трыццаць, дужы мужчына, які стараецца сачыць за сваім выглядам. Яго можна было нават назваць прыемным. Сяркова, напэўна, аб ім так і думала. А Корзун не любіў людзей такога тыпу: гладкіх, прылізаных, быццам з рэкламнага малюнка. Валюжэніч быў гаваркі, трымаўся ўпэўнена, з пачуццём уласнай годнасці. І таму размова ў іх атрымалася лёгкая.

Валюжэніч з гумарам, капіруючы паводзіны кожнага ўдзельніка падзеі, расказаў пра вобыск Грамакоўскай. Аднак пра тое, што спрабаваў адгаварыць Сяркову, не ўспомніў. Корзуну гэта спадабалася, ён пачаў трымацца менш афіцыйна.

Відаць, і Валюжэніч адчуў гэту перамену, бо з усмешкай, як аднадумцу, нібы між іншым сказаў:

— Рву з Марусяй.

— Гэта чаму? — шчыра здзівіўся Корзун. Яму здавалася, што яны вельмі адпавядаюць адно аднаму: і ўзрост, і, відаць, характары падобныя.

— Грубая, ведаеце, — растлумачыў Валюжэніч. — Я даўно заўважаў. Думаў — выпадковае. А апошнім разам… — Ён змоўк, даючы субяседніку самому здагадацца, што менавіта выпадак з Грамакоўскай быў той кропляй, якая пазбавіла цярпення.

— Вам лепш ведаць, — нечакана для сябе сумеўся Корзун і раптам падумаў: «Цікава, а што сказала б Сяркова, каб пачула гэта?» І спытаў: — А пра грошы вы што-небудзь можаце сказаць?

Валюжэніч паціснуў плячыма, пасур'ёзнеў. Нейкі час маўчаў, нібы яшчэ раз перабіраў у памяці той выпадак, а потым адказаў.

— За руку нікога не злавіў. За Грамакоўскую магу паручыцца. Наіўнае дзяўчо, яна яшчэ не ведае цаны грашам. Навошта яны ёй? А вось… — ён змоўк, як і тады, калі гаворка ішла пра яго былую нявесту.

Корзун не любіў, калі яму спрабавалі што-небудзь навязаць, і сярдзіта звёў бровы:

— Трэба канкрэтна!

— Не, не, — ускінуўся Валюжэніч, — я ж казаў: за руку нікога не злавіў…

— Давайце павестку, — сказаў Корзун. — Калі да мяне пытанняў не маеце, можаце ісці.

У той дзень Корзун заседзеўся ў аддзеле: спачатку была нарада ў начальніка, пасля — камсамольскі сход. І толькі ідучы дадому, успомніў, што ў яго няма нічога на вячэру. Магазіны і сталоўка ўжо былі зачынены, і яму нічога не заставалася, як пайсці ў рэстаран. Ён не любіў хадзіць туды ўвечары. Тлум, клубы тытунёвага дыму, перамяшанага з пахамі кухні, п'яныя, якія сноўдаліся між столікамі,— усё гэта раздражняла яго. Яму было прыкра, што ёсць людзі, якія трацяць грошы і час на гэты п'яны чад.

У рэстаране, як ён і прадбачыў, наведнікаў напярэдадні суботы было больш, чым звычайна. Пашчасціла ў адным — вольнае месца знайшлося недалёка ад увахода, за сталом, які стаяў ля сцяны.

Афіцыянтка не спяшалася, і ад няма чаго рабіць Корзун разглядаў наведнікаў. Зайграла радыёла- аўтамат, з-за столікаў пачалі выбірацца аматары танцаў. І Корзун ад здзіўлення нават падаўся наперад: сярод пар ён пазнаў Валюжэніча і Хруцкую. Тую самую прадаўшчыцу трыкатажнай секцыі, заява на якую ляжала ў ягоным сейфе. Супадзенне спачатку здалося яму дзіўным. Аднак, прыгледзеўшыся, ён не мог не адзначыць, што Хруцкая і Валюжэніч добрая пара. Хруцкая выглядала не так вульгарна, як Сяркова: не крычала аб сабе касметыка, дый апранута яна была не проста ў дарагое адзенне, а з густам — шэры шарсцяны касцюм надаваў ёй асаблівую элегантнасць. Яна кружылася ў самазабыцці, не заўважаючы, здавалася, нікога і нічога вакол сябе.

Валюжэніч трымаў сябе больш стрымана, быццам падкрэсліваючы ўсім сваім выглядам: «Ну што зробіш, моладзь».

У Корзуна ў грудзях варухнулася зайздрасць. Да Валюжэніча, які ўмее паводзіць сябе так проста і натуральна з прыгожымі дзяўчатамі. Потым успомніў заяву, што ляжала ў сейфе, і раптам раззлаваўся. І на сябе, і на Хруцкую з Валюжэнічам, і нават на сваю работу, якая не пакідала яму ніколькі часу.

Гэта ўспышка хутка прайшла. Ён прымусіў сябе пераключыцца на думку пра блізкі адпачынак і турысцкую паездку па Каўказе, дзе ён ужо аднойчы адпачываў без пуцёўкі — «дзікуном». Тады ў іх падабралася добрая кампанія, цікавая. Былі і дзяўчаты. І калі ён ні на якой з іх не спыніў свайго выбару, дык толькі таму, што перад дзяўчатамі губляўся гэтак жа сама, як і перад начальствам, — не знаходзіў у патрэбную хвіліну слоў. Напэўна, яго лічылі дзіваком, бо ніводная з дзяўчат так і не прыняла яго ўсур'ёз. Пажартуе, і тым справа скончыцца.

Павячэраўшы, Корзун прыйшоў дадому і лёг спаць.

А сярод начы раптам прачнуўся ад нейкай трывогі. Ён не разумеў яе прычыны, і ў той жа час яму здавалася, што адказ недзе вельмі блізка: варта толькі напружыць думку — і ён знойдзецца, зробіць усё ясным.

Пра сваю трывогу ён думаў і пазней — па дарозе ў аддзел, і прыйшоўшы, калі пачаў прыкідваць план расследавання ва універмагу. І толькі дайшоўшы ў плане да Хруцкай, нарэшце ўспомніў: яго чамусьці занепакоіла спалучэнне — яна і Валюжэніч. Цяпер ён успрымаў іх не толькі як прыгожую пару. Ён ужо не мог забыцца, што Хруцкая, як і Сяркова, прадаўшчыца. Што гэта — выпадковасць ці Валюжэніч спецыяльна выбірае сабе дзяўчат пэўнай прафесіі?

Сёння Корзун ужо не адчуваў учарашняй зайздрасці да Валюжэніча. Тут ён не крывіў душой перад сабой. Але чаму так здарылася, чаму ў ім загаварыў следчы? Што адбылося за суткі, якія мінулі з таго часу, як з яго кабінета пайшоў Валюжэніч? Толькі тое, што ён убачыў Валюжэніча з дзяўчынай, якую падазраюць у спекуляцыі? Вядома, ёсць аматары пажыць за чужы кошт. Валюжэніч, падобна, з іх. У Кліне ў яго была жанчына з грашыма — Сяркова, тут — Хруцкая За гэта да адказнасці не прыцягнеш, не ён махлюе. Але гэта можа азначаць, што Хруцкая сапраўды займаецца спекуляцыяй. А мажліва — і Сяркова ўзяла тыя грошы, каб утрымаць жаніха, — такому невядома колькі іх трэба.

Корзун адклаў справу ўбок і паехаў на папяровую фабрыку, на якой Валюжэніч працаваў сетачнікам. У аддзеле кадраў яму сказалі:

— Да нас Валюжэніч прыехаў з Баравіцкай фабрыкі, сам. Спецыяліст ён невялікі, але нараканняў на яго працу няма, нядаўна далі пяты разрад. Халасты, больш дакладна — разведзены.

Усё гэта, за выключэннем апошняга, лейтэнант ужо ведаў. Валюжэніч расказаў, калі запаўнялі пратакол допыту. Таму, слухаючы супрацоўніка аддзела кадраў, ён пытаў у сябе: «А што, уласна кажучы, ты хочаш высветліць?» І не мог адказаць. Толькі пазней, калі вяртаўся, у галаве мільганула: «Чаму Валюжэніч не сказаў, што быў жанаты?» Аднак у гэтым нічога незвычайнага не было. Факт сам па сабе да справы дачынення не меў, а афішыраваць сваю ранейшую жаніцьбу Валюжэніч, мажліва, не хацеў, баючыся, каб пра гэта не даведаліся яго тутэйшыя каханкі. Аднак Корзун на ўсякі выпадак вырашыў пазваніць у Баравіцк. Яму адказалі адразу: Валюжэніч развёўся пасля таго, як яго жонку судзілі за буйную растрату ў магазіне, якім яна загадвала.

Праз гадзіну Корзун выехаў у Клін.

Сяркова сустрэла яго з ранейшай непрыветнасцю.

— Я ўнесла грошы! — адрэзала яна, не выказваючы жадання працягваць размову.

— Вам хочацца, каб вас лічылі растратчыцай? — ніякіх пэўных меркаванняў лейтэнант не меў, проста яму хацелася выклікаць у жанчыны патрэбу разгаварыцца, а тады магло што-небудзь і выявіцца.

— Дык гэта… — Сяркова аж захліпнулася ад абурэння. — Усе ведаюць, што я не брала.

— Нястачу з вас спагналі, так? — не адступаў Корзун. — Таму што, пакуль не даказан факт крадзяжу, пэўная віна ляжыць на вас.

Поўны твар Сярковай перакрывіўся. Яе нафарбаваныя губы дробна дрыжалі. Але яна стрымалася. Відаць, зразумела, што гэтаму лейтэнанту слязьмі нічога не дакажаш. І ўжо амаль спакойна адказала:

— Я што, я пад рукамі, на мяне ўсё спіхнуць можна.

— Каб хацелі на вас спіхваць, я не прыехаў бы сюды зноў,— і Корзун папрасіў яе паўтарыць усё, што яна гаварыла мінулыя разы. Нішто не сведчыла, быццам Сяркова спрабуе нешта ўтаіць. Але і новага яна нічога не паведаміла. Пад канец размовы Корзун спытаў: — Валюжэніч у магазіне адзін заставаўся?

— Вы гэта што? — Спакою Сярковай як не было. — Са мной не выходзіць, дык на жаніха хочаце паклёп узвесці?

«Цікава, — падумалася Корзуну, як і тады, у час допыту Валюжэніча, — што б яна заспявала, каб пачула пра Хруцкую?» Аднак выкарыстаць гэты забаронены прыём не мог. Проста сказаў:

— Трэба ўсіх праверыць.

— Не быў, няма чаго яго правяраць!

Вы читаете Левы рэйс
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату