меней… Ну, добра, дзякуй і за гэта. Прышлі, аднак, афіцыйную даведачку, у дадатак да ранейшай. Сёння ж, — ён зірнуў на гадзіннік. — Можаш заўтра, толькі з раніцы.
— Далася табе ў знакі гэтая доза! — нездаволена сказаў Корзун. Яму вельмі хацелася хутчэй закончыць справу. Думалася, што ў аддзеле пачалі на яго іранічна паглядаць. Маўляў, не дарос ты, маладзён, да самастойных дзеянняў.
— Усё можа быць, — няўважліва, засяроджаны на нейкіх сваіх думках, адказаў Лапкоў і тут жа папрасіў: — Выкліч на заўтра Панфіловіча і Сіманькова, гадзін на дванаццаць.
Калі назаўтра Корзун зайшоў да Лапкова, Панфіловіч быў ужо там. Ён сядзеў насупраць гаспадара кабінета з пакрыўджаным выглядам, панура паўтараў:
— Я ўсё ўжо расказаў. І ўсё ў паперах запісана. Маглі прачытаць, чымся чалавека з працы клікаць.
І таму, што Лапкоў маўчаў, ён працягваў:
— Мне грошы, таварыш інспектар, ад выпрацоўкі плоцяць…
Лапкоў улавіў прыхаваную здзеклівасць, унутрана пасміхнуўся: «А ты нахабнік, Панфіловіч». Не спяшаючыся, расклаў на стале перад сабой лісткі пратакола, некалькі хвілін уважліва вывучаў Панфіловіча, затым спакойна спытаў:
— Вы чаго засталіся?
Ад абурэння Панфіловіч ледзь не задыхнуўся. Павярнуўшыся да Корзуна, быццам заклікаючы яго ў сведкі, усклікнуў:
— Я дваццаць разоў тлумачыў, вось ім, — кіўнуў ён у бок лейтэнанта. — Ну, няхай, няхай. — Панфіловіч дэманстратыўна паглядзеў на свой гадзіннік і слова ў слова паўтарыў усё тое, што было запісана раней.
— А якой гадзіне гэта было? — спытаў Лапкоў.
— А хто там глядзеў на гадзіннік, — насмешліва сказаў Панфіловіч.
— Я падкажу вам, — строга сказаў Лапкоў.— У бальніцу прывезлі Грыбоўскага а палове дзесятай. Хвілін пятнаццаць — дарога. Гэта з запасам. Значыць, з чвэрткі дзесятай і да дзесяці дваццаці, калі прыехала група лейтэнанта Корзуна, вы знаходзіліся там неадлучна?
— Час не помню, а што быў там — гэта факт, — упарта паўтарыў Панфіловіч. — Спецыяльна застаўся, яны ведаюць, — зноў ён звярнуўся за падтрымкай да Корзуна.
— А куды вы паўлітэрку дзелі?
— Якую? — крутнуўся ў крэсле Панфіловіч і адразу ж узяў сябе ў рукі: — Вы што мне шыеце, інспектар?
— Словы якія ў вас крымінальныя, — папракнуў Лапкоў і растлумачыў: — Тую самую, што вы ў той дзень у краме купілі. У прадаўца Сулкоўскай.
— Выпіў! — выдыхнуў са злосцю Панфіловіч.
— Калі? З кім?
— Адзін, учора…
— На рабоце вы былі цвярозы. Значыць — пасля? Праверым, — Лапкоў выняў з шуфлядкі трубку, якой правяраў на цвярозасць шафёраў, прапанаваў Панфіловічу: — Дыхніце… Яшчэ… Вось бачыце, нічога няма! Можна і больш складаную экспертызу зрабіць, хочаце? Ах, вунь што! Вы пераблыталі, не ўчора, а заўучора. Праверым і гэта. Але мушу сказаць: не пілі вы тую паўлітэрку. Ні ўчора, ні заўчора. Вы яе недапітую выкінулі, ці не так?
Вы што, інспектар, вы мяне п'янага за рулём злавілі? — хрыпла, нібы ў яго перасохла ў горле, прамямліў Панфіловіч.
Лапкоў зноў нечакана спытаў:
— А дзе вы былі, калі Сіманькоў павёз Грыбоўскага?
— Я ж сказаў, сказаў! — закрычаў Панфіловіч. — На месцы сляды пільнаваў!
— Не было вас там, Панфіловіч. Прынамсі, паміж дзевяццю трыццаццю і дзесяццю гадзінамі. За гэты час тры машыны ля базы прайшлі. Двое шафёраў вас не бачылі: Качанаў — ён у дзесяць гадзін у гараж прыехаў, і Буглай — якраз апошнія паведамленні а палове дзесятай па «Маяку» слухаў, праязджаючы міма базы.
