тайна, і больш нічыя! І мы самі павінны.

— Ды нічога мы не павінны!

— … Яе раскрыць, — не ўнімаўся Цім. — А потым, калі ўсё гэта будзе адбывацца, падпільнаваць.

— Ды што будзе адбывацца?!

— Абмен выкрадзенага чалавека на грошы, — адказаў Ці м.

Валік аж адкінуўся на спінку крэсла. Нейкі час ён здзіўлена пазіраў на сябра, нібы ўпершыню яго бачыў.

— Так. Зразумела. Ты проста наглядзеўся фільмаў і міліцэйскай хронікі па тэлевізары. Ці газет начытаўся.

— У тым і справа! Усе такія выпадкі, як абмен закладнікаў, адбываюцца аднолькава, па шаблоне. Пішацца пісьмо, ці робіцца званок: прынясіце кейс з грашыма і пакіньце ў такім і такім месцы, і не ўздумайце паведаміць у міліцыю. Прыносяць кейс, пакідаюць — а мы тут як тут! Уяўляеш? І грошы нашыя.

Вось яно што. Во ў якім, аказваецца накірунку рухаюцца яго фантазіі, во ў якія далячыні яны сягаюць!

— Цім, паслухай. Ты ж яшчэ анічога не ведаеш. А-ні-чо-га! Які выкуп? Які кейс? Ды проста сын прыехаў да чалавека ў госці! Пляменнік, сваяк! Аб гэтым ты падумаў? Можа такое быць?

— Можа, — згадзіўся Цім, аднак неахвотна згадзіўся; відаць, цяжка было расставацца са сваёй, такой заманлівай, легендаю. — А калі не? Я ж і прапаную гэта праверыць.

— Якім чынам? Зрабіць шалаш каля яго хаткі і жыць у лесе? Каб увесь час цікаваць за ім? — насмешліва спытаў Валік.

— Навошта? Гэты барадач — паляўнічы. Мой бацька гаварыў з ім, у яго ёсць дазвол на стрэльбу. Кожны дзень ён на лыжах цягаецца па лесе, з сабакам. Часта з раніцы і аж да цямна. Бацька не раз сустракаў яго далёка ад вёскі. Дык вось — выберам момант, калі яго не будзе, залезам у хатку і пра ўсё даведаемся ад самой ахвяры.

— Э, зноў панесла цябе! Якой «ахвяры»? Чаму твая «ахвяра» сама не выбера момант і не ўцячэ?

— Кажу ж, ён замыкае дзверы. А па-другое, хутчэй за ўсё ён таго чалавека звязвае па руках і нагах. Магчыма, нават у падполле закідвае. Ведаеш, ёсць такія ў некаторых хатах? Кольца ляжыць на падлозе, да дошкі прыбітае. Пацягнеш за яго і лаз адкрываецца — лепшай схованкі не прыдумаць.

— Добра. Згодзен, — Валік усё не губляў надзеі пераканаць гарачага сябра логікай. — Выбіраем момант, залазім у хатку. І бачым, як сядзіць за сталом хлапчук і як ні ў чым не бывала ўпісвае сала з хлебам. І пазірае на нас як на дурняў у лепшым выпадку: чаго вам тут трэба? — а ў горшым — як на злодзеяў. Пачакай, не перабівай! Другі варыянт. Дапускаем, што твая праўда. Залазім у хатку, знаходзім кальцо на падлозе. Адкрываем тайнік. Там — звязаны, скурчаны чалавек. Вызваляем яго. Прыязджае міліцыя, забірае барадача. Тыдзень мы ходзім героямі, потым аб'яўляюцца хаўруснікі яго і мы. проста не вяртаемся ў адзін цудоўны дзень са школы. Знікаем назаўсёды. Усё гэта вельмі проста! Так што давай забудзем, — рашуча падвёў вынік. — Выкінь з галавы і барадача, і яго госця. Асабіста я не збіраюся ні ў ва што ўмешвацца. І табе не раю. Таксама знайшоў праблему! Ну, жыве сабе чалавек, ну, жыве ў яго нехта — на здароўе. Яны нас не чапаюць, а мы іх.

Цім памаўчаў. Затым прамовіў сумна:

— Добра. Калі ты так усё ведаеш напярод, ці проста баішся, тады я сам усё расследую.

Валік хацеў сказаць, што ёсць тысячы цікавых спраў акрамя «расследаванняў». У тым жа лесе на лыжах пакатацца, з трампліна каля кар'ера паскакаць. Хакей, шахматы, хутка камп'ютэры ў школе паставяць — новая забаўка. А то проста тэлевізар паглядзець — хутка Новы год, зімовыя канікулы, столькі розных перадач цікавых, хоць ты з ранку да вечара глядзі.

Аднак нічога сказаць не паспеў, бо якраз скончыўся кароткі перапынак, у клас ужо заходзілі.

