Шарай.
— Як табе прыйшло ў галаву, не разумею, — шчыра прызнаўся ён.
— Вы ж мне самі параілі, таварыш падпалкоўнік, — усміхнуўся Корзун. — Помніце, сказалі, каб мы звузілі круг? Я зрабіў так і закруціўся вакол шафёра Шынкевіча. Чым далей, тым болей напрошваўся вывад, што толькі ад яго маглі выйсці звесткі пра грошы.
— Дык гэта ён навёў?
— Незнарок. Ляпнуў, што касірку павінен везці. Цану сабе набіваў, ці што? А Праневічу многа гаварыць не трэба, адразу змікіціў, што запахла смажаным. Падпаіў Гурскага, выпытаў пра вартаўніка. Ды ён сам жыў у Даманах, дзе што ў канторы, ведае. Пасля завёў Гурскага да сваяка, а заадно ключы сцягнуў і прыкінуў, як «газік» з двара вывесці. Месца там зручнае, насупраць ніхто не жыве, гароды. Малайчына Лапкоў, знайшоў-такі дзеда з бяссонніцай.
— Хутка прызналіся?
— Дзе там. Прыйшлося расказаць ім, як было, быццам я разам ездзіў. Праўда, гэта толькі Бугеду развязала язык. Праневіч усё роўна маўчыць. Думаю, больш ад злосці на нас. Здавалася, так чыста хапануў: ні слядоў, ні сведак. І збіраўся з'ехаць, маючы прыстойную прычыну — завербаваўся на лесанарыхтоўкі. Каму ў галаву прыйдзе, што гэта ён? Аднак не пашанцавала: у аддзеле не паспелі дакументы аформіць. Я і думаю — было б нам турбот, каб з'ехаў.
— Знайшлі б, — Шарай, як заўсёды, калі сутыкаўся з новымі злачынцамі, хмурыўся. — Што яго штурхнула на крадзеж?
— Разбэшчаны тып. Апошнія гады матаўся з месца на месца, шукаў, дзе праца лягчэй, а рубель даўжэй. Краў, што кепска ляжала. Даравалі. Той жа Шынкевіч. На нявінную Ганну Купскую накінуўся, а яго…
— А Бугеда?
— Пацвярджаецца старая ісціна, што гарэлка і злачынства побач крочаць. Ніколі не краў, а падпаілі — і пайшоў. І Гурскі недзе з такіх.
— Не, з Гурскім больш складана, — не пагадзіўся Шарай. — Гурскі побач з Шынкевічам вырас. Начальнік не надта сябе абмяжоўвае, і шафёр, на яго гледзячы, таксама. Дарэчы, быў ён у Тросенцы ці не?
— З Тросенкай Гурскі перастараўся. Адразу не сказаў Шынкевічу, што памяняў маршрут, свежанінай спакусіўся, а потым, як даведаўся, што грошы ўкралі, пабаяўся. Шынкевіч мог і не дараваць свавольства і ашуканства.
— Наогул, як бы там ні было, а справе — канец. Пара нам з табой і пра адпачынак паклапаціцца. Падвезці?
— Дзякуй, — устаў Корзун, — я лепш прайдуся.
Ён жыў далекавата ад аддзела, па дарозе на станцыю. Старыя, у якіх ён кватараваў, спаць клаліся рана, і яму было няёмка іх турбаваць. Але сёння не зусім звычайны дзень, нервовая напружанасць, якая ўзнікла там, на вакзальным пероне, усё яшчэ не пакідала. Корзун адчуваў, што, толькі паблукаўшы па ціхіх і свежых начных вуліцах, супакоіцца…
Па жураўля ў небе
Чалавек выйшаў з гасцініцы пагуляць і не вярнуўся. Дзяжурная, усё роўна як ведала, папярэджвала, што ўжо ноч, што на вуліцы завея, а ў іх гарадку і ў добрае надвор'е нічога цікавага не ўбачыш. Не паслухаўся, сказаў, што хутка вернецца. А як развіднела, яго знайшлі аж за чатыры кіламетры ад гасцініцы ў снежным сумёце, побач з пераездам цераз вузкакалейку.
