патрэбна на не вельмі працяглую камандзіроўку, у другой — квітанцыя з гасцініцы, аплаціў за два дні, прыбыў учора, меўся выбыць заўтра.
— Быццам усё цэлае, нічога не прапала, — Корзун паклаў грошы і квітанцыю ў партманет.
— Напэўна, — кіўнуў Пратасеня. — Праўда, на ўнутранай сценцы ёсць невыразны чужы адбітак вялікага пальца. Але ж крадзяжу няма.
У дзверы пастукалі.
— Заходзьце! — крыкнуў Пратасеня. — А-а, Кунцэвіч, сядайце. — Корзуну растлумачыў: — Райсаюзаўскі нарыхтоўшчык. Гэта ён наткнуўся на Рамейку. — І Кунцэвічу: — Зараз следчы прынясе пратакол, і вы падпішаце. Там было не да папер, — зноў павярнуўся ён да Корзуна. — Можа, хочаш што дадаткова высветліць?
Высокі, жылісты, вастраносы, падстрыжаны пад вожыка Кунцэвіч, бадай, быў падобны больш на спартыўнага трэнера, чым на сельскага нарыхтоўшчыка. Ён, напэўна, быў бы нават прыемным, каб не хітраватыя, скрытныя вочы — яны нібы адгароджвалі свайго гаспадара ад субяседніка нябачнай сцяной. У такіх людзей ніколі не зразумееш, аб чым яны думаюць, размаўляючы з табой.
— Калі ласка, — Кунцэвіч сам нагадваў, што можна задаваць пытанні, і вочы яго на імгненне пасвятлелі, засмуціліся — як бы гаварылі, што не кожны дзень даводзіцца натыкацца на нябожчыка.
Корзун усё яшчэ маўчаў, не ведаючы, пра што пытаць, — Пратасеня высветліў, што трэба. Кунцэвіч загаварыў сам:
— Хаця што я магу сказаць. З раніцы трэба было ў Пцічкавічы, гэта па той бок чыгункі. Дамовіўся з тамашнім калгаснікам Мікітам Багуком вепручка прыхапіць. Запрог каня і паехаў.— Адчувалася, што ён паўтараў гэту гісторыю не першы раз, бо словы цяклі роўна, быццам прыцерліся адно да аднаго. — Пад'язджаю да пераезда, а тым часам і развіднела. Гляджу: ці не нага з гурбы тырчыць? Не веру ні ў бога, ні ў чорта, а тут, ведаеце, рука сама пацягнулася перахрысціцца. Што за насланнё? Я да гурбы — чалавек. Ну, я ведаю парадак, нічога не крануў і адразу ў будку. Там тэлефон. А гэты, каб яго, вартаўнік сядзіць сабе і чай жлукціць…
Корзун слухаў і думаў, што гэтыя падрабязнасці ужо запісаныя ў пратаколе, маюць значэнне хіба толькі для следства. Рамейку ўсё роўна не ажывіш — Кунцэвіч знайшоў яго надта позна. Але не перабіваў: хай чалавек выгаварыцца, скіне нервовы стрэс.
Прынеслі пратакол. Кунцэвіч прачытаў яго і падпісаў. Не, ён і тут не разгубіўся, бо звычайна людзі, якія не сутыкаліся з пракуратурай або міліцыяй, часцей за ўсё спяшаюцца падпісваць пратаколы не чытаючы.
— Больш нічога? — спытаў Кунцэвіч.
— Дзякую, — адказаў Пратасеня. — Прабачце, што патрывожылі, такі парадак.
— Разумею, — Кунцэвіч устаў і развітаўся. І паходка ў яго была спартыўная — лёгкая, спружыністая. Ён нібы не ішоў, а гарцаваў.
— І мне пара, — Корзун таксама падняўся. — Прайдуся ўсё-такі па карэспандэнтавых слядах.
— Давай, — пагадзіўся пракурор. — Зайдзі ў гасцініцу, потым у рэдакцыю. Кожны прыезджы газетчык спачатку забяспечыць сабе жытло, зойдзе да калег, каб разведаць абстаноўку, а тады ўжо дакладваецца начальству.
Корзун выйшаў здаволены, што працаваць яму прыйдзецца з разумным чалавекам — менавіта такое ўражанне зрабіў на яго Пратасеня. Немалады, у тым узросце, калі многія робяцца непрымірымымі да чужых думак, буркатлівымі, пракурор Ляснога раёна быў на дзіва, як цяпер любяць гаварыць, кантактным. Быццам і не існавала паміж імі розніцы ў добрых трыццаць гадоў…
У маленькіх раённых гасцініцах штат невялікі. Дзяжурная Падабедава, якая ўчора прымала Рамейку, працавала і сёння. Корзун сам жыў тут ужо амаль тыдзень, Падабедава яго ведала і нават апякала. Доўгія гады працы ў гасцініцы зрабілі яе ўважлівай да пастаяльцаў — яны бачыліся ёй людзьмі беспрытульнымі, і таму яна шкадавала іх, старалася стварыць ім хатні побыт. У час дзяжурства Падабедавай заўсёды быў гарачы чай, яна, нібы маці, выпраўляла пастаяльцаў раніцай, калі яны ішлі па сваіх справах, прыязна сустракала, калі яны вярталіся ўвечары.
Была Падабедава пажылая, адзінокая, і гасцініца стала ёй, можа, найпершым домам — шумнаватым, населеным неспакойнымі людзьмі, якім была патрэбна яе жаночая клапатлівасць.
Корзуну Падабедава была сімпатычная — шчырая, гатовая, нягледзячы на свой немалады ўзрост, прыняць на веру любое пачутае дзе-небудзь слова.
— Які жах, які жах! — пляснула яна рукамі, убачыўшы ў сваім пакойчыку Корзуна. І гэты жах адбіўся на яе выразным хударлявым твары.
Корзун асцярожна прабраўся паміж канцылярскім сталом і плацяной шафай, дзе гаспадыня гасцініцы трымала для прыезджых кнігі, пячэнне, цукар, цыгарэты і іншую неабходную людзям у дарозе драбязу, сеў на канапу побач з крэслам Падабедавай.
— Трэба ж так задумацца, — яна быццам ужо ведала, як і што адбылося.
— Задумацца? — Корзун зацікавіўся. Падабедава, здаецца, была апошняй, хто бачыў Рамейку жывым, і магла нешта ведаць.
— Ага, — жанчына аж спалатнела ад хвалявання. — Кажуць, на чалавека часам як находзіць — ідзе і сам не помніць куды.
Корзун пачакаў, пакуль Падабедава крыху супакоіцца, шукаць трэба было больш рэальную прычыну.
— Напэўна, усхваляваны быў…
— Што вы, — запярэчыла жанчына, — вясёлы. Я, казаў, праветруся, а то не засну.
— Вось бачыце, Рыгораўна, нешта ж яго ўзрушыла.
— Ды не. Я ж ведаю яго. Як ён раней прыязджаў, перад сном заўсёды гуляў. І заўчора сказаў, што далей Чыгуначнай не пойдзе.
«Чыгуначная вуліца канчалася дарогай, якая вяла да пераезда. Няўжо Рамейка заблудзіўся?» Спытаў:
— То, можа, раніцай, калі афармляўся, вам што незвычайнае паказалася?
Падабедава сумна ўздыхнула:
— Такі ветлівы, абыходлівы, нават весялейшы, чым звычайна, здаволены чымсьці. Не-е, калі б што якое, заўважыла б. З дому прыехаў. Сям'і ў чалавека няма, клопаты за ім не цягнуцца.
— Адкуль вы ведаеце, што з дому? — гэта, напэўна, значэння не мела, і Корзун спытаў проста так, прывык нічога не прымаць на веру не ўдакладніўшы.
— Афармляўся каля дзевяці. У гэты час аўтобус з абласнога цэнтра бывае.
— Адзін прыехаў?
— Ага. У той дзень больш ніхто не пасяліўся, месцы былі.
У работнікаў гасцініц вока спрактыкаванае, Падабедавай можна было верыць. Напэўна, калі з Рамейкам што і адбылося, то пазней, на вячэрняй вуліцы. Але пра гэта павінны былі сказаць супрацоўнікі мясцовай міліцыі, яны атрымалі заданне знайсці сведак, якія маглі бачыць журналіста ў горадзе вечарам. І Корзун адправіўся ў рэдакцыю.
У дзень вёрсткі газеты ў раённых рэдакцыях звычайна бывае пуста — усе, хто не заняты выпускам чарговага нумара, раз'язджаюцца па калгасах і прадпрыемствах, каб сабраць новыя матэрыялы. Толькі адказны сакратар, на чыю долю выпадае давесці да ладу заўтрашнюю газету, заклапочана звоніць і бегае з свайго кабінета ў друкарню і назад.
— Рамейка? — перапытаў сакратар Корзуна, не адразу ўцяміўшы, што ад яго хоча гэты невысокі каржакаваты хлопец, падобны хутчэй на школьнага настаўніка, чым на супрацоўніка міліцыі.— Здаецца, быў. Зайдзі ў сельгасаддзел, там нехта павінен быць.
— Саша?!
Корзун застыў на парозе. За сталом, на якім стаяла пішучая машынка і былі раскіданы лісты спісанай паперы, сядзела яго даўняя знаёмая Святлана Якушава.
— Ты завітаў, каб са мной пабачыцца? — дзяўчына была шчыра ўзрадавана сустрэчай.
Корзун сумеўся. Некалі Святлана яму падабалася. У студэнцкім асяроддзі яна была на віду — друкавалася ў рэспубліканскіх газетах, заўсёды насілася з нейкімі ідэямі і тэмамі, вадзіла знаёмства з вядомымі журналістамі і пісьменнікамі. Да ўсіх яна мела справу. Не хапала ў яе ўвагі на аднаго Корзуна. Ён