Цім забраў крэсла і паплёўся да сваёй першай парты. Настрой, канечне, быў сапсаваны. І на сябе, і на Валіка была крыўда — ад недаказанасці, ад незразумеласці. Усё гэта лёгка можна было б паправіць, не на гэтым, дык на наступным перыпынку, не сёння, дык заўтра. Але Цім быў усяго толькі хлапчуком, да таго ж хлапчуком вясковым, а гэта значыць сарамлівым. Тыя пачуцці і думкі, што перапаўнялі яго, здаваліся яму занадта «саладжавымі» і пафаснымі, каб дзяліцца імі нават з самым лепшым, самым блізкім сябрам. Да таго ж калі б нават ён перамог сябе і захацеў іх выказаць, у яго наўрад ці атрымалася б гэта. Бо і пачуцці, і думкі існавалі ў ім у выглядзе нейкага бесталковага сумбуру.

Паспрабуем мы гэта зрабіць за Ціма.

«Канечне, Валік! — мог бы сказаць Цім. — Твая праўда. Я з табою згодзен. Вядома, усё гэта несур'ёзна: нейкі «закладнік», выкуп і таму падобнае. Канечне, гэты барадач хутчэй за ўсё самы звычайны чалавек. Але ж як гэта нецікава — жыць без тайны! І чаму яе, тайны, не можа быць у нашых мясцінах? Мы глядзім фільмы і чытаем кнігі пра скарбы, піратаў, незаселеныя астравы, розныя экзатычныя далёкія заморскія краіны, джунглі, саванны і прэрыі — але чаму не дапускаем, што незвычайнае можа быць і ў нас пад бокам?

Вось ты, Валік, вучышся на выдатна. Гэта значыць, што ў Вялікай Паляне ты пасля школы не застанешся. Усе з'язджаюць, і ты паедзеш. Але я застануся тут! Я ніколі, ні на якія залатыя горы не прамяняю ўчарашняга нашага кар'ера, нашага лесу, нашай рэчкі. Некалі я замяню бацьку і стану гаспадаром тут. Усё гэта маё. Я люблю гэтую зямлю. Яна не здаецца мне бяднейшаю за землі заморскія.

Ты спытаеш, пры чым тут барадач? А пры тым, што мне не ўсё роўна, што за чужакі тут, на маёй зямлі, селяцца. З чым яны сюды прыходзяць. Што яны тут, у маім лесе, робяць. І я разбяруся — чаго б мне гэта ні каштавала!»

Вось прыкладна які б атрымаўся маналог, калі б Цімавы сумбурныя пачуцці перакласці на «дарослую» мову.

Аднак жа вялікая гэта рэч — сяброўства! Хай не адразу, а недзе на палавіне ўрока Валіку самым неверагодным чынам перадаліся сябравы думкі. Бы нейкія электрамагнітныя хвалі дайшлі ад першай парты да апошняй. Ён успомніў, як учора не забіў гол, а Цім суцяшаў яго — адзіны з усёй каманды. Прыгадалася, як у тым годзе ён хварэў, а Цім кожны дзень прыходзіў да яго ў адведкі, расказваў, што новенькага ў школе, увогуле ў вёсцы. І яшчэ многа рознага дабра ўспомнілася, якое сябар яму рабіў. Ніколі ні на што не крыўдзячыся. Усё даруючы. А, ён, Валік? Разныўся тут — «засмяюць», «па міліцыях зацягаюць». Мужчына называецца. Будучы салдат, абаронца Беларусі, які баіцца ўвязвацца ў гісторыю; а гісторыя ж і сапраўды цікавая! Чаму б за гэтым барадачом і не прасачыць? Чаму б не разнюхаць, што за ён? Каго хавае ў леснічоўцы? Канечне, усё гэта акружана тайнай. І хутчэй за ўсё тайнай нядобраю, цёмнаю. Можа, сапраўды гэта які крымінальнік? Ці нават маньяк-забойца? Тады што — сёння хтосьці чужы ў яго ахвяраю, а заўтра нехта з аднакласнікаў? Заўтра — Цім? Або ён, Валік?

Аж мурашкі па скуры пабеглі ад такіх малюнкаў.

Валік ціхенька, па міліметры выдраў са сшытка аркушык. Разгарнуў слоўнік з алфавітам. Пасля доўгага старання нарэшце была ім зашыфравана і адпраўленая Ціму запіска такога зместу:

«Я згодзен на ўсё, што ты скажаш».

Зрабіўшы гэта, Валік адчуў палёгку. Нават крыху і прыемна было, што ён не прэтэндуе на ролю камандзіра, а згодзен быць падначаленым.

Адказ прыйшоў імгненна. На другім, чыстым баку запіскі без усялякага шыфру напісаны былі ўсяго дзве літары — «О. К!» Яшчэ адна загадка Цімавага характару: з тройкі на чацвёрку па ўсіх іншых прадметах пералазячы, ён выдатна ведаў мовы — і родную, і рускую, і англійскую, на здзіўленне і зайздрасць усяму класу.

Раздзел IV

Дык хто такі барадач? — Шчаслівыя чатыры месяцы. — Першы снег. — Паляванне на ліса. — Дварняк Барс здзіўляе Крушынакага. — Што лепш: ліс ці заяц?

Аднак тут пакінем на некаторы час нашых юных сяброў, будучых нашых Холмсаў і Каломбаў. Канечне,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату