прыпынку, яны ўжо там. Мужчына жывы, толькі п'яны і пабіты моцна. Занеслі яго ў «хуткую», а мне міліцыянеры выпісваюць даведку, каб на рабоце апраўдацца, і просяць быць панятым. Залазім у машыну, адчыняюць яны «дыпламат», і ў мяне, — расказвае сусед, — ды, думаю, і ва ўсіх, хто там быў, літаральна сінее ў вачах: «дыпламат» увесь, з верхам набіты пачкамі новенькіх фунтаў стэрлінгаў!'

Вось вам і «цуд». І праўда, як казаў герой вядомага рамана: раз сярод людзей пакуль яшчэ ходзяць грошы, значыць, павінны быць і асобы, у якіх гэтых грошай вельмі і вельмі многа. І наш Мінск не выключэнне. Паслухаеш, пачытаеш газеты, паглядзіш тэлевізію — усе такія бедныя, такія жабракі, што толькі міласціну прасіць; але ж нехта ўвесь час купляе каштоўныя рэчы, адзенне, дарагія прадукты, ездзіць на красунях-іншамарках, прасаджвае ў казіно па тысячы даляраў за вечар… Я стараўся прагнаць ад сябе гэтыя думкі. Я казаў сабе: 'Калі такія дзівосы, як знаходка «дыпламата», набітага фунтамі, і здараюцца, дык не з табою!' — а іншы голас нашэптваў мне: 'Ды чаму не з табою? Чым ты горшы? Паглядзі, напрыклад, не на Крывіцкага, а на іншых сваіх аднагодкаў: для многіх з'ездзіць, скажам, у Іспанію, Англію, Амерыку — тое ж самае, што для цябе ў вёску да бацькоў. І гэта не здаецца ніякім дзівам! А пачыналі яны, як і ты, на пустым месцы. Цяперашнім часам усё магчыма, любое дзіва можа зрабіцца яваю, трэба толькі моцна хацець яго, ну, і варушыцца як-небудзь…»

Клянуся, грамадзянін следчы, мне і ў галаву не прыходзіла тады жадаць Адамавічу смерці, — ды і які сэнс у гэтым?! Што можна ўзяць ад мёртвага? Бяруць ад жывых… Проста я фантазіраваў у тую ноч, нявінна, па-дзіцячы фантазіраваў: хай бы і са мною нарэшце здарыўся цуд, і, скажам, падараваў мне той жа Адамавіч кілаграмаў так з пяць сваіх зліткаў — навошта яны яму? А ў мяне — першапачатковы капіталец, кватэру змог бы купіць, адзецца па-людску, дзяўчыну ў дарагі рэстаран звадзіць… Ды, Божа мой, што значыць, калі не трэба лічыць праклятыя рублі, калі ў кішэнях шастае 'зеляніна' даляраў, — элементарна адчуваеш сябе Чалавекам!..

Заняткі ў нас у другую змену; да абеду не было куды сябе дзець, я сабраў канспекты і паехаў у бібліятэку. Але заказаў, сам не ведаю чаму, не падручнікі, а зборнік… 'Шахматныя мініяцюры'. Гартаў яго, аднаўляючы ў памяці мудрагельетвы такой любімай некалі гульні, адразу ўбачыў і зразумеў сваю ўчарашнюю памылку ў 'каралеўскім гамбіце'… Але ўвесь час не пакідала адчуванне, што ёсць у мяне наперадзе нешта радаснае, прыемнае, — і ўспаміналася: 'Парасон!'

Гэта можна параўнаць, грамадзянін следчы, з тым, як некалі была ў мяне каханая дзяўчына, прыходзіла да мяне, а потым забывала штосьці — шарф, кнігу, пальчаткі; я ведаў, што гэта знарок, каб прыйсці яшчэ раз, і, ведаючы гэта, на душы рабілася прыемна і радасна…

VI

Без пятнаццаці чатыры я падыходзіў да дома на Фабрыцыуса. Знаёмая лесвіца, учарашнія знаёмыя смуродныя пахі… Я націснуў кнопку званка і падрыхтаваўся да такой жа доўгай 'дуэлі' на словах, якую вялі ўчора Адамавіч з Крывіцкім.

Але дзверы расчыніліся адразу. Адамавіч, у той жа апратцы, што і ўчора, з абвязанай хусткаю паясніцаю, хутка і ахвотна, нібы мы дамаўляліся пра сустрэчу, упусціў мяне:

— Праходзь.

Я патаптаўся ў пярэдняй, не ведаючы, што рабіць далей, што казаць. А Адамавіч моўчкі, пільна аглядаў мяне з галавы да ног. Каб не напалохаць яго, я ўсміхнуўся і як мага мякчэйшым голасам нагадаў:

— Парасон… Я забыў учора парасон.

— Парасон? Ці яшчэ штосьці?

— Не, здаецца, усё.