— Нішто сабе прагулачка, — чмыхнуў Корзун і падумаў, што апошнім часам яму пачало шанцаваць на дадатковую нагрузку. Трэба ж было паехаць у камандзіроўку менавіта ў Лясное, без асаблівай патрэбы затрымацца на лішні дзень, якраз на той самы, у які загіне тут карэспандэнт рэспубліканскай газеты, прычым пры даволі дзіўных абставінах. Корзун зірнуў на заклапочанага пракурора Ляснога раёна Пратасеню, які па загаду з вобласці ўзначаліў расследаванне гэтага выпадку, і, стараючыся падбадзёрыць, прамовіў: — Будзем шукаць…
Шукаць належала яму, Корзуну, але адказваць за вынікі ў даным выпадку будзе не толькі ён, а і пракурор. Гэта слаба суцяшала. Непакоіла не адказнасць, адказнасці Корзун ніколі не баяўся, а сама справа. Выглядала яна, як у такіх выпадках любяць казаць яго калегі, глухой. Мог жа чалавек у цемнаце і завірусе збіцца ў незнаёмым горадзе з дарогі, забрысці на чыгуначнае палатно, дзе яго і збіў цягнік. Менавіта гэту версію пракурор і вылучыў адразу. Супадала ўсё: і час — састаў з лесаматэрыяламі праходзіў праз пераезд недзе праз гадзіну пасля таго, як журналіст выйшаў з гасцініцы, і траўма на целе нябожчыка, якую судмедэксперт вызначыў як удар тупым прадметам, і, нарэшце, месца, дзе знаходзіўся труп.
Корзун падтрымаў бы гэту версію, не паспрабаваўшы пашукаць што іншае: яна тлумачыла амаль усё, хіба толькі за выключэннем аднаго — чаму чалавек, які абяцаў неўзабаве вярнуцца, апынуўся так далёка? У кепскае надвор'е не задумаешся настолькі, каб не заўважыць, куды ідзеш. А калі ўсё-такі задумаўся, то аб чым? Але ў каго папытаеш, аб чым думаў нябожчык за хвіліну да смерці? І тым не менш Корзун не мог пакінуць гэта пытанне без адказу, а значыць, не мог і прыняць думкі пракурора.
Раней Корзуну не даводзілася працаваць з Пратасенем. У Лясным ён быў упершыню, да гэтага з пракурорам не сустракаўся і больш за ўсё баяўся, каб той не аказаўся занудай, не лез у кожную драбніцу, скоўваючы яго дзеянні. Самастойнасць Корзун любіў. Пачатак іх сумеснай працы супакоіў. Пратасеня, падобна, быў не з тых, хто падмяняе памочнікаў. Больш таго, выклаўшы Корзуну свае меркаванні, ён папрасіў не спыняцца на іх, а прыдумаць нешта іншае.
— Іншае, — усміхнуўся Корзун. — На звычайнай мове гэта азначае: шукай немаведама каго.
— Я сустракаўся з Рамейкам, — сказаў Пратасеня, — спакойны, разважлівы. І раптам — блукае поначы, як закаханы, нікога і нічога навокал не заўважаючы.
— Ён не жанаты?
— Хочаш спытаць, ці не закахаўся? — Пратасеня пагартаў пашпарт, нібы яшчэ не ведаў, што Рамейка быў халасцяком. — Адпадае. Сябры з абласной газеты, якія не адзін год ведалі яго, сказалі, што і закахаўшыся ён не забыўся б на сваё рэдакцыйнае заданне. Ён быў па натуры сухаваты, і абавязак у яго заўсёды стаяў на першым плане. Так што вывесці яго з раўнавагі мог толькі нейкі незвычайны выпадак.
— Паспрабую прасачыць увесь яго дзень, можа, гэта дасць адказ на пытанне: што аказалася мацней за яго разважлівасць?
— Наўрад, — з сумненнем паківаў галавой пракурор. — Журналісты маюць звычку ўсё найбольш важнае запісваць. А ў яго і блакнота не было. Адно лісткі, падобна, нататкі нейкага будучага артыкула: лічбы нарыхтаваных угнаенняў, прозвішчы лепшых механізатараў нашага раёна, звесткі пра насенне.
— Ну, не ўсё запісваюць, відаць, і журналісты. Блакнот не дзённік.
— І ўсё-такі, калі задумаўся, то толькі пра службовае, — не пагадзіўся Пратасеня, распраўляючы лісткі з запісамі Рамейкі.
Корзун узяў гэтыя лісткі, перачытаў. Там было толькі тое, што прыгадаў пракурор. Патрымаў пашпарт, раскрыў рэдакцыйнае пасведчанне. З маленькай фотакарткі глядзеў юнак — круглатвары, белавалосы. Здымак, відаць, быў зроблены некалькі гадоў таму назад, ці не адразу пасля заканчэння вучобы. Фатограф, напэўна, смяшыў Рамейку, і ён, здавалася, ледзьве стрымліваўся, каб захаваць сур'ёзны выгляд. А можа, Рамейка наогул быў вясёлым хлопцам, радаваўся самому жыццю? Цяпер гэта, бадай, ужо не мела значэння. Цяпер яго радасці і засмучэнні сталі ўжо нябытам. Корзун адклаў карэспандэнцкае пасведчанне і разгарнуў партманет. У адной кішэньцы ляжалі грошы, не многа, якраз столькі, колькі