— Скаргу пішаце? — вешаючы на цвік шынель, спытаў ён.
— На каго? У мяне ж папрасілі прабачэння, і я даравала…
Дзяўчына хацела, відаць, адказаць з іроніяй, але голас сарваўся і прагучаў жаласна, бездапаможна. Яна паспешліва павярнулася да Корзуна, і ён, прывыклы імгненна схопліваць усе дэталі, адразу адзначыў і яе пабялелы твар, і пачырванелыя, заплаканыя вочы, і павіслыя на лбе завіткі цёмных валасоў.
Корзун не давяраў інтуіцыі, лічыў, што верыць трэба толькі фактам. Аднак, бачачы разгубленасць дзяўчыны, падумаў, што яна наўрад ці мае якое-небудзь дачыненне да прапажы грошай. Ён яшчэ не ведаў, што прымусіла яго так падумаць: ці яе варожасць, ці, можа, просценькая — нічога лішняга — мэбля ў пакоі, якая сведчыла пра добры густ жыхаркі. Але гэта перакананасць дапамагла яму хутчэй асвоіцца ў напружанай атмасферы, якая гняла і яго, і гэтую дзяўчыну.
— Не буду больш ні прасіць прабачэння, ні ўгаворваць, — наўмысна суха прамовіў Корзун, — гэтым справе не паможаш.
Грамакоўская прамаўчала, толькі часта-часта заміргала, нібы стрымліваючы слёзы. Потым таропка кіўнула галавой.
— Разумею, зараз будзе допыт.
Ён ледзь не засмяяўся, такімі наіўнымі здаліся яе словы. Каб не паказаць гэтую раптоўную весялосць, сур'ёзна растлумачыў:
— Хто ж гэта па хатах допыты робіць? У дзяўчыны зноў задрыжалі вейкі.
Каб даць ёй час супакоіцца, Корзун сказаў:
— Пара нам пазнаёміцца. Мяне завуць Аляксандр Антонавіч, прозвішча Корзун. А вас?
— Ліда. Ліда Грамакоўская…
— Дык вось, Ліда Грамакоўская, мы разам з вамі павінны паспрабаваць высветліць, куды падзеліся грошы з магазіна. І тады вам можна будзе не пісаць заявы аб звальненні з працы, — паказаў ён на паперку, якая ляжала перад дзяўчынай. — Вы ж заяву пішаце, ці не так?
Ліда пачырванела і перавярнула паперу спісаным бокам уніз. Потым нервова выкрыкнула:
— А я тут пры чым! Не брала я тых грошай, не брала…
— Таму і прашу вас толькі аб дапамозе, — мякка перабіў яе Корзун. — Пра тое, аб чым я спытаю ў вас, буду пытаць і ў іншых пакупнікоў.
— Сяркова не хлусіць, я была ў магазіне адна.
— Дык што? — Ён надаў пытанню адценне здзіўлення. — Гэта ні пра што не гаворыць.
— Добра, — у Ліды стомлена апусціліся плечы, — пытайцеся, калі змагу, пастараюся адказаць.
— Дзякуй, — проста сказаў лейтэнант. — Вы часта бываеце ў магазіне?
— Не надта. Звычайна, калі мне што трэба, гаспадыня купляе сабе і мне. А тады яна на ферме затрымалася, ацёлы ідуць, таму да снедання і не паспела. Я прасіла яе клубнічнага джэму купіць. Люблю чай з белым хлебам і джэмам піць. — Ліда ўсміхнулася, паказала на падаконнік, дзе сярод пустых слоікаў з-пад джэму стаяў адзін напалову пусты: — Цяпер на гэты джэм глядзець не магу.
— Та-ак, — спачувальна працягнуў Корзун, — шкада, сапсуецца. — І без усякага пераходу спытаў: — Чаго яна выйшла?
— Сяркова? — здагадалася дзяўчына. — Ды па джэм. У нас тут шмат у каго свая клубніка ў агародах, на зіму сабе робяць цёртую. Попыту ў магазіне няма, таму і не трымаюць на паліцах.
— А дзе вы стаялі? — Лейтэнант спытаў і сумеўся, словы прагучалі, як на допыце.
Аднак Ліда не заўважыла гэтага, спакойна адказала:
— Як дзе? У прадуктовым аддзеле.
— Вы з прадаўшчыцай ладзілі дагэтуль?
— Не ведаю, што і сказаць. Яна ў бібліятэцы кніг не бярэ, а я ў магазін рэдка хаджу. Так, павітаемся, калі сустрэнемся, і ўсё.
— Вельмі на яе пакрыўдзіліся?
— На Савачкіна больш. А яе зразумець можна, грошы немалыя.
— Але Савачкін тут ні пры чым. Вас абшуквала яна.
— Выйдзе так, быццам я паквітацца хачу.
— Чаму, патрэбна толькі ісціна.
— Дзе тут ісціна, — стараючыся не паказаць горыч, пасміхнулася дзяўчына, — калі я нават не вельмі помню, што было. Як у тумане. Сяркова нешта патрабавала, а я не разумела. Пакуль маю сумачку не ператрэсла. Так крыўдна стала, што я сама ледзь не закрычала. Стрымалася. Напэўна, таму, што побач яе жаніх стаяў і ўсё казаў: «Маруся, не свавольнічай». А яна сваё: і па кішэнях, і…— дзяўчына сумелася, саромеючыся расказаць далей.
— А што, і жаніх там быў? — здзівіўся Корзун. Савачкін пра жаніха не ўспамінаў.
— Так, Валюжэніч. Ён пазней прыйшоў, як даведаўся. Які сорам! Не, я ўсё роўна паеду адсюль…
Корзун паклаў руку на паперу.
— Не спяшайцеся, Ліда Грамакоўская. Паедзеце зараз — знойдуцца людзі, якія скажуць, што, маўляў, каб была невінаватая, не збегла б.
Грамакоўская слухала, апусціўшы галаву. Яна быццам замкнулася ў сабе, і, як ні стараўся лейтэнант, размова далей ужо не клеілася. Яму нічога не засталося, як развітацца. І хоць справа не скранулася з месца ні кропелькі, ён быў задаволены. Грамакоўская аказалася добрай і шчырай дзяўчынай.
Магазін у гэтыя дні не працаваў, але Сяркова была там. Яна растлумачыла Корзуну, што чакае рэвізораў з сельпо: трэба было высветліць, ці не прапала яшчэ што-небудзь, акрамя дзённай выручкі.
Уласна кажучы, і Корзуну лепш за ўсё было б пагутарыць з прадаўшчыцай пасля рэвізіі, калі карціна стане больш поўнай. Аднак ён не бачыў, чым мог бы заняцца ў гэты час, і спадзяваўся, што папярэдняя размова таксама, мажліва, дасць нейкую зачэпку.
З Сярковай ён павёў сябе інакш, чым з Грамакоўскай, падкрэслена афіцыйна. З пратаколамі і роспісамі. Не толькі таму, што так патрабаваў парадак расследавання. Прадаўшчыца не выклікала ў яго сімпатыі.
Сяркова была грубаватая, самаўпэўненая, як гэта часта бывае сярод некаторых гандлёвых работнікаў, прывыклых, што людзі ідуць да іх, а не яны да людзей. Яна і знешне не спадабалася Корзуну: празмернае ўжыванне касметыкі толькі падкрэслівала яе недахопы — тоўстыя губы і шырокі рот, крыху пукатыя вочы. Яна трымалася так, нібы гэта следчы вінаваты, што ў яе прапалі грошы, і таму лейтэнант вырашыў даць ёй адчуць сябе ў становішчы абвінавачанай. Тым болей што, акрамя самаўпраўства з Грамакоўскай, яна дапусціла яшчэ адну правіннасць — не здала своечасова выручку.
Зрэшты, і Сярковай ён, відаць, не спадабаўся. Яна адказвала на яго пытанні суха, часам з непрыязнасцю. Праўда, гэтаму можна было знайсці тлумачэнне — за апошнія тры дні яе дапытвалі ўжо трэці раз. Акрамя таго, ёй дасталося за Грамакоўскую.
— Часта вы пакідаеце выручку ў магазіне на ноч? — спытаў Корзун, скончыўшы з першымі фармальнасцямі.
— Што вы! — паспяшалася з адказам прадаўшчыца.
— Аднак пакінулі?
— Позна было.
— Як гэта?
— Месяц канчаўся, хацела план зрабіць. Да вечара не зачыняла. У той дзень у нашым калгасе якраз трынаццатую зарплату выдавалі. Спадзявалася больш выручыць.
— Атрымалася?
— У нас што-небудзь зробіш! У горад больш едуць, быццам там з іншай базы даюць.
— Аднак прадалі больш, чым звычайна…
— Лісавы «Гарызонт» узялі, лічыце — амаль чатырыста рублёў.
— Хто-небудзь ведаў, што вы грошы не здалі?
— Вялікі сакрэт!
— А ўсё-такі?
— Ну, на пошце. Раз не прынесла, значыць, у мяне.
— А яшчэ?
— Не ведаю, у нас тут раней зладзеяў не было.