— А золата? — раптам падміргнуў мне Адамавіч. — Нябось, расказаў учора той пустамеля пра золата, вось ты і прыплёўся!

— Не разумею…

— Усё ты разумееш. Расказаў, набрахаў табе, а ты і паверыў. Паверыў жа? А яшчэ дарослы чалавек — як не сорамна? Ён усяму Мінску пра мяне небыліцы бае. Але падумайце сваёй галавою — калі б у мяне было золата, ці грошы, — хіба б я так жыў, як жыву? Я не настолькі яшчэ дурны, каб мне не хацелася пагуляць хоць пры канцы жыцця, — але за што? І рад бы — ды пуста!

Пуста было і ў мяне на душы. Хоць я і разумеў, што дзед кпіць, пацяшаецца з мяне — хоць бы таму, што навошта ён вось цяпер перада мною апраўдваецца, хто я яму такі? — разам з тым я не мог не прызнаць лагічнасці яго слоў. Усё правільна, ніякага багацця няма, і ён, баючыся мяне, чужога чалавека, тлумачыць мне гэта. А калі нават дапусціць, што ёсць багацце, дык як яго ўзяць? На якіх правах? Забіць зараз дзеда і пачаць абшукваць кватэру?

Мне сорамна прызнавацца, грамадзянін следчы, але я стаяў перад Адамавічам увесь чырвоны, як шкадлівы вучань перад настаўнікам. Калі здранцвенне прайшло, я зняў з вешалкі свой парасон, заціснуў пад пахаю:

— Прабачце… Дык я пайду?

— Пачакай, давай у шахматы, раз прыйшоў Толькі разувацца не трэба, — і патупаў на кухню. — Я спяшаюся… — аднак жа нейкі чорт, што сядзеў усярэдзіне, пацягнуў мяне следам. На кухні было чысцей, чым учора, праветрана, вядро з-пад смецця стаяла пустое, адно лінолеум у сіне-белыя клеткі быў такі ж брудны, мо з год нямыты. Я адразу заўважыў, што акрамя табурэта з расстаўленымі шахматамі стаяць яшчэ два — значыць, дзед сапраўды чакаў мяне. Але цяпер гэта не мела ніякага сэнсу. Я быў злы на сябе, злы за свае дурныя дзіцячыя мары, за страчаны дарма час… Адзінае, чым суцяшаўся, — значыць, праз гэта трэба было прайсці, каб супакоіцца і жыць, як і жыў раней.

— Дзе ты вучышся? — нечакана спытаў Адамавіч, робячы першы ход. — Раскажы трохі пра сябе. Бацькі ёсць?

Я неахвотна адказаў. Злосць, як ні дзіўна, памагла мне, і я выйграў тры партыі запар, чым давёў Адамавіча ледзь не да шоку.

— Тэорыя, — мармытаў ён, і калі браўся за фігуру, так сціскаў яе, што пальцы бялелі. — Што значыць тэорыя…

Потым мне надакучыла, і я даў Адамавічу выйграць тры партыі. Ізноў, як і ўчора, я са здзіўленнем назіраў метамарафозу, што адбывалася з чалавекам, якому даўно ўжо трэба думаць пра той свет. Адамавіча падмянілі. У яго разгарнуліся плечы, у яго памаладзелі, заіскрыліся шчасцем вочы; Вы не паверыце, грамадзянін следчы, ён пачаў нават напяваць казліным голасам модны апошнім часам шлягер!..

Мне было страшэнна нудна тут. Пасля шостай партыі я падняўся і катэгарычна заявіў:

— Усё, пайду!

— А можа, яшчэ? — пачаў упрошваць Адамавіч. — На пасашок?

— Не. Я спяшаюся.

— Ну, што ж, — ён глыбока ўздыхнуў і пайшоў правесці мяне да дзвярэй.

Вось тут адбылося наступнае. Зазіраючы мне ў вочы, дзед раптам гулліва ўшчыкнуў мяне за бок і прашаптаў:

— А ёсць золата! Толькі халеры знойдзеце, хоць усё тут абшукайце. Я не такі дурны, як вам з тым шалапутам здаецца, я ведаю, што вы змовіліся. Вы, цяперашнія, за капейку зарэжаце, а то за золата! — і паківаў мне пальцам.

— Як вам не сорамна… — я не дагаварыў. Хутка сунуўшы ў бакавую кішэню кабата руку, Адамавіч, не зводзячы з мяне вачэй, працягнуў мне на далоні невялікі, памерам з палову запалкавага карабка злітак цёмна-жоўтага металу.

— І такіх многа! — прашаптаў ён, хаваючы злітак назад, не даўшы мне нават як след разглядзець яго. Я стаў агаломшаны. Вось гэта фокус!

— Дык будзеш прыходзіць у шахматы гуляць? — Адамавіч хіхікаў і пашчыкваў мяне за бок.

— Мабыць… буду, — я зглынуў сліну.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату