, на вачах замятаючы сляды. А вось ужо і сапраўдная завіруха пачынае закручваць. Так, чаго добрага, і заблудзіцца можна!
Крушынскі свіснуў сабаку. Таго нідзе не было. Крушынскі развярнуўся і хутчэй пашоргаў лыжамі па сваім ледзь прыкметным следзе назад.
Сабака сустракаў яго каля хаткі радасным брэхам. Ён, стаміўшыся, проста вярнуўся дамоў. А завіруха між тым круціла ўжо на ўсю поўніцу. І мароз мацнеў: нядобры гэта знак, да страшнай непагадзі — калі і снег ідзе, і мароз не адлягае.
— Ідзі, паляўнічы! — Крушынскі пашкадаваў сабаку і ўпусціў яго ў хату.
Сам запаліў лямпу і знясілена прысеў на табурэт. Барс, віляючы хвастом, падыйшоў і паклаў яму на калена лапу. Крушынскі раптам насцярожыўся.
— Пакажы, пакажы!..
Ён ухапіў гэтую лапу, потым другую, пільна іх агледзеў. На лапах быў жоўты жвірысты пясок; быў ён і ў адтулінах падушачак, і вакол кіпцюроў. Жоўты пясок зімою?! У такі снег? Вось табе і Барс!
— Ах ты малайчына! — пашкамутаў яго за вушы ўзрадваны Крушынскі.
Барс знайшоў нару і капаў яе. Лісу ўдалося падмануць чалавека, але сабаку ён недаацаніў. Цяпер трэба толькі вярнуцца на тое месца, дзе абарваўся след лісавіна, і яшчэ — цяпер трэба будзе больш давяраць сабаку.
А завіруха гуляла сабе на волі! Гуло ў лесе, трашчалі, рыпелі, плакалі, скардзіліся на нешта хвоі. Сыпала снегам ў шыбінку. Прыйшла сапраўдная зіма. І падобна, што такі рэжым усталюецца цяпер надоўга. Уночы будзе сыпаць снег, бушаваць завея, а раніцай — сонца, звонкая цішыня і велічныя дрэвы ў сваіх белых, іскрыста-сляпучых футрах…
Акурат так на наступны ранак усё і было. Толькі цяпер Крушынскі вырашыў адправіцца ў паход па ліса яшчэ раней, чым учора. На цаліку за ноч з'явіліся новыя сляды. У тым ліку і зайцавы, якія не ўгадаць проста немагчыма.
Крушынскі спыніўся ў нерашучасці. Як быць? Пастаяў, падумаў. Што ліс? Нікуды ён з нары не дзенецца. Ды і ці захоча сёння сабака шукаць яе, тую нару?.. А заяц — вось ён, побач. І здабыць яго прынамсі нашмат лягчэй, чым ліса. Ах, паплыў перад носам пах тушанай зайчаціны, з цыбулькаю, якой поўна ў хатцы, з моркваю, якой поўна ў каморы!.. Крушынскі аж заплюшчыўся і заўсміхаўся, да таго прывабнай была карцінка. І — плюнуў на ліса, памяняў маршрут, паслізгаў па новых слядах. Ішоў асцярожна, што-раз нагінаўся, стараючыся разабрацца ў заечых хітраспяценнях. А сабака гойсаў сабе па лесе.
Вялікі, адкормлены заяц-бяляк прыпадняўся і застыў слупком. Шырокія пляскатыя ноздры яго разам з