клеткі, што так нагадвалі шахматную дошку; у думках я машынальна перастаўляў па гэтых клетках фігуры.
І раптам мяне нібы працяло токам. Я падскочыў, напалохаўшы людзей, якія сядзелі побач, схапіўся за шчаку і застагнаў, але зусім не ад зубнога болю.
Перад вачыма ў мяне паўстаў акурат такі ж, у сіне-белыя клеткі, лінолеум на Адамавічавай кухні, потым уміг узгадалася яго прымітыўная двуххадоўка-мініяцюра з шахматнай брашуркі, якую я тады ад злосці разарваў і выкінуў у сметніцу — адразу ж, як выйшаў з метро. Пешка павінна стаць на апошнюю лінію… Лінолеум на кухні — шахматная дошка… Трэба было ўсяго толькі спраектаваць задачку… Божа мой, які ж я ідыёт!
Цяпер я ў думках нават бачыў тую клетку, на якую становіцца пешка, каб ператварыцца ў каня, — брудная сіняя клетка ў самым кутку пад батарэяю, дзе Адамавіч сушыў свае чаравікі.
На мяне глядзелі са спагадаю. Хтосьці прапанаваў мне ісці без чаргі, але я замест падзякі толькі вылаяўся і пайшоў, амаль пабег прэч адтуль.
У метро мне ўвесь час хацелася неяк падагнаць вагон, каб хутчэй ехаў. Ах, ідыёт! Як можна было, ведаючы дурыкі гэтага звіхнутага дзеда, яго характар, ведаючы гісторыю Крывіцкага пра 'шыфроўку' кода камеры захоўвання, — як можна было ні аб чым не здагадацца! Божа, каб толькі не позна!.. Каб толькі ўпэўніцца, што кватэра замкнутая, каб толькі пачуць ад суседзяў, што дзед яшчэ жывы і ляжыць у бальніцы! Я накуплю бананаў, мандарынаў, вэнджанай каўбасы і ікры, я зараз жа схаплю таксоўку і паімчуся да яго, я кожны дзень буду матацца ў тыя праклятыя Бараўляны, буду даглядаць яго, хоць «судна» за ім выносіць, калі гэта спатрэбіцца!..
Я зайшоў у пад'езд, пачаў падымацца па лесвіцы, паціраючы сэрца, каб не калацілася так, — і раптам нос мой злавіў чужыя, незнаёмыя мне тут раней пахі: пахла фарбай, вапнаю, пабелам, свежым тынкам… як і заўсёды падчас кватэрнага рамонту або пры здачы новага дома. Ці то ад гэтых пахаў, якія я ўсё жыццё не мог пераносіць, ці то ад нядобрай падазронасці на душы зрабілася зусім трывожна.
Дзверы ў Адамавічаву кватэру былі прачыненыя. Пахі ішлі адсюль. Не кранаючы званка, я нагою расчыніў дзверы шырэй і ўварваўся ў пярэднюю.
Нічога нельга было пазнаць. На падлозе — смецце, друз, кавалкі тынку, абрыўкі старых шпалераў; няма ні знаёмай вешалкі, ні тумбачкі з тэлефонам. Справа на ўвесь прасценак — фоташпалеры з нейкім крымскім ці каўказскім краявідам: горы, мора, белы парус удалечыні, — і на імгненне краявід гэты так жыва нагадаў мне, што я мог бы мець (ці яшчэ магу?!), каб быў крыху разумнейшы…
Крывіцкі — босы, з анучай у руцэ, у трыко з падкасанай чамусьці толькі адной калашынай, у зробленай з газеты пілотцы на галаве — паказаўся ў дзвярах пакоя:
— А! — усклікнуў радасна, пераклаў анучу ў другую руку і працягнуў мне для вітання не мокрую далонь, а локаць.
Грэбліва адступіўшы, нават не кранаючы гэтага локця, я прасіпеў: —Дзе… Адамавіч?
— Дык гэта… — Крывіцкі ўздыхнуў, — ужо месяцы тры як дуба ўрэзаў стары мой, Іван Адамавіч… А ведаеш, — адразу ж ажывіўся, відаць, карцела пахваліцца радасцю, — дарэмна я наязджаў на яго! Харошы дзед быў — адпісаў-такі кватэру!..
Не слухаючы, адпіхнуўшы яго з дарогі, я падаўся на кухню.
— Э-э, куды ты?! Ты ж слядоў наробіш!..
У кутку пад батарэяю, дзе знаходзілася запаветная сіняя клетка, стаяла і ляжала некалькі папяровых мяхоў, пачатых і нечапаных; столь была пабеленая, сцены — ашкрэбленыя, але мяне цікавіла толькі падлога — лінолеум, а лінолеум быў той самы!
Ад радасці я засмяяўся і пацёр рукі.
— Не хадзі! — цягнуў мяне за рукаво Крывіцкі. Я пакорліва вярнуўся следам за ім у пярэднюю. Мне захацелася раптам пацешыцца з гэтага тупога, нездагадлівага цельпука, пахваліць яго, нагаварыць яму розных прыемна-падлізлівых слоў; я быццам зноў перанёсся на колькі месяцаў назад, калі быў яшчэ жывы Адамавіч, пад якога трэба было ўвесь час падладжвацца, каб не насцярожыць, не спужнуць… — Малайчына! — я зазірнуў Крывіцкаму ў вочы і моцна паціснуў яго мокрую далонь. — Так здорава ўсё робіш, скора не пазнаць будзе кватэры! А дзе грошы на рамонт узяў?
— А, грошы? Бацькі далі, хто ж яшчэ! Дзед, Адамавіч мой, так і не сказаў, дзе золата, не паспеў, мабыць. Мне б, дурню, з'ездзіць да яго, але так і не сабраўся… А ён, дактары расказвалі, мучыўся вельмі, гаварыць не мог, прытомнасць часта губляў…
Сэрца ў мяне аж захлыналася. Вось яно — шчасце! Я апусціў галаву і прытворна, глыбока-глыбока ўздыхнуў… не, хлушу, грамадзянін следчы. Вядома, і ў мяне ў глыбіні душы варухнулася нешта падобнае на шкадобу. Бедны Адамавіч, так мучыўся… І мяне, чужога, любіў больш за Крывіцкага… Але варухнулася — і прайшло, я не даў гэтай шкадобе разрасціся, адразу прыдушыў яе. Жыццё працягваецца! Жывым, як кажуць, жывое, а мёртвым…
— Гэта што: пабачыш, калі ўсё гатова будзе! — узбуджана гаварыў Крывіцкі, ураз забыўшы на няшчаснага нябожчыка Адамавіча і пра яго пакуты перад смерцю. — Вядома, не еўрарамонт, але сам бачыш… Вось з кухняю толькі, — ён пачухаў локцем сабе бок. — Хацеў гэты лінолеум свінячы памяняць, паслаць драўляную падлогу — цяпер робяць такія, і даволі танна. Ну, патэлефанаваў у нейкую фірму па аб'яве, прыйшлі пазаўчора два, пачалі перасцілаць, потым кінулі ні з таго ні сяго, ледзь пачаўшы. Я прыходжу — ляжаць вось тут, на тумбачцы, усе грошы — аванс, які ім заплаціў. А саміх — ні слыху, ні дыху… Ды што з табою? Чаго ты збялеў?
Я рвануўся на кухню, падскочыў да мяхоў, нагамі і рукамі параскідваў, паадцягваў іх у бакі, упаў на коленцы. Плінтус пад батарэяй быў сарваны, край лінолеума карабаціўся. Я пацягнуў яго на сябе, ён паддаўся, адлупіўся кавалкам усяго ў які метр квадратны — больш яны і ададраць не паспелі! — і ў пліце перакрыцця адкрылася дзірка-'дупло', акурат як вавёрчынае, — невялікае, правільнай круглай формы. Я ўсунуў туды руку і, усё яшчэ не верачы сабе, абдзіраючы аб шурпаты бетон пазногці і пальцы, пачаў мацаць у пустым тайніку…
Крывіцкі стаяў у дзвярах і паглядаў на мяне, як на вар'ята.
Хістаючыся, я падняўся з кален, абцёр аб штаны рукі. Не ведаю, грамадзянін следчы, што кіравала тады мною, чаму я зрабіў тое, што зрабіў… Можа, хоць крыху тлумачэннем паслужыць адна гісторыя (Вы павінны ведаць яе, грамадзянін следчы). Неяк яшчэ ў часы кампаніі супраць п'янства двое мужчын падбеглі да гарэлачнага аддзела, а ён закрыўся ў іх перад носам, і тады адзін, нядоўга думаючы, з усяе сілы засмаліў другому ў вуха. 'За што?!' — заенчыў той. — 'А што ж рабіць?! Ну вось што рабіць?!' — у роспачы адказаў другі. Гэта, грамадзянін следчы, як мне здаецца, вельмі тонкі, псіхалагічны анекдот, які перадае дзеянні чалавека ў становішчы афекту…
'Што рабіць?! Ну вось што рабіць?!'
Я падышоў да Крывіцкага і голасам, якога сам не пазнаў, папрасіў:
— Стукні мяне, калі ласка. Толькі моцна!
— Ты што? — адхіснуўся ён.
Вось тады, грамадзянін следчы, я і нанёс Крывіцкаму тыя самыя 'лёгкія цялесныя пашкоджанні', што фігуруюць у маёй справе. Я ўдарыў яго ў пераносіцу, а калі ён, ускрыкнуўшы, сагнуўся, я ўзяў яго за валасы і пару разоў ударыў яму каленам у твар. Затым, пераступіўшы праз яго, скурчанага ў дзвярах кухні, выйшаў, нават не азірнуўшыся.
Усё далейшае Вы, грамадзянін следчы, ведаеце. Крывіцкі зняў пабоі і напісаў на мяне перш адну заяву, а потым, калі ўбачыў тайнік, здагадаўся, што золата ляжала ў яго пад носам; тады ад злосці, ад адчаю, што сам не дапетрыў, ён і накатаў на мяне заяву другую — хлуслівую ад першага да апошняга слова.
На Вашым месцы, грамадзянін следчы, я дапытаў бы самога пацярпелага — няхай успомніць, якіх майстроў ён выклікаў тады (хоць без сумнення, канцоў не знойдзеш, дурных мала)…
Зыходзячы з усяго вышэй напісанага, прашу Вас, грамадзянін следчы, у абвінаваўчым заключэнні адзначыць наступнае:
1) маё чыстасардэчнае прызнанне і раскаянне;
2) што пабоі, нанесеныя Крывіцкаму, экспертызай прызнаныя 'лёгкімі цялеснымі пашкоджаннямі, якія не пагражаюць здароўю пацярпелага';
3) што я знаходзіўся ў стане афекту;