— Так, я злы і хітры! Але грошы толькі такіх і любяць! Адамавіч, аддайце мне — умаляю паверыць! — ніколі яшчэ я не быў так блізка ад удачы; я гатовы быў укленчыць зараз перад ім…
Магчыма, у той вечар усё і вырашылася б, і я б цяпер не пісаў Вам гэтую тлумачальную, грамадзянін следчы, каб не… пранізлівы званок у дзверы! Прыехала 'хуткая дапамога' — і трох гадзін не прайшло!
Проста ўз'юшаны, я схапіў з вешалкі куртку і выбег з кватэры. Што я адчуваў? Тое ж самае параўнанне, грамадзянін следчы, аб якім згадваў раней: уявіце, што амаль месяц з дня ў дзень чалавек марнаваў час, нервы, грошы, прыкідваўся, ліслівіў, падлізваўся, урэшце змог «угаварыць» жаданую непрыступную красуню, і вось яна ўжо гатова, яна перад табою ўжо… і раптам банальны, пранізлівы, ненавісны званок у дзверы і ўсё ляціць к д'ябалу!..
Тым не менш, з раніцы наступнага дня я, як штык, стаяў перад дзвярыма знаёмай кватэры і націскаў на кнопку званка. Цярпенне, калі хочаш нечага дабіцца. Не атрымалася адзін раз — пашэнціць у другі…
Адамавіч, нейкі прыгорблены, пастарэлы і, як мне падалося, спалоханы, быў дома, але збіраўся некуды. На тумбачцы ў пярэдняй, каля тэлефона, я заўважыў слюдзяны мяшэчак, у якім была зубная паста, шчотка, станок для галення і расчоска. Пры мне Адамавіч запіхнуў у другі такі ж мяшэчак свае стаптаныя пантофлі і трыко. Сам ён быў у старэнькіх, але чыстых і адпрасаваных штанах, а абуты ў тыя самыя чаравікі, што сохлі некалі пад батарэяю, калі Крывіцкі ўпершыню мяне сюды прывёў, толькі цяпер яны былі да таго начышчаныя, што смярдзелі ваксаю на ўсю кватэру. — Што здарылася?
— Прайдзі на кухню, — Адамавіч пратупаў уперадзе, прысеў на табурэтку, трымаючы ў руцэ мяшэчак з пантофлямі і трыко.
Такім я бачыў яго ўпершыню. Было ў яго твары, абліччы, у гэтых старэнькіх адпрасаваных штанах і наваксаваных чаравіках, у гэтых яго зборах — распіхванні рэчаў па мяшэчках— штосьці трагікамічнае і разам з тым вартае жалю.
— Чым скончылася ўчора? — спытаў я, маючы на ўвазе прыезд 'хуткай'.
— Чым? Абследавалі мяне, а потым накіраванне выпісалі… У Бараўляны, у анкалогію. Я ж не прыдурваўся ўчора.
Ён гаварыў сур'ёзна, пазіраў на мяне жаласліва, і было відаць, што для яго самога гэта неспадзяванка, ён не чакаў гэтага і не быў падрыхтаваны.
А я баяўся толькі аднаго — каб не сустрэцца з ім вачыма, бо ў маіх ён прачытаў бы дзікую радасць. Які ж я малайчына, што здагадаўся і прыйшоў раніцаю, і застаў яго пакуль яшчэ жывога і, як кажуць, пры памяці!.. — Як ты думаеш, гэта сур'ёзнае штосьці? — дапытваўся ў мяне, бы ў доктара, Адамавіч. — Я ж вярнуся скора? А? Як ты думаеш?
Мне здавалася, што калі б я толькі падняў на яго вочы, калі б абнадзеіў хоць адным ласкавым словам, ён кінуўся б да мяне, прыціснуўся б, як неразумнае дзіця да маткі, і плакаў бы ад страху, крыўды, болю, ад адчування немінучай блізкай смерці… Але я нават не зварухнуўся.
— Вось так яно… — голас у Адамавіча задрыжэў; здавалася, яшчэ крыху — і дзед заплача. Але ён справіўся, больш таго — на міг зрабіўся сабою ранейшым: — І не ўздумай тут шнырыць без мяне па кватэры! — сказаў строга. — Суседзі даўно цябе ведаюць, будуць пільнаваць, — і, панізіўшы голас: — Усё адно нічога не знойдзеш.
— А… ёсць? — па-дурному, не валодаючы сабой, прамямліў я.
— Ёсць, ёсць. Ты вось што: запішы свой тэлефон у кніжачку, там, у пярэдняй. Я, калі выйду з бальніцы, пазваню. Тады падумаем.
Ледзь перастаўляючы ногі, я выйшаў у пярэднюю, машынальна запісаў у зашмальцаваны нататнічак нумар тэлефона гаспадыні, у якой здымаў пакой, — і стаяў.