Панфіловіч паціснуў плячамі.
— Ну і што з таго? Маглі не заўважыць.
— Маглі. Дапускаю… А вось трэці вас бачыў. Як вы мех збожжа цягнулі на базу. Каля паловы дзесятай. Правільна, га?
Панфіловіч не адказаў, паглядзеў на Лапкова з выклікам, незалежна, але яго выдавала правае павека, якое нервова торгалася.
— Лейтэнант, — звярнуўся Лапкоў да Корзуна, — праводзьце Панфіловіча ў суседні пакой. Хай падумае, успомніць. А сюды паклічце Сіманькова.
— Што, матацыкл можна забраць? — адразу з парога прабасіў Сіманькоў.
За некалькі гадоў службы ў міліцыі Лапкоў нагледзеўся на ўсялякіх злачынцаў — і злосных і выпадковых. Не заўсёды яны прызнаваліся ў сваіх учынках адразу, некаторых з іх даводзілася літаральна прыпіраць да сценкі фактамі і доказамі. І ён заўсёды здзіўляўся, калі бачыў, што вінаваты ў цяжкім злачынстве не адчувае дакору сумлення, а выкручваецца, быццам справа датычыць не смерці чалавека, а нечага дробязнага, неістотнага. Ён пытаўся ў сябе — адкуль бяруцца такія, і не мог знайсці на гэта адказу. Вось і цяпер ён зусім не разумеў Сіманькова. Стаіць, быццам прыйшоў атрымаць прэмію. І таму што з кожнай секундай расло пачуццё гневу, Лапкоў, павольна расцягваючы словы, прамовіў:
— Не спяшайцеся, сядайце, пагаворым крыху.
— Пра што будзем гаварыць, таварыш начальнік? — ён трымаўся яшчэ больш упэўнена, чым яго дружбак.
— Вы не ўсё нам расказалі, грамадзянін Сіманькоў.
У вачах таго бліснулі халодныя іскаркі, рысы твару зрабіліся больш акрэсленымі, больш цвёрдымі.
Лапкоў заўважыў гэтую перамену і падумаў, што яго здагадка, відаць, правільная: такі можа забіць, калі пападзешся на ягоным шляху.
— Дык вось пра Грыбоўскага… — памарудзіўшы, сказаў Лапкоў.— Ён што, красці вам замінаў?
— Гэта нешта новае, начальнік, — халодна азваўся Сіманькоў, ніводзін мускул не ўздрыгнуў на ягоным твары.
— Вядома, новае. Таму вас і выклікалі.
— Ну, ну, выдумляйце, паслухаю, — і з падкрэсленай абыякавасцю разваліўся ў крэсле.
— Сядзьце нармальна, вы не дома ў сябе, — патрабаваў Лапкоў.— І раскажыце ўсё, як было. Ці варта вам нагадваць, што добраахвотнае прызнанне змякчае віну?
Сіманькоў, не пярэчачы, пачаў паўтараць усё, што ўжо гаварыў раней.
— Хіба я не прызнаўся? — ён нават устаў з крэсла. — Хто бачыў, як я наехаў? Ніхто. Я мог бы ўцячы, знікнуць, а я ў бальніцу павёз. Міліцыю сам выклікаў.
— Правільна, Сіманькоў. Гэта ўсё было потым. А да гэтага? Што было да гэтага?
— Ай, нядобра, таварыш начальнік, — раптам змяніў тон Сіманькоў.— Мы да вас з усёй шчырасцю, а вы…
— Ну што ж, Сіманькоў,— стомлена сказаў інспектар, — не хочаце расказваць — не трэба. Падпішыце.
Сіманькоў паставіў подпіс, уздыхнуў з палёгкай, спытаў:
— Мне можна ісці?
Лапкоў адмоўна паківаў галавой. — Не пажадалі самі расказаць, дык мяне паслухайце. Я вам раскажу, як было.
— Давайце, калі ласка, прыемныя размовы прыемна слухаць, — Сіманькоў амаль паўтарыў сваю нядаўнюю рэпліку, але ранейшай расхлябанасці ў яго постаці ўжо не было.
— Грыбоўскі даўно зразумеў, што вы з Панфіловічам крадзеце збожжа. У той дзень, заўважыўшы, што вы засталіся ў старожцы быццам бы пастукаць у даміно, ён западозрыў нядобрае і вырашыў праверыць свае падазрэнні. Ён больш трох гадзін правёў на шашы. Нарэшце ўбачыў, як адчыніліся вароты і з базы выехаў