— Ну, давай развітвацца, — Адамавіч ізноў зірнуў на мяне жаласліва, нават неяк асуджана — як бык, якога вядуць пад абух. Ён усё яшчэ, відаць, спадзяваўся, што зараз я кінуся яму на шыю і пачну суцяшаць.
Адвярнуўшыся, я холадна тыркнуў яму руку, і ён схапіў яе ў абедзве свае.
— Пачакай! — ён знік у пакоі, хутка вярнуўся і працягнуў мне нейкую брашурку. Сарамліва пакашляў: — Гэта табе, на памяць. Зборнік мініяцюраў. Ты добра гуляеш, але ў тэорыі ўсё ж слабаваты, — і, калі я ўзяў брашурку, пахваліўся: — Тут ёсць і мая двуххадоўка. Забаўляўся некалі, яшчэ ў твае гады… Ну, з Богам.
— Гэта… усё? — наіўна спытаў я.
— А што табе яшчэ? Кажу ж, выйду з бальніцы — пазваню, — і Адамавіч, злёгку падштурхоўваючы ў спіну, выпусціў мяне на калідор.
Я не разумеў анічога. З вокладкі брашуркі на мяне насмешліва касілі вялікімі вачыма-маслінамі два шахматныя кані — белы і чырвоны. Я выйшаў на двор.
Пракляты стары корч!.. Вось гэта фіяска!..
На міг мне падалося, што ўсё гэта сон, што не было нічога: ні дзеда, ні злітка золата, які я бачыў на ўласныя вочы, ні нашых адкрытых размоваў, нічога… 'Калі вярнуся з бальніцы!.. Ды з гэтага аддзялення ў тваіх гадах не вяртаюцца — чаму не сказаў яму гэта?!'
Мяне ўсяго трэсла. Я пашкадаваў раптам, што не прыдушыў яго ўчора, калі яму зрабілася блага і ён валяўся ў ложку зусім бездапаможны (як бачыце, грамадзянін следчы, я шчыра прызнаюся, хоць мог бы і прамаўчаць аб гэтым!).
Ужо ў метро я разгарнуў брашурку, знайшоў сярод іншых двуххадовую задачу-мініяцюру Адамавіча: чорны кароль заціснуты белымі фігурамі ў кутку, але калі яму не паставіць у два хады мат — яму не будзе куды хадзіць, і атрымаецца, паводле шахматных правілаў, нічыя — пат. Пешка ў белых зааходзіцца акурат за два хады да апошняй лініі… тут патлумачу крыху, калі Вы не ведаеце, грамадзянін следчы. Справа ў тым, што калі пешка ступіць на апошнюю лінію, яна мае права ператварыцца ў любую фігуру. Вядома, звычайна шахматысты выбіраюць самую моцную — ферзя. У гэтым і быў парадокс мініяцюры Адамавіча: пешка, дасягнуўшы апошняй лініі, ператваралася не ў моцную фігуру, а ў лёгкую — у каня, і чорныя аўтаматычна атрымлівалі мат.
Вывучыўшы за месяц характар гэтага чалавека, яго дзівацтвы, яго прымітыўна-дзіцячую хітрасць, я, як толькі глянуў на пазіцыю, адразу ўбачыў рашэнне — і ад гэтай лёгкасці разгадкі злосць падступіла да сэрца новым прыступам. Я ледзь не плакаў.
Мне здавалася, толькі я, і ніхто больш у свеце, заслужваў Адамавічавага золата.
Прайшло месяцы тры.
Пакрысе я супакоіўся, увайшоў у сваю каляіну, здагнаў вучобу. Я зрабіўся пануры, маўклівы, нетаварыскі, я не верыў больш у цуды, якія здараюцца толькі з іншымі, а не са мной. Я цвёрда ведаў цяпер, што магу разлічваць толькі на сябе, ведаў, што толькі сціснуўшы зубы, увесьчаснай працаю, упартасцю, напорам і акрамя ўсяго жорсткай эканоміяй я змагу прабіць сабе сцяжыну ў жыцці.
На першых часах пры адным успаміне пра Адамавіча мяне пачынала трэсці. Што з ім, дзе ён цяпер — мяне не цікавіла абсалютна. Вядома, я ні разу не з'ездзіў у тыя Бараўляны (дактары ці санітаркі могуць пацвердзіць, грамадзянін следчы).
Я рады быў, што зноў апынуўся ў рэальным свеце, што нарэшце мог нармальна паспаць, паесці; у мяне з'явілася мора вольнага часу, які я мог цяпер цалкам аддаваць вучобе. Не трэба было нікому дагаджаць, ні перад кім ламацца, не трэба было жыць увесь час у гэтым ненармальным чаканні чагосьці.
Усё было б добра, каб аднойчы ў мяне не забалеў зуб — той самы, у якім даўно выкрышылася пломба і які раіў не запускаць Адамавіч. Ад зуба забалела і пачала пухнуць дзясна. Я запісаўся да стаматолага, сядзеў у калідоры і, чакаючы сваёй чаргі, абыякава глядзеў пад ногі, на лінолеум у сіне-белыя